Чорны павой
Шрифт:
Кульгавы зірнуў у люстэрка задняга абзору міжволі, па шафёрскай прывычцы, калі выязджаў з завулка. Вока паспела заўважыць толькі пярэднюю частку капота, крыло і фару. Але і гэтага было дастаткова, каб ён зразумеў, што за ім едзе «Волга». Чаго яна едзе, сумнення не ўзнікала. Ён адразу ж ірвануў наперад
свой «Масквіч», праклінаючы сябе за тое, што паспяшаўся, што не дастаў «жыгуля», на якім не страшна была б і «Волга».
— Я — першы… Іду па Валадарскага… Мяне заўважылі,— коратка перадаў Пяткевіч па рацыі, праверыў пісталет і зняў з засцерагальніка.
У «Масквіча» не хапала ні магутнасці, ні хуткасці, Пяткевіч гэта зразумеў з палёгкаю, але ягонай «Волзе» не давала ходу вузкая, з глыбокімі выбоінамі ў асфальце вуліца, якая выходзіла на шашу.
— Першы, першы, патрулі выйшлі з выхаду Валадарскага на шашу, — нібыта пачуўшы яго думку, ажыла рацыя.
— Зразумеў,— коратка адказаў Пяткевіч, выскокваючы следам за «масквічыкам» на шашу, набраў хуткасць. «Масквіч» з усёй сілы стараўся не паддацца. Маёр заўважыў, што патрульны міліцэйскі матацыкл з каляскай заміргаў святлом, спыніўся папярок дарогі, міліцыянер, які сядзеў у калясцы, падняўся, выйшаў крыху насустрач «Масквічу», загадзя выкінуўшы руку з жэзлам. Пяткевіч бачыў таксама, што і другі міліцыянер, які так і астаўся за рулём матацыкла, дастаў з кабуры зброю, каб падстрахаваць таварыша. Пачалі спыняцца машыны, якія ехалі ўслед за міліцэйскім матацыклам. «Масквіч» пачаў збаўляць хуткасць, набліжаючыся да міліцыянера. Пагоня канчалася. Пяткевіч нават расслабіўся на нейкае імгненне, усё было даволі звычайна і проста. І ў гэты час ён убачыў, як «Масквіч» рэзка газануў, ірвануў з месца, левым крылом ударыў у міліцэйскі матацыкл, паваліў яго, ірвануў па дарозе. Ужо краем вока Пяткевіч сфатаграфаваў міліцыянера, які бег да свайго таварыша, якога не было відаць з-за перавернутага матацыкла. Маёр прыбавіў хуткасці, з лютасцю прыціскаючы машыну, гатовы скінуць яе пад адхон. І ўбачыў, як з калоны сустрэчных машын, якая спынілася, паволі выруляваў МАЗ і наўскасяк загарадзіў праезд. Пяткевіч націснуў на тармазы, бачыў, як закруціў па асфальце «Масквіч», павіс пярэднімі коламі ўжо над кюветам. З машыны выскачыў чалавек у спартыўнай куртцы, з партфелем і кінуўся бегчы ў жытнёвае поле.
— Стой! — Пяткевіч бег следам за ім, але мужчына нават не азірнуўся. Пяткевіч адчуваў, што дагнаць уцекача яму будзе няпроста. Нібы ў пацверджанне гэтага, мужчына на хаду азірнуўся, ускінуў руку, і Пяткевіч пачуў, як блізка прайшла ў паветры куля.
Цяпер трэба было весці пагоню асцярожней. Чалавек, які мае зброю і пачынае страляць па міліцыі, мае за сабой такое, што можа пайсці на ўсё.
— Стой! — яшчэ раз крыкнуў Пяткевіч. Адлегласць паміж ім і мужчынам павялічвалася. Але ў адказ на крык уцякач зноў азірнуўся і стрэліў, быццам пацвярджаў, што літасці чакаць нельга.
Пяткевіч яшчэ не прыняў рашэння, але ведаў, што губляць з воч бандыта ў полі нельга.
Бандыт зноў азірнуўся, і Пяткевіч не ўспеў падумаць, што страляе той упэўнена, адчуў, як нешта пякуча хвасянула па галаве вышэй вуха. Востра, нібы пугай, сербанула. Мацнуў рукой за голаў — рука была ў крыві.
Пяткевіч ускінуў пісталет і таксама стрэліў паверх галавы. Бандыт не зрэагаваў на стрэл, але на нейкае імгненне запаволіў бег, усё роўна як задумаўся.
Злева па полі ішла міліцэйская машына пад мігалкай, закрывала бандыту дарогу далей.
Нібы па інерцыі бандыт яшчэ бег, потым спыніўся, завярнуўся і стрэліў па Пяткевічу не цэлячыся. Маёр бачыў, што страляе ў яго раз, другі, трэці. Усе тры кулі ён пачуў блізка, хрыпла кінуў:
— Стой!
Бачыў, як бандыт адкінуў убок пісталет, але рук так і не падняў, глядзеў ва ўпор на задыханага Пяткевіча лютымі вачыма.
— Кулю б табе ў лоб, сука лягавая! — працадзіў ён скрозь зубы, кінуў пад ногі Пяткевічу партфель, завярнуўся і пайшоў да міліцэйскай машыны, сашчапіўшы за спіной рукі.
Маёр азірнуўся, знайшоў у жыце выкінуты бандытам пісталет — затвор быў у заднім становішчы, кончыліся патроны. Партфель напакаваны.
Затрыманы нават не азірнуўся, ужо ў наручніках ссутулена ўлазіў у машыну.
— Вы паранены, таварыш маёр! — здзіўлена ўсклікнуў сяржант. — Зараз я вас перавяжу.
— У машыне.
— Поўны партфель грошай! — паведаміў шафёр.
— Паехалі,— коратка загадаў маёр.
Васюкоў зразумеў усё і адразу. Ён першы пераскочыў цераз агароджу, адкінуў жалезную масіўную зашчапку з варотцаў. З акна густа праз шчыллё вылазіў дым.
— З машыны агнятушыльнік! — коратка загадаў ён.
Дзверы ў дом былі адчынены.
— За вёдры і ваду з калонкі,— загадаў ён разгубленым міліцыянерам.
Агонь ужо пачаў вылазіць з кухні па фарбаванай падлозе ў пакой. Адразу ж струменем пены Васюкоў пагнаў яго назад у кухню.
Знізу ўжо чуваць быў тупат міліцыянераў з вёдрамі вады.
Праз некалькі хвілін з адчыненага акна абгарэлае чорнае кухні выходзілі астаткі дыму і пары. Камар падышоў, зачыніў кран газавае пліты, з аднае канфоркі якое шыпеў газ.
— А дзе ж гаспадар? — папытаўся адзін з аператыўнікаў.— Пажар не крымінальнаму вышуку тушыць…
— Прадымілі гаспадара, — кінуў у адказ Васюкоў. Зайшоў шафёр.
— Таварыш лейтэнант, маёр загадаў пакінуць тут засаду.
— Арыштаванага дастаўце ў райаддзел. Вернецеся, машыну пастаўце ў завулачку, перад выездам на вуліцу. Каб не кідалася ў вочы. Стаяць на сувязі,— распарадзіўся Васюкоў.
Ён зразумеў, што стаяла за рашэннем маёра. Падышоў, зачыніў акно.
— Так, хлопцы, пайшлі агледзім дом. Адзін будзе дзяжурыць на варотах. Другі на тым выхадзе, кудою знік гаспадар. Пайшлі агледзім дом.
Звычайная, за прыгожымі варотамі, калі глядзець знадворку, сядзіба выглядала дзіўна і нязвыкла знутры. Першае, што ад варот да самага ганка вяла выкладзеная бетоннымі пліткамі дарога. Двор зарослы рамонкам, дзяцельнікам. Ад вуліцы пасаджаны сад, малады, але таксама нейкі запушчаны, быццам здзічэлы. І ніводнае ўскопанае грады, ніводнае кветкі. За домам збіты з дошак прасторны хлеў для торфу і дроў. Другі, крыху меншы хляўчук, збіты з дошак, служыў за гараж машыне, хаця ад варот дарога вяла да дзвярэй у падвал пад домам, які больш падыходзіў для гаража. Моцныя, акованыя жалезам вароты былі замкнуты. Васюкоў, а следам за ім рабаціністы з твару, рослы і дужы аператыўнік Жэня спусціліся ў падвал па крутой драўлянай лесвіцы.
Падвал вымураваны з бетону. Абапал праходу двое металічных дзвярэй. Васюкоў адкінуў зашчапку, адкрыў адны з іх. Дзверы адчыніліся мякка. Адтуль дыхнула холадам. У шафе, зробленай у бетоне, ляжалі цялячыя тушы. Працаваў халадзільны агрэгат.
— Фіў-у, — прысвіснуў Жэня, адчыніў наступную шафу.
Там таксама ляжалі тушы.
Далей за шафамі была ніша. На столі ўманціраваны крукі. Стаялі дзве паяльныя лямпы. Цялежка на нізенькіх колах. Замест крука да столі была прымацавана невялікая самаробная лябёдка. У падлозе пад крукамі канаўка, у канцы якой апушчаная ў бетонную яму выварка. У кутку стаяў маторчык, і ад яго выходзіла вентыляцыйная труба ўгору. На сцяне вісеў скручаны гумавы шланг, надзеты на водаправодную трубу.
— Цэх папярэдняй апрацоўкі,— прысвіснуў Жэня.
— Асталося ўзяць яшчэ збыт, — коратка кінуў Васюкоў, азіраючыся на дзверы, якія былі зачынены з сярэдзіны на металічную завалу, замкнутую на вісячы замок.
Ззаду пачуліся крокі, і Васюкоў убачыў маёра, які спускаўся ў падвал.
— Таварыш маёр, — пачаў ён, але Пяткевіч жэстам спыніў, прайшоў сам па падвале, зазірнуў у самаробныя халадзільнікі, агледзеў дзверы. Ён моршчыўся ці то ад болю, ці ад таго, што дапусціў такую прамашку.