Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чорны павой

Жук Александр Александрович

Шрифт:

Пра тое, як знайсці хату, дзе спыніўся Аляхновіч, Семежаў распытаўся ў мужчыны. Ён, пакуль адказваў

Семежаву, прыглядаўся да міліцэйскага «газіка», да сяржанта, які кляваў носам. Семежаву здавалася, што сяржант спіць не толькі цэлую ноч, але і цэлыя дні і не высыпаецца: колькі яны ні выязджалі разам, сяржант шчыра драмаў. Мужчыну не здзівіла, што міліцыя пытаецца пра Аляхновіча.

Хату Семежаў пазнаў адразу. Яшчэ і не старая, і моцная, яна быццам бы неяк асела крыху, прытулілася да зямлі і прытаілася. Гэта, можа, здавалася ад таго, што паўз платы густа і высока прабівалася зелле, зусім звузілася, зарасла спарышом сцяжынка на двор, вісеў на адным цвіку кол у плоце, скрэблі і прарэзалі канаўку ў зямлі стаўбцом абвіслыя варотцы… У такіх хатах дажывалі адзінокія старыя.

Старая была на двары. Стаяла пры высакаватай калодцы і секла галлё на дровы. Тут жа ляжала і вязанка сухога галля, невялікая, перавязаная тасьмовым пастронкам. Паўз сцяну галлё было складзена роўным кастром. Старая запасалася на зіму.

— Змерзнеце, цётка, па такіх дровах, — сказаў Семежаў.

Бабулька падняла голаў, паклала на калодку сякеру. На Семежава паглядзелі сінія спакойныя і сур'ёзныя вочы.

— Дзень добры, — павітаўся Семежаў.

— Дзень добры.

Старая яшчэ глядзела на яго, чакала, што ён скажа і чаго ён тут.

— А дзе ваш Васька? — папытаўся Семежаў.

— А-а, — старая з палёгкаю расслабілася. — Чорт яго ведае. Ён, бывае, па некалькі дзён не паказваецца, бадзяюцца з гэтым Заторам. Звёў гасподзь бог пару!

— Ён унук ваш?

— Які ўнук! Унукі ў мяне малыя… Мой дурань пакінуў жонку, а цяпер сам бадзяецца, прападае.

Старая кіўнула галавою, нібы паказвала і на хату, і на агарод.

— Мо каб быў тут, то не распіўся б і не разбасячаў так. Унукі б прыязджалі. Памог бы мне троха, то я і карову б яшчэ яму трымала, і парася б пакарміла. А так і сама гібею. Пайшоў некалі ў свет, усё роўна як за свет.

Старой хацелася пагаварыць. Яна неяк падабрэла ўся і яшчэ больш, здавалася, пастарэла.

— Сваяк гэты Васька?

— Чорту лысаму сваяк! Прыехаў, сказаў, што гэта яго Шурык да мяне прыслаў… Сірата, у водпуск на лета. Я, дурная, была ў Волькі і малака дагаварылася… А ён з-пад другое каровы малако любіць. Пасядзеў спачатку ціха, а потым з гэтым Заторам як знюхаліся, і пацякло-палілося. Ужо і ў мяне дзесятку ўзяў — пазыч, кажа, старая, трэба. П'яны, вочы чырвоныя. Дала, думаю, яшчэ стукнеш ці папхнеш, то рассыплюся ці скалечуся.

— І даўно ён сядзіць тут?

— Даўно. Нейкі тут раз прыязджаў да яго на машыне адвячоркам. Недзе пасля таго, як Міхаля стукнулі. Мабыць, насварыўся на яго. Бо дзён колькі як мыш пад мятлою. Пакуль яму пісьмо не прыйшло. Грошы былі ў пісьме, я бачыла. Вот тыя грошы і не далі спакою, пайшоў прапіваць.

— А што, ён у гэтага Затора і начуе?

— Не, тут недзе на пашы будка пастухоўская, то адтуль, я прыкмячала, разоў колькі ён ішоў агародамі. Цяпер жа лета, дзе хочаш і пераначуй. А вы хто ж такі будзеце? — старая нібы спахапілася, што многа нагаварыла невядомаму чалавеку.

— Я, цётка, з міліцыі.

— Мой мо што там нарабіў?

— Не, нам кватарант трэба.

— Слава богу. Вы ж яго звязеце, а не — прыкажэце, каб сюды больш не паказваўся. Я ўжэ сама да ўчастковага ісці хацела, каб адправіў яго куды.

— Адправім, цётка. Дзе тая пастухоўская будка?

— А за канец выедзеце, налева зразу, паўз поплаў будзеце ехаць, а там і ўгледзіце. Домік такі з дошак. Там алешнічку купка. Яна здалёк і відна, і домік пад алешынкамі там у цяньку.

— Дзякуй, цётка. Што, так і збіраецеся з гэтымі дрывамі зімаваць?

— Торфу ж прывозяць, чаму. Я ж пенсіянерка. А гэта на падпал.

Сяржант усё яшчэ драмаў у машыне.

— Прачынайся, Асцюк. А то спрасонку мяне зловіш замест гэтага Ваські,— штурхануў Семежаў міліцыянера і загадаў шафёру: — Давай у канец вёскі і налева паўз поплаў.

Тое, што сказала старая пра прыезд на машыне да «кватаранта», аж скаланула Семежава. Менавіта, што прыезд гэты быў якраз у тыя дні, калі напалі на старога. Проста так супасці гэта не магло. У супадзенні Семежаў не верыў.

У надвячэрнім прыцемку ён адразу ўгледзеў на роўным поплаве невялікі астравок дрэваў і кустоў і маленькую будыніну ў іх. Да доміка вёў леташні, зарослы травой машынны след-дарога.

— Давай туды, — загадаў Семежаў.

Машына лёгка, мякка, як па дыване, памчала да доміка.

Да доміка заставалася метраў дзвесце, калі Семежаў заўважыў, што ад кустоў мільганула чалавечая постаць.

— Давай за гэтым! — крыкнуў Семежаў, і машына пайшла ў аб'езд кустоў, падскокваючы ўжо на няроўным поплаве. Семежаў бачыў, што чалавек азіраўся на машыну, якая ўсё ж ехала хутчэй, чым бег ён да далекаватага яшчэ шнурочка кустоў, які цягнуўся па поплаве. Больш не было дзе схавацца тут.

— Стой! — крыкнуў Семежаў, калі машына амаль параўнялася з уцекачом.

Следам за Семежавым на хаду выскачыў і сяржант Асцюк.

— Чаго так бегаем, Аляхновіч? Часікі ж вам падарылі,— з усмешкаю сказаў Семежаў.

Васька прысеў, сцяўся ўвесь, гатовы рвануць з месца, падскочыць. Вочы яго востра рэзалі па баках, а рукі, сціснутыя ў кулакі, варушыліся, гатовыя біць. Семежаў глядзеў на гэтыя рукі і паволі неяк міжвольна даставаў з кішэні наручнікі.

Ён бачыў, што Аляхновіч не астыў яшчэ ад уцёкаў, ён яшчэ быў гатовы бегчы, кідацца.

— Рукі, уверх рукі,— загадаў Асцюк, і хлопец неяк адразу быццам аслаб, гледзячы на пісталет у руках у міліцыянера. Рукі паволі пачалі падымацца, але падняць іх угору Семежаў так і не даў — надзеў наручнікі.

— Пайшлі паглядзім, Аляхновіч, што там у цябе за бярлог, — загадаў Семежаў і паказаў на хляўчук.

Аляхновіч моўчкі пайшоў наперадзе. Ля кустоў першы заўважыў чалавека Асцюк:

— Таварыш следчы! Чалавек вунь!

На траве ляжаў мужчына ў вылінялай брызентавай штармоўцы, і сяржант адразу ж нахіліўся да яго.

— Хто такі? — запытаўся Семежаў у Аляхновіча.

— Адкуль я знаю! П'яніца нейкі прывалокся і ляжыць…

— Валодзя, аптэчку дай сюды! — папрасіў сяржант у шафёра, і той заспяшаўся да яго, на хаду адкрываючы аптэчку.

Асцюк пачаў націраць скроні незнаёмага нашатырам, даў панюхаць яго, і чалавек цяжка закруціў галавою, быццам сіліўся прачнуцца. Потым ён расплюшчыў вочы, няўцямна, аднекуль зглыбоку паглядзеў на міліцыянераў, якія нахіліліся над ім, прамовіў: «Чаго гэта так галава баліць?» — і зноў заплюшчыў вочы.

Поделиться с друзьями: