Чорны павой
Шрифт:
— Слухаю вас, — коратка сказаў ён і паказаў на невялічкую лаўку тут жа пры майстэрні.
— Заехаў пагаварыць з вамі… А як Сярожка?
— Паехалі з бабаю ў кіно ў горад. А пры чым тут Сярожка?
— Ні пры чым. Проста ні на рабоце, ніхто мне не мог сказаць толкам, дзе ён.
— На рабоце даўно забылі пра яе. Тым больш што пасля смерці яна аказалася і злодзеем.
Мужчына не назваў імя Волгінай.
— Вы не любілі нявестку?
— Не любіў. І быў праў. З-за яе ў нас не стала і сына.
— Як гэта зразумець?
— Не пара яны былі. Толіку другая жонка патрэбна была, а не гэты крутасвет.
— Вы часта бывалі ў гасцях у сына, сын у вас?
— Часцей Толік прыязджаў з Сярожкам.
— Нявестка не прыязджала?
— Яна ведала, што мы пра яе думаем. Ды і інтарэсы ў яе другія былі. Ёй гуляць трэба было. Ёй нават муж і сын заміналі. У іх парода такая, шалёная. Брат адзін у турме сядзіць, бацька век светам брыдзіў.
— Яны даўно знаёмыя былі?
— Толік з ёю вучыўся разам у школе. Ён у нас усё з кніжкамі сядзеў. Ну, а потым яна пад яго… Яна ўжо ўсё ўмела. Толіка да яе нібы прысаладзіла. А ёй такі ціхоня толькі і трэба быў…
— Калі вы бачыліся апошні раз з сынам?
— За два дні да таго, — Дземаш адчуў, як здрыгануўся голас мужчыны. — Я прыязджаў, хацеў забраць Сярожку. Толік сказаў, што на выхадныя ён сам яго прывязе… Прывёз.
— Пастарайцеся ўспомніць, пра што яшчэ вы гаварылі.
— А я і так да смерці памятаць буду. Я сварыўся на яго, што спрабуе выпіваць. Не ўмеў ён гэтага, ды і здароўе ў яго не такое, каб улягаць у гэтае паскудства. Ён усміхаўся, гаварыў, скора перастану, бацька, выведу гэтую чорную на ваду і кончу… Ажно яна яго вывела.
— А хто гэта яна?
— Ён мне не сказаў. Вальчына нейкая падружка. Я насварыўся на яго, каб выкінуў усё дурное з галавы, каб пра жывое думаў, пра сына. Малады яшчэ мужчына, жанчын хопіць… Ён усё па гэтай нудзіўся, не адпускала яна яго. Во як бывае. А чаму вы зноў пра гэта?
— Я не пра гэта. Пісьмо нам прыйшло… Стары Волгін не дапытваўся болей.
— А вы даўно ў адстаўцы?
— Я? На пенсіі трэці год. Я не ваенны, я чыгуначнік.
Ён устаў, падаў на развітанне Дземашу руку, вочы яго былі сухія і строгія, і цяпер толькі Дземаш здагадаўся, што сталі яны такімі ад затоенага глыбокага гора, з якім усё не можа змірыцца чалавек.
— Толік у нас адзіны сын быў…
Стары Волгін сутула завярнуўся і пайшоў у майстэраньку.
Дземаш ужо на вуліцы прыпыніўся, азірнуўся на акуратны, радасна расфарбаваны дамок, але цяпер ён чамусьці здаўся яму нейкім сумным і пустынным.
— Ну, Дземаш, ты мне ўдружыў,— прагудзеў у трубку хрыплаваты голас следчага Камарова. — Трэба пакаваць чамаданы і збірацца на поўдзень.
Стары, вопытны следчы Камароў дарабляў да пенсіі. Ён усім гаварыў, што чакае гэтага дня, каб з'ехаць на дачу — ад жонкі, ад дзяцей, ад унукаў і ад усяго таго зброду, які ён ловіць гэтулькі гадоў і пералавіць не можа. Ён нагледзеўся ўсяго, і камандзіроўка ў Крым яму была зусім не патрэбна.
— Хочаш, Іван Іванавіч, каб я за цябе злятаў?
— Можна і табе. Ты маладзейшы, пакуль што на адгуле.
— А я-то тут пры чым?
— А на тых ананімках, што ты на мяне сапхнуў, паштовыя штэмпялькі аднолькавыя.
— Пачакай, пачакай, Іван Іванавіч, я да цябе сам зайду, — Дземаш паклаў трубку, ад хвалявання ўстаў з-за стала. Гэтыя звесткі пра паштовы штэмпялёк, як святлом, асвяцілі тое, што ўжо ведаў Дземаш з гаворкі ў буфеце будаўнічага будтрэста, дзе працавала Соладава, тая самая «чорная».
Прыбіральшчыца, старая ўжо, нападпітку цётка, насцярожана паглядзела на Дземаша.
— Га, вы пра Анюту, — у голасе яе прагучала палёгка. — Спраўная была, не тое што гэтая курыца белая.
Прыбіральшчыца кіўнула галавою на прачыненыя дзверы, дзе стаяла ля прылаўка круглая белая буфетчыца.
— Усё камандуе, усё ёй не так! У цыганкі ўсё гарэла ў руках: у стакан лінула, на вясы кінула — і пайшло, пайшло. Калі што выгрузіць трэба, то рыжы яе тут як тут… Усяго ў буфеце было, не тое што цяпер. А гэта толькі і ведае, што мяне пільнуе…
— А чаго Анюта кінула работу?
— Чаго кінула? Лепшую знайшла. У яе ўвесь свет знаёмы. Недзе на бераг мора паехала… Гэта рыжы мне хваліўся. Мы з ім тут віна бутэлечку распілі. Я пачала яго дражніць, што ходзіць, як абарванец. А ён мне скаліцца, што скора будзе, як міністр, на «Волзе» ездзіць і на ўсіх паплёўваць. Анютка тут якраз усунулася, вызверылася на яго, бутэльку схапіла. Яна ніколі такога не рабіла, выпіць не шкадавала, абы, гаворыць, работа была зроблена. У бутэльцы яшчэ добры стакан віна астаўся.
— Яны жанатыя былі?
— Не, не разам жылі.
— Хіба Соладава не магла сабе лепшага знайсці?
— Чаму не? Яна баба яркая, відная.
— Дык чаму яна з гэтым п'яніцам?..
— П'яніца-то п'яніца, але ніколі п'яны не быў і не валяўся. Анютка што скажа, усё споўніць. Ён і не рыжы, цёмнавалосы, нават валаска сівага няма. Бровы белыя толькі. А як выгаліцца, дык аж блішчыць… Мабыць, нешта меў, недарам Анютка яго не адпускала…
Прыбіральшчыца хіхікнула, паказаўшы рэдкія старэчыя зубы.
Дземаш прайшоў па пакоі. Прадчуванне не абманвала яго — ён знайшоў след буфетчыцы Соладавай. Значыць, Камарову ехаць у Феадосію нельга. Дземаш зняў тэлефонную трубку. Пракурор будзе толькі заўтра. У яго, такім чынам, быў яшчэ час, каб усё праверыць і ўзважыць, падрыхтавацца да дакладу.
Дземаш, каб крыху супакоіцца, яшчэ раз прааналізаваць усё, што было яму вядома, выйшаў з кабінета і па вуліцы неўзаметку пайшоў у той бок, дзе ён ужо не раз бываў за апошнія дні. Вядома, спадзявання, што хоць што-небудзь удасца знайсці, у яго не было, але ён пайшоў на тую вуліцу, дзе загінуў Волгін.
Праз добрае паўгадзіны хаджэння па лесвічных пляцоўках ад дзвярэй да дзвярэй яму адчыніла на званок рослая маладзіца ў халаце. Бялявыя валасы былі коратка падстрыжаны, халат прыхвачаны поясам.
— З пракуратуры? Заходзьце.
Голас у жанчыны быў хрыплаваты, як прастуджаны. Яна пайшла паперадзе Дземаша. У калідорчыку пахла душным і нечым кіславатым, як звычайна ў камунальных кватэрах. У пакой жанчына прапусціла наперад Дземаша. Пакой займалі канапа, шафа, сервант, дзіцячы ложачак, тэлевізар, стол, на балкончыку сушыліся пялёнкі і калготкі. У ложачку поўзаў, гудзеў сабе пад нос і спрабаваў устаць і пайсці мардаценькі малы.