Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чорны павой

Жук Александр Александрович

Шрифт:

Гаспадар таксама, як зачараваны, глядзеў на рукі следчага, на камячкі паперы, якія рассыпаліся па траве, потым перавёў позірк на будан, ад якога адышліся толькі што, потым ужо спалохана зірнуў на следчага…

…Паўторны агляд будана даў следчаму торбу з бляшанкамі, якімі звычайна закрываюць бутэлькі з гарэлкай, цэлую кардонную каробку з-пад чаравікаў новенькіх гарэлачных этыкетак. У каністры, якія былі ў гаражы, бензін не заліваўся ні разу.

Усю дарогу назад Гарбуз спалохана глядзеў на следчага, і ў яго дрыжала ніжняя губа.

— Не спяшайцеся, усё па парадку, Андрэй Дзям'янавіч, — следчы сам не паверыў таму, што пачуў ад Гарбуза. Ён займаўся вось ужо гадоў пяць рознага роду спекулянтамі і перакупшчыкамі. І тут чакаў, што раскрые групу дробных зладзеяў, якія выносілі і прадавалі гарэлку. А тут…

Андрэй Дзям'янавіч любіў пасядзець з вудачкай. Летам, калі цёплыя надвячоркі, калі доўгі дзень. І часу было на гэта. Вуды ў яго стаялі на рабоце, у бакавушачцы, дакладней, і не вуды, а адна, тэлескапічная. З ёй зручна было ездзіць па горадзе, і не кідалася яна ў вочы. Рыбалцы спрыяла і тое, што дома ў хаце было каму пыніцца — маладзейшая дачка выйшла замуж, нарадзіла ўнука, на работу не хадзіла.

У яго, колькі памятае сябе, не было вольнага часу. Калі прыехаў з вёскі на завод, яшчэ хадзілі з хлопцамі на вячоркі гуляць, нават біліся з мясцовымі. Але пасля таго, як ажаніўся, часу не аставалася. Трэба было думаць, дзе жыць, як зрабіць, каб вырвацца з барака. Выхад падказаў цесць: будаваць свой дом, не чакаць, пакуль будзе тая дзяржаўная. Цесць і дапамагаў будавацца, бо рабіў на машыне, меў у руках тэхніку. Каб мець вольны час, Андрэй Дзям'янавіч пакінуў завод, уладкаваўся ў домакіраўніцтве, а потым яшчэ і на паўстаўкі пайшоў падзарабляць. Работа давала і вольны час, і грошай можна было абабіць намнога болей, падкалыміць. А падкалымліваць даводзілася — будаўніцтва нямала каштуе.

Заняты работай і клопатам, ён не паўтарыў лес тых, хто заставаўся жыць падоўгу ў бараках. Яны бытта і выйгралі, гатовую дамоўку атрымалі, але многія, чакаючы ўсяго гатовага, не ўдаючыся ў работу, раздурэлі. Перавага свайго доміка была яшчэ і ў тым, што на потым і пра гараж клапаціцца не давялося, і бульбы, і сваёй гародніны на зіму амаль што хапала, і сад вырас…

Таму нічога дзіўнага ў тым, што слесар Гарбуз пасля таго, як заходзіў на сваю работу ў паліклініку, дзе падзарабляў ужо многа год па сумяшчальніцтву, выходзіў пасядзець пад ракітавым кустом з вудачкай, — рэчка тут якраз рабіла крутую луку і ўтварала вялікую лугавіну, зарослую кустамі, травой. Тут нават машын не было чуваць, а вербы на другім, на крутым беразе, старыя, пакручастыя, хіліліся сваім нізкім веццем амаль да самай вады.

Паўз самы бераг, у плюшніку і зарасніку асакі, вывела качанят крыжанка, і ўсе пяць маленькіх качачак зрэдку чародкай выплывалі побач з мамай, якая насцярожана азіралася па баках. Калі палохаліся, птушаняты разам ныралі пад ваду, і відаць было, як яны стараюцца як мага найхутчэй схавацца ў траву, пад засень куста. Часам качка адважвалася, пераводзіла сваю чародку па вадзе да гэтага берага, на якім звычайна рыбачыў Гарбуз, і не толькі ён, і дзеці ў ваду падкідалі і хлеба і прыманкі.

Гэтая качка і завярнула ўсё жыццё Гарбузова пад адхон — ён быў у гэтым перакананы. Гледзячы на качыную чародку, і заўважыў ён пад кустом, у вадзе, водаправодны кран. Жоўты водаправодны кран, а таму не змог не падысці і не паглядзець на яго бліжэй. Кран у вадзе астаўся не сам па сабе, ім канчаўся шланг. Каб назаўсёды не зніклі пад вадой, кран і шланг былі прывязаны за корань куста.

Кран Гарбуз пакруціў, і з яго не пакапала, а добра пацякла чыстая — не вадзіца, а гарэлка. Гарбуз аж спалохаўся і не паверыў сабе. Але з крана цякла гарэлка. Таму ён хуценька закруціў яго і зноў апусціў у ваду. Цяпер крана і не відаць стала.

Гарбузу ўжо было не да рыбалкі. Ён усё пазіраў на куст і чакаў, што нехта да яго падыдзе. Але так і цямнець пачало, а ля куста ніхто не паказваўся, калі не лічыць маладую парачку. Праўда, ёй было зусім не да крана, іх другі клопат займаў.

Назаўтра Гарбуз зноў лавіў рыбу і цікаваў на той куст, дзе быў кран. Нікога і нічога. Ён нават плюнуў быў на гэты кран і два дні наогул не хадзіў на рэчку.

Гарбуз здагадваўся, што гарэлка цякла ў поліэтыленавы шланг не сама сабою, на тым беразе рэчкі, за плотам, на беразе карпусы лікёра-гарэлачнага завода. А таму толькі адчайны чалавек адважыўся на такое, каб адтуль вывесці гэты шланг па дне рэчкі. Калі шланг вывелі, то тыя, хто вывеў, і пільнаваць яго павінны.

І ўсё ж ён не вытрымаў, прыехаў на рыбалку на машыне, з каністраю, калі прыцямнела, утаптаў каністру пад берагам у гразь, і праз некалькі хвілін яна была поўная. І ніхто нічога. Падкінуў спачатку здабытага братавым, свату, потым жончынай сваячцы, якая прымала пустую шклатару ў іхнім шклапункце.

Тая выпытвалася, адкуль бярэ, сказаў, што п'яніцы выносяць, купляе па дзяшоўцы. Яна і навучыла: каб ён у бутэлькі разліваў…

Усё гэта ў следчага не выклікала ніякага здзіўлення, акрамя крана.

Фантастыка пачалася з таго вечара, калі Гарбуз прыехаў з дзвюма каністрамі. Набіраў спакойна, бо колькі разоў рабіў заметкі — ці будзе хто падыходзіць да крана. Сакрэтныя заметкі паказвалі, што да крана ходзіць толькі ён. Гарбуз супакоіўся — мабыць, тыя, хто арганізоўваў гэты «водаправод», ужо папаліся.

Гарбуз паставіў каністры ў багажнік машыны, адамкнуў дзверцы, апусціўся на сядзенне і толькі тады заўважыў, што ў машыне ён не адзін. Першым жаданнем было выскачыць, але на плячо легла рука.

— Чаго так, дзядзя? Заводзь матор, і паехалі. Чаго ты так спужаўся? — голас нічога добрага не абяцаў. Побач з Гарбузом сядзеў чалавек у цёмных акулярах, у белай веласіпедысцкай шапачцы.

Выехалі за горад завулкамі і вулачкамі. Прымусілі спыніцца збоч дарогі, у нейкай лагчыне. Смярдзела звалкаю. З машыны не вылазілі.

— Нельга, дзядзя, браць чужое. Вас так мама некалі вучыла?

Гаварыў той, што сядзеў ззаду. У Гарбуза заняло мову. Спачатку падумаў, што міліцыя. Пасля таго як везлі за горад, здагадаўся, што гэта не міліцыя, а тыя. І ад гэтага стала яшчэ страшней.

— Я ж, хлопцы, — пачаў быў Гарбуз, але ў роце перасыхала.

— Ты краў, дзядзя. Не толькі ў дзяржавы, а і ў нас.

— Я аддам вам, хлопцы, грошы, аддам. Я ўсяго чатыры каністры.

— Сем, дзядзя. І хлусіць мама не вучыла. Гарбуз вывез пятнаццаць каністраў.

— Я заплачу, колькі скажаце.

— Не трэба нам грошы, Андрэй Дзям'янавіч, не трэба. Мы не пра грошы прывезлі вас сюды гаварыць!

«Усё ж міліцыя!» — абарвалася душа ў Гарбуза.

— Мы багатыя людзі. Слухайце і запамінайце. Мы там у машыне паклалі вам наклеечкі і пробачкі. Тару дастанеце самі. Паслязаўтра вы на работу на машыне пад'едзеце. Малады чалавек у шапачцы, яго так вы і зваць можаце, малады чалавек, падсядзе ў яе. Правядзе куды трэба. Усё вам раскажа.

— Хлопцы, я не… Я заплачу вам!

Поделиться с друзьями: