Чорны павой
Шрифт:
— Іван Васільевіч! У цябе цудоўная інтуіцыя, — у голасе пракурора Дземаш улавіў здзеклівасць. — Шанцуе табе, а то я паказаў бы табе за гэтую інтуіцыю. Соладава і Бурцаў ананімак не пісалі. У іх там на заводзе ў планавым аддзеле займаўся адзін. Адтуль, дзе ты на поўдні пуза грэеш, ягоная сястрычка іх перасылала. Вось так, інтуіцыя! Але не бойся, тут твой стары знаёмы капітан Малышаў табе сёе-тое цікавае раскажа.
— Здароў, Іван Васільевіч! Як у цябе справы з маладзіцаю, за якой па возеры прагульваўся? Павер маёй інтуіцыі, тут-то ты прагарэў. Гэта точна!
— А ты адкуль ведаеш? І што табе да гэтага?
— Я павінен многа ведаць. А пра тое, што будзе — інтуіцыя… Цяпер слухай уважліва. Соладава, яна ж і Церахава, і Санько. Судзілася тры разы. Разбэшчванне непаўналетніх, шантаж. На дачы ў яе бывалі многія, з каго можна пацягнуць грошы. Прытон. Кажух і Волгіна таксама. Соладава шантажыравала іх. Пад яе камандаваннем і ёй кралі грошы. Цяпер зразумела, чаму Кажух брала ўсё на сябе? У яе двое дзяцей, яна баялася, што Соладава абнародуе тое, што выраблялі на дачы. Баялася гэтага больш, чым турмы. Соладава жыла на кватэры ў раёне вуліцы Міхайлава. Там, дзе загінуў Волгін. Ён прыходзіў да яе. Я дапытаў старога. Думаю, што Волгін сам яшчэ знайшоў сведкаў — пад чаркаю і ў адчаі…
— Ты хочаш сказаць, што Соладава падвяла яго пад самагубства?
— Няма доказаў, што Волгіна падапхнулі пад колы. Мы тут на дачы і на старой кватэры шукаем негатывы ці фатаграфіі. Не думаю, каб Соладава не зберагала іх. Звярні на гэта ўвагу. Бурцаў па нашай картатэцы не значыцца. З сабраных звестак відаць, што чалавек дэбілаваты, але не злачынец. У Соладавай за рабочую сілу і для задавальнення… Так, пошасці яе… Гэта мае вывады. Лагічна? Зараз галоўнае — Соладава і Бурцаў…
Дземаш не даслухаў да канца, паклаў трубку. Трывожнае прадчуванне памылкі кальнула яго.
На буфеце, перад якім прытармазіў міліцэйскі «козлік», вісела паперка з традыцыйным «паехала на базу».
Калі міліцыянеры і Дземаш увайшлі на двор Соладавай, то Іван Васільевіч ужо ведаў, што машыны ў гаражы няма. Бурцаў спаў нераспрануты. Ад яго смярдзела перагарам. Спрасонку ён няўцямна глядзеў на міліцыянераў, на Дземаша.
— Дзе Анюта?
— У буфеце!
— Пайшлі!
Бурцаў устаў і толькі цяпер угледзеў на двары міліцэйскую машыну. У тое ж імгненне ён коратка рыкнуў, міліцыянеры разляцеліся ў два бакі, а Бурцаў, расхінуўшы целам у два бакі аконныя рамы, выскачыў на двор.
Дземаш выскачыў услед. Ён бачыў, як Бурцаў пераляцеў цераз высокі бетонны плот, ірвануўся следам за ім, сходу схапіўся рукамі паверх плота, і той раптам паляцеў на яго…
З сардэчным прыступам Дземаш праляжаў у раённай бальніцы два тыдні. Клапатлівыя дактары баяліся выпускаць раней, хаця Іван Васільевіч адчуваў сябе не так ужо і дрэнна на другі дзень.
Бурцава злавілі тады ж, Соладаву — на восьмыя суткі ў Архангельскай вобласці, ужо пад іншым прозвішчам. У чамаданчыку пры ёй былі грошы, каштоўнасці і негатывы фотаздымкаў. Малышаў правёў ужо першыя допыты. Так, Волгіну яны паказалі здымкі яго жонкі на дачы, каб прыпужнуць. Напаілі. Бурцаў ішоў следам за п'яным Волгіным, каб той дайшоў дадому. Адправіла яго Соладава.
Калі Волгін кінуўся пад аўтобус, Соладава спалохалася, што іх могуць западозрыць з Бурцавым у забойстве.
Справа была падрыхтавана для перадачы ў суд.
У рэшце рэшт, хоць і не да канца, але пацвердзілася ягоная версія, справа была пачата ім, Дземашам, і даведзена да таго, што затрыманы злачынцы.
— Ты адлежвайся там, каб стаў на ногі. І на будучае запомні, што мне трэба твая галава і вопыт, а не твае ногі, каб цераз платы гальцаць ці за бамбізамі ганяцца… — журыў Дземаша пракурор, і голас яго быў дабрадушны. — Тут табе звоняць, пытаюцца, я сказаў, што ў тэрміновай камандзіроўцы… Адным словам, папраўляйся як след. Нам загадку падкінулі, не раўня. Папраўляйся, не засумуеш!
Пасля гэтае гаворкі з пракурорам Дземаш канчаткова зразумеў, што рабіць яму больш у бальніцы няма чаго.
Прыехаў Дземаш цягніком, раніцаю. Пасля таго як выйшаў з таксі, пастаяў, паглядзеў на вокны свае кватэры, якія былі роўна заштораны. Ён паволі ўзышоў на свой паверх, адамкнуў дзверы і найперш, як і заўсёды рабіў, адчыніў вокны, пусціў у ванну ваду. Праз гадзіну ён сядзеў у крэсле ад журнальнага століка і перабіраў газеты і часопісы, якіх сабралася без яго поўная паштовая скрынка, пакрысе адсёрбваў чай.
Потым зазваніў тэлефон, і сынаў басок павітаўся:
— Дзень добры, папа.
— Дзень добры, Валодзя. Як у цябе спаборніцтвы?
— Нармальна. Выйшаў на трэцяе. Гэта ўсесаюзныя.
— Віншую.
— Ну, дык як ты адчуваеш?
— Гэта ты мне званіў на работу?
— Я.
— Прыязджай у госці, паглядзіш.
— І па бакалу шампанскага вып'ем?
— Вып'ем.
— Ну, тады веру, што ўсё ў парадку. Пад'еду заўтра. Сёння ў мяне дзень распісаны.
— Прыязджай.
Дземаш падумаў, што яму вельмі хочацца, каб сын прыехаў зараз…
Назаўтра Дземаш прывычна выйшаў на прыпынку з трамвая, сцяжынкаю пакіраваў да свайго берага. У выхадны дзень не было на сваім кругу групы здароўя, але папісквалі нязмазаныя арэлі-лодачкі, пазяхала, як і ўсё лета, у касе атракцыёнаў касірка. Але пункт пракату быў зачынены ўжо да наступнага сезона на ўсе вокны і дзверы наглуха. На беразе яшчэ загаралі. Дземаш падышоў да свае мясціны, пастаяў над вадою не распранаючыся. Вада ў возеры была па-асенняму зазелянелая. Нізка над галавою прайшлася чародка качак — з тых, што сабраліся зімаваць у горадзе. Дземаш раптам успомніў жанчыну з сумкай у буйныя жоўтыя плямы, яе сумнаваты позірк, і толькі цяпер да яго дайшла і яе туга, і яе адзінота, і жаданне пазбавіцца ўсяго гэтага. Ён нават павёў вачамі ўздоўж берага, нібы хацеў позіркам дагнаць яе. І сапраўды адчуў, што сонца ўжо не грэе, толькі залоціць святлом. Ён завярнуўся і пайшоў прэч. На рабоце Дземаш узяў новую справу, выехаў у камандзіроўку, нягледзячы на ўсе папярэджанні з-за хворага сэрца.