Дом без гаспадара
Шрифт:
— Балбачы што хочаш, мяне гэта ніколькі не кранае, і манашак можаш лаяць, як табе ўздумаецца, але жыццё яны вядуць не бессэнсоўнае, у іх ёсць занятак, які заўсёды здаваўся мне найбольш разумным, хоць, зрэшты, мне ён зусім не падыходзіць. Яны моляцца — і я хачу зняць з іх частку клопатаў, каб ім хапала часу для малітваў.
— Проста зайздросна слухаць, як іншыя людзі выдатна абсталявалі сваё жыццё. — Яна ўсхліпнула, але перасіліла сябе і сказала: — Табе б толькі жонку, і тваё жыццё было б цалкам уладкавана.
— А чаму б і не, — сказаў ён, спыняючы машыну перад святлафорам на Піпінштрасэ. — Цябе загубіць снабізм. — Ён сціснуў яе руку.
Яна адказала на поціск і сказала:
— Не, справа не ў снабізме, я проста не магу ім дараваць, што яны забілі майго мужа, — ні дараваць, ні забыць, і не хацела б даць ім задавальненне і паўторна строіць з сябе шчаслівую, усмешлівую жонку.
— Задавальненне каму?
— Ім, — паўтарыла яна спакойна. — Здагадайся сам, каго я маю на ўвазе. Зялёнае святло — едзь далей.
Ён паехаў далей.
— З усіх тваіх спраў ты нічога не даводзіш да канца. Маці ты ніякая, удава таксама ніякая, і гуляшчай цябе не назавеш, і нават нічыёй палюбоўніцай — я проста раўную, раўную цябе, і нават не да гэтых ідыётаў, а да марна растрачанага часу — і адно заўсёды застанецца нязменным: мужчына не можа зрабіць большага для жанчыны, чым прапанаваць ёй выйсці за яго замуж.
— Не, — сказала яна, — часам значна важней стаць яе каханым. Неяк дзіўна атрымліваецца: раней жанчыны радаваліся, калі ім удавалася выйсці замуж, а цяпер, наадварот, мне, ва ўсякім разе, гэта зусім непатрэбна.
— Таму што ты поўная снабізму. Гадамі выслухоўваеш гэтакіх аболтусаў — гэта дарэмна прайсці не можа. Дзе цябе высадзіць?
— Каля ашчадкасы, — сказала яна.
Ён счакаў, пакуль паліцэйскі падасць знак на праезд, аб’ехаў пляц Карла Вялікага і спыніўся каля ашчадкасы. Затым выйшаў, дапамог ёй выйсці і дастаў з багажніка яе чамадан.
— На гэты раз, — усміхнулася яна, — я сапраўды не буду дарма губляць часу.
Ён паціснуў плячамі.
— Ну што ж, — сказаў ён, — у нас жа ўсё наадварот — раней адданыя жанчыны чакалі, калі іх возьмуць няверныя мужчыны, цяпер жа я, мужчына, буду верна чакаць, пакуль няверная дазволіць з ёй ажаніцца.
— Але, ты адданы, — сказала яна, — і я ведаю, што гэта добра.
Ён паціснуў ёй руку, сеў у машыну і другі раз аб’ехаў пляц.
Яна пачакала, пакуль яго машына схавалася за рагом вуліцы Меравінгаў, затым паклікала таксі са стаянкі каля Старой гарадской брамы і сказала шафёру:
— Да Крэдытнага банка.
12
Звычайна ён не спяшаўся са школы дадому. Ён далучаўся да кампаніі так званых абібокаў, але нават сярод іх не было ніводнага, хто так не хацеў бы ісці дадому, як Марцін. Нехта бег дадому з усіх ног, таму што згаладаўся, або таму, што дома іх чакала штосьці прыемнае, або таму, што ім трэба было ісці за пакупкамі або падаграваць абед для малодшых братоў і сясцёр. Генрых сам гатаваў ежу для сваёй маленькай сястрычкі, на ўроках ён сядзеў вельмі стомлены і стрымгалоў кідаўся бегчы, як толькі празвініць званок. Яго маці ішла на працу за дваццаць хвілін да канца заняткаў у школе, і Вільма заставалася адна з Леа, а Брылах сядзеў як на голках, калі ведаў, што Вільма адна з Леа. На апошнім уроку ён усё шаптаў: «Я не магу сядзець на месцы ад хвалявання!»
Спакою ў Генрыха не было ніколі, занадта ўжо многа ў яго было ўсялякіх клопатаў, і школу ён успрымаў як справу другарадную, непатрэбную, але адначасова сімпатычную, як нешта далёкае ад жыцця. Бурбалкі паветра пад ледзяной карой, мілыя цацкі, забаўляцца з якімі надзвычай прыемна, хоць яны і забіраюць многа часу. А парой у школе было проста сумна, і тады Брылах на апошнім уроку засынаў, калі толькі страх за Вільму не перашкаджаў яму заснуць.
Затое Марцін не спаў і чакаў званка. Час спыняўся, час застываў, каб адным рыўком перакінуць вялікую стрэлку на дванаццаць, — і тады звінеў званок. Генрых ускокваў, яны хапалі ранцы, на бягу надзявалі іх праз плячо і несліся па калідоры, затым праз двор — на вуліцу, наперагонкі да вугла: там ён зварочваў направа, а Генрых — налева. Яны абганялі астатніх і беглі па бруку, а не па тратуары, каб не сутыкацца з плынню дзяўчынак, якія ішлі ў школу.
Брылах першы дабег да вугла, ён спяшаўся дамоў, але пачакаў Марціна. На развітанне Марцін крыкнуў:
— Паедзеш з намі ў Бітэнхан? Мы па цябе заедзем!
— Трэба спытаць у маці!
— Ну, бывай здаровы!
На дарогу ў Марціна звычайна ішло пятнаццаць хвілін, але ён мог прабегчы яе і за пяць хвілін. Сёння ён бег вельмі хутка, задыхаючыся ад нецярпення, і ўжо здалёк убачыў, што машыны Альберта няма каля дома. Ён спыніўся каля нейкага плота, перавёў дыханне і азірнуўся назад, на алею, па якой Альберт павінен вярнуцца ад Бразгота. Ісці дадому не хацелася. Больды няма, Глума няма і ўвогуле пятніца — дзень небяспечны, гэта бабулін дзень. Яшчэ не канчаткова разыграна кроў у мачы, у Фавінкеля сёння падаюць пяцьдзесят розных рыбных страў, а ён не выносіць рыбы. Калі Альберт выедзе з-за вугла, то адразу ўбачыць, што ён сядзіць тут, і ён злаваў на Альберта за тое, што ягонай машыны да гэтага часу яшчэ няма каля пад’езда Марцін устаў і пацягнуўся да бензакалонкі ў самым канцы алеі.
Толькі цяпер на алеі з’явіліся дзяўчынкі, якія спазняліся, якіх звычайна ён сустракеў на вуглу; яны перасеклі маставую, зірнулі на вялікую залатую стрэлку вежавага гадзінніка і пусціліся трушком. Некалькі дзяўчынак, задыхаючыся, беглі па алеі, а ўдалечыні група дзяўчынак ішла зусім не спяшаючыся. Ён добра ведаў іх усіх, таму што тых, якія зараз пусціліся трушком, ён сустракаў штодня перад пачаткам першай змены, каля самай школы; тых, якія беглі па алеі, ён сустракаў заўсёды каля бензакалонкі, на агароджы якой зараз сядзеў. Сёння ўсё пераблыталася, і Марцін злаваў, што так паспяшыў дадому. Заўсёды ён ішоў адным з апошніх, і калі з’яўляліся панылыя прагульшчыцы, ён звычайна ўжо сядзеў на агароджы калонкі, а яны не беглі, ведаючы, што ўсё роўна не паспеюць. Гэта былі тыя дзяўчынкі, якія зараз удалечыні спакойна пераскоквалі цераз цені дрэў, быццам цераз прыступкі. Ён сустракаў іх заўсёды каля калонкі, а сёння ён паспеў дайсці да самага дома і вярнуцца, а яны ўсё яшчэ не дабраліся да калонкі. З развеянымі валасамі, з палаючымі тварамі пранесліся паблізу яго тыя, што яшчэ не прывыклі спазняцца. Мінутная стрэлка гадзінніка на царкоўнай вежы зусім наблізілася да трох, бегчы было не варта, таму што паспець на ўрок ім ужо не ўдасца.
Машыны Альберта ўсё яшчэ не было, чаканне рабілася невыносным, і вінаваты ва ўсім быў Альберт.
Паказалася група нетаропкіх прагульшчыц, на вежы прабіла чвэрць другой, і нармальны рытм жыцця быў адноўлены. Дарма ён бег, дарма спяшаўся, з гэтай хвіліны ўсё пайшло, як у звычайныя дні.
Прагульшчыцы смяяліся, балбаталі, а ён з зайдрасцю глядзеў на іх — яны належалі да ліку адчайных, і сам ён вельмі хацеў бы быць на іх месцы. Адчайнымі лічыліся тыя, якім было на ўсё напляваць. Само па сабе паняцце адчайны заставалася загадкавым, сярод іх сустракаліся такія, чые бацькі мелі грошы, і тыя, у каго грошай не было. На Брылаха гэта часам находзіла, і ў яго да адчайнасці прымешвалася пэўная доля ганарыстасці, на твары Брылаха можна было прачытаць: «Ну што вам ад мяне патрэбна?» Адчайнымі лічыліся тыя, пра якіх дырэктар гаварыў, што іх трэба пераламаць, — гэта гучала жахліва, быццам гаворка ішла не пра дзяцей, а пра запалкі або косці. Нейкі час ён нават думаў, што пераломленыя гэта якраз і ёсць тыя, якіх падаюць на стол у скляпку Фавінкеля. У другім класе пераломвалі Хэвеля, а пасля ён знік. Паліцыя прыводзіла яго ў школу, але на перапынках ён усё роўна знікаў. Пасля ён падбіў на гэтае і Борна. Борн і Хэвель жылі разам у бамбасховішчы, і ўжо тады яны рабілі бессаромнае, а калі іх ушчувалі, яны толькі смяяліся, і дырэктар гаварыў: іх неабходна пераламаць. Затым Хэвель і Борн зніклі, і ён рашыў, што іх проста пераламалі і падаюць на стол у скляпку Фавінкеля паглынальнікам дзяцей і перамолвальнікам касцей, якія плацяць за гэта многа-многа грошай.
Альберт пасля яму гэта растлумачыў, але ўсё роўна справа заставалася вельмі загадкавай, а бамбасховішча, у якім жылі некалі Хэвель і Борн, так і засталося сярод нейкіх агародаў — загадкавая бетонная аграмадзіна без вокнаў. Іх пераламалі, і пасля гэтага яны бясследна зніклі,— трапілі ў калонію, як гаворыць Альберт.
А Альберта ўсё няма, і больш ён ніколі не прыедзе. Напаўзакрыўшы вочы, Марцін глядзеў на набліжаючыяся з боку горада машыны, толькі Альбертавага «мерсэдэса» — старэнькага, нехлямяжага, мышынага колеру — сярод іх не было, — Марцін не зблытаў бы яго ні з якой іншай машынай.
I падацца некуды: ісці да Генрыха не хочацца. Там зараз дзядзька Лea, і на працу ён пойдзе толькі ў тры. Больда прыбірае ў царкве. Можна, зразумела, пайсці да яе, з’есці, забіўшыся ў рызніцу, адзін з яе бутэрбродаў і запіць яго гарачым булёнам з тэрмаса.
Ён зірнуў на безнадзейную прагульшчыцу, якая зараз толькі паказалася ў канцы алеі і зусім не спяшалася. Ён добра ведаў гэты стан — ці не ўсё роўна спазніцца на дваццаць хвілін або на дваццаць пяць. Дзяўчынка з вялікай цікаўнасцю разглядвала першыя апалыя лісты, набрала цэлы букет вялікіх, амаль зялёных, толькі крыху кранутых жаўцізной. З букетам лісця ў руках яна спакойна перасякала вуліцу.