Чорны павой
Шрифт:
Калі за сталом у абед Туманоўскі зноў загаварыў пра Затора, Вера нечакана сказала:
— Што ён робіць? Нічога. Блытаецца на матацыкле… Некалі і мой з ім піў. Гэты ж Затор вото закруціцца і адкуль хочаш таго «чарніла» прывалачэ. Яшчэ і з гэтым сватам Мачанкавым піў.
— З якім?
— Прыязджаў аднекуль. Гасціў тут доўга. Гэтакі самы апівоша, як і сам Мачанка, як і Затор гэты яго. Унучак яго на матацыкле і вазіў усюды. Смеху было перад ад'ездам. Павёз гэты Затор яго ў Сярэднікі. Мачанчыха на дарогу і закускі ўжо свату наклала, мо і бутэльку. Каб толькі даехаў дадому, не памёр з голаду. Як павёз яго гэты Затор, дык і сам прапаў. Тут усхадзіліся, пачалі шукаць яго. Дзень, і два няма, і тры няма. Недзе ж бы паказаўся. Пазванілі і ў міліцыю, — не, не сядзіць там. Бяда. Адале нехта прыгледзеў. А яны, і стары і малы, абодва роўныя, не на поезд, а ў домік. Тут на высушаных балотах пастухам домікаў настаўлена. Летам, дзе не пад пашу, там ніхто і не бывае. Вот яны заехалі ў той домік і сядзелі там, пакуль закуска была і не папілі ўсю гарэлку, што з сабою набралі. Дык пасля гэтага сама Мачанчыха запрэгла каня і павезла свата ў Сярэднікі, каб на поезд пасадзіць. А так бы ён ад яе і не выехаў бы. Так што ў іх парода такая. Во, як гэты павой, — Вера кіўнула на густую зелень павою, якая ўчэпіста сплялася, ахіліла веранду, закрыла ад сонца. Павой цвіў пяшчотнымі ружовымі кветкамі.— Здаецца, што і зялёны, і харошы, а так усё затуліць, загноіць, што пасля яго і на рамах, і на ўсім гнілая чарната. Такія і людзі ёсць. Пад гэты павой дык хоць яшчэ, як надаесць, чыгун кіпню раз-другі выльеш, дык і згіне… А гэта ж людзі быццам.
Туманоўскі чуў яе ўжо адным толькі вухам. «Чорны павой» — гэтак ён назаве свой артыкул.
Адразу ж пасля абеду Туманоўскі сеў на веласіпед і выправіўся на асушаныя балоты.
Першы дашчаны хляўчук быў недалёка за вёскай. Яго даўно прыкмеціў Туманоўскі, толькі не ведаў, нашто гэта дашчаная пабудова ў лузе за кустамі. Здалёку яна надта ж нагадвала адпаведную ўстанову для грамадскага карыстання.
Хляўчук быў замкнуты на вялізны, як сабака, вісячы замок. Туманоўскі прысланіў да сцяны веласіпед, зазірнуў у хляўчук праз невялікае закрачанае акенца. Там пуста, толькі ў куце ляжала згрэбенае ў кучу леташняе сена, якое, мабыць, служыла пастухам за пасцель. Не відаць, каб да хлеўчука хоць хто і падыходзіў за ўсё лета. І замок роўна пакрыты чырванаватым іржавым налётам.
На лёгкую ўдачу Туманоўскі і не разлічваў. Ён гатовы быў да ўпартага пошуку. У яго і тактыка пошуку ўжо ў галаве склалася. Узгоркамі, па грудах, ён наўкруга аб'едзе ўсё асушанае балота. З узгоркаў яму ўсё будзе добра відаць, не праміне ніводнага хлеўчука.
На павер аказалася, што гэтыя хлеўчукі стаялі так, што і да іх, і паміж імі не было ніякіх, ні вялікіх, ні малых, сцежак-дарожак. Нават болей, амаль усе гэтыя хлеўчукі і не замыкаліся. І акрамя старое пацярухі, у іх — нічога.
Калі ўжо пачало змяркацца, Туманоўскі нявесела згадзіўся з тым, што артыкул «Чорны павой» давядзецца пачынаць не з апісання «берлагу», у якім хаваецца ад людзей малады чалавек.
Туманоўскі вёў веласіпед у руках. Ад апошняга хлеўчука да дарогі, якая ішла па ўзгорку, аставалася кіламетра паўтара. Трава стаяла вышэй за калена, густая, моцная, як дрот. Ногі гудзелі ад язды і ад хадзьбы.
Туманоўскі спыніўся, выцер спацелы лоб рукавом курткі, азірнуўся: старое балота яшчэ давала напамінак пра сябе. Нягледзячы на спякотныя дні, на суш, якая стаяла навокал, а на ноч, у самых лагах, над канавамі пачынала слацца лёгенькая бялявая намітка. Туманоўскі ўспомніў, як гаварыла Вера, што недзе тут, на канавах, асталася яшчэ старая крынічная старыца, абрасла кустамі і туды ходзяць нават у самую спякоту купацца. Ён пачаў азірацца навокал. І ў купцы асінніку заўважыў яшчэ адзін хляўчук. Але гэтае адкрыццё не ўзрадавала Туманоўскага. Ён злавіў нават сябе на думцы, што лепей бы не ўгледзеў ён гэтага хлеўчука. Не хацелася мучыць ногі па густой траве. Але ён усё ж пайшоў. І калі падышоў бліжэй, сэрца страпянулася: да хлеўчука быў след. Да яго і пад'язджалі, і падыходзілі. Туманоўскі паклаў веласіпед у кусты, асцярожна падышоў да хлеўчука. На прабоі быў замок, але павернуты старчма, дужка ўніз. Ён узяўся за замок. Здагадаўся правільна — замок не замыкаўся.
Знайшоў! Сена наслана свежае, завалена парожнімі бутэлькамі. У куце вялікая абшарпаная сумка, поўная бутэлек, кансервы, хлеб…
Адразу ж успомнілася, што гаварыла Вера пра абкрадзены магазін.
Туманоўскі асцярожна і хутка выйшаў з хлеўчука. Калі выйшаў, азірнуўся. Светла, па-летняму няспешна надыходзіў вечар, ціха было, і ад гэтай цішыні, здавалася, пачынала звінець у самога ў вушах.
Толькі пасля таго, як падняў веласіпед, каб ехаць, Туманоўскі крыху апамятаўся. Ехаць і званіць у міліцыю? А што ён скажа? Што бачыў бутэлькі? Бутэлькі так і астануцца бутэлькамі. Патрэбен той, хто прынёс гэтую здабычу. Туманоўскі на імгненне нават уявіў, як высачыць ён зладзеяў. Во будзе пачатак артыкула.
Туманоўскі замаскіраваў веласіпед і сам прысеў за кустом, глядзеў на сцяжынку і чакаў. Вечарэла, стома брала сваё, і Туманоўскі нават пачаў паклёўваць носам.
Ачнуўся Туманоўскі ад таго, што нешта моцна шарахнула ў яго ззаду за кустом. Ён падхапіўся на ногі, завярнуўся, каб угледзець, што там ці хто, але нічога ўгледзець не паспеў: нешта балюча пеканула яго ў лоб, у вачах нібы разляцелася на кавалкі, а потым на густы рой драбнюткіх іскарак.
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
у якім маёр Пяткевіч сваім рашэннем ратуе Туманоўскага.
Маёр Пяткевіч паволі ішоў бетоннай набярэжнай. Скрозь плыткую ваду было відаць пазелянелае, загнанае тванню дно. Ён знарок выйшаў з упраўлення, каб абдумаць усё, улічваючы апошняе паведамленне Камара, якому сам следчы не надаваў асаблівага значэння і якое ўстурбавала Пяткевіча. Гэта было прадчуванне ўдачы. Цяпер неабходна ўсё ўзважыць, не зрабіць памылковага ходу.
Самае дзіўнае, што ў час росшуку найбольш фактаў раскрылася ў сувязі з крадзяжом жывёлы. Крадзеж у людзей — гэта толькі асобныя выпадкі ў параўнанні з тым, што за апошнія гады прападала з калгасных пашаў, летніх лагераў, са свінарнікаў. Значыць, працаваў добра наладжаны канвеер. Першыя праверкі сталічнага базару, абласнога цэнтра не далі вынікаў. Камар рыхтаваў карту месцаў, дзе адбываўся крадзеж. Яна павінна паказаць месца збыту накрадзенага.
Бетонная набярэжная кончылася. Пачалася мяккая сцежка паўз самую ваду да старога моста, які служыў цяпер толькі пешаходнай пераправай. Па мосціку Пяткевіч перайшоў на другі бок. Тут на прасторнай лугавіне дзічэў недагледжаны парк. Над вадой нізка нахіляліся старыя пакручастыя вербы, ніжняе ніцае галлё даставала да самай вады. Пад вербамі вада здавалася чорнай, застылай, як смала.
Праверка на гарэлачным заводзе пакуль што не дала жаданых вынікаў, злавілі толькі двух «несуноў». Дзяжурства ў бары таксама не прынесла новых звестак. Адна толькі з пастаянных наведвальніц успамінала пра нейкага інжынера, у якога надта добрая дача за горадам, і пра «баксёра», які заўсёды з ім. Пасля таго як Камар далажыў маёру пра падазронага хлопца, на якога выйшла раённая міліцыя там, дзе пакалечылі старога, маёр успомніў гэтую інфармацыю. Маёр памятаў медыцынскае заключэнне пра калецтва і міліцыянера і старога: «удар тупым цяжкім прадметам». У сувязі з гэтым выплывала ў памяці клічка «баксёр». Кулак баксёра можа быць такім прадметам. Не, гэта хутчэй жаданне, а не вывад, нават не інтуіцыя… Праверыць, асцярожна праверыць усё па парадку.
Сказаць пра сваю версію Пяткевіч нізавошта б нікому не адважыўся — надта ж розныя былі справы, каб звязвацца ў адну. Ён вярнуўся ва ўпраўленне і распарадзіўся перадаць у раён — затрымаць хлопца і прывезці да яго. Дзяўчыну таксама запрасіць на гутарку.
Семежаў тросся ў прапыленым «газіку» і лаяў былога аднакурсніка. Яму, Семежаву, Камар даручыў даставіць Аляхновіча. А таксама Алёну. Ужо потым, пасля гаворкі з Камаром, Семежаў спахапіўся, што не ўдакладніў, як дастаўляць у абласное ўпраўленне Алёну. Пра хлопца было сказана зразумела і канкрэтна, а пра Алёну — што з ёю хоча пагутарыць Пяткевіч. Рашэнне з Алёнаю Семежаў прыняў сам — выпісаў ёй выклік на імя Камара і даў яго тэлефон. Няхай Камар разбіраецца сам, як хоча. Не будзе ж ён браць яе на ноч і трымаць пад замком.
Ля хаты Міхаля Рудзя Семежаў міжволі акінуў вокам тое месца, дзе знайшлі знявечанага старога, быццам цяпер мог знайсці тут нешта такое, што б магло дапамагчы следству. Алёну ён пазнаў, калі машына яшчэ не пад'ехала да варотцаў. Яна ў кароценькім халаціку праганяла ад двара вялізную чараду цяжкіх белых качак. На нагах у яе былі пляжныя гумавыя шлёпанцы.
— Што б вы падохлі! Не накорміш вас! Яна збянтэжылася Семежава.
— Добры дзень, — павітаўся Семежаў і сурова зірнуў на шафёра, які падміргнуў яму. — Вам, Алёна Міхайлаўна.
— Ну што, праверылі? Сестрыны часікі?
— Не. Сястра ваша пакуль што ў водпуску…
— Як у водпуску? Яна ж сказала… — Алёна не дагаварыла, асеклася, пачырванела.
— Заўтра вам трэба вярнуцца ў горад. Пазвоніце па гэтым тэлефоне, вам скажуць, калі прыйсці.
Дзяўчына асцярожна ўзяла паперку.
— Усяго добрага, — развітаўся Семежаў. Ён усміхаўся сам сабе з таго, якая фізіяномія будзе ў праведнага Камара, калі да яго на гутарку прыйдзе тая самая, з кім ён парыўся разам у лазні і якую праводзіў ноччу ў горадзе.