Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Афганская шкатулка
Шрифт:

— Праедзеш? — спытаў, падыходзячы, Крушынскі. — Я раніцаю ўсю гэтую дарогу абмацаў палкаю. Пад снегам цвёрда.

— Праедзем! — бадзёра адгукнуўся Стась; вось як грошы мяняюць у лепшы бок чалавека. — Колькі ехаць?

— Кіламетры два-тры.

Лыжы Крушынскі прымацаваў на багажніку зверху. Паехалі. Цяпер і апраўдалася, чаму Крушынскі выбіраў на стаянцы машыну з высокай пасадкаю — іншамарка адразу б легла тут на «жывот». Але і масквіч цёгся з горам папалам. Хутчэй нельга было — дужа вузкая дарога, хвоі часта стаялі так блізка, што можна было зашчаміцца паміж імі. Разоў колькі машына забуксоўвала і тады Крушынскаму з доктарам даводзілася штурхаць яе ззаду.

Сярод дрэў узнікла хатка. Пад'ехаць бліжэй было немагчыма. Спыніліся воддаль, на паляне.

— Дык ты тут і жывеш, значыць? — здзівіўся Стась.

— Тут і жыву, значыць. Ды хутчэй вы! — падагнаў доктара, які нязграбна выкульваўся з машыны.

Крушынскаму толькі цяпер, калі ўсё, што ён планаваў, было зроблена і ён апынуўся дома, стала трывожна. Хоць бы не здарылася чаго!

Каля хаткі слядоў, акрамя сабачых, не было. Замок таксама вісеў на месцы. Аднекуль з лесу выскачыў Барс, кінуўся на чужых, забрахаў, прыпадаючы грудзьмі да снегу. Потым убачыў, што людзям не да яго, супакоіўся і пабег аглядаць і абнюхваць машыну.

Дзяўчынка сядзела ў кутку на тапчане. Відаць, сабачы брэх устрывожыў яе. Але выглядала яна куды лепш чым учора. На шчочках была чырвань, вочы свяціліся здаровым бляскам. У Крушынскага адлегла з душы.

Доктар скінуў рукавіцы, ляпнуў іх на стол. Пахукаў на рукі:

— Ну, дзе наш хворы? А што так цёмна ў нас? Як для Крушынскага, дык было аж занадта светла. Але доктару з непрывычкі, ды пасля двара, ды яшчэ падслепаватаму, канечне, здавалася цёмна.

— Святлей не будзе, — сказаў Крушынскі. — Лямпа ёсць карасінавая, але днём ад яе што толку.

— Ну і ну? Зусім няма электрычнасці?!

— Доктар, рабіце сваю работу.

— Канечне, канечне! Каля акна тут зусім светла. Давайце сюды свайго хворага.

Крушынскі падышоў да дзяўчынкі. Стараючыся гаварыць выразна, міжволі памагаючы сабе жэстамі, папрасіў:

— Уставай, не бойся. Гэта ж доктар. Нічога кепскага ён табе не зробіць.

Яна паслухалася. Адкінула коўдру. Сунула ногі ў валёнкі, якія прадбачлівы Крушынскі паставіў каля тапчана яшчэ раніцай, перад тым, як выправіцца ў горад. Крушынскі працягнуў ёй руку, яна падала сваю; ён падвёў дзяўчынку да стала. Доктар сядзеў на табурэце і бегаў вачыма па хатцы. На твары яго было шчырае здзіўленне, нават недавер. Відаць, раней яму і ў галаву не прыходзіла, што людзі ў такіх умовах могуць жыць цяперашнім часам.

— Доктар, у нас мала часу, — вярнуў яго ў рэальнасць Крушынскі.

Доктар схамянуўся:

— Так, так, і што ў нас?

«Пацыентка» моўчкі стаяла перад ім, сцягваючы на грудзях мужчынскую сарочку, якая знізу гармонікам спадала ёй на валёнкі. Крушынскі сам упершыню ўбачыў яе ва ўвесь рост. Не такая, яна, аказваецца, і малая — яму, высокаму, дастане да пляча.

— Дык як нас завуць? — Не дачакаўшыся адказу, доктар павярнуўся да Крушынскага. — Як яго імя?

— Гэта не ён, — буркнуў Крушынскі, — а яна. Завуць. э-э. Іра. Я вас не папярэдзіў, доктар. Яна не можа гаварыць.

