Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Душа не ў сваім целе

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Як маешся, пане Саматніцкі?

І той раптоўна, нібы сон адагнаўшы, ускочыў з месца і прамовіў:

— Дзякуй, што мяне наведаў. Я не прывітаў такога добрага госця, бо быў у гэты час вельмі далёка.

— Пэўна, дзесьці ў далёкай мінуласці, прыемна сяды-тады той край думкаю адведаць.

— Праўда, тут горш, але там, дзе быў, мінулае і сучаснасць заўсёды аднастайныя: Адэля са спакойным тварам, з мілаю ўсмешкаю бавіцца ў сябрыне вясёлых гасцей — гэты расказвае ёй, што чуў, той — шту прачытаў, які новы твор выйшаў з друку, пра знакамітых пісьменнікаў, пра літаратурную славу, як круціцца то сюды, то туды Кола Фартуны, шту дзеецца ў вялікім свеце. І ніхто там пра мяне не ўспомніў, і Адэля, размаўляючы то з гэтым, то з тым, пра мяне — ні слоўца.

— Гэта звычайная рэч: час сцірае надпісы на цвёрдым мармуры, а людскую памяць лёгкі ветрык развее, малая хмарка заслоніць.

— І я гэтага хацеў, ды лічыў, што ў далёкіх краях новыя мясціны, маляўнічыя краявіды ды выпрабаванні зменяць мае думкі і жаданні: пабываў у стэпах, бачыў цуды, узіраўся ў таямніцы прыроды, — аднак хмары і стэпавыя вятры не развеялі, не засланілі маіх успамінаў.

— Ты не перамяніў сваіх пачуццяў, але, пэўна, скарыстаў розныя адкрыцці гэтага краю, які раней не ведаў; хацеў бы і я штосьці даведацца з гэтых адкрыццяў.

— Якія выгоды я меў тут? Бачыш, які я цяпер? Калі я трапіў у гэты край, то ўпадабаў лагодны клімат, разлогі ўрадлівых ніваў, раскошу расквітнелых садоў, ветлівасць і дабрыню жыхароў. Аднак праз некалькі месяцаў захацелася мне болей пазнаць: я перш-наперш прагнуў пабыць ва Умані [5] , пабачыць пекны Сафіеўскі сад, так услаўлены ў паэзіі Трамбецкага [6] , бо ён у маім уяўленні маляваўся зямным раем; я вандрую, як звычайна, без вялікіх выдаткаў, і напрыканцы траўня пабачыў ужо разлеглыя стэпы Ўкраіны. Знаёмячыся з вуліцамі горада Умані, я згадваў пра тыя страшныя зверствы, якія чыніліся тут у часе нападу гайдамакаў.

5

Умань — горад на Ўкраіне, дзе ў 1786 г. казацкія атрады Гонты і Жалезняка выразалі ўсё насельніцтва.

6

Трамбецкі Станіслаў (1739–1812) — прыдворны паэт апошняга караля Рэчы Паспалітае Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пісаў байкі, сатыры, оды, паэмы, панегірыкі. Адзін з самых славутых ягоных твораў — «Сафіеўка».

Шукаючы сад, я даведаўся ад тамтэйшых жыхароў да яго дарогу і пайшоў туды праз высокую браму прыгожай архітэктуры, заўважыў сажалку, якая з двух бакоў была закрытая гарыстаю мясцовасцю, лясным гушчаром і зіхацела ў цішы, нібы люстра. Паўзіраўшыся на статуі з белага мармуру, што стаяць ля вады, я пайшоў правым бокам далей, любуючыся шторазу новымі краявідамі; прыемна глядзець на расквітнелую ўвесну прыроду, а тым больш, калі яе мастацтвам, стараннем і выдаткамі даводзяць да ідэальнае прыгажосці; там усё ў той час вабіць чалавечае вока. Бачыў высечаныя ў дзікіх, зарослых лесам скалах гроты, бачыў гаманкія крыштальныя воды на імшыстым дзікім каменні, бачыў аграмадны граніт, што ледзь трымаецца на абломках скалы, палохаючы людзей, бачыў у чыстай крыніцы рыбу, якая зіхацела золатам і срэбрам. Там лугі і ўзгоркі ўкрыты прыгожымі кветкамі, у кустах чуваць пошчак салаўёў, бачыў там чароўны палац Псіхеі ды прыгожы востраў багіні Каліпсы; там сустрэнеш усё, што толькі можа стварыць уяўленне паэтаў.

Самотны, блукаў я па зацішках гэтага саду. Дзень быў ясны, і ўсё квітнела, нібы ў раі, толькі мае думкі ахапіла скруха. Будучае і мінулае, быццам дзве чорныя хмары, віселі перада мною і за мною, нейкае журботнае прадчуванне ўпляталася ў мае мары; я хацеў бачыць толькі цярноўнік, лічачы, што на адно толькі тое і нарадзіла яго прырода, каб я спыняў на ім свой позірк праз усю пілігрымку майго жыцця.

Сказаўшы гэта, Саматніцкі замоўк, і здавалася, зноў здранцвеў: знерухомела ягоная постаць, і на твары, быццам драўляным, не было аніякага руху. Зянон, не бачачы прыкметаў жыцця, пазіраў на яго з трывогаю; нейкі час яшчэ доўжылася маўчанне, нарэшце, нібы абудзіўшыся з летаргічнага сну, той пачаў зноў апавядаць:

— Быў я далёка, але і там спаткаў ля кветак калючы цярноўнік. Аднак вярнуся да свайго апавядання. Прысеўшы і абапёршыся рукою на дзікую скалу, я аддаўся сваім тужлівым мроям; раптам нейкі жыд з сухім, панурым, змучаным тварам, худы, у доўгай вопратцы, набліжаючыся да мяне, сказаў:

— Я — музыка, без інструмента граю на габоі; падарожнічаў па многіх краінах, і ўсюды маё гранне прымалі з вялікім захапленнем. Можа, пан дазволіць зайграць яму што-небудзь?

— Грай, што табе падабаецца, — адказваю.

Ён скрывіў вусны, прыціснуў праваю рукою надзьмутыя грудзі, па твары прабеглі канвульсіўныя дрыжыкі — зайграў нейкі жалобны марш. Слухаючы гэтую журботную музыку і гледзячы на канвульсіі твару і на ягоныя грудзі, я не мог заставацца абыякавым: аддзячыў як мог і папрасіў, каб не граў болей, не падрываў сваё здароўе; ён узяў плату, аднак зірнуў на мяне так, быццам быў пакрыўджаны.

— Ты ведаеш лепш за мяне гэты сад, — кажу, — ці ёсць тут кусты цярноўніку?

— Навошта шукаць кусты цярноўніку, — адказвае, — глянь уверх, над галавою расце велізарнае дрэва.

Я ўзняў вочы ўверх і ўбачыў высокую акацыю з вялікімі вострымі калючкамі; я хацеў яму нешта сказаць, але ўжо музыкі каля мяне не было.

Нейкі час я яшчэ блукаў па садзе, забіраўся ў цёмныя гроты, узіраўся ў струмені вады, у дзікія граніты, у мармуровыя статуі; нечакана пачало цямнець, зашумеў вецер у гушчары дубоў; убачыўшы на небе хмары, я паспяшаўся вярнуцца ў горад.

Зяноне, людзі рознымі шляхамі ідуць да Вечнасці, але пра ўсё, што бачылі і перажылі на гэтай зямлі, пра свае забавы, мары, пра шчаслівыя ды нешчаслівыя сны, якія мроіліся ім у падарожжы таго жыцця, яны расказваюць наступным пакаленням.

Заснавальнік Сафіеўскага саду, валодаючы велізарнымі маёнткамі, мільёнамі лічачы свае скарбы, не ведаючы пакутаў жабрацтва, не думаючы ні пра што іншае, як толькі пра прыемныя забавы, хацеў гэты сад з яго крышталёвымі водамі і квяцістымі далінамі зрабіць пенатамі грэцкіх багіняў; і гэта сталася сярод разлеглых стэпаў Украіны, дзе раней воку не было за што зачапіцца.

Ёсць за некалькі міляў ад Умані і за некалькі вёрстаў ад мястэчка Тэпліка яшчэ адзін сад — Гайнароўскі, як назвалі яго тутэйшыя жыхары. Заснавальнік гэтага саду, пан Гайнар, пасяліўшыся ва ўкраінскіх стэпах, інакш глядзеў на свет. Ідучы праз панурую пустыню жыцця, не марыў ён ні пра залаты век, ні пра рай на зямлі, не збіраўся нікога здзівіць чароўным краявідам, не дбаў пра славу; іншыя ў яго былі думкі, іншая мэта.

Вандруючы там і чуючы няраз жарты, розныя меркаванні і дзіўныя апавяданні пра той сад, я наважыў паглядзець усё ўласнымі вачыма, пазнаёміцца з гаспадаром і зразумець ягоныя думкі.

Сярод стэпу відаць каля вады высокія дрэвы адзінокага хутара; наблізіўшыся да гэтае мясціны, я не заўважыў аніякае агароджы, не спаткаў аніводнага чалавека, нават сабака не абазваўся каля самотнае хаціны, а ў цяні садовых дрэваў паўсюль панавала ціша, толькі часам шумелі кранутыя ветрам галіны. Ля самага ўваходу, у вішняку я заўважыў некалькі пчаліных калод, каля іх адпачываў у засені дрэваў нейкі чалавек, побач на траве сядзеў хлопец: заўважыўшы мяне, ён адразу ж разбудзіў гаспадара. Быў той ужо ў гадах, апрануты ў белую палатняную вопратку, худы, твар шчуплы, смуглы; з-пад густых броваў праніклівым вокам ён пазіраў на мяне; падышоўшы да яго, я папрасіў дазволу агледзець сад і пазнаёміцца з мясцовасцю.

— Мой сад, — сказаў ён, — нагадвае дзікі лясны гушчар, тут аніводзін краявід не прывабіць вока.

— Наследаванне прыродзе, — адказаў я, — больш слаўны занятак, чым усялякія вытанчаныя аздобы.

— Пра іх я зусім не думаў, у мяне іншыя намеры.

— Значна больш можа быць карысці ад таго, што абвесціць Вышэйшая думка і Вышэйшае імкненне, чым наследаванне чаго-небудзь. Я, упершыню наведаўшы гэты край, хацеў бы запомніць тое, што не сустрэнеш у іншых мясцінах.

— У іншых мясцінах — іншыя патрэбы ў жыхароў; дык я буду тлумачом маіх думак, бо не разумеючы іх, людзі рознае мяркуюць і дамышляюць. Ды тут вельмі вузкія і стромкія сцежкі, я пайду паперадзе, буду правадніком.

Поделиться с друзьями: