Чорны павой
Шрифт:
Калі Пяткевіч зайшоў у кабінет начальніка ўпраўлення, там ужо былі капітан Васюкоў і лейтэнант Камар.
Палкоўнік павітаўся з Пяткевічам за руку, запрасіў яго садзіцца і быццам працягваў пачатую і вядомую ўсім прысутным гаворку.
— Дык вось, у мяне пыталася кіраўніцтва вобласці, калі мы скончым з крадзяжамі на вёсцы. Сярод людзей пайшла паніка. Асабліва сярод старых. А мы агітуем, каб трымалі гаспадарку. Справа пра крадзеж набывае іншае адценне. Лейтэнант Камар можа нам далажыць пра тое, што і дзе ўкрадзена. Ды і то, відаць, не пра ўсё. Я не гавару ўжо пра рэзананс з гэтым гарэлачным трубаправодам! Калецтва міліцыянера… Ці не замнога нераскрытага? Чалавек, які не пабаяўся падняць руку на чалавека ў форме, павінен мець на гэта прычыну. За гэта па галоўцы не гладзяць.
Палкоўнік замоўк, нібы задумаўся — гаварыць ці не гаварыць, потым звярнуўся да Пяткевіча:
— Так што, Валерый Паўлавіч, бяры лейцы ў рукі і ўключайся са сваімі хлопцамі ў следства. Па ўсіх трох напрамках.
Пяткевіч зразумеў, што палкоўнік усё ж не дагаварыў нечага.
— Калі што, заходзь, параімся.
Пяткевіч усміхнуўся — цяпер ён быў перакананы, што ў палкоўніка ўзнікла свая версія ці здагадка, але ён не хоча навязваць яе Пяткевічу.
Пра адпачынак не ўспамінаў ні Пяткевіч, ні палкоўнік.
Пасля нарады маёр запатрабаваў у Васюкова і ў Камара матэрыялы следства. Матэрыялу было небагата. У Камара толькі спіс здарэнняў, пра напад на міліцыянера наогул ніякіх звестак — ніхто нічога не бачыў і не чуў, можна падумаць, што хлопец скалечыў сам сябе. Крыху таўшчэйшая папка пра кражу гарэлкі, але зноў следства ўпіралася ў аднаго толькі Гарбуза. А ён не галоўны, ён пешка. Маёр жа паморшчыўся, калі прачытаў пра вынікі праверкі бара, у двары якога стаяла скрыня, дзе пакідаў гарэлку Гарбуз. Гэта была грубая памылка. Нічога не знайшлі, і цяпер, вядома, калі работнікі бара замешаныя ў перапрадажы, нічога ў іх не знойдзеш. Доўга не знойдзеш. Бар «Капітан». Маёр вярнуўся да справы пра напад на міліцыянера. У двары таго самага бара! Ужо паволі, не спяшаючыся, перачытваў маёр медыцынскае заключэнне. Простае супадзенне? А яшчэ якія супадзенні з таго, што ён прачытаў, вынікаюць? Палкоўнік меў на ўвазе гэта ці яшчэ што?
Пяткевіч узяўся перагортваць папку пра крадзяжы на вёсцы. Яны не мелі ніякага дачынення да горада. Вочы спыніліся на заключэнні пра калецтва старога. «Тупым цяжкім прадметам…» Прадмет не ўстаноўлены ні ў выпадку з міліцыянерам, ні ў выпадку са старым. Супадзенне? Пяткевіч адсунуў папку. Гэта ўжо фантазія, а не супадзенні і інтуіцыя…
Маёр узяў лісток паперы і пачаў прыкідваць план работы. Пачынаць неабходна з бара. Трэба пабыць там пастаянна свайму чалавеку. Нехта ж павінен хоць што ведаць! Другое — правяраць тых, хто рабіў на заводзе і меў доступ да ёмкасцяў, мог «урэзацца» з «гарэлка-праводам». Росшук даводзілася пачынаць, лічы, з нуля. Камару параіць высветліць найперш, ці былі ў дні крадзяжу ў вёсцы ці паблізу прыезджыя, чужыя машыны. Другое, праверыць базар, у першую чаргу тут, у горадзе. На раённых базарах часта не пабудзеш з адным і тым жа таварам. Шукаць збыт украдзенага.
Маёр ужо не думаў пра адпачынак. Яму аставалася верыць, што на летнюю рыбалку ён усё ж патрапіць.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
у якім Туманоўскі бліжэй знаёміцца з Валеркам Заторам.
Угрэтая за дзень скошаная травяная сумесь густа пахла сокам, лісце гароху звяла і пашарэла. І на сахор нанізвалася многа, як падняць. Мужчына ў клятчастай, гэтак заношанай рубашцы, што на каўняры яна аж пачарнела ад поту і пылу, накладаў траву на воз. Аднак рубашка была зашпілена на верхні гузік, рукавы таксама. На нагах у мужчыны старыя, з працёртымі халявамі кірзавыя боты і шэрыя шырокія картовыя штаны, на галаве невядома як уцалелая шапка-васьміклінка з пупсікам і паламаным казырком. У губах дымілася цыгарэта.
Рабіў ён, здавалася, паволі, як робат, завучана паднімаў і клаў накошанае на воз, і той нібыта сам сабою рабіўся раскладзістым. І конь, здаецца, сам, падбіраючы траву, падыходзіў уздоўж пракоса.
— Прывет, Мачанка!
Мужчына перастаў класці воз, паглядзеў на таго, хто абазваўся да яго.
Мужчына быў у пажаўцелым, не раз камечаным капронавым капелюшы, у гэтакай жа, як і ў Мачанкі, клятчастай рубашцы, рукавы якой закасаны, грудзі наросхрыст. На нагах у мужчыны чаравікі. Да рамы веласіпеда прывязаны кассё і загорнутыя ў анучку косы.
— Здароў, Саша.
— Ты што, і на падвозку пайшоў? Трактароў хіба мала ў вас у калгасе?
— Трактары работу робяць. Старшыня наш так сказаў — няма чаго на трактарах коўзацца там, дзе конь можа зрабіць. І мне выгадна…
— А табе што, даплочваюць?
— А як жа, за падвозку даплочваюць.
— Тады другое дзела.
Мужчына прыкурыў, Мачанка абапёрся на сахор. Ён, як заўсёды, быў зарослы густою кароткаю шчэццю.
— Хаця нашто табе гэтыя грошы… Твой гэты Затор усё роўна прап'е, яшчэ і табе ў карак надае!
— А табе на чорта? Усё косіш, грабеш. Ты ж на пенсіі. Сядзеў бы дзе пад кустом і «чарніла» піў у цяньку.
— Знаеш, Федзя, як варушышся, то і жывеш яшчэ, а як сядзеш — згніеш к чортавай мацеры.
— Яно і так…
— Слухай, а з кім гэта твой Затор лётае на матацыкле? Чуць не знёс мяне на павароце!
— А прыехаў з Мінска да Ермаліцкай сынаў друг. Кажа, на заводзе робіць, водпуск у яго. Чорта водпуск.
Сядзіць тут у старое, праядае яе пенсію разам з маім, і цэлыя дні з матацыкла не ссядаюць…
— Я б на тваім месцы скулу яму ў бок, а не матацыкл. Гэтакі бугай вырас, а толку ніякага.
— Хай ён голаў скруціць! А зачапі — б'ецца, гадасць. І жонку б'е, і мяне. Вунь, каровы быў чаргу адпасвіў, пятнаццаць рублёў садраў. Яна яму толькі дзесяць дала. Набіў і запёр у варыўні. Цэлы дзень сядзела, пакуль я з Капыля не прыехаў. Скарэй бы ўжэ ў армію забралі, там, можа, дурату гэту выбілі б.
— Змалку вы яго раздурылі.
— Мая як дурная перла яму ўсё. А цяпер я вінаваты.
— Чуў, што з Міхалём зрабілі?
— Чуў. Навёў нехта, чаго б так палезлі… Ведалі, што стары.
— Што цяпер тут ведаць? Тут і ўсляпую, то папробуй наскоч на тую хату, дзе мужчына. Маладыя дзе? У новых хатах альбо ў пасёлку.
— Але ж прыгледзелі, што кармляк ёсць.
— Ну, прыгледзелі.
— А ты вазіць будзеш?
— Буду. Пасля абеду.
— Дак у Асінаўку «Лучыстага» прывезлі. Петрыка бачыў на трактары, курэў адтуль. Ты б мо завінуўся на кані. Бо больш жа нідзе, хоць шаром пакаці.
— Давай грошы.
Мужчына дастаў з кішэні складзеныя рублі. Мачанка зняў васьміклінку, паклаў грошы ў шапку над казырком, надзеў яе на голаў.
— Я вунь там касіць буду, — мужчына паказаў на кусцікі.
— Добра, чакай, заеду.
Мужчына лёгка асядлаў веласіпед, а Мачанка зноў узяўся за работу. Але нешта змянілася ў ягоных руках, спрытней захадзіў сахор.
Праз паўгадзіны падвода з Мачанкам, які сядзеў на ладным пуку травы, каб не трэсла, курыла-пыліла па дарозе да Асінаўкі.
Туды ж па сваёй дарозе ехаў і Туманоўскі. Праўда, не на веласіпедзе, а ў калгасным «газіку».