Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Чорны павой

Жук Александр Александрович

Шрифт:

На першым часе яна ўмяшалася ў работу. Пасля хваробы яму далі зусім звычайную справу — знайсці паклёпніка, які замучыў дырэктара школы і дзесятак арганізацый, куды пісаў свае ананімныя лісты.

Дземашу, следчаму, які разблытаў не адно цяжкае злачынства, неяк і смешна было брацца за гэтую справу. Вядома, начальства яго разумела, але нельга не ўлічваць рэкамендацыі дактароў…

Ён і не заўважыў, як запаволіўся рытм жыцця, за першаю дробнаю справаю паплыла другая, трэцяя, стала раптам многа вольнага часу… Лета прынесла Дземашу возера, парк, стракаты, як луг, пляж, кнігу, спакой — тое простае і даступнае, чаго чалавеку амаль ніколі не хапае ці, правільней, на што ў чалавека не хапае часу. Не хапала яго і ў Дземаша, як гаварылі, «прыроджанага сышчыка». Ён толькі скептычна ўсміхаўся, калі гаворка заходзіла аб прызванні: успамінаўся малы смаркаты хлопчык у картовых штоніках на адной шлейцы, з парэпанымі нагамі і пукам шчаўевых «цырбуноў» запазухаю. Ён пасе свіней на аселіцы, яму холадна ў ногі і хочацца есці. Але Банька, седзячы пры свіннях, марыць, задраўшы галаву ўгору, пра тое, каб стаць сышчыкам і лавіць зладзеяў і бандытаў. Успамін пра дзяцінства заўсёды звязваўся з пастаянным адчуваннем голаду і холаду, якім студзіла ногі пастушку раса.

І яшчэ Дземаш успамінаў пра Анціка Грышкавага. Анцік жыў у сталічным горадзе, летам разоў колькі прыязджаў дадому на бартавым ЗІСу, сам за рулём. Быў ён невысокага росту, лысаваты. Працаваў на аўтабазе майстрам, і гэта гучала значна і загадкава. Ён меў ужо двухпакаёвую кватэру. Пра тое, што Анцік дасягнуў многага ў жыцці, сведчыў і жывоцік, што, як малады гарбуз, абазначыўся пад белаю тэніскаю-сетачкаю. Гэта быў гарадскі жывоцік, а не той рабочы трыбух, які мелі некаторыя вясковыя дзядзькі.

Ён быў старэйшы за Дземаша і ўспамінаўся як стары чалавек, хаця меў тады гадоў за трыццаць. Хадзіў ён па бацькавым садзе ў паласатых піжамных штанах, і гэтыя штаны на гумцы, якія ён час ад часу падцягваў на свой гарбузок, найбольш запомніліся. На ад'езд Анцік грузіў у кузаў мяшкі з бульбаю, карзіну з яйкамі і салам. Сам Грышка, гэтакі ж маларослы, як і сын, толькі худы, быццам верабей, у зашчытным галіфэ і гімнасцёрцы, з ліхімі будзёнаўскімі вусамі, ганарыста дапамагаў сыну грузіцца і моцна, каб чулі суседзі, падварушваў сваю мажную, што кузня, Вольку, якая цяжка дыхала і таксама дапамагала:

— Сыр і масла не забыла? А цыбулі са свае грады?

Пра апошні клопат — а цыбулі са свае грады? — ён паўтараў нязменна. У вёсцы ад гэтых праводзін засталася прымаўка: «Добра, брат, жывеш, толькі яшчэ каб цыбулі са свае грады». Але гэта пасля. А тады Анцік цалаваў на развітанне маці, шчаслівага і аж пакруглелага ад гонару Грышку. І ўся вёска чула, як раве матор, калі ён ад'язджае…

Маці тады гаварыла Дземашу: бач, што дае чалавеку навука. Вывучышся і будзеш, як Анцік Грышкаў.

А не будзеш вучыцца, то будзеш, як Меходзіеў, і ў горадзе пустадомкам астанешся.

Рыжы доўгі Меходзіеў Васіль таксама прыязджаў з Мінска. Жыў ён у бараку, халасцякаваў. І прыязджаў на веласіпедзе, на спартыўным, у трусах і майцы, з невялікаю сумкаю на плячах.

Вядома, у чалавека, які ўдзень адкручвае нагамі больш за сто кіламетраў, ніякі «гарбуз» на завяжацца, ды і на веласіпед не ўзгрузіш ні бульбы, ні нават карзіны з салам. У старога сапатлівага Меходзія не надта і знайшлося б што грузіць…

У вёсцы ніхто не чуў, калі Васіль ад'язджаў, бо выязджаць трэба было зранку, каб дакруціць да горада. Дзверцы не ляпалі, не гуў матор.

Пакрысе ўслед за Анцікамі і за Васілямі пацягнуліся ў горад «выбівацца ў людзі» вясковыя хлопцы і дзяўчаты…

Дземаш усміхнуўся сваім успамінам. Як потым аказалася, уся навука Анціка была ў сем класаў, і працаваў ён простым шафёрам. Рыжы Меходзіеў Васіль, які меў такую ж самую адукацыю, «выкруціў» сабе чэмпіёнскае званне, вячэрнюю дзесяцігодку кончыў, потым інстытут і прыязджаў разоў пару ў вёску на сваім легкавічку… Ён хваліўся, якую мае кватэру, як жыве, напіваўся і хадзіў па вуліцы з чырвонай, як велікоднае яйка, мордаю…

Тады ўжо мода была ісці ў навуку, калі не ў інстытут, то хоць у школу ФЗН… Не ехалі паступаць толькі тыя, пра каго ўжо і гаворкі не магло быць.

Дземаш паступіў на юрыдычны. Чаму на юрыдычны? Таму, што настаўнікам яму быць не хацелася, а што такое юрыдычны факультэт, ён ведаў даволі прыблізна, але з вёскі там ужо вучыліся…

* * *

Дземаш сеў. Па возеры чародкаю ішлі тры байдаркі. Мокра паблісквалі вёслы, і лодачкі, здавалася, ляцелі над самаю вадою, а дзяўчаткі ў спартыўных маечках — чырвонай, жоўтай, блакітнай — матылькамі. Гледзячы на іх, верылася, што ў іхнім жыцці ўсё лёгка, проста і шчасліва, як і бывае ў маладосці.

Гэтак жа лёгка выляталі з вёсак у невядомае жыццё і яны. Пасля вучобы Дземаша як лепшага студэнта размеркавалі ў горад, у пракуратуру. Ён успрыняў гэта, як звычайнае, пачаў вучыцца рабіць сваю работу. Гэта быў ягоны чэсны хлеб, і новая работа пакрысе стала другою натураю, тым, што цяпер высока называюць прызваннем.

Потым ён сустрэўся з Ленаю. Яна пасля інстытута вучыла ў школе. У іх нарадзіўся сын, які вучыўся хадзіць, гаварыць, а потым пайшоў у першы клас…

Цяпер усё гэта злівалася ў памяці ў нешта адно шчаслівае, сонечнае, як водсвет на вадзе. Пачыналася ўсё ад першага пацалунка з Ленаю ў яе на двары пад кустом бэзу. Пасля, калі ён цалаваў Лену, здавалася, што ў яго кружыцца галава ад бэзавага чаду…

Гэтак жа добра памятаецца, калі ўсё скончылася. Не тыя, дробныя сутычкі, без якіх не бывае жыццё, а тое, калі ён адчуў, што шчасце кончылася. Ён вёў справу пра забойства маладога хлопца, які паехаў на вяселле ў вёску і адтуль не вярнуўся. Знайшлі яго збоч дарогі, якая вяла да прыпынку электрычкі. Забойства здарылася хутчэй за ўсё з-за тых модных джынсавых «дудачак», якія былі на хлопцу…

Дадому ён прыехаў больш чым праз два тыдні, калі знайшлі і тыя джынсы, і здаровага, як бугай, вясковага «стылягу». Ён браў бацькаву машыну-цыстэрну, якая начавала пры доме, і ездзіў на танцы. А па дарозе падабраў п'яненькага гарадскога піжона ў штанах, якіх яму не хапала. Ён проста стукнуў, каб не трапятаўся, пакуль будзе здымаць штаны. Ён іх і начапіў на сябе назаўтра, а зняў толькі тады, калі пачуў, што знайшлі забітага…

* * *

Лены не было дома. Пакуль Дземаш мыўся, прыйшоў з вуліцы Валодзя.

— Маці званіла, што пазней прыйдзе. Зрабі з'есці і мне.

Валодзя зайшоў у ванны пакой.

— Не пытаешся, як у мяне?

— А што пытацца, раскруціў, як заўсёды. Ты ж у мяне не пытаешся, як вучоба.

Дземаш усміхнуўся: сын падрастаў. Лена вярнулася пасля праграмы «Час». Дземаш выйшаў сустрэць яе, і яна заспяшала пацалаваць яго.

— Ты вячэраў? Кавы вып'еш? Я зраблю і табе, і сабе кавы.

Каву пілі на кухні. Лена ў доўгім стракатым халаце, ён у трэніровачным касцюме.

— Даведайцеся. І мне пазваніце. Як звалі хлопчыка?

— Сяргейка ці Юрка.

З завода Дземаш паехаў трамваем да возера. Думаў ён не пра галоўнага бухгалтара і нават не пра ананімку. Бухгалтар атрымаў строгую партыйную вымову, зрабіў вывады, як гаворыцца. Думаў ён пра малога хлопчыка, які астаўся без бацькоў, пра той холад бяды і адзіноты, які працяў яго маленькую душу. І гэтага ўжо ніхто не паправіць, ніхто нічога не пераменіць. Яшчэ Дземаш думаў пра тое, што супрацоўніцы Волгінай прыходзілі да яе на дні нараджэння і насілі яго на руках. Цяпер не памяталі нават, як яго завуць. І гэтае прыкрыванне выпівак Волгінай таксама ад раўнадушша ішло. Усім добра было быць добрымі. Волгіна за ўсё разлічылася па самым высокім рахунку…

Поделиться с друзьями: