Начны палёт
Шрифт:
Рабіно па-ранейшаму стаяў побач і таропіўся ў карту: ён пакрысе авалодваў сабою. Ад Рыўера ён не чакаў ніякай спагады.
Неяк ён ужо спрабаваў расчуліць Рыўера — даверліва прызнаўся, як псавала яму жыццё недарэчная нямогласць, але Рыўер толькі пасмяяўся.
— Экзема не дае вам спаць — значыць, яна павышае вашу руплівасць.
У гэтым жарце была вялікая доля праўды. Рыўер сцвярджаў:
— Калі бяссонніца нараджае ў музыканта цудоўныя творы — гэта цудоўная бяссонніца!
Неяк, паказваючы на Леру, ён сказаў:
— Падумайце, які гэта цуд — няўклюднасць: яна адпрэчвае каханне… Магчыма, усяму таму высокаму, што жыло ў Леру, ён быў абавязаны гэтай няўклюднасці, якая звяла яго жыццё да адной толькі працы.
— Вы вельмі блізкія з Пэльрэнам?
— Гм…
— Я не папракаю вас.
Рыўер павярнуўся і, угнуўшы галаву, захадзіў па пакоі дробнымі крокамі; за ім след у след пацягнуўся Рабіно. Сумная ўсмешка кранула вусны дырэктара, сэнс якой Рабіно не зразумеў.
— Толькі… Толькі памятайце, што вы начальнік.
— Так, — адказаў Рабіно.
А Рыўер падумаў, што вось гэтак штоночы ў небе завязваецца вузлік новай драмы. Паслабіцца воля людзей — чакай паражэння, а давядзецца, магчыма, весці нялёгкае змаганне.
— Вы не павінны забываць пра сваю ролю начальніка.
Рыўер быццам узважваў кожнае слова:
— Магчыма, бліжэйшай ноччу вы адправіце гэтага лётчыка ў небяспечны рэйс: ён павінен падпарадкоўвацца вам.
— Так.
— У вашых руках, можна сказаць, жыццё людзей, і гэтыя людзі болей вартыя, чым вы… — Ён запнуўся. — Так, гэта вельмі важна.
Рыўер па-ранейшаму хадзіў нешырокімі крокамі; некалькі секунд ён памаўчаў.
— Калі яны падпарадкуюцца вам з дружбы — значыць, вы іх ашукваеце. Таму што вы, асабіста вы не маеце права патрабаваць ад людзей ніякіх ахвяр.
— Не маю, вядома…
— Калі ж яны спадзяюцца, што ваша дружба можа збавіць іх ад цяжкай працы, дык зноў жа вы ашукваеце іх: яны абавязкова падпарадкоўваюцца ў любым выпадку. Прысядзьце.
Рыўер мякка падштурхнуў Рабіно да свайго стала.
— Я хачу напомніць вам пра вашы абавязкі, Рабіно. Калі вы стаміліся, дык не ў гэтых людзей вам шукаць падтрымкі. Вы — начальнік. Ваша слабасць — смешная. Пішыце.
— Я…
— Пішыце: «Інспектар Рабіно накладвае на пілота Пэльрэна такое вось спагаанне за такую вось правіну…» Правіну вы знойдзеце самі.
— Месье дырэктар!
— Выконвайце, Рабіно. Дзейнічайце так, быццам вы зразумелі… Любіце падначаленых. Але не кажыце ім пра гэта.
З гэтага часу Рабіно будзе яшчэ з большым запалам патрабаваць, каб на ўтулках не было ржы.
Адзін з аэрадромаў лініі паведаміў па радыё: «Бачым самалёт». Лётчык падае сігнал: «Нешта з маторам. Іду на пасадку».
Значыць, будзе страчана паўгадзіны. Рыўер узлаваўся; гэтак бывае пры неспядзяванай супынцы хуткага цягніка ў дарозе, калі хвіліны пачынаюць бегчы ўлегцы, напуста, ужо не аддаючы сваёй долі адоленай прасторы. Вялікая стрэлка насценнага гадзінніка адлічвала цяпер мёртвую прастору… А колькі падзей магло б умясціцца ў гэты ростул цыркуля!
Каб ашукаць нудлівае чаканне, Рыўер выйшаў з пакоя, і ноч здалася яму пустой, як тэатр без акцёраў. «Марнуецца гэткая ноч!» Ён раздражнёна глядзеў на чыстае неба, аздобленае зоркамі, на гэтыя боскія сігнальныя агні, на поўню — глядзеў, як напуста растрачваецца золата ночы.
Але як толькі самалёт падняўся ў паветра, ноч зноў зрабілася для Рыўера хвалююча цудоўнай. Яна несла ў сваім улонні жыццё. Пра гэтае жыццё і турбаваўся Рыўер.
— Запытайцеся ў экіпажа, якое ў іх надвор'е.
Мінула дзесяць секунд:
— Раскошнае.
Потым пайшлі назвы гарадоў, над якімі пралятаў самалёт, і для Рыўера гэта былі крэпасці, узятыя з бою.
VIII
Рыўер выйшаў на вуліцу. Яму хацелася трошкі пахадзіць, заглушыць тую трывогу, якая зноў завалодвала ім. Ён, чыё жыццё заўжды было прысвечана толькі дзеянню, прасякнутаму драматызмам, ён са здзіўленнем адчуў, што гэтая драма саступае месца нейкай іншай, яго асабістай драме. Ён падумаў, што жыццё абывацеляў у маленькіх мястэчках, на першы погляд такое ціхае, засяроджанае вакол танцпляцовак, — часам таксама тоіць у сабе цяжкія драмы: хваробу, каханне, смерць і, магчыма… Свая хвароба шмат чаму яго навучыла. «Быццам расчыніліся нейкія новыя вокны», — падумаў ён.
Пазней, гадзін у адзінаццаць вечара, адчуўшы сябе лепей, Рыўер пайшоў назад, у кантору. Няспешна прабіраўся сярод людзей, якія тоўпіліся ля ўвахода ў кінатэатры. Ён падняў вочы да зорак, якія зіхацелі над вузкай вуліцай, амаль непрыкметныя пры агнях рэкламы, і падумаў: «Сёння ў палёце два паштовыя. Сёння вечарам я адказваю за ўсё неба. Далёкая зорка падае мне знак, яна шукае мяне ў натоўпе — яна знайшла мяне: вось чаму я адчуваю сябе нейкім чужым, самотным».
У памяці выплыла музычная фраза: некалькі нот з санаты, якую ён слухаў учора з прыяцелямі. Прыяцелі не зразумелі музыкі: «Такое мастацтва наводзіць дакуку. І на вас таксама, толькі вы не хочаце ў гэтым прызнацца».
— Магчыма, — адказаў ён.
Як і зараз, ён тады адчуў сябе самотным, але адразу ж зразумеў, як узбагачае яго тая самота. Музыка несла яму нейкую вестку — яму аднаму сярод усіх гэтых недалёкіх людзей даверліва раскрывала сваю тайну. Гэтак, як сёння падае яму знак зорка. Цераз галовы столькіх людзей яна размаўляла з ім на мове, зразумелай толькі яму.
На тратуарах Рыўера штурхалі. Ён думаў: «Ці варта раздражняцца? Я — нібы чалавек, у якога хворае дзіця: павольна брыдзе ён у натоўпе і нясе ў душы вялікую моўчу свайго дому».
Рыўер глядзеў на людзей. Ён спрабаваў распазнаць тых, хто клапатліва аберагае ў душы сваё адкрыццё альбо сваю любоў, і думаў пра тое, якія самотныя дазорцы маякоў. Рыўеру прыйшоўся даспадобы спакой канторы. Непаспешліва ішоў ён з пакоя ў пакой, і яго крокі адзінока гучалі ў пустым будынку. Пішучыя машынкі спалі пад футараламі. За замкнёнымі дзверцамі вялікіх шафаў роўнымі радамі выстраіліся канцылярскія папкі. Дзесяць гадоў вопыту і працы! Рыўеру ўявілася, быццам ён ходзіць па каморах банка, навокал грувасцяцца незлічоныя скарбы. Ён думаў, што кожная з яго ведамасцей назапасіла нешта больш каштоўнае, чым золата, — жывую сілу. Хоць яна і заснула, як золата ў банкаўскіх скарбніцах.
У адным з пакояў ён напаткае зараз адзінага тут нядрэмніка — дзяжурнага сакратара. Той працуе, каб прадаўжалася жыццё, каб не спыняліся намаганні чалавечай волі і каб ніколі і нідзе, ад Тулузы да Буэнас-Айрэса, не разрываўся ланцуг.
«І чалавек гэты нават не здагадваецца пра сваю веліч».
Дзесьці вядуць цяпер бітву паштовыя самалёты. Начны палёт цягнецца доўга, як хвароба: каля самалёта трэба дзяжурыць, як ля пасцелі хворага. Трэба памагаць людзям, якія рукамі, каленямі, грудзьмі сустракаюць начную цемру, сутыкаюцца з ёю твар у твар і для якіх не існуе — ва ўсім свеце не існуе нічога, апрача зыбкіх, нябачных стыхій, і сілай сваіх рук, усляпую, павінны яны вырваць сябе з гэтых стыхій, як з марскога прадоння. Як страшна можа прагучаць часам прызнанне: «Каб разгледзець свае рукі, мне прыйшлося іх асвятліць…» У чырвоным святле выступае далікатны аксаміт рук, быццам кінутых у ванначку з праяўляльнікам. Гэта ўсё, што застаецца ад свету, і гэта трэба выратаваць…