Дом без гаспадара
Шрифт:
— Добра, — сказаў ён, — пайду.
— У глыбіні душы ты, мусіць, думаеш, што ты мяне яшчэ ўламаеш і я выйду за цябе, але ты памыляешся.
— Табе ванна патрэбна?
— Не, я памыюся на кухні, ідзі, калі ласка.
Ён прайшоў у ванную, адкруціў кран, запаліў газ, зноў паклаў шланг душа так, каб вада цякла бясшумна, а гадзіннік павесіў на цвіку, на якім звычайна вісеў шланг. Вярнуўся да Нэлы — яна чысціла зубы на кухні.
— Ты забываеш, — сказаў ён, — што мы ўжо спрабавалі аднойчы жыць менавіта так, як табе хочацца. Ты ўвогуле пра вельмі многае забываеш.
Яна прапаласкала рот, паставіла шклянку і бяздумна правяла пальцамі па кафлі.
— Так, — сказала яна, — тады я не хацела гэтага з-за хлопчыка — ён быў яшчэ зусім малюпасенькі — я проста не магла. Даруй, калі ласка, пра гэта я ніколі не ўспамінала…
Тады, адразу пасля вайны, ён вельмі жадаў яе. Яна была першай жанчынай, з якой ён жыў пад адным дахам пасля пятнаццацігадовага знаходжання сярод мужчын, і яна была прыгожай жанчынай. Праз некалькі дзён пасля вяртання ён неяк ноччу нацягнуў штаны, накінуў пінжак паўзверх начной кашулі і басанож накіраваўся да яе. У яе яшчэ гарэла святло, яна сядзела ў ложку і чытала ў накінутым на плечы вялікім чорным шалі, каля ложка ціха рудзела не зусім спраўная электрычная печка. Нэла ўсміхнулася, калі ён увайшоў, паглядзела на ягоныя неабутыя ногі і ўскрыкнула: «Ты здурэў, ты ж прастудзішся — садзіся сюды во». На вуліцы было холадна, і ў пакоі пахла бульбай, мяшкі даводзілася трымаць ва ўсіх адзежных шафах, таму што ў падвал ужо колькі разоў наведваліся зладзеі. Нэла закрыла кнігу, паказала на старую аўчыну, што ляжала каля яе ложка, пасля кінула яму пушыстую вязаную кофтачку: «Захутай ногі». Ён нічога не сказаў, сеў, укруціў ногі і ўзяў цыгарэту з пачка, што ляжаў на начным століку. Пасля ўсеўся зручней і адчуў дабрадзейнае цяпло напаленай печкі. Нэла не гаварыла і не ўсміхалася. Дзіця спала ў калысцы каля кніжнай шафы, яно было прастуджанае і роўна пасапвала. Без пудры і памады Нэла выглядала старэй, чым удзень, яна была бледная і стомленая, яе дыханне аддавала вінным перагарам, ён яўна гэта адчуваў. Збянтэжана ён утаропіўся на кнігу, якую яна паклала на начны столік: Тэрэза Дэкейру. На ніжняй паліцы століка бязладна ляжала яе бялізна. Яму было вельмі няёмка, што ён так, раптоўна і без стуку, увайшоў да яе, і ён, пазбягаючы яе позірку, упарта глядзеў міма яе — на сцяну, дзе вісеў партрэт Рая, або проста перад сабой, але нават калі адводзіў вочы ад партрэта, ён з пакутлівай яснасцю бачыў твар Рая — неспакойны, сярдзіты твар чалавека, якога злуе гэта выпадковая, бессэнсоўная смерць.
— Хочаш выпіць? — спытала Нэла, і ён быў удзячны ёй за тое, што яна змагла пры тым усміхнуцца.
— Але, з задавальненнем, — адказаў ён.
Нэла вылавіла з-пад ложка шклянку і бутэльку з мутнай, рудой гарэлкай, наліла яму. Яна нічога не гаварыла, яна не падбадзёрвала яго і не расхалоджвала, яна крыху насцярожана чакала.
Тады ён сказаў:
— Выпі са мной.
I зноў яна згодна кіўнула, вылавіла з той жа шчыліны кафейны кубак, выплюхнула асадак проста цераз галаву на паркет і падставіла яму кубак. Ён наліў ёй, і яны абое выпілі і закурылі, а печка за ягонай спінай гудзела, як вялікая ласкавая кошка. Не паспелі яны дапіць, як ён патушыў святло і, застаючыся ў промні напаленай пячной спіралі, сказаў: «Калі не хочаш, скажы, і я пайду». — «Не», — адказала яна і збянтэжана ўсміхнулася, ён так і не зразумеў, што азначала ў гэтае імгненне яе «Не»: «Так» або «Не». Ён выключыў печку, счакаў, пакуль пацямнее напаленая спіраль, і схіліўся над яе ложкам. Яна ў цемені абхапіла яго галаву рукамі, быццам пятлёй, пацалавала яго ў шчаку і шапнула: «Лепш бы ты пайшоў», і ён адчуў дзіўнае расчараванне: яго расчараваў рот Нэлы, вялікім і друзлым падаўся ён яму, расчараваў пацалунак Нэлы, не такіх ён чакаў ад яе. Ён зноў запаліў святло, уключыў печку і вырашыў, што ўсё на лепшае, што яму няма чаго саромецца, Нэла трымалася вельмі добра, і ён не адчуваў аніякага расчаравання ад таго, што яго жаданне не здзейснілася. Як толькі ўспыхнула святло, Нэла ўсміхнулася, зноў, бы пятлёй, абхапіла яго шыю рукой і пацалавала ў другую шчаку, і ён зноў адчуў расчараванне. Нэла сказала яму: «Мы не павінны гэтага рабіць», і ён вярнуўся ў свой пакой, і больш пра гэта гаворкі не было, і ён пра ўсё забыў, і толькі сёння ў ванным пакоі ўсё зноў успомнілася.
Нэла паставіла кубак на палічку і задумліва паглядзела на яго.
— Так, тады я не хацела з-за дзіцяці…
— А зараз, — сказаў ён, — я не магу, і таксама з-за хлопчыка.
— Як дзіўна, — усміхнулася яна, — што я пра гэта забылася.
— Многае забываецца, — сказаў ён, таксама ўсміхаючыся, — і нам пачынае здавацца, быццам ніколі нічога і не было. Спадзяюся, ты не пакрыўдзілася на мяне за тое, што я нагаварыў.
— Мы пастарэлі з тае пары на дзевяць гадоў, сказала яна. — Дабранач.
Ён вярнуўся ў ванную і хутка пачуў, як Нэла пайшла да сябе і зачыніла за сабою дзверы. Ён распрануўся, сеў у ванну, цяпер яго ўжо злавала стомленасць, якая, канешне, авалодае ім гадзін да дзевяці. Ён любіў рана лажыцца, спаць моцна і доўга, раніцай рана ўставаць, снедаць разам з хлопчыкам і дапамагаць яму збірацца ў школу, таму што добра разумеў, як цяжка дзіцяці, калі яно раніцай устае раней за ўсіх, снедае ў адзіноце і ідзе ў школу, ведаючы, што ўсе ў доме могуць яшчэ спакойна спаць. Бацькі Альберта, уладальнікі невялікага рэстаранчыка, раней трох-чатырох ніколі не лажыліся, і ўсе гады свайго дзяцінства ён раніцай праходзіў праз накураную залу ў вялікую і халодную кухню. Там пахла застылым тлушчам, пракіслымі салатамі, на палічцы ляжалі яго бутэрброды, а на газавай пліце стаяла ў алюмініевай каструлі кава. Шыпенне газу ў золкай халадэчы кухні з кепскім пахам, наспех праглынутая кава з нясвежым смакам, бутэрброды з вялікімі, наспех нарэзанымі кавалкамі мяса, якога ён не любіў. З той пары як Альберт пакінуў бацькоўскі дом, ён марыў пра тое, каб рана класціся і рана ўставаць, але лёс вечна зводзіў яго з людзьмі, якія рабілі нездзяйсняльным такі рытм жыцця. Ён стаў пад халодны душ, пасля абцёрся і ціха пайшоў на кухню. Глум ужо паспеў пабыць тут, пакуль ён сядзеў у ванне. Кафейнік Глума быў парожні, цёплы каўпак, што накрываў яго, ляжаў побач. Больда, мяркуючы па ўсім, таксама сышла. На стале валяліся крошкі кіслага чорнага хлеба.
Ён прайшоў да сябе і хацеў пабудзіць Марціна, але Марцін ужо не спаў і ўсміхнуўся яму. Хлопчык, несумненна, быў рады, што Альберт тут і будзе з ім снедаць.
— Прабач, — сказаў Альберт, — што ўчора вечарам, як ты прыйшоў са школы, мяне не было дома, — давялося пайсці. Мне пазванілі. Ну, пара ўставаць.
Калі хлопчык ускочыў з ложка, і ўстаў на ўвесь рост, Альберт спалохаўся: хлопчык вырас, а Нэла ўпарта не хацела гэтага заўважаць, як і шмат чаго іншага. Ён пакінуў хлопчыка і вярнуўся на кухню, каб зварыць яйкі і падрыхтаваць бутэрброды. У пакоі Нэлы было ціха, і на нейкі момант ён зразумеў яе: яго ж таксама палохала, што хлопчык так хутка вырас і, несумненна, жыве зусім у іншым свеце, чым яны.
8
Дом усё больш рабіўся непрыдатным, хоць грошай на тое, каб яго ўтрымліваць у парадку, хапіла б злішкам. Але нікому не было да гэтага аніякай справы. Дах падцякаў, і Глум часта скардзіўся, што пляма на столі ў ягоным пакоі ўсё расце. Калі ішоў моцны дождж, са столі проста капала, і тады, ахопленыя жаданнем дзейнічаць, яны паднімаліся на гарышча, каб падставіць таз пад дзірку на даху, і Глум меў невялікую перадышку. Тэрмін гэтай перадышкі залежаў ад памераў таза, а таксама ад інтэнсіўнасці і працягласці дажджу: калі таз быў неглыбокі, а дождж моцны і працяглы, перадышка заканчвалася вельмі хутка, вада ў тазе цякла праз край, і цёмная пляма на столі павялічвалася. Тады на гарышчы падстаўлялі глыбейшы таз. Хутка плямы пачалі паказвацца і на столі ў Больды, і ў вольным пакоі, дзе раней жыў дзядуля. А ў ваннай неяк адваліўся вялікі кавалак тынкоўкі. Больда падмяла смецце, а Глум падрыхтаваў дзіўную сумесь з вапны, пяску і крэйды і замазаў аголеныя дранічыны.
Нэла надзвычай ганарылася сваёй кемлівасцю: неяк раз яна з'ездзіла ў горад і прывезла дзесяць вялікіх цынкавых ваннаў, іх расставілі па ўсім гарышчы, і яны пакрылі амаль усю столь. «Цяпер не пацячэ», — заявіла яна, патраціўшы на ванны столькі грошай, што на іх, відаць, можна было б зрабіць капітальны рамонт даху. Цяпер, калі ішоў дождж, яны слухалі перазвон кропляў, з глухім і грозным шумам падалі яны ў парожнія, гулкія ванны. Нягледзячы на ванны, Глуму ўсё часцей даводзілася замазваць столь сумессю з вапны, пяску і крэйды. Лесвіцы і гарнітур Глума ў такіх выпадках заўсёды былі запэцканыя, і Марцін, які дапамагаў яму, таксама быў перапэцканы з галавы да ног, яго касцюм здавалі тады ў хімчыстку.
Зрэдку на гарышча падымалася бабуля, каб агледзець пашкоджанні. Яна лавіравала сярод цынкавых ваннаў, яе цяжкія шаўковыя спадніцы чапляліся за краі ваннаў, і па гарышчы праносіўся тады вясёлы звонкі шоргат. Для такіх выпадкаў бабуля надзявала акуляры, і ўся яе постаць выпраменьвала распарадчасць і пачуццё абавязку. У ходзе аглядаў яна вырашала пакапацца ў старых запісах і знайсці адрас страхара, які раней выконваў такую работу ў доме. Затым яна некалькі дзён сядзела адна ў сваім пакоі, з усіх бакоў абкладвалася блакнотамі і папкамі, корпалася ў старых паперах і з галавой патанала ў вывучэнні старых каштарысаў. Але адрас страхара так і не быў знойдзены, хоць па яе патрабаванні ёй перацягалі з архіваў фабрыкі ўсе паперы. Падшыўку за падшыўкай, падабраныя па гадах, прывозілі на маленькім чырвоным аўтамабілі, пакуль не завалілі папкамі ўвесь яе пакой. Супакоілася яна толькі тады, калі дабралася да самага першага года зацвілых каштарысных кніг 1913 года.
Тады яна паклікала Марціна да сябе, і ён павінен быў гадзінамі слухаць і спасцігаць тайны араматычных мармеладаў, якія прыдумаў і прадаваў па ўсім свеце ягоны дзядуля. Першая сусветная вайна выклікала небывалы росквіт маладога прадпрыемства, і сваю лекцыю бабуля закончыла дэманстрацыяй дыяграм і табліц. Акуратна вычарчаныя тушшу лініі, падобныя на папярочныя разрэзы гары, сведчылі пра тое, што галодныя гады спрыяльныя для мармеладных фабрык. Год 1917. «У гэтым годзе, дарагі, нарадзілася твая мамачка». 1917 год — адзінокая вяршыня на дыяграме, вышыня, якая да самага 1941 года заставалася недасягальнай. Але хлопчыку, якога прымусілі вывучаць усе гэтыя табліцы, кінулася ў вочы, што круты ўздым пачаўся ўжо з 1933 года. Ён спытаўся ў бабулі, у чым справа, таму што пабойваўся яе і хацеў зрабіць выгляд, быццам яму ўсё гэта цікава. У адказ бабуля распачала доўгую і палымяную прамову; яна гаварыла пра летнія лагеры, пра мнагалюдныя зборышчы, партайтагі і ў канцы ўрачыста торкнула доўгім жаўтавым указальным пальцам у год 1939, дзе адзначаўся новы ўзлёт.
— Усе войны, якія вяла Германія, звязаны з ростам вытворчасці мармеладных фабрык, — заключыла яна.
Калі скрозь тоўшчу папер яна дабралася да 1913 года і растлумачыла хлопчыку «самае неабходнае», яна пазваніла ў праўленне завода, чырвоны аўтамабільчык зрабіў некалькі рэйсаў, і ўсе сорак гадоў былі ўсталёваны на ранейшым месцы.
А пра страхара тым часам зусім забыліся, цынкавыя ванны так і засталіся на гарышчы, і кожны дождж ператвараўся ў выдатны, хоць крыху і аднастайны канцэрт. Але аконныя рамы таксама патрабавалі рамонту, а ў падвале месяцамі стаяла вада, таму што сапсаваўся насос. Калі Больда распачынала вялікае мыццё бялізны, вада з вузкай цэментаванай трубы залівала кацельню, мыла і бруд пакрывалі цэментавую падлогу слізкай, падобнай на цвіль, скарынкай. Адусюль несла гніллю, а пах бульбы, якая захоўвалася ў рашотчатых скрынях і дружна прарастала, прыцягваў пацукоў.