Чорны павой
Шрифт:
Ён толькі цяжка варушыў на каленях рукамі.
— Дзе хаваеце грошы?
На гэта Барылка ўстрапянуўся, вочы ажылі, і адказаў адразу:
— Усё, што было, на хату аддаў.
— Няпраўда, Барылка. Грошы мы знойдзем. Хата будзе канфіскавана, я думаю.
Пяткевіч прыстукнуў далонню па стале. Ён адчуваў, што пачынае злаваць на гэтую грамадзіну з касцей і мяса. Толькі пасля таго, як маёр сказаў пра грошы, у вачах Барылкі прарэзалася вострая дрымучая лютасць. Цяпер ён пільна сачыў за маёрам, быццам той зараз мог забраць ягоныя грошы.
— Адрас Кульгавага, Барылка.
І вочы зноў заслаліся тупым раўнадушным туманам. Барылка быццам і не пачуў, і не зразумеў, пра што яго пытаюцца. На імгненне Пяткевіч падумаў, што ён ягоны равеснік. Гэтаксама канчаў школу, а пасля збіраў сабе багацце. Рабіў і збіраў багацце. І больш нічога. Нічога болей, акрамя багацця.
Пяткевіч адчуў, што ў ім закіпае злосць, і каб стрымаць сябе, ён націснуў на званок, коратка загадаў канваіру:
— Адвядзіце. Сына да мяне.
Сын зайшоў, як жывая копія бацькі. Толькі на галаве не хапала берэткі-блінчыка, і паходка лягчэйшая, не гэтак урасла ў плечы спіна. І бацькавы шэрыя вузкія вочы на тлустым твары неспакойна і спалохана мітусіліся. У іх не было тае тупое і глухое пеляны, якая адгароджвала старэйшага Барылку ад усяго свету. Ён сеў і гэтак жа, як бацька, паклаў на каленях шырокія ў далонях з кароткімі тоўстымі пальцамі рукі.
— Вы канчалі школу?
— Кончыў.
— У арміі служылі?
— Служыў. У Карэліі.
— Пасля арміі нікуды не хацелі паехаць?
— Тата сказалі, каб вярнуўся дадому.
— А чаму вы пайшлі на мясакамбінат?
— Тата дамовіліся. Я прыйшоў з арміі і зразу ж на камбінат, каб месца не прапала.
— Чаму вы не пабудаваліся асобна? У вас жонка, сям'я. Цяпер маладыя сем'і не хочуць жыць са старымі.
— Тата сказалі, што на нас і аднаго дома хопіць.
— Грошы вы каму аддаяце, ну, палучку?
— Маме.
— А жонка?
— Жонка сваю палучку сабе пакідае. У мамы бяром, калі трэба.
— А вы знаеце, што вам павінна быць за зробленае?
— Што? Не памілуюць?
— За што вас памілаваць? Чаму вы забілі чалавека?
— Мне здалося, што тата паказалі галавою, каб я не пусціў яго паглядзець у машыну. Я не хацеў забіваць яго, я толькі стукнуў…
У вачах у малодшага Барылкі Пяткевіч бачыў толькі страх. Цяпер маёр разумеў, чаму гэты медзведзяваты Ванька, калі «тата сказалі», трымаў брата, пакуль той паласаваў яго тросікам у гумавым шлангу.
— Дарогу да Кульгавага помніце? Бацька сказаў, што пакажаш.
Пяткевіч успомніў, што Сяргей Барылка гаварыў пра нейкага кульгавага — чуў пра яго ад бацькі.
— Помню.
Пяткевіч устаў з-за стала і ўжо на хаду, радуючыся, што малодшы так хутка раскрыўся, быццам між іншым папытаўся:
— А як вы аказаліся ў Забалоцці? Вы ж толькі па калгасных фермах бралі.
— Сярожка быў у школьным лагеры. Ездзілі адведваць. А ночы тата сказалі, што можна заехаць. Сабе свежанінка будзе. Мы ўдзень яго прыгледзелі.
— Манціроўкаю старога білі?
— Не, кулаком… Каб не крычаў.
— Пакуль што не крычыць. У маю машыну яго, — загадаў Пяткевіч.
Праз некалькі хвілін «Волга» і «козлік» з аператыўнай групай выехалі з райаддзела міліцыі.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
у якім маёр Пяткевіч затрымлівае бандыта.
Гарадок разбудоўваўся. Раён прыватных дамоў — У цэнтры месца на прыватную забудову болей не выдзялялі — падбіраўся да самага лесу. І Кульгавы не разлічваў, што гэтак хутка будзе ісці забудова і за ягоным домікам ужо пачнуць капаць траншэі на падмуркі і ўстануць дашчаныя часовыя хацінкі. Ля дома
Кульгавага канчалася падсыпаная гравіем дарога, далей, да самага лесу, яе не было.
Дом Кульгавага быў пабудаваны не на мясцовы, на нейкі сібірскі лад, ці што. Ён выкапаў глыбокі падвал, і над ім так званы падмурак падняў на добры паверх. А ўжо на гэты падмурак паставіў драўляны, куплены тут жа, у райцэнтры, на знос моцны, яшчэ са стрыжнёвага дрэва, дом.
Тое, што чалавек гэтак хутка і гэтак багата забудаваўся, ні ў кога не выклікала вялікага здзіўлення. Чалавек адрабіў сваё на Поўначы, меў дакументы, меў права пасяляцца, дзе яму захочацца. Да таго ж яшчэ быў і інвалідам. У раённай ашчаднай касе ляжалі пакладзеныя ім грошы… Жыў мірна, завёў галубоў, купіў з рук машыну і ездзіў па грыбы і на рыбалку. Больш пра яго ніхто нічога не ведаў, з суседзямі ветліва вітаўся, сяброўства вялікага не вадзіў. Яго і празвалі яны між сабою Кульгавы, хаця накульгваў ён ледзь прыкметна і заўважыць можна было толькі, калі добра прыгледзецца. А сам ён нават і прывабны, дужы з блакітнымі вачыма. Адзяваўся па-маладзёжнаму.
Мужчына зайшоў на кухню, уключыў газавую пліту, паставіў чайнік з вадой, зварыў кавы, наліў у кубачак, капнуў некалькі кропель каньяку, прысеў на табурэтку і пакрысе, смакуючы напітак, пацягваў яго і глядзеў з акна. Ён сам не заўважаў, што гэтак вось сядзіць на кухні і часта п'е ўдзень каву, калі хвалюецца. З кухні, як з назіральнага пункта, ён глядзіць на дарогу — толькі па ёй можна дабрацца да ягонага дома. Трывожыцца не было чаго. Усё ішло як і звычайна, не першы год ужо. Не прывезлі толькі свой узнос Барылкі. Але такое здаралася і раней. І ўсё ж нешта турбавала яго. Тое знаёмае адчуванне, якое было і раней, перад тым як яго бралі. Ён не верыў ні ў прыкметы, ні ў прадчуванні, але ад гэтага не станавілася спакайней. Неяк само сабой ён праверыў, ці запраўлены «Масквіч», даліў поўны бак гаручага, выгнаў машыну і паставіў за плотам.
Ён нават усміхнуўся, калі ўгледзеў «Волгу» і следам за ёй міліцэйскі «козлік» на дарозе, адпіў глыток кавы, асцярожна паставіў кубачак на стол, дастаў з буфета бутэлечку з бензінам для запальнічак, паліў падлогу, выйшаў з кухні, запаліў запалку, кінуў і зачыніў за сабой дзверы. І тады хутка, па-кашачы выбег на двор, адчыніў варотцы ў глухім дашчаным плоце, сеў у машыну, завёў яе і ціхенька, як крадучыся, паехаў нацянькі поплавам да другой вулачкі.
Моцна зробленая з жалеза брама і варотцы былі зачынены з двара. На званкі ніхто не адзываўся. І Пяткевіч адчуў, што іх ужо заўважылі, што гэта не выпадковасць. Ён памкнуўся абысці дом і ўгледзеў легкавічок, які прысадзіста, але хутка праставаў па поплаве.
Пяткевіч зразумеў усё адразу, падбег да машыны, адчыніў дзверцы, загадаў маладзейшаму Барылку:
— Вылазь! — І адразу ж Васюкову і капітану з раённага аддзела — Тэрмінова ў дом!
А сам ужо садзіўся ў машыну, з'ехаў з гравійкі і завярнуў за вугал дома, убачыў, як за пусткаю знік у вулачцы сіні дым машыны.
Перад тым як завярнуць у вудачку, Кульгавы азірнуўся: нікога следам. Ён з палёгкай усміхнуўся — цяпер шукай ветру ў полі. Па вуліцы ехаць не спяшаўся, яшчэ раз для кантролю азірнуўся.
Маёр Пяткевіч разумеў, што адпускаць далёка ўцекача яму нельга — але і палохаць адразу, на вулачках, якіх ён не ведаў, не хацелася.
— Я — першы… Вяду праследаванне. «Масквіч» сіняга колеру. Дваццаць пяць — нуль тры. Устанавіце, хто пражываў па адрасу. Перакрыйце выхады з гарадка…
Пяткевіч бачыў, як «Масквіч» выскачыў з завулка на заасфальтаваную вуліцу. Ён ужо тады, калі ўгледзеў машыну, якая ўцякала ад дома, зразумеў, што пагарачыўся, недаацаніў сітуацыю і зрабіў памылку, паехаўшы адразу да хаты. Трэба было абавязкова арганізаваць праверку, назіранне і засады. Разам з гаспадаром «Масквіча» магла абарвацца і адзіная, такая надзейная нітка, якая прывяла амаль што да завяршэння аперацыі.