Чорны павой
Шрифт:
— Прапаную такі план засады, — зноў пачаў Васюкоў, але маёр кіўнуў галавой, каб ішлі следам за ім.
— Зварыць кавы, таварыш маёр? — Васюкоў устаў.
— Звары, лейтэнант.
Непрыемна пахла вуголлем, як ад галавешак на залітым пажарышчы. Але адсюль, з кухні, як з назіральнага пункта, былі відаць усе пад'езды да дома.
Васюкоў паставіў на пліту чайнік.
— Урэшце, каб пасадзіць Кульгавага, доказаў хопіць. Барылкі і ён. Ён — асноўнае. Збыт ён арганізоўваў.
— Нам трэба той, хто дапамагаў.
— І тыя, хто акрамя Барылкі яшчэ пастаўляў яму тавар.
— Значыць, гарэлачная справа і міліцыянер з другое оперы?
— Значыць, з другое, лейтэнант.
— Вы збіраецеся ўсе дні сядзець тут у засадзе?
— У засадзе будзе каму сядзець і без нас с табой. Смачна пахне. Ты сам добра гатаваць умееш, таму і не жаніўся дасюль?
— Часу не хапае.
— Што значыць не хапае часу, будзеш ведаць, як пастарэеш. А каву, мабыць, прыйдзецца адкласці.
Пяткевіч устаў — з акна было відаць, як у вуліцу заварочваў рэфрыжэратар.
— Я адчыняю вароты, дзверцы шафёра. Ты страхуеш другога, калі будзе ў кабіне, — спускаючыся ўніз па лесвіцы, яшчэ раз паўтарыў Пяткевіч. Ён заўважыў, што ў многіх дамах яшчэ не патухлі вокны, было не так і позна.
Ужо стоячы ля варот, ён чуў, як мякка і спакойна пад'язджае машына, і калі яна пад'ехала да дома, прачыніў вароты. Машына прытармазіла, шафёр пачаў заварочваць улева, паставіў машыну ўпоперак дарогі і задам пачаў заязджаць на двор. Машына пайшла на двор упэўнена, і Пяткевіч адступаўся разам з ёй, каб аставацца ў цяні ад кабіны. Заглух матор, ляпнулі дзверцы, і шафёр лёгка, упэўнена саскочыў з падножкі, па-свойску кінуў:
— Прыбылі. Прычыні вароты. Ён быў нізкарослы, сярэдніх год.
— Рукі ўгору, — ціха загадаў Пяткевіч. Вароты ўжо зачыніў Васюкоў.
У святле ліхтара ён убачыў утрупелы ад страху і ад нечаканасці твар.
— Марш!
Шафёр пакорліва пайшоў у хату. У яго падгіналіся ногі.
— Дакументы на тавар з сабой?
— З сабой, — паслухмяна адказаў ён.
У пакоі Пяткевіч, разгортваючы шафёрскія дакументы, ружовыя запоўненыя лісткі, коратка кінуў:
— Ну вось, асталося толькі вагу пазначыць. Мужчына цяжка апусціўся на крэсла, калені яго
ўздрыгвалі. Ён не вытрываў, уткнуўся тварам у калені і заплакаў неяк па-бабску, наўзрыд, прыгаворваючы:
— Знаў, знаў, што рана ці позна!.. Каб вам калом зямля стала! Знаў, знаў жа!..
— Прозвішча правільнае? — папытаўся Пяткевіч, прыглядаючыся да накладных.
— Сволач, каб яму зямля калом! Задушыць яго мала! — мужчына не пераставаў плакаць.
— Хваціць, Залатарэвіч. Грошы ж бралі. Выведзіце яго.
Гэты страх перад пакараннем ніяк не вязаўся з той лёгкасцю і ўпэўненасцю, нават з бесклапотнасцю, з якой шафёр вылазіў з машыны.
Праз некалькі хвілін рэфрыжэратар ціха выехаў з двара, вароты за ім зачыніліся, праз некалькі хвілін за ім ад'ехала ад дома і міліцэйская «Волга». Два аператыўнікі і машына напагатове асталіся несці дзяжурства.
Праз некалькі гадзін у сябе дома быў арыштаваны прыёмшчык базы Новак. Падняты з пасцелі ў сваім ладна адбудаваным доме, ён спрабаваў абурацца і пратэставаць, але неяк адразу зніякавеў, калі Пяткевіч з усмешкаю кінуў, што яго чакае кампанія сяброў.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
у якім маёр Пяткевіч завяршае пошук.
Маёр Пяткевіч перагарнуў яшчэ раз лісткі ў папцы, паказаў на крэсла Кульгаваму, якога ўвёў сяржант.
— Сядайце, грамадзянін Маёраў.
Мужчына асунуўся за апошнія дні, глядзеў на Пяткевіча спадылба.
— Перад тым як развітацца, давайце ўсё расставім на свае месцы.
Пры слове «развітацца» арыштаваны паглядзеў на Пяткевіча, быццам хацеў разгадаць, што стаіць за гэтым словам.
— Вы не хочаце гаварыць? Што ж, гаварыць амаль няма чаго і па тых фактах, што маем. Пра тое, што ўзята ў падвале вашага дома, пра напад на міліцыянера на дарозе. Пра арганізацыю рабаўніцкай шайкі…
І ніякі вы не Маёраў, а Сімакоў Яўген Іванавіч, трыццаць восьмага года нараджэння. У свой час прараб на будаўніцтве ў сістэме «Міжкалгасбуда». Памятаеце гісторыю са збытам будаўнічых матэрыялаў? Пераказваць доўга. Адзін з саўдзельнікаў крадзяжу ў асабліва значных памерах. Пяць год строгага рэжыму… У вас асталіся грошы, і, мне здаецца, вы лёгка выйшлі з тае сітуацыі. Ці яна вам дала добрую навуку?
Затрыманы маўчаў, быццам усё, што гаварылася, не датычыла яго. Урэшце, ён ведаў, што асобу яго хутка высветляць.
— У той час па справе будматэрыялаў праходзіў нехта Новак. Яму суд вынес умоўнае пакаранне. І вось аднойчы да яго з'яўляецца ў госці нехта Маёраў Мікалай Паўлавіч, чалавек, які чэсна адпрацаваў на Поўначы, які вырашае пасяліцца ў горадзе. Новак ужо працуе прыёмшчыкам на базе. Дапамагае па блату таму-сяму здаць жывёлу. У яго і на прыкмеце ёсць людзі. Такія, як Барылкі. Ён дапамагаў ім. Хата пабудавалася, з падвальчыкам. Пайшла работа, пайшлі грошы. Білі не толькі жывёлу, але і людзей…
— Людзей не білі. Бралі толькі ў калгасах.
— Пакуль бралі ў калгасах, на жаль, усё ішло шыта-крыта. З-за бычка-двух калгасы не заяўлялі ў міліцыю, яны «прападалі». Вось пратакол допыту малодшага Барылкі. Ён не адмаўляе, што ім у Забалоцці скалечаны да паўсмерці стары.
— Сволачы! Я так і думаў, што пачалі грэбці самі! Сволачы!
Сімакоў прамовіў гэта працяжна, з нянавісцю, быццам толькі зараз знайшоў разгадку таго, чаму ён сядзіць перад маёрам.
— Вы нічога не зразумелі, грамадзянін Сімакоў. Рана ці позна ўсё б скончылася. Чым раней, тым лепш для людзей. Вы паказалі, што можна браць і ні за што не адказваць. Вы адрадзілі Новака, вы далі ход прагнасці Барылкаў, і не толькі Барылкаў. Вы нават не пагрэбавалі звязацца з раённымі зладзюжкамі.
— Доўга я астаўся на адным месцы. І не шукалі б… Успелі!
— Заўсёды ўспелі б. Падумайце, што недарасказалі мне, раю чэсна расказаць следчаму пракуратуры.
Пяткевіч адчуваў, што яму няма цікавасці і не хочацца весці допыт далей. Факты былі сабраны, падрыхтаваны дакументы, падмацаваныя паказаннямі саўдзельнікаў, рэчавымі доказамі.
Пяткевіч націснуў кнопку. З'явіўся сяржант. Сімакоў недаўменна паглядзеў на маёра, быццам чакаў яшчэ пытанняў і працягу, не хацеў выходзіць з кабінета, туды, на ім самім выбраную дарогу, па якой так не хацелася цяпер ступаць далей.