Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— «Эпльярду ад Джона Помшчу-за-ўсіх», — прачытаў Шэлтан. — Што гэта значыць?

— Справы дрэнь, — сказаў слуга сэра Дэніэла, апусціўшы галаву. — Джон Помшчу-за-ўсіх! Ну і прозвішча ў гэтага нягодніка! Але дзеля чаго мы стаім тут, быццам мішэнь для стральбы? Бярыце яго за ногі, добры майстар Шэлтан, а я вазьму за плечы, і аднясем яго ў дом. Які страшны ўдар для беднага сэра Олівера! Ён збялее, як папера, і будзе маліцца, размахваючы рукамі, быццам вятрак крыламі.

Яны паднялі старога лучніка і аднеслі ў дом. У гэтым доме ён жыў адзін. Паклалі бедака на падлогу, каб не запэцкаць матрац, старанна выпрасталі яго рукі і ногі.

У доме Эпльярда было чыста, але бедна. Ложак, накрыты сіняй коўдрай, шафа, вялікі куфар, дзве табурэткі, адкідны стол каля каміна — вось і ўвесь яго набытак.

На сценах віселі лукі і кальчугі старога воіна. Хэтч разглядваў усё з цікавасцю.

— У Ніка былі грошы, — сказаў ён. — Ён назбіраў фунтаў шэсцьдзесят. Добра б іх знайсці! Калі губляеш старога сябра, майстар Шэлтан, лепшае суцяшэнне — стаць яго наследнікам. Паглядзіце, які куфар. Б'юся аб заклад, там груда золата. Ён лёгка браў і з цяжкасцю аддаваў, гэты Эпльярд-лучнік. Супакой, Божа, яго душу! Амаль восемдзесят гадоў ён хадзіў па зямлі і здабываў дабро; а цяпер ён ляжыць сабе на спіне, і нічога больш яму не трэба. І калі ўсё дабро дастанецца яго сябру, дык беднаму буркуну, напэўна, будзе весялей на нябёсах.

— Ты гэта кінь, Хэтч, — сказаў Дзік. — Май павагу да яго заплюшчаных вачэй. Няўжо ты хочаш абакрасці мерцвяка? Глядзі, ён раззлуецца і ўстане!

Хэтч некалькі разоў перахрысціўся; аднак чырвань вярнулася да яго шчокаў — ён не хацеў адмовіцца ад сваёй задумы. Невядома, што было б з куфрам, але раптам рыпнулі весніцы, адчыніліся дзверы, і ў дом зайшоў рослы чалавек у стыхары і чорнай расе, на выгляд гадоў пяцідзесяці, румяны і чарнавокі.

— Эпльярд! — вымавіў ён і раптам змоўк. — Панна Марыя! — усклікнуў ён. — Няхай абароняць нас святыя! Што гэта за жарты?

— Якія тут жарты, сэр свяшчэннік, — адказаў Хэтч без асаблівай маркоты ў голасе. — Эпльярда застрэлілі каля дзвярэй яго ўласнага дома, і зараз ён заходзіць у браму чысцілішча. Там, калі кажуць праўду, яму не спатрэбяцца ні кадзіла, ні свечкі.

Сэр Олівер уздрыгнуў, пабялеў, з цяжкасцю дабраўся да табурэткі і сеў на яе.

Вось ён, божы суд! О, які ўдар! — вымавіў ён праз слёзы і пачаў паспешліва мармытаць малітвы.

Хэтч набожна зняў свой шлем і апусціўся на калені.

— За што яго забілі, Бенет? — спытаў свяшчэннік, ачуўшыся. — І хто гэта зрабіў?

— Вось страла, сэр Олівер. Паглядзіце, што на ёй напісана, — сказаў Дзік.

— Такое імя брыдка нават вымавіць! — усклікнуў свяшчэннік. — Джон Помшчу-за-ўсіх! Вельмі ёмкая мянушка для ерэтыка! І злавесная чорная страла! Панове, гэтая страла мне не падабаецца. Трэба параіцца. Хто б гэта мог быць? Падумай, Бенет. Хто з незлічоных нашых злоснікаў здольны з такой дзёрзкасцю выступіць супраць нас? Сімнэл? Сумняваюся. Уэлсінгэмы? Не, да гэтага яны яшчэ не дайшлі; яны яшчэ спадзяюцца перамагчы нас з дапамогай закона, калі памяняецца час. Можа, Саймон Мэлмсбэры? Як думаеш, Бенет?

— А ці не здаецца вам, сэр, — сказаў Хэтч, — што гэта Эліс Дэкуорт?

— Не, Бенет, не павінен. Не, не ён, — прамовіў свяшчэннік падумаўшы. — Бунт, Бенет, ніколі не пачынаецца знізу, — усе разумныя летапісцы сыходзяцца ў гэтым. Бунт заўсёды ідзе зверху ўніз; калі Дзікі, Томы і Гары хапаюцца за свае алебарды, прыгледзься ўважліва і ўбачыш, каму з лордаў гэта выгадна. Сэр Дэніэл, як вядома, зноў прымкнуў да партыі каралевы і ў няміласці ў лордаў партыі Йорка. Вось яны і нанеслі нам удар, Бенет. Падрабязнасці я яшчэ высветлю, але галоўнае мне ўжо зразумелае.

— Прашу даравання, сэр Олівер, але, мусіць, вы памыляецеся, — сказаў Бенет. — У краіне пачынаецца пажар, і я даўно ўжо чую пах гарэлага. Бедны грэшнік Эпльярд таксама чуў гэты пах. З вашага дазволу, скажу: народ так ненавідзіць усіх нас, што для бунту не патрэбна ні Ланкастэра, ні Йорка. І яшчэ скажу вам без хітрыкаў: вось вы абодва, служка царквы і лорд, які трымае нос па ветры, спусташаеце, рабуеце, забіваеце і вешаеце людзей направа і налева. Колькі б вас ні прыцягвалі да суда, закон — якім ужо чынам, я не ведаю, — заўсёды аказваецца на вашым баку. Вы думаеце, на тым і справе канец? Як бы не так! З вашага дазволу, сэр Олівер, збіты і абрабаваны вамі чалавек абавязкова затаіць лютасць, і ў які-небудзь няшчасны дзень, калі яго паблытае нячысты, ён возьме свой лук і ўсадзіць у вас стралу даўжынёю ў цэлы ярд.

— Ты ўсё хлусіш, Бенет, і тваё шчасце, што я не звяртаю ўвагі на тваю балбатню, — сказаў сэр Олівер. — Ты пустамеля, Бенет, балбатун і трашчотка! У цябе рот да вушэй, Бенет, і я вельмі раю табе яго ўкараціць.

— Я не скажу больш ні слова. Няхай будзе па-вашаму, — адказаў Хэтч.

Свяшчэннік падняўся з табурэткі і выняў з футляра, які вісеў у яго на грудзях, сургуч, свечку, крэмень і крэсіва. Хэтч паныла глядзеў, як ён накладвае пячатку сэра Дэніэла на шафу і на куфар. Калі пячаткі былі накладзены, усе трое асцярожна выслізнулі з дома і дабраліся да сваіх коней.

— Нам пара ўжо быць у дарозе, сэр Олівер, — сказаў Хэтч, дапамагаючы свяшчэнніку засунуць нагу ў стрэмя.

— Многае змянілася, Бенет, — адказаў свяшчэннік. — Я хацеў пакінуць Эпльярда ў замку, але Эпльярд забіты, супакой, Божа, яго душу! Я пакідаю цябе, Бенет. Я хачу, каб у гэтыя дні, калі кругом лётаюць чорныя стрэлы, каля мяне быў адданы чалавек. «Страла ўва дні ляцяшчая», — гаворыцца ў Евангеллі; не помню, як там далей, я нядбайны свяшчэннік, я надта загружаны свецкімі справамі. Хутчэй, хутчэй, Хэтч! Коннікі, напэўна, ужо каля царквы.

Яны памчаліся па дарозе; вецер раздзімаў крыссе свяшчэнніцкай расы; хмары, што марудна падымаліся за іх спінамі, ужо схавалі сонца. Яны праскакалі паўз тры домікі на ўскраіне вёсачкі Тэнстол, звярнулі на павароце і ўбачылі царкву. Перад ёю стаяла з тузін хацін, а за ёю пачыналіся лугі. Каля варот могілак сабралася чалавек дваццаць; адны ўжо сядзелі ў сёдлах, іншыя стаялі каля сваіх коней. Узброеныя яны былі абы-як і ўсе па-рознаму: у аднаго — дзіда, у другога — алебарда, у трэцяга — лук; на многіх конях яшчэ не засохла гразь ворыва: гэта былі самыя бедныя з мясцовых сялян, таму што ўсе лепшыя коні і людзі даўно ўжо выправіліся ў паход разам з сэрам Дэніэлам.

— Клянуся крыжом Халівуда, атрад неблагі! Сэр Дэніэл будзе задаволены, — сказаў свяшчэннік, падлічваючы воінаў.

— Хто ідзе? — закрычаў Бенет. — Стой, калі ты сумленны чалавек!

Хтосьці краўся па царкоўным двары паміж вязамі; пачуўшы крык Хэтча, незнаёмец перастаў хавацца і з усіх ног кінуўся да лесу. Людзі, якія стаялі ў варотах, толькі цяпер убачылі незнаёмца і ўстрапянуліся. Пешыя кінуліся да коней, верхавыя адразу паскакалі ў пагоню; але ім давялося агінаць царкву і могілкі, і хутка стала зразумела, што незнаёмец уцячэ ад іх. Хэтч, моцна лаючыся, хацеў пераскочыць цераз загарадзь, але конь яго раптам занаравіўся, і вершнік шлёпнуўся ў пыл.

Поделиться с друзьями: