Чорны павой
Шрифт:
Патрульная машына тым часам не выпускала з поля зроку «Масквіч». На прамым адрэзку не было відаць сустрэчнага трамвая, і «козлік» выйшаў на сярэдзіну вуліцы. Завыла сірэна, сінім сполахам мігаў «маячок».
— Загадваю спыніцца! Спыніцеся!
Сяржанту Васільеву здавалася, што ягоны голас чуваць усяму гораду. Адна рука трымалася за ручку дзвярэй — каб адразу ж адчыніць і выскачыць.
Старшына Сівец, тоўсты, жывот, здавалася, дастае да самае баранкі, увесь падаўся наперад — каб успець да трамвайнага «астраўка» падрэзаць «Масквіч» і спыніць яго.
Васільеў сцяўся — калі на нейкія долі секунды спозняцца, «Масквіч» выслізне, і зноў трэба будзе даганяць яго. І тут жа заўважыў, як з завулка выскачыў «жыгуль», угледзеў міліцэйскую машыну і тармазнуў. Старшына Сівец націснуў на тармазы, і як толькі машына спынілася, амаль упрытык ля «Жыгулёў», Васільеў выскачыў з машыны.
«Масквіч» стаяў. Перад яго ўлез у багажнік «Жыгулёў». Ад «Масквіча» кінулася доўгая постаць, і Васільеў ірвануўся ўслед. Чуў, што крыху ззаду цяжка гопае чаравікамі Сівец. Чалавек перабег цераз вуліцу,
кінуўся пад арку ў двор. Калі ён паспее пераскочыць цераз бетонны плот, якім быў абгароджаны гаспадарчы двор лазні, яны не дагоняць яго. Там парк, а далей…
— Стой, страляю!
Васільеў нават не адчуў, як таргануўся ў руцэ пісталет. І хоць стрэл быў угору, чалавек, які дабег ужо да самага плота, прысеў, нібы куля прайшла над ім. Гэтага хапіла, каб даскочыць да яго.
Толькі калі вялі затрыманага да машыны, Васільеў разгледзеў, што гэта юнак ці, можа, нават падлетак, па-цяперашняму рослы.
— Даездзіўся, дурань, — Сівец цяжка соп.
Пакінутая міліцэйская машына так і стаяла пасярод вуліцы з расчыненымі дзверцамі, уключанай сірэнай і мігалкай. На месцы здарэння ўжо сабраўся натоўп. Васільеў выключыў сірэну, коратка далажыў дзяжурнаму і папрасіў выклікаць ДАІ.
Сівец тым часам абышоў пабітыя «Жыгулі». Пад імі нацякла лужына, але пахла не бензінам, а гарэлкай. Сівец націснуў на замок. І скарэжаны багажнік з палёгкай адчыніўся, як стрэльнуў усё роўна. У ім стаялі гаспадарчыя сумкі, поўныя бутэлек. У тых сумках, па якіх прыйшоўся ўдар, толькі шкляны друз пабліскваў. Сівец прысвіснуў, паспрабаваў зачыніць багажнік, але ён не зачыняўся. З натоўпу нехта гукнуў:
— Хлопцы, падстаўляй шапкі! На разліў бясплатна!
Сівец хутка ступіў да гаспадара машыны, які разгублена, неяк утрупела стаяў і трымаўся за ручку пярэдніх дзверцаў.
Невысокага росту, лысы, круглатвары, ён глядзеў на міліцыянера і нібы не верыў, што гэта наяву, а не саснілася.
— Дакументы!
Мужчына дастаў з нагруднай кішэні дакументы і падаў старшыну. Той сунуў іх у кішэню курткі, нават не разгарнуў і моцна ўзяў за руку вышэй локця.
— Вам давядзецца праехаць з намі.
Мужчына паслухмяна пайшоў да міліцэйскае машыны, угнуўшыся, улез у яе, сеў побач з хлопцам і толькі тады так вылаяўся, што хлопец аж адхіснуўся ад яго, — мог жа ён, пакуль бегалі міліцыянеры, ехаць сваёй дарогай. Толькі цяпер гэта дайшло да яго.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
пра тое, як Туманоўскі набліжаецца да сваіх будучых герояў на небяспечную дыстанцыю.
Туманоўскі сядзеў насупраць сакратара партарганізацыі з блакнотам і занатоўваў з самым сур'ёзным выглядам усё тое, што той гаварыў. Наогул, Туманоўскі не прызнаваў гэтакай журналісцкай практыкі — сядзець з блакнотам над чалавекам. Тады і ён нічога не бачыць, акрамя гэтага блакнота, і гаворыць усё гэтак разумна і правільна, што потым паспрабуй зрабі матэрыял да друку з такое гаворкі.
Але сёння яму хацелася пераканаць, што толькі пытанні аб тым, як папаўняецца рабочая сіла калгаса, яго цікавяць, а болей нічога.
— Скажыце, Іван Спірыдонавіч, людзі самі прыязджаюць ці вы, як гавораць, вярбуеце іх да сябе?
— Ну, мы не такая яшчэ гаспадарка, каб пра нас ва ўсіх газетах пісалі і па тэлебачанні паказвалі… Таму мы выязджаем у тыя раёны, дзе яшчэ ёсць на вёсцы людзі. А потым ужо, як гаворыцца, ланцуговая рэакцыя. Пачынаюць і самі прыязджаць. А таму натуральна, што гэта ў асноўным маладыя сем'і, якім трэба кватэра, заробак…
— Вы даяце ім кватэры?
— Бачыце, будуем домікі. А таксама хаты, якія пустуюць, калгас купляе на вёсках і аддае прыезджым…
— А вы сам?
— Разумею… Я таксама не мясцовы, ды і наогул нават старшыня і ўсе спецыялісты не мясцовыя. Гэта не толькі ў нас у калгасе…
— Колькі вы гадоў тут?
— Я пяты год.
— А у мінулым годзе колькі памянялася галоўных спецыялістаў?
— У мінулым? Інжынер па будаўніцтву і механік…
І усё.
— На павышэнне пайшлі ці на лепшае месца пагналіся?
— Ну, як вам сказаць? Інжынер у райцэнтр пайшоў, па спецыяльнасці. Механік на рамзавод…
— А як з жыллём?
— Пабудаваліся.
— А дзе прыезджыя робяць у вас?
— Самая наша бяда — даяркі, свінаркі, механізатары. Каму ж хочацца лезці ў гной?
— Зразумела, — Туманоўскі ўсміхнуўся: усе пакойчыкі канторы заселены, як вулей, напарфумаванымі маладзіцамі. У большасці сваёй гэта жонкі галоўных спецыялістаў.
Сакратар усміхнуўся. У кабінеціку было душна, пякло сонца, і Туманоўскаму хацелася на паветра.
— Ну што ж, дзякуй, Іван Спірыдонавіч, на першы раз. Адрываю вас ад работы.
— Што вы, што вы. Мне загадана правезці вас, паказаць нашы палі. Вы ж, гаварылі, партызанілі ў гэтых балотах?
— Так, было.
— Дарэчы, калі што трэба жонцы Кухты, то скажыце, няхай заходзіць да мяне. Дапаможам. Дзед ён быў талковы. І на работу, калі што, выйдзе, выручыць. Больш бы было такіх дзядоў, можа б, і маладыя другія былі… А то хлопцы, васьмі-дзесяцікласнікі, здаравенныя лбы, на бацькоўскіх матацыклах лётаюць, хуліганяць, а на работу ў жніво не надта ідуць. Як не тут выраслі…
Сакратар змоўк, быццам спахапіўся, што гаворыць не тое. Потым невядома, што ён там напіша пра тое, на якім узроўні ў калгасе выхаваўчая работа, якую ўвагу ёй аддае кіраўніцтва калгаса, а ў першую чаргу ён, сакратар партарганізацыі, клопатам пра духоўнае выхаванне, пра «задавальненне духоўных патрэб» калгаснікаў. Цяпер пра гэта стала модна пісаць, пра клопат пра чалавека, хаця справаздачу ў раёне патрабуюць і шыю мыляць, як і мылілі не аднаму ягонаму папярэдніку, за графікі пасяўной і жніва, за нарыхтоўку кармоў…