Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Каб на яго чума! — крыкнуў Бенет. — У яго ногі хуткія, як у злодзея, клянуся святым Бенберы! Аднак вы яго паранілі, майстар Шэлтан. Ён украў вашу стралу, але я аб ёй не шкадую!

— Чаго ён тут бадзяўся, каля царквы? — спытаў сэр Олівер. — Чуе маё сэрца, што не з добрымі намерамі. Кліпсбі, даражэнькі, злезь з каня і паглядзі пільна сярод вязаў.

Кліпсбі хутка вярнуўся з нейкай паперай у руках.

— Вось гэты лісток быў прышпілены да царкоўных дзвярэй, — сказаў ён, падаючы яго свяшчэнніку. — Больш я нічога не знайшоў, сэр.

— Клянуся магутнасцю нашай маці-царквы, — закрычаў сэр Олівер, — гэта падобна на святатацтва! Толькі каралю або лорду можна дазволіць вывешваць загады на царкоўных дзвярах. Але каб усялякі бадзяга ў зялёнай куртцы мог прыбіваць паперы да царкоўных дзвярэй!… Не, гэта занадта падобна на святатацтва. Многіх спальвалі і не за такія злачынствы! Але што тут напісана? Глядзіце, як хутка сцямнела! Майстар Рычард, даражэнькі, у цябе маладыя вочы. Прачытай мне, калі ласка, гэтую пісульку.

Дзік Шэлтан узяў у яго паперу і прачытаў яе ўголас. Гэта былі грубыя, сяк-так зрыфмаваныя віршы, напаўпісьменна напісаныя вялікімі літарамі:

Чатыры я пушчу стралы,

На чатырох я дужа злы.

Адпомшчу вырадкам ліхім,

Даўнейшым злоснікам маім.

Памёр Эпльярд, бо ён адной

Ужо пранізаны стралой.

Страла другая прагне стрэч

З табою, майстар Бенет Хэтч.

Свяшчэннік трэцюю схапіў,

Бо Гары Шэлтана забіў.

Сэр Дэніэл, як носьбіт зла,

Табе чацвертая страла.

Яны ў нястрымнасці сваёй

Нап'юцца чорнаю крывёй!

Няхай баяцца ілгуны -

Ляцяць без промаху яны.

Джон Помшчу-за-ўсіх з Зялёнага лесу і яго вясёлыя сябры

Дарэчы, у нас у запасе ёсць стрэлы і добрыя пяньковыя вяроўкі для ўсіх вашых прыхільнікаў.

— Куды падзелася міласэрнасць? Дзе хрысціянская дабрачыннасць? — горычна ўсклікнуў сэр Олівер. — Панове, мы жывём у паганым свеце, і з кожным днём ён робіцца ўсё горшым! Я гатовы паклясціся на крыжы Халівуда, што я гэтак жа не вінаваты ў забойстве слаўнага рыцара, аб якім тут гаворыцца, як толькі што народжанае немаўля! Ды ніхто яго не забіваў! Гэта — памылка, ёсць яшчэ жывыя сведкі.

— Дарэмна вы аб гэтым кажаце, сэр свяшчэннік, — сказаў Бенет. — Зусім непатрэбная размова.

— Не, майстар Бенет, ты памыляешся. Ведай сваё месца, добры Бенет, — адказаў свяшчэннік. — Я дакажу сваю невінаватасць. Я не хачу быць забітым па непаразуменні. Бяру ўсіх у сведкі, што я чысты ў гэтай справе. У той час мяне нават не было ў замку Мот. Мяне паслалі кудысьці па справе, калі яшчэ не было дзевяці гадзін.

— Сэр Олівер, — перабіў яго Хэтч, — паколькі вы не збіраецеся перапыніць гэтую пропаведзь, я прыму свае меры. Гоф, трубі, каб садзіліся на коней.

Пакуль трубіла труба, Бенет прыблізіўся шчыльна да здзіўленага свяшчэнніка і нешта злосна зашаптаў яму на вуха.

Свяшчэннік спалохана зірнуў на Дзіка Шэлтана; Дзік таксама заўважыў гэты позірк. Дзіку было над чым задумацца, бо сэр Гары Шэлтан быў яго родным бацькам. Але ён не сказаў ні слова, і ніводзін мускул не ўздрыгнуў на яго твары.

Хэтч і сэр Олівер між тым абмяркоўвалі абставіны, якія змяніліся. У замку Мот вырашана было пакінуць дзесяць чалавек — яны ж павінны былі ахоўваць свяшчэнніка на яго шляху праз лес. Па той прычыне, што Бенет цяпер заставаўся пры гарнізоне, камандаванне атрадам, які адпраўлялі на падмацаванне да сэра Дэніэла, даручылі Дзіку Шэлтану. Іншага выбару не было: атрад складаўся з цёмных, непаваротлівых людзей, малавопытных у ваеннай справе, а Дзіка любілі: ён быў смелы і не па гадах разважлівы. Хаця ўсё сваё юнацтва Дзік пражыў у глухамані, ён атрымаў сякую-такую адукацыю: сэр Олівер навучыў яго грамаце, а Хэтч — валодаць зброяй і камандаваць войскамі. Бенет Хэтч заўсёды ўважліва адносіўся да Дзіка: ён быў з тых людзей, якія жорсткія да ворагаў, але па-свойму, грубавата адданыя сябрам. І цяпер, калі сэр Олівер схаваўся ў бліжэйшым доме, каб напісаць сваім выразным, прыгожым почыркам данясенне аб усіх апошніх падзеях сэру Дэніэлу Брэклі, Бенет падышоў да свайго вучня, каб пажадаць яму поспеху.

— Ідзіце далёкім шляхам, у абход, майстар Шэлтан, — сказаў ён. — Трымайцеся далей ад моста, калі даражыце жыццём. Няхай за пяцьдзесят крокаў перад вамі ўвесь час ідзе адданы чалавек. Будзьце асцярожныя аж пакуль не мінеце лес. Калі нягоднікі нападуць на вас, уцякайце. Уступаць у бой не варта: вас надта мала. І ўцякайце наперад, майстар Шэлтан, а не назад, калі даражыце жыццём, помніце, што тут, у Тэнстоле, няма каму вам дапамагчы. Паколькі і вы адпраўляецеся на вялікую вайну за караля і я застаюся тут, дзе майму жыццю пагражае небяспека, і толькі святыя ведаюць, ці ўбачымся мы яшчэ з вамі на гэтым свеце, дазвольце даць вам мой апошні наказ на дарогу: асцерагайцеся сэра Дэніэла. Давяраць яму нельга. Не спадзявайцеся на гэтага блазна свяшчэнніка: ён не злы чалавек, але выконвае чужую волю; ён у руках сэра Дэніэла! Там, куды вы накіроўваецеся, знайдзіце сабе добрага заступніка; шукайце сяброў сярод моцных людзей. І згадвайце ў сваіх малітвах Бенета Хэтча. На свеце нямала нягоднікаў і горшых за Бенета. Жадаю вам удачы!

— Хай і табе Бог памагае! — адказаў Дзік. — Ты заўсёды адносіўся да мяне па-сяброўску, і я гэтага не забуду.

— Паслухайце, — дадаў Хэтч збянтэжана, — калі гэты Помшчу-за-ўсіх праткне мяне стралой, ахвяруйце залатую марку, — не, лепш цэлы фунт за супакой маёй беднай душы. А то, баюся, як бы мне не давялося блага ў чысцілішчы.

— Твая воля будзе выканана, Бенет, — адказаў Дзік. — Але ты дарэмна трывожышся, сябра. Там, дзе мы з табой хутка сустрэнемся, табе будзе больш патрэбны эль, чым памінальная абедня.

— Дай жа Бог, майстар Дзік! — сказаў Хэтч. — Але вось ідзе сэр Олівер. Калі б ён гэтак жа спрытна валодаў лукам, як валодае пяром, з яго выйшаў бы слаўны воін.

Сэр Олівер уручыў Дзіку запячатаны пакет, на якім было напісана: «Майму глыбокашаноўнаму пану сэру Дэніэлу Брэклі, рыцару. Перадаць неадкладна».

Дзік засунуў пакет за пазуху, загадаў атраду рухацца следам і крануўся з вёсачкі на захад.

Кніга першая

ДВА ХЛОПЧЫКІ

Раздзел I

Пад шыльдай «Сонца» ў Кэтлі

Сэр Дэніэл і яго воіны размясціліся на гэтую ноч у Кэтлі і бліжэйшых ваколіцах у цёплых, добра ахоўваемых дамах. Але тэнстолскі рыцар быў з тых людзей, якіх ні на хвіліну не пакідае прага нажывы; і нават цяпер, напярэдадні паходу, у якім ён павінен быў або перамагчы, або загінуць, ён падняўся ў гадзіну ночы, каб выбіць грошы са сваіх бедных суседзяў. Ён нажываўся на спрэчных спадчынах. Звычайна ён купляў права спадчыны ў якога-небудзь безнадзейнага прэтэндэнта і потым з дапамогай магутных лордаў, што акружалі караля, дабіваўся няправільных рашэнняў у сваю карысць; калі ж гэта было надта турботна, ён проста захопліваў спрэчны маёнтак сілай, а затым з дапамогай сваіх сувязей і сэра Олівера, які ўмеў круціць законам як заўгодна, утрымліваў захопленае. Такім чынам зусім нядаўна ён наклаў сваю лапу і на вёску Кэтлі; тут ён усё яшчэ сустракаў адпор з боку сялян, і, каб запалохаць незадаволеных, ён і прывёў сюды свае войскі.

У дзве гадзіны ночы сэр Дэніэл сядзеў у харчэўні каля самага агню, таму што па начах у акружаным балотамі Кэтлі было холадна. Каля яго локця стаяў кубак элю, настоенага на прыправах, ён зняў свой шлем з забралам і сядзеў — лысы, худы, смуглы, захутаны ў крывава-чырвоны плашч, — апусціўшы галаву на руку. У далёкіх кутках пакоя размясціліся яго воіны — чалавек дванаццаць; адны з іх каравулілі каля дзвярэй; іншыя спалі на лаўках; трошкі бліжэй, на падлозе, загарнуўшыся ў плашч, спаў хлопчык гадоў дванаццаці-трынаццаці. Гаспадар «Сонца» стаяў перад сваім валадаром.

Поделиться с друзьями: