Чорны павой
Шрифт:
Машыну Раіса Міхайлаўна паставіла на вуліцы, пры плоце, у цяні ад клёна.
Алёна з маці ўжо ўвайшлі ў хату, а з двара было чутно, як маці кляла свіней:
— Каб вы паздыхалі! Пачулі, што я ўжэ на двары!
Усё, што трэба было ад Раісы Міхайлаўны, яна зрабіла: звазіла маці і сястру да бацькі, Алёна аставалася пры маці. Раіса Міхайлаўна магла спакойна выязджаць у адпачынак, на бераг возера. Бацьку яна тут нічога не паможа. Тое, што ад яе залежала, яна зрабіла: дала грошы санітарцы, каб даглядала за ім. Бацька ляжаў забінтаваны і гаварыць нічога не мог. Можа, чуў, што яны гаварылі, а можа, і не. Маленькі ён такі здаўся ёй на ложку, як дзіця. Не той дужы, што ішоў, рабіў, прымушаў іх, яшчэ малых. І шкадаванне было, як да малога, які трапіў у бяду, сам не ведаючы, чаго і куды ўбіўся.
— Лена, ты вазьмі кош, прайдзі вырві зелля! — распарадзілася маці аднекуль ад хлява.
Раіса Міхайлаўна зайшла на двор, сказала Алёне:
— Утамілася я. Пайду пакупаюся, спаласнуся ад гэтага пылу.
— Ты далей па канаве прайдзі, там завоіна ёсцека.
Вада чыстая, плаваць можна, — падказала маці. Яна не збіралася даваць ёй работу. Раіса Міхайлаўна была як госця, якая зрабіла ўвагу тым, што прыехала. — Мы тут з Ленаю самі ўходзімся…
За вёскаю яшчэ асталася стужачка лазняку, вербаў. Як ні асушалі балота, а веснавая вада брала сваё. І там, дзе цёк вясновы ручай, узялася над ім лаза, і ніхто яе не чапаў. Можа, таму, што вясною з трактарамі падысці да яго нельга было.
Цяпер, летам, тут раскашавала трава, і Раіса Міхайлаўна цвёрда ступала па мяккім і густым дыване. Мяцёлкі падсеянае цімафееўкі былі вышэй калена. Ад травы пахла душна і густавата нейкім прыманлівым вільготным халадком. І крышку поплавам, балотам.
Там, дзе канчаліся кусты, парослая лазняком і чырвоным ракітнікам па берагах, ляжала затока. Яна асталася ад старое рэчкі, як лука, пасля таго, калі спрамілі рэчку. І не зацягнулася балотам, і не зарасла, як іншыя, адрэзаныя ад рэчкі, старыцы. Ёй дапамагаў ручай, дапамагалі крыніцы, і вада са старыцы тоненькім ручайком нават у самае засушлівае лета сачылася ў канаву. Абмялела, не тая глыбіня стала, але ад былое ракі ў старыцы астаўся пясчаны бераг. Вада добра награвалася ўлетку. Цяпер, калі не стала ў вёсцы моладзі, тут амаль што ніхто і не купаўся.
Раіса Міхайлаўна раздзелася, асталася ў адным купальніку, прайшла па беразе, па мяккай, доўгай і быццам слізкай траве.
Вакол ляжалі асушаныя, зазелянелыя травой палікалектары. Там, за кустамі, віднеліся крайнія вясковыя хаты. І толькі з Палянкі — так звалі ўзгорак сярод балота некалі, дзе пасвілі кароў,— значылася вузенькая, выезджаная матацыкламі і веласіпедамі, сцяжынка, па якой з дарогі тыя, хто ведаў затоку, прыязджалі сюды купацца. На Палянцы трава была рыжаватая і рэдкая.
Раіса Міхайлаўна адразу ж зайшла ў затоку, легла на ваду, паплыла, потым нырнула, не глыбока, і, як магла, доўга плыла пад вадой. Вада не халадзіла, вада была здаровая, яшчэ не перагрэтая. Потым Раіса Міхайлаўна перавярнулася на спіну і кружыла, плавала, прыплюшчыўшы вочы ад шчодрага сонечнага святла.
Плавала да таго часу, пакуль не стамілася, пакуль усё цела не стала нейкім ватным. На бераг выходзіла стомлена, адкінула з твару валасы. Здавалася, што ад стомы яе пагойдвае ў бакі. Упала на пясок, мякенькі і гарачы, раскінула рукі, цяжка дыхала, супакойвалася, прыслухоўвалася да сонечнае цеплыні, якая не толькі сагравала, але і закалыхвала.
Яна, мабыць, задрамала, бо прахапілася ад таго, што нехта быў побач, рэзка ўскінулася на локці.
— Салют, міледзі!
Збоку ад яе, прысеўшы на пясок, сядзеў хлопец. Загарэлы роўным загарам.
— Табе што?
Раіса Міхайлаўна адчула, што яе поўніць абурэнне, з-за таго, што гэты малады і нахабна ўсмешлівы разглядваў яе.
— Во, міледзі! — хлопец усміхнуўся, паказаў вялікі палец. І падсеў бліжэй.
— Ну ты! — Раіса Міхайлаўна села, азірнулася. Вакол былі кусцікі, цішыня і спакой летняга, пустога ў палях дня.
— А я думаю, хто мой пляж заняў.
Хлопец падсунуўся яшчэ бліжэй, і яна заўважыла, якія шалёныя ў яго вочы.
— Ну ты!..
Раіса Міхайлаўна не дагаварыла. Ён неяк імгненна, па-рысінаму мякка і моцна прыціснуў яе да пяску. І першае, што яна адчула, як горача б'ецца ў ім кроў, якая маладая яго скура…
Раіса Міхайлаўна зайшла ў ваду, праплыла, выйшла з вады.
— Адвярніся, нахал малады!
Раісе Міхайлаўне падабалася камандаваць. На развітанне яна кінула:
— Адзью, д'Артаньян!
— Пачакай! Дзе цябе найсці?
— Сама найдуся. Ну! — прыкрыкнула Раіса Міхайлаўна, калі ўбачыла, што яе кавалер спрабуе ўстаць.
— Слухаю, міледзі!
Ён яе не даганяў. У кустах Раіса Міхайлаўна ўбачыла чырвоны матацыкл і здагадалася, што падкаціў ён з Палянкі.
І дома вечарам, калі слухала бедаванне маці, успамінала пра сваю нечаканую прыгоду, пра якую не ведае, ці раскажа хоць каму, можа, намякне з загадкавасцю.
Раніцаю, калі збіралася ад'язджаць, Раіса Міхайлаўна ўспомніла пра залаты гадзіннік з бранзалетам. Яго не было ні ў хаце, ні ў машыне. Ды яна і сама добра памятала, як распраналася і клала яго там, на цёплым пясочку.
«Зладзюга!» Яна адчувала сябе гуляшчаю, якая яшчэ і заплаціла.
Але нічога не аставалася, як ляпнуць дзверцамі машыны і пакінуць за сабой доўгі хвост пылу на ранішняй вясковай дарозе.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
пра тое, як маёру Пяткевічу не ўдалося паехаць у адпачынак.
Пяткевіч прачнуўся ад сонечнага промня, які падаў на твар з акна. Гэта быў ягоны летні будзільнік. Пяткевіч любіў сонечныя дні, любіў уставаць з сонечным промнем. Потым ён рабіў ранішнюю гімнастыку, абавязковую ў ягоным узросце, каб мець бадзёрасць на цэлы дзень.
На снеданне гатаваў чай з бутэрбродам і пяшком ішоў на службу.
Па дарозе маёр дагнаў следчага Камара, як заўсёды адпрасаванага, пры гальштуку. З ім непасрэдна працаваць Пяткевічу не даводзілася, і блізка маёр яго не ведаў.
— Добрай раніцы калегу-пешаходу, — жартаўліва павітаўся Пяткевіч.
— Добры дзень, таварыш маёр.
— А што так нявесела? Раніца вясёлая, начальства яшчэ не выклікала. А гусіныя зладзеі — гэта не такая і бяда.
Пяткевіч толькі ў апошні момант успомніў, што Камару далі весці справу пра кражы свойскай жывёлы ў людзей. Як стары і вопытны работнік, маёр быў упэўнены, што лейтэнанту не пашанцавала. Тут хутчэй за ўсё была работа не нейкіх там прафесійных зладзеяў, а гарадской шантрапы, «дзікіх» турыстаў, якіх цяпер развялося і якія маюць матацыклы і нават легкавікі. З дзяўчатамі тыя гускі і парасяткі з'едзены і запіты віном, а на Камару павісне нераскрытая справа. Таму маёр жартам і хацеў падбадзёрыць лейтэнанта.
— Тут ужо не гусі, таварыш маёр. Чалавека амаль на той свет не адправілі з-за падсвінка. Яшчэ невядома, ці выжыве.
— Гэта горш. Хоць якая зачэпка ёсць?
— У тым і справа, што ніякай.
— Паглядзі на турыстаў, што прыязджаюць дзікарамі.
— Раёны я падняў. Апытваем. І пастаронніх быццам не было.
— А зачэпка недзе побач, як заўсёды.
Пяткевіч гаварыў больш з-за таго, каб неяк падбадзёрыць следчага. Маёр не ведаў, што праз нейкае паўгадзіны гэтая справа пераляжа на ягоныя плечы, аддаліць такі блізкі адпачынак і рыбалку.