Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Дом без гаспадара

Бёль Генрых

Шрифт:

— Ён-то набожны.

Генрых яшчэ мацней успёрся на стол і паклаў падбародак на складзеныя накрыж, сціснутыя ў кулакі рукі.

— Так, — працягнуў ён, — у тваёй мамы гэта не з-за пенсіі. Грошы тут ні пры чым.

— Ты так мяркуеш?

— Так.

— Слухай, як, на тваю думку… — Марцін было сумеўся, але затым, сабраўшыся з духам, выпаліў: — Як ты мяркуеш, мая маці таксама сужыцельнічае з мужчынамі?

Генрых пачырванеў, не ведаючы, што адказаць. Калі Леа гаварыў пра маці Марціна, ён раз-попаз ужываў тое самае слова. Але Генрых не хацеў гаварыць пра гэта. Бо Марціну будзе цяжэй, чым яму, калі ён даведаецца, што яго маці сужыцельнічае з мужчынамі.

— Не, — сказаў ён, — наўрад.

Ён ведаў, што гаворыць няпраўду, бо быў упэўнены ў адваротным, і таму паспешна дадаў:

— Акрамя пенсіі ёсць жа яшчэ і падаходны падатак. Усе яны гавораць пра гэта — і кандуктар, што прыходзіць да Леа разам з фрау Гундаг, і іншыя. Але я табе яшчэ нешта скажу.

— Што?

— Жанчыны не так баяцца страціць пенсію, як мужчыну. Жанчыны гавораць: «Нічога, пераб’ёмся неяк, жывуць жа людзі і без пенсіі». А вось мужчыны і слухаць пра тое не хочуць. Леа выходзіць з сябе, калі мама пачынае з ім гаворку пра замужжа.

— А мая мама сама злуецца, калі дзядзька Альберт гаворыць ёй пра замужжа.

— Вось як?

Генрых насцярожыўся. Гэтыя словы зачапілі яго за жывое. Не, ён не хацеў, каб дзядзька Альберт ажаніўся з маці Марціна.

— Вось як, — паўтарыў ён, — ты гэта дакладна ведаеш?

— Сам чуў. Мая маці не хоча больш выходзіць замуж.

— Смешна, — сказаў Генрых, — вельмі нават смешна. Усе жанчыны, якіх я ведаю, толькі пра тое і думаюць.

— I твая мама таксама?

— А то як жа! Яна, бывае, гаворыць, што ёй сябе шкада. Дый гэта ж распусна — жыць так.

Марцін нехаця кіўнуў — гэта сапраўды было распусна. На імгненне яму нават захацелася, каб і яго маці была «распуснай» і каб усе пра гэта ведалі. Тады зрэшты хоць у гэтых адносінах ён быў бы роўняй Генрыху… і, каб суцешыць сябрука, ён адказаў:

— Можа, і мая мама распусная? Як ты думаеш?

Генрых ведаў, што гэта сапраўды так, але пацвярджаць таго не стаў. Словы Леа здаваліся яму надта ўжо ненадзейнай крыніцай. Таму ён адказаў няпэўна:

— Магчыма, толькі нешта не верыцца.

— Дрэнна, калі мы вось гэтак не ведаем нешта пэўна, — сказаў Марцін. — Бабуля, напрыклад, часта гаворыць маме, калі яна позна вяртаецца дадому: «Дзе гэты ты ўсё швэндаешся?» Гэта таксама распусна?

— Не, — сказаў Генрых.

Ён быў вельмі ўзрадаваны, што на гэты раз можа з упэўненасцю даць адмоўны адказ.

— Фрау Барусяк сваёй дачцэ тое ж гаворыць, калі тая прыходзіць з гулянкі, з кіно або са спартыўнай пляцоўкі. Не, швэндацца — гэта не распусна.

— Але чамусьці здаецца, што гэта так. Мама з бабуляй заўсёды доўга шэпчуцца пасля гэтага.

— Мабыць. Можа, гэта часам і распусна.

Марцін зноў узяў Вільму да сябе на калені. Яна засунула пальчык у рот і прыціснулася да ягоных грудзей.

— У сужыцельстве мая маці з мужчынамі ці не? У гэтым уся справа! Калі яна ў сужыцельстве, то яна распусная і парушае шостую запаведзь. Бо яна незамужняя.

Генрых ухіліўся ад непасрэднага адказу.

— Так, — сказаў ён, — калі мужчына і жанчына жывуць, не пажаніўшыся, гэта грэшна, распусна.

Пасля гэтых слоў Генрых адчуў палёгку. Палонка зрабілася шырэйшай, але вада пад лёдам аказалася не такая ўжо глыбокая. I ўсё ж дзіўна, што маці Марціна не хоча выходзіць замуж. Гэта пярэчыла ўсяму таму, што ён бачыў і ведаў: фрау Гундаг хацела выйсці замуж за сябра Леа, кандуктара; і маці час ад часу нясмела гаварыла Леа, што час ім ужо стаць мужам і жонкай. Генрых ведаў, што маці Берэндта часта плача, таму што дзядзька, які жыве ў іх, да гэтай пары не ажаніўся з ёй. А гаспадыня малочнай лаўкі нарадзіла дзіця, а мужа ў яе няма. Генрых чуў, як Леа аднойчы сказаў: «Не, Гуго на гэтую вуду не зловіш! Ён нізавошта з ёй не ажэніцца».

Каля берага лёд тонкі, але вада тут не надта глыбокая — баяцца асабліва няма чаго.

Людзі жывуць распусна і тут і там — і ў глыбіні і на паверхні. Тры светы ведаў Генрых Брылах. Першы свет — гэта школа: усё, чаму вучылі там, усё, што гаварыў святар на ўроку. I ўсё гэта пярэчыла таму, што ён бачыў у свеце Леа, у свеце, дзе ён жыў. Трэці свет — свет Марціна — быў зусім непадобны на першыя два. Гэта быў свет халадзільнікаў, свет, дзе жанчыны не імкнуцца выйсці замуж, а грошы не маюць ніякай ролі. Тры светы ведаў Генрых, але жыць ён хацеў толькі ў адным — у сваім. I таму ён рашуча сказаў, гледзячы на Марціна, які калыхаў засынаючую Вільму:

— Ведаеш, а слова, якое мама сказала кандытару, зусім і не такое страшнае.

На справе ён лічыў яго вельмі страшным, але яму раптам захацелася аднойчы і назаўсёды скончыць усе недагаворкі.

— Ты ж, мабыць, чытаў яго няраз, унізе, на сцяне каля лесвіцы.

Так, Марцін чытаў гэта слова і думаў, што, калі бачыш яго напісаным, яно яшчэ больш агіднае, чым тады, калі яго прамаўляюць. Але ён проста стараўся не заўважаць яго, як не заўважаў мяснікоў, якія цягнулі ў лаўку акрываўленыя цялячыя тушы, як не заўважаў кроў у мачы, якую совалі яму проста ў нос. Гэтак жа ён не стаў глядзець на Грэбхакэ і Вольтэрса, калі выпадкова набрыў на іх у кустах… Густа пачырванелыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай зелені.

Ён не адгукнуўся на словы Генрыха і толькі мацней прыціснуў да сябе сонную Вільму. Дзіця сагрэлася ў сне і ацяжэла.

— Вось бачыш, — сказаў Генрых, — у нас такія словы пішуць на сценах, у нас іх гавораць, а ў вас — не. Тут ужо нічога не зробіш.

Але лёд вытрымаў і на гэты раз, хоць ён сказаў няпраўду. Ён лічыў гэта слова вельмі кепскім, а сказаў, што не бачыць у ім нічога страшнага. Яму ўспомніўся Святы Іосіф на малюнку. Добры, пакорлівы чалавек з белым тварам: «Хай будзе ён вам прыкладам». Добры чалавек з белым тварам, ты бачыў калі дзядзьку Лea? I дзе мне цябе знайсці? Святы Іосіф стаіць недзе там, глыбока пад лёдам. Ён нерухомы і толькі зрэдку ажывае на імгненне і безвынікова спрабуе выплысці наверх. Але тоўшчу лёду яму не прабіць! Дый калі прабіць лёд, яго ўсё роўна не выцягнуць. Ён растае, мабыць, або зноў пойдзе ўглыб, назаўсёды застанецца там, на дне, і толькі зрэдку бездапаможна ўзмахне рукой, ён бяссільны проці Лea. I ў святога Генрыха, ягонага анёла-абярога, гэтакі ж пакорлівы твар, толькі больш строгі. У саборы стаіць яго каменная статуя. Настаяцель падарыў яму неяк фотаздымак гэтай статуі. «Бяры з яго прыклад!»

— Ведаеш, хто піша на сцяне гэтае слова? — цверда прагаварыў ён, павярнуўшыся да Марціна. Леа. Цяпер я пераканаўся ў гэтым.

Цагляна-чырвоная морда, што пахне адэкалонам. Ён спявае нейкія дзіўныя песні на матыў царкоўных псалмоў. Словы не разабраць, але гэта ўжо, відаць, нешта непрыстойнае. Мама заўсёды злуецца і гаворыць: «Перастань, калі ласка».

Марцін не адказваў. Навошта? Усё роўна нічога не паправіш. Маўчаў і Генрых. Ён вырашыў адмовіцца ад назначавай паездкі за горад. Няма чаго хадзіць па тонкім лёдзе — так і глядзі, правалішся. Гэта пачуццё ніколі не пакідала яго нават у Бітэнхане — у дзядзькі Віля і маці Альберта, дзе яны гадзінамі гулялі ў футбол, і дзядзька Альберт таксама гуляў з імі, дзе яны лавілі рыбу, хадзілі праз даліну Брэра да плаціны. Ярка свеціць сонца, ніякага клопату, што яшчэ, здаецца, трэба? А на душы неспакойна, прадчуванне нечага непазбежнага, што парушыць гэтую радасць. Пасля Вялікадня Марцін скончыць пачатковую школу і паступіць у гімназію. Ён баяўся нават думаць пра гэта. Вільма мармытала нешта ў сне, на падлозе засталіся параскіданыя цацкі і раскрытая хрэстаматыя. Святы Марцін на вараным кані мчыць праз завею. Залатым мячом ён рассякае свой плашч напалам, каб палову аддаць жабраку, — жабрак вельмі мізэрны: голы, кашчавы дзед сярод снежных гурбаў.

— Паслухай, табе трэба ісці,— сказаў Генрых. — Дзядзька Альберт проста з глузду з’едзе.

Марцін не адказаў, ён задрамаў. Стомлены і галодны, ён усё ж не хацеў ісці дадому. I не таму, што баіцца Альберта, а таму, што сам дзейнічаў па-свінску, і яму было сорамна.

— Эх ты, — сказаў Генрых. Цяпер ён гаварыў і не важнічаў, як звычайна ў такіх выпадках, а толькі ціха і сумна. — Дрэнь ты! Калі б я меў такога дзядзьку, як Альберт…

Голас яго задрыжаў, і ён змоўк, з цяжкасцю стрымліваючы слёзы. Быў бы Альберт ягоным дзядзькам… Вось адчыняюцца дзверы, і ўваходзіць Альберт у форме кандуктара. Яго лёгка можна ўявіць у гэтай форме. I ён надзяляе Альберта, акрамя ўласцівых яму вартасцей, усімі прывабнымі рысамі Герта і Карла. Мабыць, ён бы не пасаромеўся сказаць «дзярмо» — слова, што засталося ў спадчыну ад Герта. Гэтае слова не зусім да твару дзядзьку Альберту, але ў ягоных вуснах яно гучала б лагодна, без злосці.

Поделиться с друзьями: