Дом без гаспадара
Шрифт:
Яна падсунула да сябе сваю сумку і пачала вынімаць адтуль дробныя рэчы. Перш за ўсё яна дастала фотаздымак мужа і павесіла яго над узгалоўем ложка на цвіку, на якім паблісквала, бы вяночак, меднае кольца ад ранейшай карцінкі.
— Навошта ж тут? — сказаў ён.
— Мне так хочацца, і пакінем гэта!
Яна выцягнула з сумкі старую запальнічку і рэзка, з гру катам, паставіла яе на камод; услед за запальнічкай — гадзіннік на зношаным скураным раменьчыку. Затым яна хуценька нахілілася, пакорпалася ў скрынцы з цацкамі і дастала брызентавы чахол, у якім Карл насіў свой кацялок. Чахол заняў сваё месца на камодзе каля гадзінніка і запальнічкі.
— Дзе мая шкатулка з ніткамі? — запытала яна.
— Вось яна, — адказаў кандытар і высунуў адну са скрыначак камода. Яна вырвала шкатулку ў яго з рук, знайшла ў ёй пілку для пазногцяў — памяць пра Леа, і паклала яе на камод каля брызентавага чахла.
— Ідзі,— ціха сказала яна, — я хачу пабыць адна.
— Я хацеў толькі паказаць табе ванную, а вось ключ ад дзвярэй кветніка на даху.
— Божа, — сказала яна, — пакінь ты мяне ў спакоі хоць на пяць хвілін!
— Навошта табе ўвесь гэты хлам? Я куплю табе новы гадзіннік і запальнічку — твая ж заржавела і не працуе.
— Божа мой! Сыдзі ты нарэшце!
Кандытар падаўся да дзвярэй.
Яна зашмаргнула штору, легла на ложак, нагамі да ўзгалоўя, і доўга глядзела на ўсмешлівага фельдфебеля на фотаздымку, што вісеў перад ёй. Справа на камодзе стаялі героі германскіх сагаў; іхняя яркая расфарбоўка была бачная нават у змроку. Яна адшукала вачыма свайго ўлюбёнца — мужнага і адначасова задумліва-пяшчотнага Фолькера ў чырвоным камзоле, з зялёнай лірай у руках. На планцы ён стаяў каля Гагена.
Яна думала зараз не пра Лea і нават не пра загінуўшага мужа, а пра яго, пра другога, чыя шчака на імгненне дакранулася да яе шыі. Яна спадабалася яму! Мабыць, ён зараз таксама думае пра яе! Ён усё зразумеў, ён дапамог ёй, і яна пакахала яго так, як нікога яшчэ не кахала. Там, у прыхожай, яна выпадкова абняла яго, але ён прыціснуў яе да сябе крыху мацней, чым гэта зрабіў бы іншы на яго месцы. Ён яшчэ вернецца, прывязе дадому Генрыха і Вільму, і яна зноў убачыць яго!
…Кандытар, не пастукаўшыся, зайшоў у пакой і на дыбачках падышоў да яе. Яна са злосцю закрычала на яго:
— Трэба стукацца, калі заходзіш! Ідзі прэч, пакінь мяне!
Кандытар пакорліва выйшаў з пакоя, прамармытаўшы нешта на парозе пра ванную, пра кветнік на Даху.
Яна паднялася з ложка, зачыніла дзверы на ключ і зноў легла. Усмешлівы фельдфебель быў вельмі малады. Ей нават няёмка ўспамінаць цяпер, што некалі яна спала з гэтым хлапчуком-шалапутам.
Кусты за плацам казармы, пах ваксы і схілены над ёй нахмураны, сур’ёзны твар юнага яфрэйтара. Яму першаму яна дазволіла ўсё.
Знізу пачуўся рэзкі смех кандытаркі.
Затым кандытар нешта сказаў ёй, і ў ягоным голасе гучала пагроза і нават рашучасць. Са злосным буркатаннем ён падняўся па лесвіцы і рвануў дзверы.
— Зараз жа адчыні! — крыкнуў ён.
Яна не адказала яму — яна думала пра таго, іншага.
Яна яшчэ не ведала яго імя, але Эрых, Герт, Карл і Леа зніклі з яе памяці, быццам расталі на даляглядзе. А твар кандытара яна не магла больш сабе ўявіць, хоць ён і стаяў за дзвярыма за два крокі ад яе.
— Адчыніш ты ці не? — зноў закрычаў ён, але ягоны пагрозлівы голас толькі насмяшыў яе.
— Сыдзі,— ціха сказала яна, — я не адчыню.
I ён пайшоў.
Яна пачула, як ён спускаўся па лесвіцы і буркатаў з пагрозамі. Але яна думала пра іншага — пра Альберта, і ведала, што ён яшчэ прыйдзе да яе.
22
Спачатку яны доўга гулялі ў футбол з вясковымі хлопцамі, якіх запрасіў дзядзька Віль. Ён пра ўсё паклапаціўся: падстрыг траву, адрамантаваў сеткі на варотах. Яны гулялі з азартам, але затым Генрых раптоўна сказаў: «Надакучыла, не хачу больш». Ён пабег на веранду, дзе за сталом сядзеў Альберт, пацягваў з куфля піва і праглядаў газеты. Але і адтуль Генрых неўзабаве пайшоў. Ён абышоў вакол дома і ўсеўся на калоду каля паветкі з дрывамі. Непадалёку на зямлі ляжаў тапор дзядзькі Віля.
Тут Генрыху ніхто не перашкаджаў. Віль пайшоў у вёску спавядацца, Альберт унурыўся ў свае газеты — ён мог чытаць іх гадзінамі, не ўстаючы з месца. Вільму маці Альберта павяла на кухню. Добрая бабулька пякла там пірагі і, як заўсёды, мармытала сабе пры тым пад нос забаўныя прыказкі. «Як спячы пірог да свята, калі прыпасаў малавата?» — павольна гаварыла яна і змушала Вільму паўтараць. Але ў той атрымлівалася толькі «цукар» і «яйка», і маці Альберта весела смяялася. На кухні стаяў пах гарачага здобнага цеста, зусім як у падвале ў кандытара. На падваконні стыла бляха з гатовым пясочным пячэннем.
Потым Генрых пачуў, як і Марцін закрычаў: «Не хачу больш! Надакучыла!» Вясковыя хлапчукі пагулялі яшчэ крыху і разышліся. Голас Марціна даносіўся цяпер з веранды — Альберт вучыў яго гуляць у пінг-понг. Чуваць было, як яны перасоўваюць стол, умацоўваюць сетку. Альберт гаварыў Марціну: «Станавіся сюды! Глядзі, вось так трэба!» Заскакалі цэлулоідныя мячыкі. Іх звонкае цоканне злівалася з голасам маці Альберта: «Яйкі трэба нам і сала, але гэтага нам мала; цукар возьмем мы, смятану і духмянага шафрану», гаварыла яна, а Вільма крычала: «цукар!», «яйка!» — і старая смяялася.
Хораша тут! Мячыкі цокаюць гэтак звонка, і Вільма радасна крычыць на кухні, а як толькі пачуеш голас маці Альберта, адразу ж разумееш, якая яна добрая. I дзядзька Віль добры, і сам Альберт — таксама. «Ад шафрану — пірог румяны», — пачуўся з кухні голас старой. Слаўная якая прыказка, «шафран» — само слова нейкае смачнае! Што ні кажы, а ўсё гэта для дзяцей! Яго не падманеш — нешта тут не так!
Генрых ведаў цяпер, што кандытар не такі ўжо і добры, як здавалася напачатку. Калі мама сказала, што яны пераедуць да яго, ён падумаў спярша: «Вось здорава». Але затым ён зразумеў, што зусім гэта не здорава. Кандытар падобны на тых «добрых» настаўнікаў у школе, якія яшчэ горшыя, чым злыя: гэтыя ўпадаюць у гнеў у самы непадыходзячы момант.
З іншага боку, кандытар усё ж лепшы, чым Леа. Адно ж хоць, зрэшты, зразумела: грошай у іх пэўна будзе болей.
Запальнічка дзядзькі Эрыха, мамін гадзіннік — падарунак Герта і брызентавы чахол, у якім Карл насіў кацялок, былі ў ягонай памяці непадзельныя адно з адным, быццам ляжалі на адной паліцы. Цяпер ён паклаў на гэтую паліцу і пілку для пазногцяў, што належала Леа. У мітусні збораў маці выпадкова ўсунула яе ў сваю шкатулку з ніткамі. Да своеасаблівых пахаў Эрыха, Герта і Карла далучыўся яшчэ пах Леа — пах адэкалону і памады. На кухні старая са смехам гаварыла Вільме: «Сарока-белабока кашку варыла, пірог выпякала, гасцей ззывала…» Генрых уявіў сабе, як яна месіць там жоўтае салодкае цеста, мармоча свае прыказкі, быццам добрая чараўніца заклінанні: «…гэты пальчык — дровы сек, гэты печ распаліў, гэты — ваду насіў, гэты — мукі купіў, а мезенчык малы, нічога не рабіў, прыйшоў і ўсё з’еў!» Вільма смяялася звонка і радасна.