Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

Бразгот з адсутным выглядам перастаўляў з месца на месца завадныя аўтамабільчыкі. Не звяртаючы ўвагі на гаспадыню магазіна, якая тым часам выйшла з задняга пакоя, ён прамовіў:

— Я ніколі ў жыцці не раўнаваў, а цяпер вось разумею, што гэта такое!

— Ды табе, уласна, няма да каго раўнаваць.

Бразгот узяў ракетку для пінг-понга і націснуў пальцам на коркавы пласт, правяраючы яго пругкасць.

— Пінг-понг яму, мабыць, спадабаецца.

— Неблагая ідэя, — сказаў Альберт.

Hi на чым не спыняючыся, ён перагортваў дзіцячыя часопісы і кніжкі, якія ляжалі на прылаўку, затым папрасіў гаспадыню паказаць яму завадныя і драўляныя цацкі і нарэшце адклаў убок комікс пра каўбоя Кесідзі.

Бразгот, відаць, разбіраўся ў пінг-понгах. перабраўшы безліч мячоў і ракетак, ён забракаваў некалькі камплектаў, папрасіў запакаваць самы дарагі і кінуў на прылавак грошы. Гаспадыня дэманстравала Альберту гумавыя надзіманыя цацкі. Ён спяшаўся і быў раздражнёны, — размова з Бразготам зноў прымусіла яго задумацца пра свае адносіны з Нэлай. Ён з агідай глянуў на ядавіта-зялёнага кракадзіла, які востра пах гумай. Гаспадыня з усяе сілы спрабавала надзьмуць яго, але безвынікова, — здавалася, што яна жуе цвёрды кавалак смажаніны.

Твар яе пачырванеў ад натугі, акуляры з’ехалі на нос, кроплі поту каціліся па шчоках. Гумавы вентыль пакрыўся бурбалкамі сліны, але кракадзіл толькі ледзь-ледзь павялічыўся ў аб’ёме.

— Дзякуй, — сказаў Альберт, — дзякуй. Можа, іншым разам.

Жанчына выпусціла з рота вентыль, але так няспрытна павярнула цацку, што паветра, якое выходзіла з яе, — сумесь нясвежага дыхання з пахам гумы — ударыла проста ў твар Альберту.

— Дзякуй, — паўтарыў ён раздражнёна, — я вазьму вось гэта.

Ён паказаў на кардонны шчыт, да якога шпагатам былі прымацаваны малаткі, пласкагубцы і буравы.

Гаспадыня пачала загортваць набор інструменту. Альберт, дастаючы з кішэні грошы, раптам успомніў, што Марціну гэта непатрэбна. Гэтак жа, як і ягоны бацька, ён быў зусім абыякавы да тэхнікі і не любіў майстраваць.

Яны пакінулі магазін. Праехалі на вялікай хуткасці некалькі вуліц, затым Альберт перасек шырокі праспект і прытармазіў у цяністай каштанавай алеі.

— Вось мы і прыехалі,— сказаў ён, спыніўшы машыну.

Бразгот вылез, трымаючы пад пахай карабок з пінг-понгам.

— Добра ў вас тут, — сказаў ён.

— Але, проста выдатна, — азваўся Альберт.

Ён адчыніў садовую брамку і пайшоў наперадзе. Бразгот ішоў услед. Марцін яшчэ не вярнуўся са школы. Альберт адразу ж заўважыў гэта: запіска, якую ён раніцай прымацаваў да дзвярэй, вісела на ранейшым месцы. Ён напісаў яе чырвоным алоўкам. «Пачакай мяне з абедам — сёння я не спазнюся». Слова «сёння» двойчы падкрэслена. Альберт зняў запіску, адамкнуў дзверы, і яны ўвайшлі ў цёмную прыхожую, абабітую зялёным шоўкам. Тканіна няблага захавалася, але выгарала. Вузкія мармуровыя паскі, якія падзялялі сцены на зялёныя квадраты, дзе-нідзе пайшлі жоўтымі плямамі. На радыятары ацяплення ляжаў слой пылу. Заўважыўшы самакат Марціна, які быў коса прыстаўлены да радыятара, Альберт паставіў яго прама, а Бразгот паправіў прычэплены да руля трохколерны вымпел, чырвона-бела-зялёны.

— Калі ласка, — сказаў Альберт.

У гасцінай было ціха і змрочна. Вялікае люстэрка Ў прасценку паміж дваімі дзвярыма цалкам адлюстроўвала партрэт, што вісеў насупраць. Бразгот пачаў разглядваць яго. Гэта быў накід тэмперай, зроблены паспешнымі, грубымі мазкамі, але вельмі таленавіта. Юнак у ярка-чырвоным світэры стаяў, апусціўшы вочы, быццам чытаючы надпіс на кавалку блакітнага кардону, які трымаў у руцэ. Надпіс быў, мабыць, зроблены ім самім, бо ў другой руцэ ён трымаў аловак. У ягоных зубах дыміла люлька…

Бразгот здолеў прачытаць ярка-жоўты надпіс на блакітным кардоне: «Дамашнія локшыны Бамбергера».

Альберт вярнуўся з кухні, не зачыніўшы за сабой дзвярэй, і Бразгот заўважыў, што кухня вельмі вялікая. Сцены абкладзеныя белай кафляй, а на ёй мазаіка з маленькіх чорных плітак, якая выяўляе розныя сімвалы кулінарнага мастацтва, — палонікі, каструлі, скавароды, велізарныя ражны, і сярод гэтых узораў красуецца надпіс: «Шлях да сэрца мужчыны праходзіць праз яго страўнік».

— Гэта яе муж-паэт на партрэце? — спытаў Бразгот.

— Ды ты паглядзі адсюль, так лепш бачна.

Мякка ўзяўшы Бразгота за плячо, Альберт павярнуў яго тварам да люстэрка, якое па намеры было гэтакім жа, як і партрэт. Бразгот задумліва глядзеў на партрэт у люстэрку, на кавалак блакітнага кардону з перавернутымі жоўтымі літарамі. Люстэрка адбівала яго і Альберта, іх стомленыя твары і парадзелыя валасы. Зірнуўшы адзін на другога, яны ўсміхнуліся.

— Пачакаем з абедам, пакуль не прыйдзе хлопчык, — сказаў Альберт. — А пакуль што вып ем.

Яны прайшлі ў пакой Альберта, прасторны і светлы, з высокай столлю. Каля сцяны стаяў ложак, насупраць яго — рабочы стол. Стол быў вялізны, але паміж ім і ложкам заставаўся яшчэ шырокі праход.

Каля самага акна стаяла кушэтка, каля яе шафа, крэсла і столік з тэлефонам.

Альберт дастаў з шафы кілішкі, бутэльку каньяку і паставіў на стол.

Бразгот сеў і закурыў. Усё навокал дыхала спакоем. Дом і сад патаналі ў глыбокай дрымотнай цішыні. Даўно ўжо ён не адчуваў такой асалоды. Яму тут было добра, і маючая адбыцца гаворка з Альбертам пра Нэлу ўзбуджала ў ім радаснае прадчуванне. Пакуль Альберт наліваў кілішкі, Бразгот падняўся, падышоў да акна і расчыніў яго. Аднекуль здалёк пачуліся дзіцячыя галасы і смех. Па вясёлых крыках дзяцей можна было адразу здагадацца, што яны пялёхаюцца ў вадзе. Бразгот вярнуўся да стала, сеў насупраць Альберта і прыгубіў наліты кілішак.

— Добра ў цябе тут, — сказаў ён, — як хочаш, а я пасяджу тут да тае пары, пакуль ты мяне не прагоніш.

— Ну і сядзі сабе на здароўе.

— Мне толькі трэба будзе яшчэ пазваніць у рэдакцыю, пазней, гадзіны ў чатыры.

— Адгэтуль і пазвоніш.

Альберт увесь час сачыў за Бразготам і жахнуўся, калі заўважыў выраз дрэнна схаванага адчаю і адсутнасці на ягоным твары, які вельмі нагадаў яму Шэрбрудэра, які дваццаць гадоў таму застрэліўся з-за безнадзейнага каханвя да Нэлы. У той час Нэла была адказнай за правядзенне вечароў адпачынку ў саюзе германскіх дзяўчат і пасябравала з Шэрбрудэрам, які ладзіў такія ж вечары ў саюзе гітлераўскай моладзі. Шэрбрудэру толькі што споўніўся дваццаць адзін год, ён скончыў настаўніцкую семінарыю і атрымаў месца настаўніка малодшых класаў у адной з навакольных вёсак. У прыгарадным гаі, што акружаў руіны старой крэпасці, Шэрбрудэр знайшоў магутны, разгалісты дуб. Па ягонай указцы вакол дуба ссеклі некалькі дрэў і расчысцілі невялікую паляну. Ён назваў яе «Цінгам» [7] , прыводзіў сюды дзяцей са сваёй школы, ладзіў з імі гульні, развучваў песні. Шчуплы і цемнавалосы, Шэрбрудэр быў падобны на цыгана. Няцяжка было здагадацца, што ён бы аддаў правую руку на адсячэнне за бялявыя валасы. А ў Нэлы валасы былі светлыя, залацістыя. Яна была падобная на тып германскіх жанчын з расісцкіх часопісаў, толькі нашмат цікавейшая за іх. Шэрбрудэр данёс на Рая і Альберта мясцовым штурмавікам, якія зрабілі ў старой крэпасці, паблізу ягонага «Цінга», невялікі, амаль прыватны канцлагер. Іх пратрымалі там тры дні, дапытвалі, збівалі. Да гэтага часу Альберту, бывала, сніліся змрочныя казематы крэпасці, дзікія крыкі катаваных, якія рэхам адгукаліся пад скляпеннем. Плямы разлітага супу разам з плямамі крыві на бетоннай падлозе, п’яны рык штурмавікоў, якія збіраліся ўвечары на кухні, дзе зняволеныя абіралі бульбу. У рэдкія хвіліны зацішша сюды з шэрбрудэраўскага «Цінга» даносілася песня «Наперад, блакітныя драгуны!».

7

Вечавая плошча ў старадаўніх германцаў.

Альберта і Рая пратрымалі ў старой крэпасці ўсяго тры дні. Бацька Нэлы, які пастаўляў мармелад у вялікі летні лагер «Гітлер-югэнд» бліз горада, вызваліў іх адтуль.

Яны зразумелі, што ўсё гэта адбылося з-за Нэлы, але сама яна ніколі не гаварыла пра свае адносіны з Шэрбрудэрам.

I пасля іх вызвалення Шэрбрудэр усё яшчэ не мог забыць Нэлу; неяк яны бачылі яго ў кафе, у марожаншчыка Генэля. Альберт запомніў выраз страснай закаханасці на твары Шэрбрудэра, такі ж, як зараз на твары Бразгота.

Поделиться с друзьями: