Калядная рапсодыя
Шрифт:
— Чаму маўчаць?
— Аб чым гаварыць? Аб холадзе?
— Ну, не так ужо і халодна.
— Ды я не аб тым холадзе.
— І я не аб тым.
Маўчанне.
— Слухайце, — сказаў ён. — Што з вамі, ну што? Вы крыху адышлі толькі тут.
— Тут мая крэпасць. А ўвогуле што ж, мы дарослыя людзі. Бываюць на зямлі такія крыўды, за якія няма даравання.
"Помсціцца. На мне".
Але дзіўна, гэтая думка, тое, што ён здагадаўся правільна, на гэты раз аніяк не абурыла яго.
— Вось бачыце, а вы накінуліся на мяне на пероне, як дзікая звярына, — іранічна сказаў ён. — У бібліі гэта называецца: свая сваіх не пазнаша.
— Я ведаю, таму вы й зайшлі сюды. Я за вечар зразумела тое, што з вамі. У мяне, па некаторых прычынах, за апошні час нюх на такое.
"Значыць, думае, што і я хачу помсціць. Не, гэта даўно, некалькі месяцаў, як перагарэла. Толькі пустэча. Проста пустэча, і ўсё".
І яна зноў зразумела гэта без слоў. Ён сеў ля яе ног на падлогу.
— Гэта вы кіньце, — сказаў ён. — Нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Для вас.
— А я не думаю зараз ні аб сабе і ні аб кім. Самоты людзей, крыўды людзей — каго яны абыходзяць?
— Не заўсёды ж самота.
— А потым зноў пустка.
— Ну, бываюць жа, згадзіцеся, хаця дні без усяго гэтага.
— Так.
— Ну вось і разумныя. Сядзіце ціха, мілыя, ачуньвайце.
Яны маўчалі. Ён сядзеў ля яе ног і ўспамінаў, як гэта было тады.
…Адрына. Чорная цёплая пашча варот, з якой патыхала летам. Ішлі нацянькі, задваркамі, да яе хаты і выпадкова натрапілі на яе. А можа, і невыпадкова. Можа, вяло нешта вышэйшае.
Патрэсквалі сцябліны. Нешта шамацела, можа, мыш. Дужа здалёк, ад хат, ляцела ледзь чутнае:
Жаль на зязюлю, Жаль на рабую. Што рана закавала. А-а-а жаль на матулю Жаль на радную, Што мала я пагуляла.Абняўшы яе, ён зразумеў, што гэта ўсё, канец.
А яна дрыжала ў ягоных руках. Не ад холаду, бо ў сене было хутчэй горача.
"Досыць, досыць пра гэта!"
Таму што далей пайшла нейкая лухта. Нейкае дзікае, неверагоднае непаразуменне.
Ласевіч паехаў, абяцаючы праз паўтара месяца вярнуцца і ўзяць яе з сабой: здалася-такі.
Матляючыся ўсе гэтыя дні і тыдні ад станцыі да станцыі, недаядаючы і недасыпаючы, бо не было калі, начуючы ў дрэнных гасцільнях і на ліпучых канторскіх канапах з цыраты, — ён здзіўляўся, што яшчэ бываюць такія, — Мікола ўвесь час успамінаў чырвоную пляму зоркі, душны ад сена і свежы ад вонкавага марозу пах адрыны, Аленчыны рукі, што нечакана моцна сціскаюць ягоныя рамёны, цёмны рот, і цёмныя вочы, і няўлоўны водар яе валасоў.
Два лісты — і няма адказу. Крыху абражаны, ён даслаў паштоўку — нічога. І тады ён, упершыню ў жыцці, сят-так скінуўшы з плячэй справы, узяў на некалькі дзён водпуск і памчаў у Ласевічы: ратаваць тое, што засталося, і ўсё, што толькі магчыма.
Нічога не засталося.
Вось такой ноччу ехаў ён, і так жа калаціла цягнік, і такія ж прывіды ўставалі за вокнамі. І ён кляўся сабе, што калі толькі ўсё добра, ён ніколі ні на імгненне не выпусціць яе з рук. А потым была вёска, незвычайна ціхая, у параўнанні з калядамі, яшчэ больш заснежаная і заінелая, з блакітнымі пацёкамі лёду ля студняў, з умытым ружовым усходам.
І сустрэча была. Спяшаўся да хаты Наваграяў і, твар у твар, сутыкнуўся на вузюткай, нерастаптанай яшчэ сцежцы. Ішла ў гэтым сваім рудым, расшытым па баках і кішэнях кажушку, у той жа хусціне.
Толькі твар быў не той. Не той, які смяяўся тады на санках, такі ззяючы і румяны. І на той цьмяны і загадкавы, як тады ў адрыне. Гэта быў твар жанчыны, якой давялося-такі сербануць ліха, падсохлы, жарсткаваты, з падціснутымі вуснамі.
— Алена.
Ён спалохаўся, убачыўшы, як пацямнелі яе вочы.
— Што з табой?
— Дай прайсці.
— Дык вось жа я. Прыехаў.
— Бачу, што прыехаў. Свайго недзе не знайшоў, то прыехаў.
Прыгожыя дыялогі бываюць толькі ў раманах. У жыцці яны, часцей за ўсё, грубыя, кароткія і невыразныя. Але каб вы толькі бачылі, колькі болю, пагарды і нянавісці было ў гэтых вачах.
— Саступі.
— Ты раней растлумач, што здарылася? Чаму не адказвала на тры мае лісты?
— Тры? У каго ты вочы пазычыў? Хоць бы слова за ўвесь гэты час!
— Хлусня.
— Гэта ў цябе хлусня. Ва ўсіх вас хлусня. Каляды забыў. Адрыну забыў. Такое забыў. Шэлег табе цана, ты — тхор.
— Алена, гэта памылка нейкая. Немагчыма, Алена.
Гаворачы нешта бязладнае, ён паспрабаваў узяць яе за рамёны, расказаць, растлумачыць нешта. Але яна раптам з усёй сілы саштурхнула яго са сцежкі. Ён не быў зломкам, але штуршок быў зусім нечаканы, і ад яго Мікола сеў у снег.
І ўсё гэта бачылі людзі, а яна прайшла, не, праплыла міма, выяўляючы спінаю такую неймаверную пагарду, што Ласевічу стала холадна пад сэрцам.
У ранейшыя часы ён у адказ надаваў бы ёй ляшчоў, і ўсё, магчыма, высветлілася б, але цяпер ён быў для гэтага ўжо занадта цывілізаваным чалавекам. Кепская ўсё ж, часам, рэч — цывілізацыя.
Таму ён толькі выбраўся на сцежку і, абабіваючы снег, сказаў услед глухім голасам:
— Ты аб гэтым, Алена, пашкадуеш. Ні каляд і нічога я не забыў. І лісты дасылаў. Дзе — не ведаю. Спытай у свайго сумлення. Можа, адказваць не хацела, то й прыкінулася. Няхай. Шкадаваць не буду. Але
лісты — былі, хай так мая хата гарыць і сам я здохну.
Павярнуўся і пайшоў прэч. Аблічча было такое, што твары ўсіх, хто бачыў, пасур'ёзнелі.
Ён прамінуў хат каля пяці, калі яму здалося, што нехта ззаду паклікаў яго па імю. Ён не аглянуўся, з яго было досыць гэтай несправядлівай абразы на вачах вуліцы, ледзь не на вачах усяго роднага сяла.
І зноў нібы нехта паклікаў. Няголасна. Ці, можа, яму толькі хацелася ў гэта верыць? Ясна, што толькі хацелася. Напаўголаса ніхто не кліча, ні на дапамогу, ні тады, калі бурыцца свет.
А свет бурыўся. Мікола ішоў, амаль не бачачы дарогі, сутаргава хапаючы ротам паветра, і ўсё ўнутры ледзь не рвалася ад абразы, кахання і ўспамінаў.
…Праз месяц, у камандзіроўцы ў Пінску — Міколу часта даводзілася ездзіць сюды — ён, скарачаючы дарогу, ішоў рынкам. Быў сакавік, і неба ўжо было празрыстае і сіняе, але ўсё яшчэ марозіла, у баб былі шызыя ад марозу шчокі, мужыкі ў вайлаках пераступалі з нагі на нагу, а ўюны ляжалі на прылаўках, змерзшыся ў вялікія срэбна-карычневыя купы, і іх даводзілася раздзіраць нажом на брылы, каб адважыць колькі ўжо там кілаграмаў.