Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Раздзел I

Пад шыльдай «Сонца» ў Кэтлі

Сэр Дэніэл і яго воіны размясціліся на гэтую ноч у Кэтлі і бліжэйшых ваколіцах у цёплых, добра ахоўваемых дамах. Але тэнстолскі рыцар быў з тых людзей, якіх ні на хвіліну не пакідае прага нажывы; і нават цяпер, напярэдадні паходу, у якім ён павінен быў або перамагчы, або загінуць, ён падняўся ў гадзіну ночы, каб выбіць грошы са сваіх бедных суседзяў. Ён нажываўся на спрэчных спадчынах. Звычайна ён купляў права спадчыны ў якога-небудзь безнадзейнага прэтэндэнта і потым з дапамогай магутных лордаў, што акружалі караля, дабіваўся няправільных рашэнняў у сваю карысць; калі ж гэта было надта турботна, ён проста захопліваў спрэчны маёнтак сілай, а затым з дапамогай сваіх сувязей і сэра Олівера, які ўмеў круціць законам як заўгодна, утрымліваў захопленае. Такім чынам зусім нядаўна ён наклаў сваю лапу і на вёску Кэтлі; тут ён усё яшчэ сустракаў адпор з боку сялян, і, каб запалохаць незадаволеных, ён і прывёў сюды свае войскі.

У дзве гадзіны ночы сэр Дэніэл сядзеў у харчэўні каля самага агню, таму што па начах у акружаным балотамі Кэтлі было холадна. Каля яго локця стаяў кубак элю, настоенага на прыправах, ён зняў свой шлем з забралам і сядзеў — лысы, худы, смуглы, захутаны ў крывава-чырвоны плашч, — апусціўшы галаву на руку. У далёкіх кутках пакоя размясціліся яго воіны — чалавек дванаццаць; адны з іх каравулілі каля дзвярэй; іншыя спалі на лаўках; трошкі бліжэй, на падлозе, загарнуўшыся ў плашч, спаў хлопчык гадоў дванаццаці-трынаццаці. Гаспадар «Сонца» стаяў перад сваім валадаром.

— Слухайся маіх загадаў, гаспадар, — казаў сэр Дэніэл, — і я заўсёды буду табе добрым панам. Я хачу, каб маімі вёскамі кіравалі добрыя людзі; я хачу каб Адам-э-Мор быў выбраны галоўным канстэблем; паклапаціся аб гэтым. Калі вы выбераце іншага, вам будзе дрэнна. Я вам дараваць не збіраюся, вы ўсе правінаваціліся перада мной, таму што вы ўсе плацілі чынш Уэлсінгэму. І ты таксама плаціў, мой шаноўны.

— Слаўны рыцар, — сказаў гаспадар, — я гатовы прысягнуць на крыжы Халівуда, што я плаціў Уэлсінгэму толькі па прымусу. Не, добры рыцар, я не люблю нягодных Уэлсінгэмаў. Яны бедныя, быццам зладзеі, слаўны рыцар. Мне падабаюцца магутныя лорды накшталт вас. Спытайце каго заўгодна, — усе скажуць, што я заўсёды стаяў за Брэклі.

— Можа быць, — суха прамовіў сэр Дэніэл. — І таму ты заплаціш удвая.

Шынкар скрывіўся, зрэшты, у тыя неспакойныя часы падобныя здзекі былі не ў навіну, і ў глыбіні душы ён, напэўна, быў рады, што так лёгка выкруціўся.

— Прывядзі старога, Сэлдэн! — крыкнуў рыцар.

Адзін з воінаў увёў у пакой абарванага, згорбленага старога, бледнага, як свечка; стары дрыжаў ад балотнай ліхаманкі.

— Як цябе завуць? — спытаў сэр Дэніэл.

— З дазволу вашай светласці, — адказаў стары, — мяне завуць Кандол. Кандол з Шорбі, з дазволу вашай светласці.

— Мне расказвалі пра цябе шмат кепскага, — сказаў рыцар. — Ты, аказваецца, здраднік, нягоднік! Вадзяешся ўсюды і разносіш небыліцы. Цябе падазраюць у забойстве не аднаго чалавека. Вось які ты, аказваецца, смяльчак! Не турбуйся, я цябе супакою!

— Глыбокашаноўны і высокапаважаны лорд, — ускрыкнуў стары, — тут нейкая блытаніна! Я бедны чалавек, я ніколі нікога не крыўдзіў.

— Памочнік шэрыфа гаварыў аб табе вельмі пагана, — сказаў рыцар. — «Схапіце, — загадаў ён, — гэтага Тындэла з Шорбі».

— Мяне завуць Кандол, мой добры лорд, — сказаў няшчасны.

— Кандол або Тындэл — гэта ўсё роўна, — холадна адказаў сэр Дэніэл. — Ты папаўся, і я дужа сумняваюся ў тваёй сумленнасці. Калі хочаш выратаваць сваю шыю ад пятлі, напішы мне зараз жа абавязацельства заплаціць дваццаць фунтаў.

— Дваццаць фунтаў, мой добры лорд! — усклікнуў Кандол. — Гэта вар'яцтва! Уся мая маёмасць не каштуе і сямідзесяці шылінгаў.

Кандол або Тындэл, — сказаў сэр Дэніэл, засмяяўшыся, — я гатовы пайсці на гэтую рызыку. Напішы мне абавязацельства на дваццаць фунтаў, я атрымаю з цябе ўсё, што змагу, і па сваёй дабраце дарую табе астатняе.

— На жаль, мой добры лорд, я не ўмею пісаць, — сказаў Кандол.

— На жаль, мой бедны Кандол, — перадражніў яго рыцар, — давядзецца прыняць крутыя меры. Мне так хацелася пашкадаваць цябе, Тындэл, але сумленне не дазваляе… Сэлдэн, вазьмі гэтага старога буркуна, падвядзі яго ціхенька да бліжэйшага вяза ды павесь там як мага пяшчотней за шыю, каб я яго бачыў, калі буду праязджаць міма… Добрага шляху вам, слаўны майстар Кандол, мілы майстар Тындэл! Вы на ўсім скаку ўедзеце ў рай! Добрага вам шляху!

— О лорд, вы вялікі жартаўнік! — адказаў Кандол і прымусіў сябе лісліва ўсміхнуцца. — Вам належыць патрабаваць, а мне належыць падпарадкоўвацца, і я, нягледзячы на ўсё маё няўменне, паспрабую напісаць абавязацельства.

— Шаноўны! — сказаў сэр Дэніэл. — Зараз ты напішаш на сорак. Хопіць! Ты хітрун, і маёмасць твая каштуе не семдзесят шылінгаў. Сэлдэн, прасачы, каб ён усё напісаў як трэба і каб подпіс яго быў правільна засведчаны.

І сэр Дэніэл, самы вясёлы рыцар у Англіі, глынуў духмянага элю і з усмешкай адкінуўся на спінку крэсла.

Хлопчык на падлозе варухнуўся, сеў і спалохана агледзеў пакой.

— Ідзі сюды, — сказаў сэр Дэніэл; і калі хлопчык, падпарадкоўваючыся яго загаду, падняўся і паволі падышоў да яго, ён зноў адкінуўся назад і гучна зарагатаў. — Клянуся распяццем! — крыкнуў ён. — Які мацак!

Хлопчык пачырванеў ад гневу, і ў цёмных яго вачах бліснула нянавісць. Цяпер, калі ён стаяў, цяжка было вызначыць яго ўзрост. Твар у яго быў свежы, як у дзіцяці, але выраз твару ўжо не дзіцячы; целам ён быў незвычайна тонкі і хадзіў трошкі нязграбна.

— Вы паклікалі мяне, сэр Дэніэл, — сказаў ён, — для таго, каб пасмяяцца над маім сумным становішчам?

— А чаму не пасмяяцца? — спытаў рыцар. — Будзь ласкавы, дазволь ужо мне пасмяяцца. Калі б ты мог бачыць сябе, ты першы засмяяўся б.

— Калі вы будзеце плаціць за ўсё, вы заплаціце і за гэта, — сказаў хлопчык, густа чырванеючы. — А пакуль смейцеся колькі вам заўгодна!

— Не думай, што я насміхаюся над табою, мілы браце, — адказаў сэр Дэніэл, перастаўшы смяяцца. — Гэта толькі жарты. Я ж проста жартую па-сваяцку, па-сяброўску. Я наладжу твой шлюб, атрымаю за яго тысячу фунтаў і буду вельмі цябе любіць. Праўда, я трошкі груба цябе ўкраў, але іншага выйсця не было. Аднак зараз я буду служыць табе ад усяго сэрца. Ты станеш місіс Шэлтан… не, лэдзі Шэлтан, клянуся небам, таму што хлопчык далёка пойдзе. Лухта! Няма чаго саромецца сумленнага смеху, смех разганяе смутак. Дурныя людзі ніколі не смяюцца, добры браце… Шаноўнейшы гаспадар, дай павячэраць майму братку, майстру Джону… Сядай, дружа, і еш.

— Не, — сказаў майстар Джон, — есці я не буду. Вы завабілі мяне ў грэх, і мне трэба падумаць аб сваёй душы… Добры гаспадар, будзь ласкавы, прынясі мне кубак чыстай вады; я табе буду шчыра ўдзячны.

— Ты атрымаеш адпушчэнне ўсіх грахоў, ліха цябе бяры! — крыкнуў рыцар. — Паспавядаешся — і справе канец! Еш і ні аб чым не трывожся!

Але хлопчык быў упарты: ён выпіў кубак вады, загарнуўся ў свой плашч, сеў у далёкі кут і змрочна задумаўся.

Пад раніцу ў вёсцы паднялася сумятня, пачуліся вокрыкі вартавых, зазвінела зброя, застукалі капыты; атрад коннікаў пад'ехаў да дзвярэй харчэўні, і Рычард Шэлтан, запырсканы гразёю, пераступіў праз парог.

Поделиться с друзьями: