Шрифт:
Баляслаў Прус
На вакацыях
Пераклад: Янка Брыль
Увечары, як заўсёды, да мяне прыйшоў мой школьны сябар. Абодва мы жылi ў вёсках, некалькi вёрст адзiн ад аднаго, i бачылiся амаль штодня. Гэта быў прыгожы бландзiн, лагодныя вочы якога маглi заваражыць не адну жанчыну. Мяне прываблiваў яго непарушны спакой i цвярозы розум.
У гэты дзень я заўважыў, што яму нешта дакучае: глядзеў ён у зямлю i неспакойна пасцёбваў дубцом па нагах. Мне было нязручна пытацца, што так хвалюе яго, ды вось ён сам пачаў:
– Ведаеш, у мяне быў сёння дурны выпадак.
Я здзiвiўся: амаль зусiм неверагодна было, каб "дурны выпадак" здарыўся з чалавекам, якi так умеў валодаць сабою.
– У нас, - гаварыў ён далей, - быў сёння ўраннi пажар. Згарэла хата...
– А ты, вiдаць, кiнуўся ў агонь?
– перапынiў я яго трохi кплiва.
Ён перасмыкнуў плячыма i, здалося мне, злёгку зачырванеўся; зрэшты, можа, гэта ад бляску сонца, якое заходзiла.
– Загарэлiся, - сказаў ён, памаўчаўшы, - каноплi на гарышчы, а за iмi i страха. Я чытаў якраз вельмi цiкавы раздзел у Сэя, аднак, калi я ўбачыў чорны дым, што вiўся клубамi, i языкi полымя, што прабiвалiся цераз шчылiны ў комiне, мяне ахапiла абывацельская цiкаўнасць i я павалокся туды. Людзi былi на працы, на пажар з'явiлася некалькi чалавек: дзве бабы, што лямантавалi на бяду, арганiсцiха, якая адпалохвала пажар абразом святога Фларыяна, i дзядзька, што раздумваў, аберуч трымаючы пустое вядро. Ад iх я пачуў, што хата на замку, бо гаспадар з гаспадыняй у полi.
"Вось яна, наша сiстэма будаўнiцтва!..
– падумаў я.
– Дом палае, як набiты порахам..."
I сапраўды, праз момант уся страха ўзнялася слупам полымя. Дым лез у вочы, а агонь прыпякаў так моцна, што я, каб не ўзяўся пiнжак, павiнен быў адысцiся крокаў на некалькi.
Тым часам прыбегла больш людзей, з бусакамi, сякерамi i вадой. Адны пачалi абарочваць плот, якому нiчога не пагражала, другiя лiлi ваду такiм чынам, што на агонь яна не трапляла, некалькi чалавек былi ўжо мокрыя з ног да галавы, а бабу адну павалiлi. Я iм нiчога не казаў, бо вiдно было, што далейшым будынкам нiчога не пагражае, а хату ўжо не ўратаваць.
Ды раптам хтосьцi закрычаў:
– Там жа дзiця, маленькi Стасiк!..
– Дзе?
– спытаўся хтосьцi другi.
– У хаце, спiць у ночвах каля акна... Выбi каторы шкло, дык жывога яшчэ выцягнеш...
Аднак нiхто не варушыўся. Салома на страсе ўжо згарэла, а кроквы i латы жарылiся, як распалены дрот.
Прызнаюся, калi я пачуў гэта, сэрца маё здрыганулася, як нiколi.
"Калi нiхто не iдзе, - падумаў я, - пайду туды... Каб уратаваць малога, спатрэбiцца паўхвiлiны. Часу - аж занадта, аднак - страшэнная гарачыня!.."
– Ды варухнiцеся ж вы каторы!
– крычалi бабы.
– Ах вы, сабачыя душы, а яшчэ мужчыны называюцца!..
– Сама лезь у агонь, калi такая разумная!
– агрызнуўся хтосьцi з натоўпу.
– Там чалавеку адразу канец, а малое, што кураня, i так ужо зайшлося...
"Малайчына, - падумаў я пра самога сябе.
– Нiхто не iдзе, а я ўсё вагаюся! А зрэшты, - падказала мне шэптам развага, - якога чорта лезцi ў дарэмную авантуру?.. Або ж я ведаю, дзе ляжыць дзiця?.. Можа, вывалiлася з начовак?.."
Бэлькi перагаралi ўжо i пачалi з глухiм патрэскваннем выгiнацца.
"Аднак трэба ўрэшце прабрацца туды, - думаў я, - кожная хвiлiна дарагая. Дзiця не павiнна ўсё-такi згарэць, як чарвяк... А калi яно ўжо гатова?
– зноў падказала развага.
– У такiм выпадку шкада нават пiнжака..."
Здалёк пачуўся страшэнны жаночы крык:
– Ратуйце дзiця!..
– Трымайце яе!
– пачуўся крык у адказ.
– Палезе ў агонь i загiне...
Я пачуў нейкае шамаценне за мною i той самы крык:
– Пусцiце!.. Гэта маё дзiця!..
– Пад пахi яе бяры!..
– крычаў нехта ў адказ.
Я не стрываў i кiнуўся наперад. Ахапiў мяне жар, дым, дах затрашчаў над галавой, з комiна пасыпалася цэгла. Я адчуў, што валасы мае тлеюць, i... адступiўся са злосцю. "Што за дурная сентыментальнасць!
– падумаў.
– Дзеля жменькi чалавечага попелу ператвараць самога сябе ў пудзiла?.. Яшчэ скажуць, што так затанна вырашыў стаць героем!.."
Ды вось раптам мяне штурханула, бегучы да палаючай хаты, нейкая маладая дзяўчына. Пачуўся звон разбiтых шыбiн, а калi ветрам адмахнула дым, я ўбачыў яе ў акне, - яна перахiлiлася туды так далёка, што вiдаць былi непамытыя ногi.
– Што ты робiш, вар'ятка!
– закрычаў я.
– Там ужо труп, а не дзiця...
– Ягна, вылазь!
– крычалi з натоўпу.
Столь абвалiлася, ажно ў неба сыпанулi iскры. Дзяўчына знiкла ў дыме, а ў мяне пацямнела ў вачах.
– Яг-на!
– зноў залямантаваў той голас.
– Зараз! Зараз!
– адказала дзяўчына, бегучы каля мяне назад.
Яна з намаганнем несла цяжкага хлопца, якi, прачнуўшыся, крычаў на ўвесь свет.
– Дык ён жывы?
– спытаўся я ў сябра.
– Жывы i здаровы.
– А дзяўчына... яго сястра?
– Дзе там, - адказаў сябар.
– Зусiм чужая, нават наймiчка ў iншага гаспадара, i гадоў ёй з пятнаццаць.
– I нiчога з ёю не здарылася?
– Прысмалiла сабе хустку i трохi валасоў. Iдучы да цябе, я бачыў яе. Скрабла бульбу каля сяней i штосьцi сабе напявала фальшывым голасам. Я хацеў выказаць ёй сваё захапленне, ды раптам усплылi на думку адно пры адным: яе дзiкi парыў i мая разважлiвасць перад чужым няшчасцем, i... мне так сорамна стала, што i слова не змог ёй сказаць.
– Мы ўжо такiя!..
– дадаў ён i стаў ссякаць сваiм дубцом прыдарожнае пустазелле.
На небе пачалi паказвацца зоркi, а халодны вецер данёс ад сажалкi кваканне жабаў i папiскванне вадзяных птушак, якiя ацiхалi перад сном. Звычайна ў такi час мы з сябрам строiлi планы на будучыню, але сёння пра гэта гаворкi ў нас не было. Затое мне здавалася, што кусты вакол нас шэпчуць:
– Вы ўжо такiя!..