Чорны павой
Шрифт:
Суправаджаў Туманоўскага, як і мінулы раз, сакратар партыйнай арганізацыі. Веласіпед, на якім Туманоўскі зранку прыехаў да канторы, так і астаўся там.
У канторы на гэты раз Туманоўскі застаў старшыню, які ў кабінеце нешта запісваў у блакнот. Ён моўчкі і ўважліва разгледзеў пасведчанне, падаў яго назад. Потым гэтак жа ўважліва паглядзеў на Туманоўскага. Карэспандэнту такое саліднае газеты, здавалася, вымагала і выглядаць адпаведна. Само сабою напрошваўся гальштук, касцюм. Гэтая брызянтоўка, як у студэнтаў, якія прыехалі будаваць цялятнік, чаравікі не да твару сур'ёзнаму чалавеку. Але старшыня чалавек ужо вопытны на сваёй пасадзе. Таму ён пастараўся ўявіць Туманоўскага ў касцюме, пры гальштуку і зразумеў, што выглядаў ён салідна, надавалі гэтай саліднасці акуляры. У касцюме наведвальнік мог быць нават і самім рэдактарам, а не проста карэспандэнтам.
Гаварыў карэспандэнт пра маральна-этычную аснову выхавання моладзі, пра тое, што ён хацеў бы паглядзець, як у іх, у гаспадарцы, як кажуць, сярэдняй, якіх большасць усюды, выхоўваецца моладзь у плане павагі да старэйшых, да іхняй працы… Усё гэта было туманна і ненадзейна. Старшыня ведаў, што цікавіць карэспандэнтаў у кожную пару года. Цяпер сама пара была заняцца тым, як ідзе ўборка сена і як падрыхтаваўся калгас да жніва, як адрамантаваў найперш тэхніку, як замацаваў за ёй механізатараў.
Было зразумела, што, пачынаючы ад гэтае брызянтоўкі і канчаючы гаворкаю пра ўсе праблемы выхавання, гэты Туманоўскі пускаў туман, каб выведаць усё і выгледзець.
Аднак выгляду старшыня не падаў, наадварот, ён адсунуў убок блакнот і з веданнем справы загаварыў пра ролю і бацькоў, найперш бацькоў, у працоўным выхаванні, і школы. Ён нават дазволіў крыху самакрытыкі з-за таго, што, занятыя выкананнем тэрміновых работ, калгасныя кіраўнікі забываюць пра гэта. Тады і вырастаюць такія, як Мачанкаў Затор.
— Во-во, я якраз пра яго і хацеў распытацца, даведацца ўсё. Бацька яго ж не адсюль, мне гаварылі?
— Затор Мачанкаў — гэта не зусім тыповы выпадак, — старшыня загарнуў блакнот, ямчэй сеў на крэсле. Ён гатовы быў гаварыць пра Затора, як пра лепшую сваю даярку ці свінарку. Тут небяспекі ніякай для падрыву ягонага калгаснага аўтарытэту не намячалася і не магло быць. Затор фігура адметная ўжо ў раённым маштабе. Ім займалася не першы год раённая камісія па справах непаўналетніх, і, як гаворыцца, персанальная адказнасць клалася ўжо цалкам на раённае звяно і да калгаснага прасачыцца не магла. Старшыня непрыкметна зірнуў яшчэ і на насценны гадзіннік — хутка павінны былі сабрацца ў кантору спецыялісты, а там займацца карэспандэнтам ужо не ягоная, старшынёва, справа.
— Мачанка чалавек не наш. Прышлы ён. Тут меліярацыйныя канавы апляталі лазою. Некалі было такое, каб не размывала вада берагі… Ён з гэтымі плетунамі і прыйшоў. За трыццаць было ўжо. Ён на кватэру ў Піліпіхі старое астаўся. Старая хітрая была. Яна ўсё сваёй Вольцы выбірала жаніха. Каб і рахманы быў, і каб багаты. Так і давыбіралася, што сама састарэла і дачцэ недзе пад сорак павяло ўжэ. Тут не да жыру, як кажуць, а быць бы жыву. У акрузе Вольку ведалі, язык у яе доўгі, натура, як у асы. А старэць пачала — яшчэ горш. А тут гэты Фёдар ад лазы. Піліпіха яго і ўзяла на кватэру. А ён і тады быў такі, хоць і маладзейшы. Боты кірзавыя, шапка блінцом, морда непабрытая, а пад вечар у самагонку памочыцца. Адным словам, так ён і жыў, начаваў у будцы ў садзе. У Піліпіхі старое пытаюцца, як, ці жаніх будзе. «Не, галубка, які з яго жаніх. Я яму мачанку з салам і зранку, і ўдзень, і вечарам! Аполак сала скарміла, а ён у гэту будку сваю ўлезе і храпе, аж сабака спрасонку гыркае, пужаецца…» Але ўсё ж мачанка, мабыць, памагла, бо Волька пад восень пакруглела, а Фёдар пачаў галіцца, надзеў новую рубашку і штаны. І не пайшоў следам за сваёй брыгадай…
Старшыня ўвайшоў у ролю, але адчыніліся дзверы, зайшлі галоўны аграном, інжынер, сакратар партарганізацыі. Ён павітаўся з Туманоўскім, што старшыню здзівіла, але выгляду ён не падаў:
— Я ў вас прашу прабачэння, Ян Данілавіч. Тут у нас…
Туманоўскі ўстаў.
— Вы можаце якую гадзіну самі пахадзіць тут, агледзець нашу цэнтральную. З усіх бакоў, не толькі з таго боку, з якога мы самі паказваем, — пажартаваў старшыня,
— Не хвалюйцеся, калі ласка. Я зайду пазней, а цяпер не буду перашкаджаць вам.
На здзіўленне старшыні, журналіст не клюнуў на дэмакратычную прапанову, не пайшоў аглядаць цэнтральную сядзібу з «чорнага» боку.
Старшыня паспрабаваў распытацца пра карэспандэнта ў парторга, але той паўтарыў прыкладна тое, што гаварыў старшыні сам Туманоўскі.
— Ён жук вопытны, глядзі, парторг. Ты ў мяне на тое, каб і прыняць чалавека, і паказаць яму. Глядзі…
— Не, у яго другое тут.
— Глядзі мне, глядзі. Калі не даецца на пачастунак, то не настырайся і ў баньку нашу не валачы. А то ён нам потым гэту баньку і распіша…
— Не, ён не такі чалавек. Ён па другой лініі,— паспрабаваў абараніць Туманоўскага парторг, але прызнацца ў тым, што лазню ён паказаў, не адважыўся. На ўсякі выпадак.
Аграном і інжынер цярпліва чакалі, пакуль кончыць гаварыць старшыня з парторгам, — часу ў іх, як заўсёды, не хапала…
Іван Спірыдонавіч быў рады, што журналіст згадзіўся паехаць у Асінаўку. Па-першае, гэта ўжо быў не іхні калгас, суседні. Таму ўсё тое, што там можна ўбачыць, ужо быццам і не датычыла ні Івана Спірыдонавіча, ні ягонага калгаса. Да ўсяго гэтага ў яго быў і канкрэтны клопат — паглядзець, хто з іхніх работнікаў сярод рабочага дня пакінуў работу і падаўся «на запраўку».
— Старшыня вам расказаў ужо, адкуль пайшла мянушка Мачанка? З-за тае мачанкі, якой карміла будучага прымака Піліпіха.
— А чаму Заторам завуць меншага?
— Ён хвастаўся, яшчэ як малы быў… Колькі ты, Валерык, вып'еш? Гэта ў яго сам Мачанка стары пытаўся. А той яму — вядро мо не вып'ю, а затор то точна… Затор — гэта выхад з аднае запраўкі брагі ў самагонны апарат. Так і пайшло — Затор Мачанкаў. Выпіўка і закуска разам…
— Вы думаеце, прыклад бацькі прычына? — дапытваўся Туманоўскі. Ён ужо бачыў гэтага ваўкаватага, зарослага шчэццю, невядома адкуль прыйшоўшага Мачанку.
— Як сказаць. Не алкаголік Мачанка. У другіх бацькі і не пілі, і слова лішняга не сказалі, а дзеці жулікамі вырастаюць, — парторг круцянуў рулём, аб'язджаючы выбоіну на дарозе. — Яго маці вінаватыя. З малых год насілася — мой сынок, мой сынок. Ні работы яму, ні абазвацца нікому на яго, нават бацьку. Во так і вырас. У школу пайшоў — настаўнікі вінаватыя, што не вучыцца. Сама яна на свінарніку, грошай хапала. А цяпер і ка мне ходзіць, каб памог, і да міліцыі дайшло… Не знаю, што можна зрабіць. У яго ўжо нецярпімасць да людзей. Калі што не па яго… Ён сябе часам спыніць не можа.
Па лагчыне дарога ішла роўная, выцягнутая, як струна, белая на зялёным, як футбольнае поле, абшары. За лагчынаю па ўзгорках цягнулася вёска, у прысадах, у садах, быццам прывялых і прапыленых ад гарачыні.
— Меліяратары дарогу зрабілі. Добрая дарога. А тут ні праехаць ні прайсці было, — усё роўна як прачытаў думкі Туманоўскага парторг.
У вуліцу машына не заязджала. Парторг пад'ехаў да магазіна з калгаснага двара.
З'яўленне машыны зрабіла сваю справу. Адразу ж сеў у кабінку «беларуса» трактарыст, які стаяў тут жа пры трактары і нешта гаварыў з двума мужчынамі. Яны таксама паглядзелі на парторга і на Туманоўскага і рушылі па вуліцы.