Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Навелы

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Але не ў гэтым сутнасць. Найлепш было б аб’яднаць пытанне, чаму мы тады не сышлі, з другім пытаннем — чаму мы раней не з’ехалі з Торэ. Па-мойму, гэта адно і тое самае пытанне, і, каб неяк выйсці з сітуацыі, я мог бы нагадаць, што ўжо адзін раз на яго адказаў. Усё, што тут адбывалася, было гэтаксама нязвыкла і чароўна, што гэтаксама трывожыла, зневажала і прыгнятала, як і ўсё астатняе ў Торэ; не, больш таго: гэтая зала як бы ўвабрала ўсё незвычайнае, вусцішнае, ашалелае, чым была, як здавалася нам, прасякнута атмасфера курорта, і чалавек, вяртання якога мы чакалі, здаваўся нам увасабленнем усяго таго ліха, але як што мы не з’ехалі наогул, было б нелагічна пайсці цяпер. Вось тлумачэнне, чаму мы засталіся, самі рашайце, прымаць яго ці не.

Дык вось, на дзесяць хвілін быў аб’яўлены перапынак, які задоўжыўся ажно на дваццаць. Дзеці атрэсліся ад сну і зноў пачалі перагаворвацца з гледачамі стаячых месцаў, з Антоніё, з Гіскарда, з лодачнікам. Складваючы далонькі, яны крычалі рыбакам добрыя пажаданні, якія перанялі ў нас:

— Паболей вам заўтра рыбкі!

— Поўныя-паўнюткія сеткі!

Марыё, малодшаму афіцыянту з «Эсквізіта», яны крыкнулі:

— Mario, una ciccolata e biscotti! [31]

31

Марыё, адзін шакалад з бісквітам! (іт.).

Гэтым разам ён уважыў і з усмешкай адказаў:

— Subito! [32]

Пазней мы нездарма ўспаміналі гэтую ветлую, крыху рассеяна-меланхалічную ўсмешку.

Так прайшоў антракт, ударыў гонг, і гледачы, якія перагаворваліся ў розных канцах залы, зноў пазаймалі свае месцы, дзеці з прагнай нецярплівасцю, пакруціўшыся, паюрзаўшы, зручна расселіся, склаўшы рукі на каленях. Эстрада ў перапынку заставалася адкрытая. Чыпола выйшаў уразвалку і адразу ж на правах канферансье пачаў знаёміць публіку з другой серыяй фокусаў.

32

Зараз! (іт.).

Карацей, каб усё тут вам было ясна, гэты самаўпэўнены гарбач быў вельмі моцны гіпнатызёр, якога я калі-небудзь бачыў у жыцці. Калі на афішах ён выдаваў сябе за фокусніка, штукара і тлуміў публіцы галаву адносна сапраўднай прыроды сваіх паказаў, дык, мабыць, выключна дзеля таго, каб абысці закон і паліцэйскія пастановы, якія строга забаранялі займацца гіпнозам дзеля заробку. Магчыма, такая чыста фармальная маскіроўка ў Італіі прынятая, і ўлады трываюць яе, альбо глядзяць на гэта праз пальцы. У кожным разе Чыпола фактычна з самага пачатку не дужа хаваў сапраўдны характар сваіх намераў, а другое аддзяленне праграмы было зусім адкрытае і цалкам прысвечана спецыяльным доследам — дэманстрацыя гіпнатычнага сну і ўнушэнні, хоць і тут ён у сваім канферансе нічога не называў сваім імем. У бясконцай чарзе камічных, хвалюючых, ашаламляльных штук, якія апоўначы былі ў самым разгары, перад нашымі вачыма прайшоў увесь арсенал дзівосаў ад самых нязначных да самых страшных, заключаных у гэтай натуральнай і загадкавай сіле, і гледачы рагаталі, пакручвалі галовамі, ляпалі па каленях і пляскалі, прымаючы кожную забаўную падрабязнасць, яны яўна падупалі ўладзе бясконца ўпэўненай у сабе асобе гіпнатызёра, хоць, вядома, так мне здалося, іх абурала тая абраза, што заключалася ў кожнай яго перамозе.

Дзве рэчы гралі галоўную ролю ў гэтых перамогах: чарка каньяку і плётка з тронкам у выглядзе пазурастай лапы. Першая павінна была распальваць яго дэманічную сілу, якая інакш, відаць, магла вычарпацца; і гэта магло б абудзіць да яго чалавечую спагаду, каб не другое — зняважлівы сімвал ягонай улады, плётка, якою ён фанабэрыста падпарадкоўваў нас сабе, што выключала ўсякія іншыя, цяплейшыя пачуцці, апрача здзіўленай і абуранай пакоры. Але, магчыма, менавіта спагады яму якраз і бракавала. Няўжо ён прэтэндаваў яшчэ і на гэта? Няўжо хацеў завалодаць усім? Мне запомнілася адна ягоная заўвага, якая ўказвала на такую яго прэтэнзію. Яна вырвала ў яго ў самы напружаны момант эксперыментаў, калі, давёўшы пасамі і падзьмухваннем да поўнага каталептычнага стану маладога чалавека, які сам прапанаваў свае паслугі і аказаўся надзіва ўспрыімлівым аб’ектам унушэнняў, ён не толькі паклаў агорнутага моцным сном хлопца патыліцай і нагамі на білцы двух крэслаў, але яшчэ і сеў на яго сам, і здзеравянелае цела нават не прагнулася. Выгляд гэтай пачвары ў вячэрнім гарнітуры, што ўзбатавалася на скарчанелае цела, быў такі фантасмагарычны і мярзотлівы, аж публіка, думаючы, быццам ахвяра гэтай навуковай забавы пакутуе, пачала яе шкадаваць. «Poveretto!», «небарака!» — чуліся шчырадушныя галасы.

— Poveretto! — злосна перадражніў Чыпола. — Вы памыліліся адрасам, панове! Sono io il poveretto! [33] Гэта я тут небарака!

Гледачы моўчкі праглынулі ягоную заўвагу. Добра, няхай на Чыполу клаўся ўвесь цяжар прадстаўлення, няхай ён нават у сваіх думках прыняў на сябе боль у страўніку, ад якога так жаласліва курчыўся Джаванота, але з выгляду ўсё было якраз наадварот, і хто ж будзе крычаць «poveretto!» чалавеку, які пакутуе дзеля таго, каб прынізіць іншага.

33

Гэта я небарака! (іт.).

Але я ўжо забег наперад і парушыў паслядоўнасць. Галава ў мяне дагэтуль поўная штукамі гэтага дзівака, толькі ўжо не памятаю, што за чым ішло, але гэта няважна. Аднопамятаю добра: вялікія і складаныя эксперыменты, што мелі найбольшы поспех, зрабілі на мяне меншае ўражанне, чым некаторыя дробязныя, якія ён рабіў быццам мімаходзь. Нумар з маладым хлопцам, які паслужыўся гіпнатызёру лаўкаю, узгадаўся мне праз звязаную з ім натацыю… Пажылая дама, што заснула на саламяным крэсле: Чыпола ўнушыў, быццам яна падарожнічае па Індыі, і тая ў трансе вельмі бойка расказала пра свае дарожныя ўражанні на сушы і на вадзе, гэта мяне менш заінтрыгавала і не так здзівіла, як маленькі прахадны эпізод адразу за антрактам: высокі ладны мужчына, з выгляду вайсковец, не мог падняць руку толькі таму, што гарбач сказаў, быццам ён яе не падыме, і ляснуў плёткай. Як жывы бачу перад сабою твар гэтага вусатага, падцягненага colonello [34] і вымучаную ўсмешку, з якою ён, сцяўшы зубы, змагаўся за адабраную ў яго свабоду валодаць сабою. Які канфуз! Ён хацеў і не мог; але, відаць, ён мог толькі не хацець, тут дзейнічала ўнутраная калізія волі, якая паралізавала свабоду, — і ўсё гэта зларадна прадказаў маладому рымляніну наш утаймавальнік.

34

Палкоўнік (іт.).

Незабыўная таксама ва ўсёй яе кранальнасці і ўяўнай камічнасці сцэна з сіньёрай Анджальеры, чыю эфірную безабароннасць перад яго магутнасцю кавальерэ, вядома ж, не ўпусціў заўважыць яшчэ пры першым сваім бессаромна-нахабным аглядзе публікі ў зале. Ён чысцюткім чарадзействам літаральна падняў яе з крэсла і павёў за сабою з рада, ды яшчэ, каб пазадавацца, унушыў сіньёру Анджальеры думку гукнуць жонку імем, нібы каб той кінуў на шалі вагаў і сябе, і свае правы і мужавым поклічам абудзіў у душы сваёй спадарожніцы пачуцці, здольныя абараніць яе цноты ад ліхіх чараў. Але ўсё марна! Чыпола, стоячы зводдаль ад пары, толькі раз ляснуў плёткай, і наша гаспадынька, сцепнуўшыся ўсім целам, павярнулася да яго. «Сафонія!» — ужо тут крыкнуў сіньёр Анджальеры (а мы і не ведалі, што сіньёру Анджальеры завуць Сафонія), і з поўнай падставай крыкнуў, бо кожнаму было ясна, якая тут небяспека — яго жонка, павярнуўшыся да праклятага кавальерэ, проста вачэй з яго не зводзіла. А Чыпола з плёткай на руцэ пачаў усімі дзесяццю доўгімі, жоўтымі пальцамі клікаць і вабіць сваю ахвяру, крок за крокам адступаючы. І тут празрыста-бледная сіньёра Анджальеры прыўстала з месца, ужо ўсім корпусам падалася да заклінача і паплыла за ім. Прывіднае і фатальнае відовішча! Як лунатычка, з ненатуральна нерухомымі, нейкімі скаванымі плячамі і шыяй, крыху выставіўшы наперад прыгожыя рукі, яна, нібы не адрываючы ног ад падлогі, ішла ўздоўж свайго рада следам за спакушальнікам.

— Паклічце яе; сіньёр, ну паклічце ж! — патрабаваў вылюдак.

І сіньёр Анджальеры кволым голасам паклікаў:

— Сафонія!

Ах, яшчэ колькі разоў ён клікаў яе, а яна ўсё больш аддалялася ад яго, нават прыкладваў руку далонькай да вуснаў, і другою — махаў, аж так клікаў. Але жаласлівы покліч кахання і абавязку без сілы заміраў за спінай прапасніцы, і ў самнамбулічным лунанні, зачараваная і глухая да ўсяго, сіньёра Анджальеры выплыла ў сярэдні праход і паплыла далей, да гарбача, які вабіў яе, да выхаду. Складвалася поўнае ўражанне, што яна пойдзе за сваім валадаром хоць на край зямлі, калі толькі ён скажа.

— Accidente! [35] — ускочыўшы з месца, залямантаваў у сапраўдным страху сіньёр Анджальеры, калі яны дайшлі да дзвярэй.

Але ў той самы момант кавальерэ, так сказаць, скінуў з сябе лаўры пераможцы і спыніў эксперымент.

— Даволі, сіньёра, дзякую вам, — сказаў ён, з камедыянцкай галантнасцю падаў руку жанчыне, якая нібы з неба звалілася, і адвёў яе да сіньёра Анджальеры. — Пане, — звярнуўся да таго з паклонам, — вось ваша жонка! З найглыбейшаю пашанаю ўручаю вам яе цэлую і здаровую. Беражыце і ахоўвайце дадзены вам скарб з усёй рашучасцю мужчыны, і няхай вашую пільнасць абвострыць разуменне таго, што ёсць сілы больш магутныя за розум і цноту, і яны толькі ў рэдкіх выпадках спалучаюцца з велікадушным самазабыццём!

35

Ратуйце! (іт.).

Бедны сіньёр Анджальеры, такі ціхенькі, такі лысенькі! Не выдавала на тое, каб ён мог абараніць сваё шчасце нават ад сіл, менш дэманічных за тыя, што ў дадатак да ўсіх страхаў цяпер яшчэ і глуміліся з яго. Важны і надзьмуты кавальерэ ўзышоў на эстраду пад буру воплескаў, якія ў пэўнай ступені былі платай яго красамоўству. Калі не памыляюся, менавіта дзякуючы гэтай перамозе яго аўтарытэт настолькі падрос, што ён мог бы прымусіць публіку скакаць — ага, ага, скакаць, гэта трэба разумець літаральна, — што, у сваю чаргу, прывяло да пэўнай раскілзанасці, — нейкі начны чад, у чмурным дыме якога патанулі астатнія рэшткі крытычнага супраціву, якія так доўга супрацьстаялі ўплыву гэтага агіднага чалавека. Праўда, каб устанавіць сваю поўную ўладу, Чыполу давялося вытрымаць даволі цяжкую барацьбу з маладым рымлянінам, чыя косная маральная непаддатнасць магла даць публіцы непажаданы і небяспечны гэтай уладзе прыклад. Але кавальерэ цудоўна разумеў важнасць прыкладу і разумна выбраў пад атаку найслабейшы пункт абароны, пусціў на закваску скочнай оргіі таго самага кволага хлопца, які лёгка ўпадаў у транс і якога ён перад тым ператварыў у бясчулае бервяно. Аднаго позірку маэстра хапіла, каб той, як громам удараны, адкінуўшы корпус назад, рукі па швах, упадаў у воінскі самнамбулізм, так што ягоная гатоўнасць выканаць самы бязглузды загад з самага пачатку кідалася ў вочы. Да таго ж яму, відаць, самому падабалася падпарадкоўвацца, і ён з радасцю адкідаў сваю жалю вартую самастойнасць і каторы раз прапаноўваў сябе ў аб’екты эксперыменту і яўна лічыў за гонар паказаць узор імгненнага самаахвяравання і бязвольнасці. І цяпер ён адразу палез на эстраду, і даволі было раз ляснуць плёткай, як ён з загаду кавальерэ пачаў скакаць «стэп», г. зн. у самазабыўным экстазе, заплюшчыўшы вочы і хітаючы галавой, раскідваць убакі худыя рукі і ногі.

Поделиться с друзьями: