Дом без гаспадара
Шрифт:
Зрабілася зусім ціха. Толькі недзе высока гудзеў самалёт, які цягнуў за сабой па небе свой доўгі шлейф:
«Ці гатовы ты да ўсяго?» — і раптам зноў заспявала фрау Барусяк. Яна спявала сваю любімую песню. Працяжная мелодыя, поўная пяшчотнага суму: «Не пакінь нас, Дзева прасвятая». Голас сцякаў зверху павольна, кропля за кропляй, як густы духмяны мёд.
Дабрадзейная гераіня, — яна адмовілася ад пенсіі, каб жыць па законе. Пышная бялявая прыгажуня знайшла нарэшце ціхую прыстань. Заўсёды ў яе кішэні цукеркі, мядовыя карамелькі для дзетак. «Не пакінь нас у юдолі смутку», — спявала яна. А на вуліцы па-ранейшаму было ціха, толькі недзе зусім далёка гудзеў самалёт.
— У панядзелак мы ўсё ж пойдзем у кіно, як дамовіліся, — не расплюшчваючы вачэй, сказаў Марцін, — калі тваю маму не адпусцяць з работы, Больда пасядзіць з дзяўчынкай.
— Добра, — адказаў Генрых, — мы ж з табой дамовіліся.
Ён усё хацеў сказаць, што не паедзе за горад, але ніяк не мог рашыцца. Вельмі ўжо хораша было ў Бітэнхане, хоць ён і ведаў, што будзе там бянтэжыцца, чаго дома з ім ніколі не здаралася. Але там, у трэцім незразумелым свеце, Генрых заўсёды бянтэжыўся. Школа і дом суіснавалі неяк разам. Нават царква пакуль што магла суіснаваць з дамашнім светам. Ён жа яшчэ не зрабіўся распусным, не здзейсніў нічога бессаромнага. Хоць ён бянтэжыўся і ў царкве, але гэтая збянтэжанасць была іншай, гэта было цвёрдае разуменне, што тут-то, мабыць, дабром справа не скончыцца. Надта многія рэчы схаваныя ўглыбіні, і толькі вельмі нямногае застаецца на паверхні.
«У юдолі смутку» — лепей не скажаш. Добра спявае фрау Барусяк.
— У «Атпрыум» ісці няварта, — сказаў Марцін, карціна там нейкая дурацкая.
— Як хочаш.
— А што ідзе ў «Монтэ Карла»?
— Туды зараз не трапіш, — адказаў Генрых, дзяцей да шаснаццаці гадоў не пускаюць.
Напаўраспранутая прыгажуня, пышная і бялявая — ні даць ні ўзяць фрау Барусяк у начной кашулі. Смуглы, падазронага выгляду бамбіза надта ўжо палка абдымае яе. Над парачкай надпіс: Сцеражыцеся бландзінак, а пад грудзямі ў яе прыклеена чырвоная палоска, быццам пелька накінута на прыгажуню і яе смуглага бамбізу — дзеці да 16 гадоў на сеансы не дапускаюцца.
— Тады ў «Бакача»!
— Пабачым, у пякарні вісіць зводная афіша.
Нішто не нарушала цішыні, толькі сцены дома дрыжалі разам з маставой, па якой бясконцым цугам ішлі машыны. А калі міма праязджаў цяжкі грузавік або аўтобус — тут хадзіў трыццаць чацвёрты, — ціхенька брынчала аконнае шкло. «У юдолі смутку», — спявала фрау Барусяк.
— Ну, зараз бяжы дадому, — сказаў Генрых, — не будзь такім гадам.
Марцін і сам разумеў, што вінаваты. На душы ў яго кошкі шкрэблі. Да таго ж ён страшэнна стаміўся. Не адказваючы, не расплюшчваючы вачэй, сядзеў ён нерухома каля сцяны.
— Я зараз зайду па маму ў пякарню. Пойдзем разам, калі ўжо не хочаш ісці дадому. Заадно пабачым, што ідзе ў «Бакача».
— А Вільма? Яна ж заснула!
— Пабудзі яе, не то вечарам яе не ўложыш спаць.
Марцін адкрыў вочы. Святы Марцін у хрэстаматыі ўсё яшчэ скакаў стрымгалоў праз вецер і снег. Бліснуў залаты меч; яшчэ імгненне, і ён рассячэ плашч папалам.
«Прыйдзі, не пакінь нас у бядзе», — спявала фрау Барусяк.
Генрых ведаў, што Леа ні ў якім разе не дасць грошай. Але ён усё роўна падсуне яму проста пад нос свае разлікі. Як прыемна будзе адпомсціць Леа за той выпадак з «крадзяжом». З Леа належыць яшчэ па дваццаць марак у месяц, ды дзесяць Генрых спадзяваўся зэканоміць. Калі плаціць урачу штомесяц па трыццаць марак, ён згодзіцца лячыць маму. Але застаецца яшчэ задатак у трыста марак. Куча грошай, непрыступная вяршыня. Тут хіба толькі цуд дапаможа. Тады няхай здарыцца цуд. Ён павінен здарыцца! Бо мама плача з-за гэтых зубоў. Леа, зразумела, і пфеніга лішняга не дасць. Будзе скандал. Ну і няхай! Калі ўжо няма іншага бацькі, то хай хоць дзядзька будзе іншы. Любы дзядзька лепшы, чым Леа.
— Будзі Вільму, трэба ісці.
Марцін асцярожна раскатурхаў дзяўчынку. Вільма прачнулася.
— Да мамы, — ціха сказаў Марцін, — хочаш да мамы?
— А ты дамоў не пойдзеш? — сказаў Генрых. — Не будзь жа такой свіннёй!
— Ды адчапіся ты ад мяне, — адмахнуўся Марцін.
Што яму рабіць дома! Маці наехала, Больда мые падлогу ў царкве, а дзядзька Альберт, — так яму і трэба, — хай пахвалюецца. Ён жа заўсёды хвалюецца, калі Марцін у час не прыходзіць дадому. Лепшыя за ўсіх у доме, што ні кажы, Больда і Глум. Трэба абавязкова ім нешта падарыць: Глуму — алейныя фарбы, а Больдзе — новы малітоўнік у чырвоным скураным пераплёце і сінюю каленкоравую папку, каб было ёй куды складваць свае кінапраграмы. Маці нічога не варта дарыць, і Альберту таксама: запісачнік няшчасны! Таксама, як і мама, начаў тройчы падкрэсліваць гэтыя злашчасныя словы: «не мог», «павінен быць», «нельга было».
— Хадзі, дай дзверы зачыніць, — сказаў Генрых.
— Я застануся тут.
— Тады, можа, Вільму з табой пакінуць?
— Не, бяры яе з сабой.
— Ну як хочаш. Калі надумаеш пайсці, палажы ключ пад дыванок каля дзвярэй. Ну і свіння ж ты, скажу я табе…
Твар яго зноў зрабіўся салідным, грашовым.
Марцін змаўчаў. Генрых выйшаў, а ён па-ранейшаму сядзеў на падлозе каля сцяны. Ён чуў, як на лесвіцы фрау Барусяк нешта ласкава сказала Вільме, пагутарыла з Генрыхам, і ўсе трое пачалі спускацца ўніз па лесвіцы. Марцін застаўся зусім адзін, — нават фрау Барусяк пайшла, не будзе яе песень. Хоць, можа, яна пайшла толькі ў малочную насупраць купіць кефіру. Пан Барусяк вельмі любіць кефір.
Добра іншым дзецям! Вось у Поскэ, напрыклад, маці заўсёды дома. Сядзіць і вяжа або шые. Прыходзіць Поскэ са школы — мама ўжо чакае яго. Суп гарачы, бульба падсмажана і нават нейкая трэцяя страва заўсёды ёсць. Фрау Поскэ вяжа світары і камізэлькі, ваўняныя панчохі з мудрагелістымі ўзорамі, шые штаны і курткі. На сцяне ў іх вісіць павялічаны фотаздымак бацькі Поскэ. Вялікі партрэт, амаль такі ж, як татаў партрэт дома, у гасцёўні. Бацька Поскэ быў обер-яфрэйтарам — вясёлы обер-яфрэйтар з ордэнскай калодкай на грудзях. Дзядзька Берэндта і новы бацька Грэбхакэ — усе яны лепшыя за дзядзьку Лea. Яны амаль як сапраўдныя бацькі. А дзядзька Лea самы брыдкі з усіх. Вось дзядзька Альберт — гэта сапраўдны дзядзька, бо ён жа з мамай не жыве. Генрыху жывецца горш за ўсіх, нават горш, чым яму самому. Генрыху даводзіцца ўсё падлічваць, і дзядзька ў яго дрэнны!
Марцін пачаў горача маліцца:
— Божа, зрабі так, каб Генрыху жылося лепш!
Яму зрабілася сорамна за тое, што ён раззлаваўся на сябра. Трэба было адразу ж запытаць у яго, што ён піша. Божа, хай Генрыху жывецца лепш! Яму так цяжка. Маці ў яго распусная, але яму ад таго не лягчэй. У Берэндта і Вельцкама мамы таксама распусныя, але затое хоць дзядзькі добрыя, зусім як сапраўдныя бацькі, ім даюць яйка на сняданак, яны прыходзяць з працы, абуваюць дамашнія пантоплі, чытаюць газету. А ў Генрыха гэтага няма, хоць мама ў яго і распусная. Яму за ўсё прыходзіцца расплачвацца. Дык зрабі ж так, каб яму жылося лепш! Яму так цяжка! Ён цэлымі днямі падлічвае, эканоміць, a Jlea не плоціць за маргарын, не плоціць за яйкі і за хлеб. I на абед ён вельмі мала дае. Кепска жывецца Генрыху. У яго сапраўды так многа клопату, і ўсё, што ён робіць, такое важнае, дык ці варта крыўдаваць на тое, што ён часам напускае на сябе важны выгляд.
Марцін з’еў бы яшчэ адзін бутэрброд, але яму раптам зрабілася сорамна за тое, што ён увогуле еў бутэрброды ў Генрыха. Божа, зрабі, каб яму жылося лепш! Марцін успомніў, як бабуля разлічваецца за вячэру ў шынку Фавінкеля. Яны неяк зазірнулі ў каштарыс. 18 марак 70 пфенігаў. Марцін падняўся і ўзяў са стала паперку з лічбамі. У правым куце зверху было напісана: зубны ўрач — 900 марак, злева ў слупок:
дапамога 150 марак. страхоўка — 100? аванс —??? астаецца знайсці???Лісток быў спісаны ўдоўж і ўпоперак. Там былі цэлыя прыклады на множанне і дзяленне. «500: 100X40 — маргарын» — і каля гэтага «хлеб, воцат», далей нейкія кручкі, і затым зноў разборліва: «Да гэтага часу мы трацілі 28 марак у тыдзень, як быць далей??»
Марцін зноў сеў на падлогу каля сцяны. 18 марак 70 пфенігаў бабуля заплаціла кельнеру. Ён успомніў трэск адарванага чэка. Яму зрабілася страшна: грошы насоўваліся на яго, прынялі адчувальную форму. 28 марак у тыдзень і 18 марак 70 пфенігаў за адну толькі вячэру. Божа, хай Генрыху жывецца лепш!