Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Душа не ў сваім целе

Баршчэўскі Ян

Шрифт:

— Больш выпрабаванняў, больш пакутаў; некалі былі адны дзівосы, у будучым — будуць іншыя.

Сказаўшы гэта, ён склаў паперы і пачаў наліваць сабе гарбату. Сядзячы побач і чуючы з ягоных вуснаў польскія словы, я, каб даведацца, хто гэта такі, загаварыў з ім:

— Пан прыезджы ці тутэйшы жыхар?

— Я жыхар-падарожнік, як і ўсе людзі, а ўжо гадоў дзесяць вяду размову з гэтым краем.

— Не магу, — кажу я, — знайсці кватэру пана Рыльца, ніхто яго тут не ведае.

— Гэта спакайней для чалавека, калі яго ніхто не ведае; а навошта ты яго шукаеш? — сказаў ён, прыглядаючыся да мяне, нібы жадаючы пазнаць альбо нешта выпытаць.

— Быў на Ўкраіне ў садзе Гайнара і маю ад яго нейкія каляровыя воды для пана Рыльца.

— Я — Рылец, — паведаміў ён, і твар ягоны праяснеў. — Ты быў на Ўкраіне, пазнаёміўся з Гайнарам, бачыў ягоны сад? Ну, што раскажаш мне пра гэта. А тыя каляровыя воды вельмі мне патрэбныя. Калі ласка, хадзем у хаціну: прыемна мне будзе даведацца пра ўсё падрабязна.

Сказаўшы гэта, ён паспяшаўся выпіць гарбату; потым мы выйшлі з тракціру. Ён узяў у мяне на кватэры дзве бутэлечкі каляровых водаў, і мы селі на дрожкі; не даехаўшы да херсонскае рагаткі, завярнулі да марскога берагу.

Дом пана Рыльца стаяў наводшыбе, за паўвярсты ад горада, ад паўночных і ўсходніх вятроў быў заслонены гушчаром акацый. Мы ўвайшлі ў пакой, дзе было некалькі старых крэслаў, дзве старасвецкія дубовыя шафы і два дубовыя сталы; на адным з іх ляжалі нейкія груды пяску рознага колеру, кавалкі вапны з закасцянелымі ракавінамі, рыбаю і гбдамі, косці, шкілеты нейкіх звяроў ды птушак, нейкія малюнкі страшных пачвараў, дзіўных і нябачаных стварэнняў; на другім стале — кнігі ў старой і новай аправе. Пан Рылец пачаў гаворку:

— Вось гэта маё самотнае жытло; у вакне — малюнак бурлівага мора; я люблю тут часам слухаць шум хваляў, глядзець на гэтыя чорныя пеністыя валы і на чароды белых крачак, што падымаюцца ў паветра; я люблю часам чытаць і паэзію нашых украінскіх вешчуноў. У мяне ёсць кніжка Багдана Залескага [8] , з якім ніхто не параўнаецца ў лёгкасці і пекнасці верша; ёсць чуллівая народная аповесць Мальчэўскага [9] «Марыя»; ёсць вершаваныя творы Гашчынскага [10] , народныя песні Падуры [11] ; ёсць вершаваныя творы Канстанціна Піятроўскага [12] , яго аповесць «Юля Патоцкая», дзе ў страшных, але праўдзівых малюнках паказаны казацкія войны, ёсць поўныя чуцця вершы і яго пераклады асобных санетаў Шэкспіра на польскую мову — у іх захавана ўся чароўнасць арыгінала і з вялікім талентам пераадолены цяжкасці гэтага роду верша. Аднак паэтаў чытаю, толькі каб развеяць маркотныя думкі, звычайная ж мая праца — даследаванне прыроды мінулага; дапамагаюць мне ў гэтым груды зямлі, косці, шкілеты, чарапы, усялякія акамянеласці. Каляровыя вадкасці, якія ты прывёз, мне вельмі патрэбныя: вось сапфіравая — гэта вада холаду, яна ўсё збірае ды сціскае; чырвоная вадкасць — вада агню, яна ўсё ажыўляе. Заўтра пачну выпрабаванні, калі табе будзе цікава ўбачыць дзівосы, прыходзь да мяне, ты даведаешся пра таямніцу водаў і цудоўную іх моц.

8

Залескі Юзаф Багдан (1802–1886) — польскамоўны паэт-рамантык, для якога Ўкраіна і ейны люд сталі прадметам любові і настальгіі.

9

Мальчэўскі Антон (1793–1826) — польскамоўны паэт-рамантык. Паходзіў з Валыні. Аўтар выдадзенае ў 1825 г. паэмы «Марыя», названай ў падтытуле «ўкраінскаю аповесцю».

10

Гашчынскі Севярын (1801–1876) — польскамоўны паэт-рамантык. Родам з Украіны. Самы славуты ягоны твор — паэма «Канёўскі замак», у якой апавядаецца пра часы гайдамаччыны.

11

Падура Тамаш (1801–1871) — польскамоўны і ўкраінскамоўны паэт. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваёй творчасці ўкраінскі фальклор.

12

Піятроўскі Канстанцін — польскамоўны паэт і перакладчык. Аўтар выдадзенага ў 1836 г. у Бярдзічаве зборніка вершаваных твораў. Добры сябра Я. Баршчэўскага.

Потым мы доўга яшчэ размаўлялі з панам Рыльцам пра Ўкраіну, пра Гайнара і ягоны сад і пра мае вандроўкі па Падоллі. Ён прыгадваў даўнія знаёмствы ў тых краях, апавядаў пра розныя здарэнні ў сваім жыцці, якім чынам трапіў у Адэсу і якая выпала яму тут доля; так размаўлялі мы да позняга вечара.

На другі дзень у прызначаны час я прыйшоў да пана Рыльца; ён працаваў з каляровым пяском і рознымі акамянеласцямі, якія тоўк, перабіраў, аддзяляў ад іх нейкія часткі ды раскладаў на стале. Ён папрасіў мяне дапамагчы. Я прасяваў пясок, прамываў дробныя часткі вапны ды перасыпаў іх у шкляныя слоікі; так доўжылася наша праца аж да самага захаду сонца. Калі ўжо звечарэла, мы селі каля вакна, нібы адпачыць; асенні вецер шумеў у густой акацыі, хвалявалася мора, а пан Рылец, пазіраючы на чорныя валы, што разбіваліся аб бераг, так пачаў гаварыць:

— Гэтыя салёныя хвалі, разбушаваўшыся колісь, выйшлі з высокіх берагоў, залілі ўсю прастору зямнога шара і пакінулі вадзяных істотаў на вечны ўспамін у тоўшчы зямлі, у вапнавых скалах і на высокіх гарах. Даследчыкі, сустракаючы гэтыя дзівы, бачаць сляды мінулага жыцця і паглыбляюцца ў таямнічую мінуўшчыну; і кожны з іх паводле свайго разумення стараецца прачытаць ды вытлумачыць гэтыя іерогліфы; час мераюць яны тысячагоддзямі; сягаюць у самую сівую даўніну, каб розумам ахапіць усе варункі існавання гэтага свету. Але дарэмныя іхнія намаганні: глыбіні зямлі, горы ды скалы — гэта трупы мінулых стагоддзяў, халодныя і нямыя, яны не раскажуць ім ні пра пачатак, ні пра поступ стагоддзяў, ні пра перамены ў жыцці, ні пра канец свой; каб убачыць даўно мінулы свет, трэба ўваскрэсіць, ажывіць даследаваць яго таямніцы, знайсці пачатак і канец усяго. У кожную эпоху прырода — непрачытаная кніга; шчаслівы, хто добра разгледзеў свет, у якім жыве, і ўваскрэсіў частку мінуўшчыны; каб расказаць пра ўсе цуды — мала слоў у чалавечай мове.

З паўгадзіны размаўлялі мы пра розных істотаў, што жывуць на сушы, у моры і ў паветры, пра тое, як змянялася іхняя форма, чаму зніклі асобныя віды, рэшткі якіх можна знайсці толькі ў тоўшчы зямлі, у бурштыне і ў вапнавых скалах. Пасля пан Рылец падняўся з крэсла, запаліў дзве свечкі, выняў з шафы шкляныя слоікі рознае формы і памераў, парашкі паклаў на стол (адны з іх былі з нейкім металічным бляскам, іншыя — з крышталёвым, яшчэ былі шэрыя, чорныя, чырвоныя) і сказаў мне:

— Цяпер будзем даследаваць таямніцу ды моц каляровых вадкасцяў, што ты прывёз мне ад пана Гайнара: убачыш іх моц, убачыш цуд ўваскрашэння істотаў, якія тысячы гадоў ляжалі некранутыя ў сваіх скалістых магілах; убачыш і такіх, што чалавечае вока не заўважае, а мікраскопы ледзь толькі прыкмячаюць іхні рух ды форму.

Сказаўшы гэта, ён выйшаў за дзверы і хутка вярнуўся з хлопцам, якому было, можа, крышку болей за пятнаццаць гадоў: бледнатвары, нос сплюснуты, тоўстыя губы, густыя, як шчацінне, натапыраныя валасы.

— Гэта мой лёкай, глухі і нямы, — сказаў гаспадар. — Увогуле, мне такі і патрэбны: не чуе маіх размоваў і не раскажа тым, каму гэта не трэба ведаць; я рады, што знайшоў сабе такога памочніка.

Ён загадаў хлопцу напоўніць вадою падрыхтаваны посуд, а пасля пачаў даследаванні. Спачатку паставіў на стол міску, у якой была салёная марская вада і дзве запаленыя свечкі; я падступіўся бліжэй, каб лепей бачыць, што будзе тут рабіцца. Вучоны сыпнуў у міску жменю патоўчанае вапнавае скалы, якая складалася з акамянелых ракавінаў ды іншых марскіх істотаў; нейкі час ён моўчкі ўзіраўся ў ваду, змешаную з вапнаю, потым уліў туды некалькі кропляў сапфіравае вадкасці — і, ў місцы нечакана заварушылася, забурліла; праз колькі хвілінаў ён дадаў туды кроплю чырвонае вадкасці і сказаў:

— Глядзі цяпер.

Я ўбачыў жывых вустрыцаў і ўсялякіх слімакоў: яны раскрывалі і закрывалі свае шкарлупкі; нейкія вадзяныя павукі, рыбкі, маленькія ракі і жукі розных колераў снавалі сюды-туды.

— І ў моры цяпер шмат што змянілася, — патлумачыў ён, — рыба, вустрыцы, слімакі ды іншыя стварэнні сталі ўжо не такія, як раней.

Пасля даў знак хлопцу, каб замест міскі паставіў медніцу, у якой было крыху вады, і ўліў туды нейкія шэрыя ды зялёныя вадкасці, дадаў нейкага тлушчу ды нейкага густога, накшталт смалы, алею, усыпаў дзве жмені зямлі і дзве жмені тоўчанае вапнавае скалы, перамяшаў усё і ў гэтую мікстуру капнуў некалькі кропляў сапфіравае вады. Бурліла ў медным посудзе, уздымаліся ды лопаліся ў паветры пухіры; газ, прыкры, аж не стрываць, напоўніў паветра; ён дадаў туды яшчэ некалькі кропляў чырвонае вады — выбухнуў агонь, пачуўся шум і сыканне. А калі затухла полымя, я ўбачыў поўную медніцу жахлівых гадаў; іхнія вочы свяціліся крывавым бляскам. Гледзячы на гэтых жудасных пачвараў, пан Рылец сказаў:

— Гэта страшыдлы мінулага, у іх абудзілася жыццё, з'явілася і атрута смяртэльная; бяда, калі дакранешся да іх рукою: ад асобных з іх застаюцца невылечныя раны, іншыя забіваюць насмерць. Зло і дабро існавалі ад пачатку свету, аднак ёсць перамены як у фізічным, так і ў маральным свеце, а ўваскрашаць гэтых монстраў мінуўшчыны трэба дзеля таго, каб, параўноўваючы з цяперашнім пакаленнем, лепей пазнаць свет новы і стары.

Сказаўшы гэта, ён паклаў на стол аркуш белае паперы, рассыпаў на ім зроблены з розных фарбаў парашок (такі дробны, як найдалікатнейшы пылок), папырскаў сапфіраваю і чырвонаю вадою — і на папяровым аркушы, як на воблаку, з'явіліся прыгожыя вясёлкі. І раптам адтуль узляцелі цудоўныя рознакаляровыя матылі: яны снавалі ў паветры, пасля абляпілі сцены ды вокны і сядзелі, як найпрыгажэйшыя кветкі. Пан Рылец сказаў:

— Гэта прыгажосць і аздоба маладога свету; матылі чаруюць, захапляюць вока; перлы, рубіны і дыяменты зіхацяць на крылах; некалі ў іх не было такіх прыгожых колераў. Свет фізічны змяніўся, і ў маральным свеце цяпер іншыя жаданні, іншыя мары.

Амаль да поўначы з дапамогай тых каляровых вадкасцяў ажыўляў пан Рылец усё новыя і новыя істоты: сярод іх я бачыў станогіх, ставокіх, стогаловых, жудасных, дзівосных; апісаць іхнія страшныя рухі ды дзіўныя постаці — рэч немагчымая.

— Я ўваскрэсіў, ажывіў прыроду дапатопных стагоддзяў, — працягваў далей вучоны, — ты бачыў марскія істоты, бачыў ядавітых гадаў, бачыў прыгожых матылёў. Глядзі цяпер, у што зноў усё гэта ператварылася: замест ракавінаў, жамяры і страшных гадаў зямля ды кавалкі вапнавае скалы; дзе ж тыя залатыя, зіхоткія ад дарагіх камянёў матылі? Толькі пылок застаўся ад іх: тое, што перажыло свой век, жыць не можа; непераадольны час уладарыць над гэтым светам. Адна, адна толькі Саламандра бяссмяротная, яна — чысты агонь, і святло гэтага агню вечна свяціць будзе. Але той, хто даследуе прыроду, павінен уваскрашаць яе хоць на кароткі час — гэтая навука ў самотным маім жыцці найпрыемнейшая для мяне забава. Такім чынам я хаваюся ад натоўпу, бо ў грамадзе тутэйшых жыхароў размовы толькі пра гандлёвыя выгоды і набыццё скарбаў, а паненкі і кабеты гэтага краю нагадваюць флейты і кларнеты, — добрыя, калі граюць ды спяваюць, але пагаманіць з імі няма пра што. Аднак у мяне тут ёсць сябры, з якімі я часам дзялюся думкамі; у наступную нядзелю запрашу іх на вечар, прыходзь і ты да мяне, прыемна правядзём час сярод добрых людзей.

Поделиться с друзьями: