Чорны павой
Шрифт:
У гэты ж час па вушах разануў ускрык сяржанта:
— Лейтэнант!..
Міжволі ён адскочыў убок, адчуў, як нешта рассекла паветра і балюча пеканула па плячы. Рука хапянулася за кабуру. Другога ўдару ён не пачуў.
Сяржант, гаворачы з дзядзькам, з жахам заўважыў, што за старшым лейтэнантам, які адчыніў дзверцы, з'явіўся дзядзькаў сын. У руках у яго ўзляцела ўгору манціроўка. Сяржант успеў крыкнуць і рвануўся на дапамогу афіцэру.
Ён не заўважыў, як з дзядзькавага рукава імгненна выслізнула швайка, і сяржант, магло здацца збоку, сам напароўся на яе, скурчыўся. Мужчына яшчэ два разы пырнуў яго кароткімі ўдарамі, пакуль асядала цела на зямлю.
Ён бачыў, як сын нагнуўся да інспектара, выцягнуў у яго з кішэні пісталет і мацюкнуўся:
— У машыну, такую…
Але сын падбег да міліцэйскай машыны, ускочыў на шафёрскае месца, уключыў перадачу і накіраваў машыну ў кювет. Выскачыўшы, сцягнуў з дарогі сяржанта, потым інспектара:
— У машыну!.. — крычаў бацька. Цяпер яму хацелася як мага далей ад гэтага месца.
— Успеем, — сын азірнуўся: дарога была пустэльная, сухая, на якой не заставалася ніякага следу.
Машына раўнула і сарвалася з месца, праз кіламетраў пяць звярнула ўправа, імчала па полі. У машыне маўчалі.
Старэйшы глядзеў на дарогу. Маладзейшы курыў цыгарэту. Трэці, калоцячыся ад усяго таго, што ён толькі што бачыў. Яму страшна было нават абазвацца. І пра яго, здавалася, забыліся.
Нарэшце машына спынілася, задам заехала ў жыта.
Бацька з сынам моўчкі вылезлі з машыны, падышлі да задніх дзверцаў, разам з цэлафанам выцягнулі адтуль двух бычкоў і пацягнулі далей у жыта, да невялікай ямы, якая парасла быльнікам. Потым яны вярнуліся да машыны, агледзелі, ці не асталося ў машыне крыві.
Стары старанна загнаў у зямлю швайку, з вушкам, каб і следу не асталося:
— Дзе манціроўка? — папытаўся ён у сына.
— У машыне.
— Выкінь у поле. Крыві нідзе не асталося? Яны агледзелі адзін аднаго. Крыві не было.
— Сяргейка ўсё бачыў. Дарэмна мы яго ўзялі. З яго і помачы, як з камара, — коратка кінуў сын, усё яшчэ пільна азіраючыся навокал.
— Будзе маўчаць, — адказаў яму старэйшы. — На бацьку і на брата не пойдзе даносіць. Наган табе нашто?
— Прыгодзіцца. Цяпер усё роўна.
— Паехалі.
«Браневічок» выехаў з жыта на палявую дарогу і ўпэўнена папыліў полем далей ад шашы.
У машыне старэйшы, не азіраючыся, загадаў:
— Ты, Сярожа, нідзе не быў і нічога не бачыў! А то…
Бацька не азірнуўся на сына. Той нічога не адказаў. Яго ўсё яшчэ калаціла. Ён і адказаць нічога не мог — здавалася, што ў яго адняло мову.
Больш чым праз гадзіну запылены «браневічок» заязджаў у гарадок з супрацьлеглага боку, і яго ніхто не заўважыў. Машына пад'ехала да вялікага, у два паверхі, дома.
Маладзейшы выйшаў, адчыніў адны вароты, потым другія, у падвал, які быў пад домам. Машына нячутна скацілася ў падвал, вароты зачынілі, сціх сабака ў будцы, які незнарок, нязлосна брахнуў пару разоў, пакуль разабраўся, што адчынялі вароты і вярнуліся дадому свае.
— Таварыш падпалкоўнік, паведамленне з чыгуначнай міліцыі. Затрыманы падлетак, Сяргей Барылка, з нашага горада. Уцякаў на БАМ.
Начальнік райаддзела падняў вочы на дзяжурнага — чаму гэта трэба дакладваць яму тэрмінова?
— У хлопца адабраны пісталет аўтаінспектара.
— Аператыўную на выезд! — загадаў падпалкоўнік, ужо на хаду даслухаў дзяжурнага і аддаў неабходныя распараджэнні.
Праз некалькі хвілін адна аператыўная машына імчала на мясакамбінат, другая — на Трэці Палярны завулак, дзе ў падвале, у гаражы, стаяў стары, але добра дагледжаны, з металічным самаробным кузавам «газік».
Лейтэнант Васюкоў скоса пазіраў на маёра Пяткевіча і стараўся роўна трымаць хуткасць. Ён адчуваў, што маёр спяшае і хвалюецца. Гэтага хвалявання ён не паказваў. Але не хвалявацца не мог, меркаваў па сабе Васюкоў. Ён сам здзівіўся, калі атрымаў раніцай зводку здарэнняў па вобласці.
Маёр Пяткевіч глядзеў на дарогу. Як паведамілі яму, папярэднія допыты затрыманых нічога не далі. Вобшук — таксама. Па забойству міліцыянераў усё было раскрыта, нават знойдзена ў жыце манціроўка і швайка — тое, чым было зроблена забойства. Пра забітых бычкоў версія ў затрыманых была недарэчная: выпадкова ўгледзелі паўз дарогу, пагналіся на дармаўшчыну. Гарадок малы, бандытаў затрымалі на рабоце. Трэба было спяшацца — над імі павінен быць нехта, каго яны, несумненна, баяцца, хто арганізоўваў усю іх работу.
Пасля прыезду Пяткевіч адразу ж загадаў устанавіць назіранне за домам, даў загад праверыць усіх, з кім дружылі Барылкі,— такое было прозвішча затрыманых, — на мясакамбінаце. У Пяткевіча не
ўзнікала сумнення, што гэты камбінат і ёсць тое месца, куды сцякалася крадзеная жывёла. Шукаць трэба было тут. Сорак пяць хвілін да сталічнага горада. Ён перагартаў лісткі са скупымі звесткамі пра сям'ю Барылкі.
Сам амаль дваццаць год на камбінаце, байцом. Сын старэйшы пайшоў па бацькавай дарозе. Працуюць разам. Жывуць у адным доме. Новы дом пабудавалі гадоў пяць назад. У сына дачка васьмі гадоў. Жонка прадаўшчыца ў гастраноме. Старая Барыльчыха нідзе не робіць — пры доме ладны агарод і сад, у вёсцы сядзіба маці. На ашчаднай кніжцы дзве з палавінай тысячы грошай. Узносы паступаюць рэгулярна, пасля зарплаты. З месяца ў месяц.
Малодшы Барылка, Сяргей, кончыў восем класаў. Позні сын.
Старшы Барылка зайшоў у кабінет усё ў той жа брызентавай робе і маленькай, як на смех, берэтачцы. Вузкія вочы глядзелі на Пяткевіча з круглага твару, і ў іх не прачытвалася ні страху, ні раскаю, ні разгубленасці. Была нейкая глухая туманнасць.
— Грамадзянін Барылка, куды вы везлі бычкоў?
— Дадому, куды вёз.
— Дзе вы іх узялі?
— Я гаварыў, адбіліся. Пры дарозе ў кустах стаялі. Пагнаўся на дармаўшчыну.
— У вас у хаце не было чаго з'есці?
Вочы на імгненне падняліся на Пяткевіча, але праз туман у іх нічога не ўспыхнула. Толькі ў самім руху было і недаўменне, і пратэст.
— Ладна. За што вы забілі двух чалавек? Вы знаеце, што вам за гэта будзе?
Вочы зноў глуха і тупа паглядзелі на следчага. У іх ажыў на нейкае імгненне неспакой, нейкі прытоены, глыбокі жывёльны страх, не болей. На імгненне следчаму здалося, што чалавек, які сядзіць перад ім, не разумее таго, што ім зроблена, што і забіў ён таму, што ўмеў забіваць, проста і лёгка, адным рухам, каб нават ні голасу, ні гуку.