Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чорны павой

Жук Александр Александрович

Шрифт:

Старшына пакіраваў да хлопцаў, якія церліся ў гурце ля гандлярак семачкамі. Дайсці да іх старшына не паспеў:

— Таварыш міліцыянер! Таварыш міліцыянер! Дзяўчына спяшалася насустрач Вашчыліну і паклікала яго амаль шэптам.

— Што такое?

— Таварыш міліцыянер, вунь той, у шлеме, прадае залатыя часікі! Якраз такія, якія прапалі ў мае сястры! А з ім з нашае мясцовасці п'яніца…

— Праверым. Не адставайце.

Старшына Вашчылін не паскорыў хады. Спакойна падышоў да хлопца, узяў яго за локаць.

— Пройдзем, маладыя людзі, са мной.

Ён адчуў, як таргануўся, напружыўся той, каго ён узяў за локаць, але адразу ж пакорліва расслабіўся. Сілу старшыны Вашчыліна ён адчуў і зразумеў, што вырывацца не варта, пакуль цябе трымаюць далікатна. Ні адзін вясковы здаравіла, які спрабаваў буяніць на базары, больш на гэта не адважваўся.

— А што такое?

Другі, са шлемам у руцэ, адскочыў, як пеўнік, убок, гатовы даць дзёру.

— Парушаем правілы…

Той, са шлемам, на хаду надзяваў яго на голаў і бег да матацыкла. Старшына памкнуўся даганяць яго, але ўспомніў, што гадзіннік у гэтага, якога ён трымае. Уцекача ведае дзяўчына, нікуды ён не дзенецца.

— Пайшлі ў аддзяленне! І вы з намі,— загадаў старшына дзяўчыне.

Залатыя гадзіннікі на базары не прадаваліся ўжо даўно. І хлопец невядомы, прыезджы. Старшына быў перакананы, што ўсіх у раёне ён ведае, а чужых нюхам чуе.

— Пусціце руку, я сам пайду.

— Нічога, мы лепш з табой пад ручку, як бацька з сынам.

Ад хлопца несла перагарам, і ўжо з-за гэтага веры яму старшына не даваў.

Новы двухпавярховы будынак міліцыі быў непадалёку ад базара.

— Здравія жалаю, таварыш капітан! Каб не нудна табе было, прывёў маладога чалавека.

— Што такое?

Дзяжурны павітаўся з Вашчыліным.

— Дзяўчына гаворыць, што часікі яе сястры. А іх гэты малады і непахмелены прадаваў на базары. Сябручок яго ўцёк на матацыкле.

— Дзе гадзіннік?

Хлопец нехаця дастаў з кішэні жаночы гадзіннік з бранзалетам.

— Я пайшоў, капітан.

— Ідзі, старшына.

Дзяжурны набраў нумар тэлефона.

— Семежаў? Слухай, тут Вашчылін прывёў кадра. З базара. Залатыя часікі прадаваў. Ці не з таго магазіна, што ты вядзеш? Заходзь, разбярыся з гэтым маладым…

Дзяжурны не заўважыў, як наструніўся затрыманы пры слове «магазін». Цяпер ён не рады быў, што папёрся прадаваць гадзіннік на базар. Трэба было дастаць грошай на білет, а гадзіннік збыў бы ў сталіцы. Трапіў у лапы міліцыі, як мокрая курыца, у нейкім зачуханым гарадскім пасёлку. Хлопец яшчэ не прыдумаў, што гаварыць, як з калідора выйшаў малады мужчына ў цывільным касцюме. Дзяжурны кіўнуў на хлопца і на дзяўчыну.

— Прашу, — коратка не запрасіў, а загадаў мужчына і паказаў рукой у калідор.

Хлопец пайшоў першы, скоса і злосна паглядзеў на дзяўчыну. Мужчына ішоў ззаду.

— Сюды, — паказаў ён на кабінет, дзверы якога былі адчынены.

Мужчына сеў за стол, кіўнуў на дзяўчыну:

— Расказвайце.

— Таварыш… — Алёна замялася. Яна пазнала міліцыянера. Валін знаёмы. І гэты стрыжаны таксама здаваўся знаёмым. Лена насцярожана азірнулася на хлопца, потым на чалавека за сталом.

— Можаце зваць мяне проста — таварыш лейтэнант.

Мужчына ўсміхаўся з Алёнінай разгубленасці і глядзеў на яе роўна і спакойна.

— Таварыш лейтэнант, ён падыходзіць на базары да мяне — і часікі купі, кажа. Глянула я — Раіны гэта часікі, сястры мае. Яна прывозіла мяне ў вёску. А перад ад'ездам шукала часікі — і не магла найсці. Гаварыла, што яны ў машыне ў яе ляжалі. Машына на двары начавала…

Дзяўчына паглядзела на хлопца.

— А з ім тут на базары і Затор наш круціўся…

— Як ваша прозвішча?

— Рудзь Алёна… Алёна Міхайлаўна. Лейтэнант падняў на яе вочы, нібы хацеў нешта

папытацца.

— Гэта на майго бацьку напалі зладзеі,— растлумачыла Алёна. Лейтэнант зацікаўлена паглядзеў на яе.

— Як вас, малады чалавек, зваць-называць?

— Васька, Васіль Аляхновіч, — коратка і насцярожана адказаў хлопец.

Алёна зірнула на яго — знаёмы і голас, і гэтая круглая, коратка астрыжаная галава.

— А па бацьку?

— Васільевіч.

— Адрас.

— Які адрас?

— Пастаянна дзе жывяце?

— У інтэрнаце, у горадзе.

— Адрас мне трэба.

— Скажу і адрас. Лейтэнант запісваў хутка.

— Чаго тут апынуліся?

— У водпуску. У друга жыву.

— Гэта ён з вамі быў?

— Не, гэта другі…

Васька на імгненне замяўся — ці называць Валерку.

— Затор Мачанкаў з ім… Гэтакі ж п'яніца і жулік, — не ўтрывала дзяўчына.

— Ведаем твайго дружка.

Лейтэнант пільна паглядзеў на Ваську, усё роўна як прыцэньваўся.

— Дзе ўзяў часікі?

— Падарылі мне, — нечакана ўхмыльнуўся Васька.

— Хто табе падарыў? Хто? Укралі разам з Заторам, каб прапіць!

Алёна раззлавана завярнулася да хлопца і зноў злавіла сябе на тым, што бачыла, ведае яго.

— Сястрычка твая. Яшчэ мяне на машыне павазіць абяцала.

Васька зноў ухмыльнуўся. Ён не пазнаваў яе, бо там, дзе бачыліся, не звяртаў увагі на тую, што прыбірала са стала.

— Аляхновіч, адкуль у цябе гадзіннік?

— Я ж сказаў. Паехаў на Валеркавым матацыкле пакупацца. А там, на купальні, мадама на пясочку. Не маладзенькая, але нічога яшчэ… На яе падобная.

Васька ўхмыльнуўся.

— Спадабаўся ёй малодзенькі мальчонка. Паплавалі потым, на машыне павазіць яшчэ абяцала.

Пра машыну Васька прыхлусіў. Ён быў перакананы, што «мадама» нікому не прызнаецца пра тое, што было на беразе, і пра тыя «часікі». Васька іх сціхача ўсунуў у кішэню.

— Нахал! Злодзей ты, як і Затор твой!

Васька ўвайшоў у ролю і адчуваў сябе на кані. Ён цяпер зразумеў, што сказанае дзяжурным «магазін» не мела дачынення да таго магазіна, дзе яны пабывалі з Заторам.

Лейтэнант спакойна і нават абыякава глядзеў на затрыманага. Ён яшчэ ў дзяжурнага, як толькі ўгледзеў гадзіннік, зразумеў, што ён не з вітрыны універмага — там не было падобных гадзіннікаў. Цяпер Семежава зацікавіла толькі тое, што Алёна апынулася тут, што яна дачка таго самага старога.

Поделиться с друзьями: