Чорны павой
Шрифт:
Жанчына перахапіла Дземашаў позірк.
— Шэсць гадоў з мужам дамы будуем, а з гэтага клапоўніка вылезці не можам.
Яна змахнула рукою з крэсла, хоць на ім нічога і не было.
— Я хацеў папытаць, ці не помніце вы пра тое, як тут на вуліцы аўтобус збіў чалавека.
— А-а-а, усё ж прыйшлі! Я тады гаварыла Віцю, а ён — не лезь, куды не след. Калі трэба, то самі прыйдуць папытаюць.
— Што вы бачылі?
— Я на балконе пялёнкі вешала. Якраз змена канчаецца, і ў гэту пару на тратуары людзі аж не ўмяшчаюцца, усе спяшаюць. Адзін толькі паміж імі ў пінжачку замінае. Зверху відно, што ўжэ так вочы замазаў, як вобмацкам ідзе. Зверху смешна глядзець на яго, нязграбны такі. Адале гляджу, недалёка ад яго, але следам другі ідзе. Здаровы, у зялёнай штармоўцы. Бачу, што быццам і за ім ідзе, але блізка не падыходзіць, як назіркам усё роўна. Потым я адвярнулася, чую, тармазы завішчалі, бабы крыку нарабілі… Мне з акна не надта відно было… А той, у зялёнай штармоўцы ці ў робе, бачу, з кучы выбіраецца. Спяшаў, каб скарэй выбрацца…
— Што вы яшчэ можаце сказаць?..
— Нічога. Здаровы такі…
— А ў гэтай робе пазналі б яго?
— Не знаю, можа, і пазнала б… Паходка ў яго нейкая, быццам рубам. А можа, п'яны быў… Яго яшчэ стары бачыў, ён над намі жыве. Ён на балконе цэлыя дні сядзіць. Ён мне пра гэта расказваў. На яго нявестка і сын прыгразіліся, каб не лез альбы куды…
Дземаш дакладваў спакойна і ўпэўнена. Пракурор не перабіваў яго, толькі па ходу дакладу задаваў пытанні.
— Ваша версія, што Волгін забіты?
— Магчыма. Бясспрэчна адно, што Соладава — а па адзенні, па паходцы чалавек у робе яе напарнік — мае дачыненне да смерці Волгіна. Значыць, ён нешта знаў такое. У гэтым я ўпэўнены. Самалячэннем Волгінай дапамагала займацца Соладава… І сёння мы так і не ведаем, дзе ж накрадзеныя зладзеямі грошы. Значыць, яны ў некага…
— У Камарова ёсць звесткі, што Соладава
арандавала дачку. Утульнае такое месца. Там бывалі часта мужчыны, жанчыны… Частая госця — Кажух… З мужам яна не ладзіла.
— Пра гэта, здаецца, гаварыў галоўбух. Думаю, што мне трэба ехаць на поўдзень. Расследаваць ананімку, а пад выглядам яе…
— Паедзеш. Падключыцца міліцыя. Камароў будзе тут працягваць. Табе дапамогуць мясцовыя таварышы. З Соладавай не спяшайся, правер усё. Вельмі асцярожна. І не забывай пра сваё сэрца…
Дземаша сустрэлі ў аэрапорце, і праз дзве гадзіны ён быў на пабярэжжы мора ў невялічкім гарадку, у маленькай белай гасцініцы. Тут жа адразу Дземаш быў і ашарашаны паведамленнем маладога міліцэйскага маёра: у іх тут ніякай Соладавай няма, тым больш такое, што пасялілася нядаўна. Гэтага Дземаш не чакаў:
— Прабачце, тады чаго я ехаў сюды? Вы маглі паведаміць…
— Мы паведамілі, але вы ўжо былі ў дарозе. Маёр хітра ўсміхнуўся.
— Толькі вы не думайце, што мы дадзім вам тут купацца і загараць. Вашу Соладаву знайшлі. Пасялілася яна непадалёку ў пасёлачку, за дваццаць восем тысяч купіла сабе домік. Працуе буфетчыцай у палатцы ля выратавальнага прычала. Жыве з Бурцавым Фёдарам Пятровічам. Незарэгістраваныя, але жывуць разам. Ён вартаўніком працуе ноччу на турбазе. У мясцовай міліцыі ні да Соладавай, ні да яе мужа прэтэнзій няма. Ен не п'е. Возіць Соладаву на машыне. Машыну яны купілі год назад… Думаю, што нумар у гасцініцы вам здаваць не трэба. З пасёлка да нас пятнаццаць хвілін язды рэйсавым… Калі трэба там будзе застацца, пакойчык вам знойдуць.
Праз нейкую гадзіну лейтэнант у сваім пакойчыку ўчастковага паўтараў сказанае маёрам.
— Мяне вось што толькі бянтэжыць, таварыш следчы. Чаму яна жыве з гэтым Бурцавым. Яна прыгожая жанчына, а ён крышку ўсё ж дэбільны нейкі, дурнаваты. Тут у пасёлку гаварылі, што яна з'язджае на дзён колькі ці ў Сімферопаль, ці нават у Севастопаль, з мужчынамі там яе бачылі. Ён слухае яе як робат. Я раз бачыў, як ён збоку глядзеў на мужчын,
якія жартавалі з гэтай Анюткай у буфеце. А яна толькі вокам стрэліла на яго — нагнуў голаў і пайшоў.
Участковы пасяліў Дземаша ў прыватным доме, у пакойчыку з асобным выхадам. Домік стаяў у ціхім завулку, недалёка ад берага, на ўзгорку.
Вечарам Дземаш схадзіў павячэраў у рэстаранчыку, які мясціўся ў чатырохпавярховым будынку турбазы.
Мора ў заліве было спакойнае, белы караблік, які заходзіў да прычала, запаліў агні. Гулялі на набярэжнай болей парачкамі, і ў святле ліхтароў усё здавалася святочным.
У канцы набярэжнай, ля выратавальнай станцыі Дземаш знайшоў збіты з дошак і пафарбаваны ў сіні колер буфет. Перад ім стаяла на дварэ некалькі сталоў-стоек. На іх мужчыны пілі віно і піва. Дземаш таксама выпіў піва, дачакаўся, пакуль буфет будзе зачыняцца.
Соладава была крутагрудая жанчына ў белай кофце і белай спадніцы, лёгкая і маладжавая ў рухах. Бурцава Дземаш таксама пазнаў па апісанні. Праўда, адзеты ён быў у «фірмовыя» джынсы, у сінюю рубашку з закасанымі рукавамі. Але і джынсы, і гэтая рубашка на заклёпках сядзелі на ім, быццам з чужога пляча. Мабыць, у брызентавай робе ён адчуваў сябе больш утульна.
Соладава аддала Бурцаву сваю гаспадарчую сумку, узяла яго пад руку. Ён пайшоў, угнуўшы галаву, нібы збычыўся. І ў Дземаша, які глядзеў на гэтую збычаную постаць, не асталося ніякага сумнення, што гэтае крутое плячо магло лёгка папхнуць Волгіна, асабліва калі гэта загадала зрабіць Соладава.
Ноччу Дземаш праз адчыненае акно чуў, як шуміць мора, як наплывае начны халадок, і думаў пра тое, што дамовіцца з гаспадарамі і потым прыедзе да іх на які тыдзень…
Прачнуўся Дземаш раненька, схадзіў пакупацца ў моры і пасля купання, бадзёры, лёгкі, пайшоў да турбазы.
На душы ў яго было прывычнае адчуванне лёгкасці, як і заўсёды, калі зроблена асноўная работа, калі загадка разгадана, калі справа раскрыта.
Дземаш папрасіў дзяжурную паклікаць вартаўніка ў свой пакой. Бурцаў зайшоў у пакой паволі, па ўсім адчувалася, што быць у кабінетах ён не любіў.
— Фёдар Пятровіч, чаму вы пакінулі работу на заводзе? — Дземаш прыдумаў гэтае пытанне на хаду. Ён цяпер толькі здагадаўся, што калі там працавала Соладава, то павінен быў працаваць і Бурцаў.
— Прыйшло новае начальства і сказала, што нас многа там розных падсобнікаў.
— Новае начальства — гэта галоўбух?
— І галоўбух.
Бурцаў глядзеў на Дземаша насцярожанымі вачамі. У іх Дземаш бачыў толькі адно — жаданне як найхутчэй выйсці з кабінета.
— Таму вы і рашылі пісаць на яго пісьмы?
— Я не пісака, я толькі распісваюся.
Бурцаў упарта глядзеў на Дземаша, і ў ягоных вачах была тупая пустата.
— А ў горадзе вы жылі ў раёне вуліцы Міхайлава? Дземаш заўважыў, як у вачах у Бурцава на імгненне нешта ўспыхнула, яны быццам асвятліліся жахам.
— Не, я на Галадзеда жыў… Я не спаў ноч, я спаць хачу.
— Ладна, Бурцаў, ідзіце, паспіце, успомніце, што і дзе пісалі…
Дземаш дачакаўся на турбазе ўчастковага, яны зайшлі ў аддзел кадраў, узялі справу Бурцава. Варта было толькі вокам кінуць на напісаную ім заяву, каб зразумець, што ананімкі напісаны не рукою Бурцава. Дземаш зразумеў, што дарэмна паспяшаў, калі вырашыў, нібы ўсё скончана. Участковы напомніў Дземашу, што званілі з райаддзела і прасілі, каб ён пазваніў у сталіцу.