Кашлатыя сівыя бровы ў доктара папаўзлі

ўверх.

— А як жа…

Не, так яна ўсё разумее і чуе! Толькі трэба вымаўляць словы павольней.

— Ага.

Доктар расчыніў сакваяж, выклаў на стол навушнікі танометра, «грушу», слухавую трубку, металічны бліскучы малаточак.

— Распранайся да пояса.

Дзяўчынка кінула ўмольна-спалоханы позірк на Крушынскага.

— Рабі, што кажуць. Гэта ж доктар! Крушынскі дэманстратыўна адвярнуўся.

Прысеў перад цёплай яшчэ грубкаю. Пачаў збіраць да ладу яе ўчарашнія рэчы. Усё было ўжо сухое. Боцікі таксама высахлі ўсярэдзіне, толькі зверху пакарабаціліся, і загнуліся насы.

— Так, нос у парадку, — чулася Крушынскаму ад стала. — Язычок высалапім. Яшчэ. Дыхаць. Не дыхаць. Цяпер спіною. Выдатна! Сядзем на табурэтачку. Валёнак здымем, нага на нагу. Так.

Дзяўчынка войкнула, Крушынскі ўздрыгнуў, але не павярнуўся.

— Усё! Можаш апранацца і бегчы ў ложак. Доктар пачаў складаць у сакваяж інструменты.

Дзяўчынка забралася на тапчан і зноў закрылася коўдраю да барады. Крушынскі запытальна глядзеў на доктара.

— Выйдзем на двор, — прапанаваў той. Голас у яго быў такі, нібыта яму зараз адкрылася нейкая тайна.

На двары абодва яны закурылі. Падляцеў і пачаў ласціцца да ног Крушынскага Барс.

— А добра тут! — прамовіў доктар. — Ціха, чыста. Гэта мая даўняя мара — таксама жыць аднаму, на прыродзе… Але не магу — сям'я! Жонка хоць і памерла ўжо, але дачка ёсць, зяць, унук. Усім памагаць трэба. Дзеля іх і жыву.

— Што з дзяўчынкаю? — перапыніў гэтыя недарэчныя, нецікавыя яму аўтабіяграфічныя падрабязнасці Крушынскі.

— З дзяўчынкаю? А дазвольце пацікавіцца, хто яна вам?

Пытанне было нечаканае. Аднак Крушынскі справіўся.

— Вы што, з міліцыі? — рэзка сказаў ён. — Ці вы ўсё ж доктар? У нас з вамі якая была дамова? Ні аб чым лішнім не пытаць і нічому не здзіўляцца. За гэта я вам плачу. Зрэшты, магу і адказаць! Што тут такога? Гэта мая. пляменніца. Прыехала ў госці, пайшла адна ў лес, гуляць, ну, і заблудзілася, пасля прыхварэла крыху.

— Усё, усё! Больш чым дастаткова. Пляменніца, дык пляменніца, — ахвотна згадзіўся доктар. — Дык вось, вашая пляменніца — абсалютна здаровая дзяўчынка. Як мы з вамі. Ці, лепш сказаць, як вы — я хоць і сам доктар, але здароўя даўно не маю, як той кравец, што застаўся без ботаў.

— Вы не памыляецеся? — усхвалявана перапытаў Крушынскі.

Яму раптам так радасна стала, што яна здаровая. Цяпер ён гатовы быў забыць, што доктар несімпатычны яму; Крушынскага адразу пачалі раздражняць гэтыя бегаючыя вочкі, гэтыя смяшкі, гэтае ўвесьчаснае паціранне рука аб руку.

Доктар перахапіў яго позірк.

— Мерзнуць, — патлумачыў, — пальчаткі забыў на стале. Дык вось: у яе невялічкія, зусім бяскрыўдныя хрыпы ў лёгкіх і зноў такі невялічкая прастуда — нават грыпу няма. Абмаражэння, пра якое вы кажаце, я не знайшоў і слядоў. Хіба што, відаць, праводзілася прафілактыка?

— Я расціраў яе крыху снегам.

— Ну і добра. Хоць гэта і не рэкамендуецца, але, як кажуць, не так важныя лекі — абы памаглі! Іншае… — доктар запнуўся.

— Што?

Поделиться с друзьями: