Чорны павой
Шрифт:
У кабінет зайшоў рослы, спартыўнага складу малады яшчэ мужчына з густымі, пабітымі сівізною валасамі.
— Сядайце, Віктар Іванавіч.
Выгляд мужчыны ніяк не стасаваўся з ягонай прафесіяй.
— У мяне, Віктар Іванавіч, некалькі пытанняў у сувязі са справай Кажух.
Мужчына кіўнуў галавою.
— Скажыце, Віктар Іванавіч, як бухгалтар, вы верыце, што ўкрадзеныя грошы Кажух, Волгіна, Сераброва проста прагулялі, прапілі, патрацілі на пакупкі?
Бухгалтар здзіўлена паглядзеў на Дземаша. Пытанне было для яго нечаканае.
— Я пра гэта не думаў… У міліцыі не горшыя спецыялісты, палічылі.
Дземаш кіўнуў галавою. У матэрыялах следства якраз і вынікала, што не палічылі.
— Вы давяралі Кажух? Што вы цяпер можаце сказаць пра яе?
— Кажух — вопытны бухгалтар. Я гэта гаварыў і паўтару. І дасюль не магу паверыць, што яна злодзей. Неяк не ўвязваецца гэта з яе характарам. Яна і з маім папярэднікам не ладзіла за тое, што хацела навесці парадак у фінансах, і мне многае падказала і дапамагла. Я ёй давяраў. І сёння тое, што адбылося, для мяне нейкая загадка.
— Віктар Іванавіч, хаця гэта і непрыемна вам… Тыя пяцьсот рублёў, пра якія ведала Кажух, яны не. маглі… ну, скоўваць вас у плане кантролю за ёй?
— Што ж, сам вінаваты… Самае крыўднае, што ўсе думаюць, што я хацеў прысвоіць гэтыя грошы… Тэлевізар купіў, думаў, аддам з квартальнае прагрэсіўкі. Сотнямі тысяч варочаю, а напавер аказалася, што нейкая сотня важней. Нельга пераступаць мяжу, не меў я маральнага права пазычаць тыя грошы. Не, на мае адносіны з Кажух гэта не ўплывала, я іх не збіраўся прысвойваць… І вам прыйшла ананімка?
— Чаму вы пытаецеся?
— Ужо пісалі ўсюды. У народны кантроль, у гарком, у абком… Цяпер і да вас дайшлі.
— Як вы думаеце, чаму на вас пішуць ананімкі?
— Пры мне, як пачалі наладжваць улік, многія асталіся без прэмій і прагрэсівак… Не толькі сярэдняе, але нават і вышэйшае кіраўнічае звяно. Цяпер гэтая справа з Кажух. Яна мая памочніца была. Скампраментавана бухгалтэрыя. І гэтыя пяцьсот рублёў… Зачэпка ёсць фармальная, каб аднесці мне пірагі. Нехта і адносіць.
Віктар Іванавіч выняў з чамаданчыка папку, паклаў на стол.
— Што гэта?
— Гэта заключэнні ўсіх камісій, якія правяралі мяне і бухгалтэрыю. Можа, трэба будуць.
Бухгалтар горка ўсміхнуўся:
— Я ўжо падумваць пачаў: кіну к чорту гэты завод. І не кідаю, не хочацца, каб думалі, што я такі, як пішуць пра мяне.
— Папку вы забярыце. Як трэба будзе, я папрашу. Значыць, па натуры Кажух была не злодзей?
— Яна прыгожая жанчына, можа, лічыла, што ёй не пашанцавала ў каханні… Адчувалася, што яна любіла ўвагу мужчын. Зарабляла няблага, ды і муж таксама. Так што грошай ёй хапала. У мяне з галавы не выходзіць, як яна аднойчы пажартавала, каб я не толькі давяраў, але і правяраў. Цяпер я гэта ўспамінаю і думаю: нашто ёй было так гаварыць? Ды, урэшце, яна і адна магла ўкрасці, і не менш. Нашто ёй трэба была шайка? Я не магу ўсё гэта зразумець.
— Што ж, Віктар Іванавіч, ідзіце, працуйце, а мы паспрабуем знайсці ананімшчыка.
Дземаш у блакноце запісаў — запрасіць усе ананімкі на галоўбуха. Ён не сумняваўся, што пісаў адзін і той жа ці адны! тыя ж.
Тое, што гаварыў галоўбух, і сапраўды не стасавалася з Кажух. Па справе яна ішла галоўнай фігурай і не спрабавала адмаўляць гэта. Што яе, адукаваную, прыгожую, з дастаткам у хаце, звязала з бесталковаю Волгінай, з прагнаю на грошы Серабровай, якая арганізоўвала падстаўных?.. Што ці хто?
Пасля абеду Дземаш сабраўся і паехаў на завод. Новы адміністрацыйны корпус яшчэ будаваўся. Інфармацыйна-вылічальны цэнтр туліўся ў двухпавярховым будынку адразу ж за прахадною. Работнікі мясціліся па пяць-шэсць чалавек у пакойчыку. «Кабінет» начальніка быў у кутку, за фанернаю перагародкаю з дзвярамі. Начальнікам аказалася чарнявая хударлявая жанчына з востранькім носам і цёмнымі кругамі пад вачамі.
— А, вы пра Вальку… Бесталковая яна была. Ёсць такія пустыя бабы, балбатухі, мяцёлкі. Яна ўмела арганізоўваць дні нараджэння, расказваць анекдоты, мацюкнуцца — таксама… Работнік была не вельмі, але і не калека. Сын у яе быў. Муж яе, Толік, калі яна і загуляе, малога забярэ. Ён не піў. На яе добрага мужчыну трэба было, каб духу яго баялася, а ён — Валька, Валька… А гэтая яго Валька хвост трубою і пайшла падбрыкваць!
Жанчына ў такт словам прыстуквала рукою па стале. Зірнула на Дземаша і змоўкла.
— Гэта праўда, Ларыса Анатольеўна, што апошні час Волгіна і на работу п'янаю паказвалася?
Ларыса Анатольеўна сумелася. Яна не хацела такіх пытанняў.
— Было. Баялася мяне, хавалася…
— І вы не ведалі, што яна і тут умудралася, на рабоце?
Ларыса Анатольеўна апусціла вочы:
— Ну, напісала б я дакладную, выгнала б яе. А куды яе потым, гэтую Вальку… Тым больш што работу яна рабіла, я ўжо гаварыла.
— Вы цярпелі. І муж таксама цярпеў?
— Не, дайшло і да яго… Раз так правучыў, што на работу не магла выйсці. Яна пасля гэтага баялася дадому ісці начаваць п'яная. Яна і ў бальніцу не пайшла, бо яго баялася…
— З кім яна піла?
— Здаецца, з буфетчыцаю пачалося. Была ў нас некалі такая Анюта. Чорная, як выжла. Яна і прывабіла Вальку. А потым Валька і сама сабе сябровак знаходзіла. А пасля і не толькі сябровак…
Ларыса Анатольеўна паморшчылася.
— А хлопчык іхні дзе?
— Сын?
Ларыса Анатольеўна напружана прыжмурыла вочы, старалася ўспомніць. Толькі цяпер Дземаш заўважыў, што ёй трэба насіць акуляры пастаянна, а яна саромелася, зняла і зараз, калі гаварыла з ім.
— Пачакайце, я ў дзяўчат папытаю.
Дземаш праз фанерную перагародку чуў, як яна клікала Нінаў, Зінаў, як яны ўсе разам гаварылі: «Вальчыны бацькі», «Толікавы бацькі», «старэйшая сястра»…
Ларыса Анатольеўна зайшла збянтэжаная:
— Адны гавораць, што ў Вальчыных бацькоў, другія, што ў Толікавых, трэція, што сястра Валіна забрала… Яна ж памерла даўно, усё гэта ўсплыло пасля яе смерці. Пра тое, што Толік папаў пад машыну, мы толькі цяпер дазналіся, як следства пачалося…
Ларыса Анатольеўна апраўдвалася:
— Калі трэба, я даведаюся.
— Як тваё расследаванне?
— Скончылі. За анучу забілі чалавека. Усё роўна як чорт ведама дзе рос. А хадзіў у школу, піянерам быў…
Лена паклала лыжачку ў кубачак, і яна звонка грукнула па беражку.
— Цяпер модна ўсё спісваць на школу і на настаўнікаў!
— Прабач, я не гэта хацеў сказаць…
— Ты помніш, я цябе прасіла: не магу больш у школе. Як толькі падумаю, што заўтра на работу, злосць бярэ на дзяцей!