Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чорны павой

Жук Александр Александрович

Шрифт:

— А вам, цётка, трэба было перахрысціць яго, — стрэліла вачыма на старую чарнявая маладзіца.

— Каго?

— Затора Мачанкавага.

— Або ж гэтага чорта крыж возьме? Яго міліцыя колькі ўжо хрысціць, а зрабіць нічога не можа.

— Трэба было грошай не даплаціць.

— А каб на яго пранцы! Яшчэ і пераплаціла. Рублёў у мяне не было, а я замест траячкі пяцёрку дастала. Ён хваць за яе і зубы выскаліў. Здачы, кажа, прывязу. Задушыся ты з гэтай здачай! Яшчэ прытаўчэш, як старога прытаўклі.

— Не трэба, цётка, грошай многа збіраць, і баяцца не будзеш.

— Я, Танечка, грошай не збіраю. Я іх дзецям аддаю. З сабою мы іх у зямлю не панясём. Дома мы не дзержымо, Веры прыносім на кніжку, — старая кіўнула на начальніцу.

Старая ўстала з крэсла.

Чарнявая Танька ўсё не магла супакоіцца:

— Дык мо Затор вас і назад павязе? Вы ж у два канцы заплацілі. Мы хоць выйдзем глянем.

— Скула яму ў бок, каб я больш села да яго! Пакуль карова на ранкі, я і сама дайду. Ты ж глядзі, Верачка, каб целеграма дайшла. А то задушаць мяне гэтыя свінні. І да старога трэба паехаць.

— Сёння дойдзе, цётка.

— То бывайце здаровы.

Туманоўскі сядзеў за столікам і моўчкі глядзеў і слухаў. Ён чакаў тэлефоннага званка, каб паведаміць «прыемную навіну» — што застаецца.

— Хто гэта? — папытаўся ён у паштальёнкі, якая сядзела бліжэй да яго.

— Міхаліха з Забалацця. Гэта яе старога скалечылі, як вепрука кралі. Нахальны на работу стары.

— А хто гэта яе вёз?

— Вырас тут у нас. Бацька і маці свету не бачаць на свінарніку. Меншы быў, чаргу кароў адпасе толькі, калі заплаціць бацька. Прывучылі рубель яму змалку даваць. Смяяліся. А цяпер і на вінішча даюць. Хай папрабуюць не даць! Раз у хляве запёр і суткі трымаў. Міліцыя яго хацела ў калонію забраць. Чакаюць, што, можа, армія яго трохі абразуміць. Ды каб адзін ён такі. Усе цяпер і на матацыклах, і на гэтыя джынсы давай. Мой прыставаў да мяне. Кажу, ідзі, зарабі ў жніво… Пойдзе і заробіць. Альбы толькі з гэтымі Заторамі не звязваўся.

Зазваніў тэлефон, начальніца падняла трубку.

— Не адказвае тэлефон.

Туманоўскі зразумеў, што шэфа няма на месцы і не хутка будзе, калі знікла і Лідачка.

— Здыміце заказ.

Туманоўскі ўзяў чысты бланк і напісаў кароценькую тэлеграму.

Па дарозе дадому Туманоўскі думаў пра старую і пра невядомага яму Затора. Успомніліся матацыклетныя хлопцы, якія перастрэлі яго на дарозе. Гэта сёння нахабна адабраў у старое грошы, і яна рада, што шчасліва размінулася з ім. А рабочую сілу ездзяць вербаваць у калгас здалёку. Куды ж дзенуцца гэтыя «бясцэнныя» кадры, калі нават і выедуць яны з вёскі? Тут яшчэ ў сваіх людзях, і то… Вось вынік выхавання, а правільней, занядбання выхавання, які Туманоўскі разгорне, цераз яго гляне на праблему кадраў у сённяшняй вёсцы. Гэта быў той рэальны, жывы матэрыял, які ён можа вывучаць.

Захоплены сваімі думкамі, Туманоўскі шпарка імчаў з узгорка і не заўважыў, што пад гарой мнагавата пяску.

Спахапіўся ён толькі тады, калі пярэдняе кола круцянулася ў пяску і праз некалькі секунд Туманоўскі адчуў у роце знаёмы ўжо не першы раз за гэтыя дні смак пяску і дарожнага пылу. Ён доўга адплёўваўся, выціраўся, атрэпаўся, потым працёр акуляры. Ён нават азірнуўся, ці няма паблізу таго Аляксандравага казла. Але казла нідзе не было. Туманоўскі падняў веласіпед і пакуль што павёў яго ў руках.

Ён не чуў здаровага маладога рогату, які суправаджаў ягонае вяртанне ад мар на зямлю. На ўзгорку пад кусцікамі Затор і яго стрыжаны круглагаловы сябрук пілі купленае на грошы старое Міхаліхі «чарніла» і пацяшаліся з нечаканага відовішча, не падазравалі нават, на які шырокі свет праз некаторы час выставіць іх гэты несамавіты чалавек у брызянтоўцы і акулярах, які зараз папіхаў перад сабой па пяску веласіпед.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ

пра тое, як слесар Гарбуз здзівіў нават вопытных следчых.

— Што, Андрэй Дзям'янавіч, так і будзем гуляць у жмуркі? — следчы насмешліва паглядзеў на Гарбуза.

— Я гаварыў, што пагнаўся на дармаўшчыну! Прападзі яна пропадам, гэтая гарэлка! Ну, не п'ю ж я яе і век не ганяўся!

— І тых, што прадалі вам вынесеную з завода гарэлку, вы першы раз бачылі?

— Першы! Маладыя мужчыны…

— І везлі вы гарэлку дадому?

— А куды ж яшчэ!

— Ну што ж, давайце тады разам з'ездзім да вас дадому.

Следчы заўважыў, што Гарбуз наструніўся.

— Пакажыце, дзе вы дома гарэлку хавалі.

— Паедзем.

Гарбуз не ведаў, што следчы не меў ніякіх фактаў. Ён не верыў, што гарэлка трапіла да Гарбуза выпадкова, але гэта — не доказ. Затрыманы, згодна характарыстыцы, якую дало домакіраўніцтва, быў чалавек самастойны. Мае прыватны дом, жыве ў дастатку. Збіраць у свой дом дабро любіць, таму мог пагнацца на дармавую гарэлку, якую «несуны» ўкралі з завода. Усё сыходзілася, але калі ўзяць пад увагу дарогу на завод і тое месца, дзе адбылася аварыя, то дарога вяла зусім не дадому, а ў супрацьлеглы бок. І бутэлькі не магазіннай, прыватнай задзелкі. У асабістай справе значылася, што ў свой час Гарбуз працаваў на лікёра-гарэлачным, праўда, нядоўга, але было такое. Таму не выключалася, што ў яго маглі астацца знаёмыя, тыя, хто пастаянна «здабывае» спірт і гарэлку. Яны і трэба былі следчаму.

Калі вобшук нічога не дасць, Гарбуза давядзецца выпускаць.

Жыў Гарбуз у раёне, які забудоўваўся пасля вайны і да якога яшчэ не дабраліся новабудоўлі. Дом пабудаваны з цэглы, аляпавата, з пакоем пад дахам і вузенькім балкончыкам. Ужо потым да доміка прыляпілі шырокую веранду — расшыраліся. На ўчастку пры доме раскошна ўзяўся сад.

— Хату адамкнуць? — следчы заўважыў, што той цень трывогі, які спачатку быў на твары ў падследнага, прапаў. На сваім двары ён адчуў сябе гаспадаром, і ўсім сваім выглядам паказваў панятым — суседзям, — як яго занівошта крыўдзяць.

— Давайце спачатку ў гараж зазірнём.

— Давайце.

Гараж як гараж, нават не лішне захламлены. Інструменты на сцяне, на стале, веласіпед, у кутку каністры. Не было тут ніякіх слядоў прыбору, адчувалася, што пасля таго, як выехала з гаража машына, тут ніхто не гаспадарыў.

— Пайшлі, глядзіце ў хаце.

Гарбуз амаль з радасцю адмыкаў дзверы: цяпер ён пераканаўся, што нічога знайсці дома ў яго нельга. Як чула душа, ён ніколі не трымаў дома парожніх бутэлек.

— А што ў вас у садзе?

— У садзе? А-а, будка. Яблыкі якія скласці ці што. Там спачатку будзеце глядзець?

Гаспадар патупаў наперадзе.

У буданчыку, збітым з дошак, пахла пылам, ляжалі скрынькі, старыя кашы.

Следчы зразумеў, што дарэмна ехаў сюды, дарэмна выпрошваў у пракурора ордэр на вобшук.

Трэба было зайсці ў хату, для прыклёпу. Следчы падфутболіў камяк паперак, які ляжаў у траве ўзбоч дарогі, і той рассыпаўся на меншыя камячкі. Адзін з іх следчы падняў, разгарнуў. З малюнка паперы на яго ваяўніча пазіралі віцязі.

Поделиться с друзьями: