Навелы
Шрифт:
3-пад кепачкі выбіваўся густы русявы касмач, задзірыста скучараўлены на лбе. Блакітныя вочы аж гарэлі. Ён ляцеў як над зямлёю, усё пазвоньваючы, імклівы, парывісты, як само жыццё. Але Піпзам і з месца не ступіў. Ён стаяў і з каменным тварам глядзеў на Жыццё.
Хлопец крыва зірнуў на Піпзама і пачаў павольна яго аб’язджаць, але тут заварушыўся і Піпзам і, калі веласіпед параўнаўся з ім, сказаў ясна і разборліва:
— Нумар дзевяць тысяч семсот сем.
Сказаўшы, ён моцна сціснуў губы і важна натапырыўся, адчуўшы на сабе атарапелы позірк Жыцця. Хлопец схапіўся адной рукой за сядло, абярнуўся і паехаў павольна.
— Што такое? — спытаўся ён.
— Нумар дзевяць тысяч семсот сем, — адсек Піпзам. — Няважна. Проста я заяўлю на вас у паліцыю.
— На мяне? У паліцыю? — здзівіўся хлопец, яшчэ больш павярнуўся на сядле і паехаў зусім памалютку, тузаючы рулём, каб не ўпасці.
— Ну так, на вас, — гмыкнуў Піпзам ужо з пяці-шасці крокаў.
— А з якое такое рацыі? — пацікавіўся хлопец і саскочыў з веласіпеда. Ён стаяў перад Піпзамам, глядзеў і чакаў.
— Самі ведаеце!
— Нічога я не ведаю!
— Мусіце ведаць.
— Я вам кажу, што не ведаю і ведаць не хачу, — сказаў хлопец, — дужа мне цікава!
І ён рашуча ўзяўся за руль. Відаць, быў не палахлівы.
— Я заяўлю на вас, бо вы едзеце, дзе ехаць не павінны. Куляйцеся сабе па шашы, а тут дарога на могілкі,— сказаў Піпзам.
— Дзівак вы, — засмяяўся хлопец і, ледзь стрымліваючы прыкрасць і нецярплівасць, зноў павярнуўся да Піпзама. — Паглядзіце, колькі тут слядоў ад шынаў панаезджана. Тут ездзяць усе, каму ахвота.
— Няважна, — зацяўся Піпзам, — я заяўлю на вас.
— Што ж, заяўляйце, калі закарцела, — кінуў хлопец і ўскочыў на веласіпед. Сапраўды ўскочыў, і ўскочыў удала, не схібіў; толькі раз штурхануў нагою, паправіўся на сядле і пайшоў ціскаць на педалі, каб добра разагнацца, як яно і след ездаку з такім характарам.
— Эй, вы! — крыкнуў Піпзам наўздагон дрыготкім голасам. — Калі вы зараз не збочыце з дарогі на могілкі, я тут жа заяўлю на вас, так і ведайце!
Але Жыццё ўжо не зважала на яго і гнала хутчэй і хутчэй.
Калі б у гэтую хвіліну вы ўбачылі Піпзама, вы, напэўна, спалохаліся б. Ён так сцяў губы, што ўвесь ягоны твар разам з пунсовым носам перакасіўся, бровы папаўзлі ўгору, вочы неяк ашалела ўтаропіліся ў веласіпед. І раптам ён кінуўся следам. Прабегшы тыя некалькі метраў, што было да машыны, ён ухапіўся за багажнік, учапіўся за яго, аж павіснуў на раме і, не растуляючы вуснаў, сціснутых з нялюдскай сілай, лыпаючы бельмамі, пачаў моўчкі, азвярэла цягнуць на сябе веласіпед, які ўпарта супраціўляўся. Глянуўшы збоку, не сказаў бы: ці то стары ад злосці не дае маладому праехацца, ці то самому закарцела праехацца, падыхаць свежым паветрам, — толькі накручвай педалі, гайда! Веласіпед не адужаў такой навалачы, спыніўся, хільнуўся, упаў.
Тут ужо хлопец больш не цацкаўся. Стоячы на адной назе, як замахнецца, як урэжа Піпзаму ў душу — той аж адляцеў на колькі крокаў. А тады ўжо накінуўся на яго, усё больш павышаючы голас:
— Вы ці не п’яны, мой пане! Зачапіце мяне толькі, чорт вас пабяры, яшчэ раз, уеду ў морду, ясна? Я вам усе скабы скасабочу! Так і ведайце.
І адвярнуўся ад Піпзама, абурана нахлабучыў кепачку і зноў скочыў да веласіпеда. Ён і праўда быў не палахлівы. І цяпер не аканфузіўся, сеў спрытна. Толькі раз штурхануўся нагой, умасціўся на сядле і адразу прыбраў машыну. Піпзаму засталося толькі глядзець, як знікае з вачэй ягоная спіна.
Ён стаяў, пыхцеў і, вылупіўшы вочы, глядзеў услед Жыццю. А Жыццё педалявала наперад як нічога табе ніякага, без паломак і аварый, — і шыны напампаваны, і ніводзін камянёк не выкаціцца на дарозе пад кола — каціла-ляцела лёгка і пругка. І тут Піпзам уголас і ў кляцьбу — гэта, бадай, быў рык, а не чалавечы голас.
— Спыніцеся! — лямантаваў ён. — Ні з месца! Вам на тое шаша, а не тут, на дарозе на могілкі! Злазьце, каму я сказаў, злазьце! Вы… вы… Я вас у паліцыю! Я на вас падам! А божачкі, каб ты прапаў, каб цябе рассадзіла, галава дурная! Я табе ўсю морду стаўку, падла анафемская!
Ну, вы чулі такое?! Па дарозе на могілкі спыняецца чалавек і лаецца, лямантуе як вар’ят, сябе не памятаючы, нешта дурное выкаблучвае, увесь тузаецца і не можа супакоіцца.
Веласіпеда і след астыў, і пыл улёгся, а Піпзам усё яшчэ калаціўся і сатанеў і ні з месца.
— Дзяржы яго, дзяржы халеру! Гэта што ж надумаў — ездзіць па дарозе на могілкі! Ах ты паскуднік, басота няўмытая! Кепку начапіў, малпа нячэсаная! Вачыма зыркае! Я табе пазыркаю, шчаня неданошанае! Распуста, выстаўляецца мне! Злазь, сучы выскрабак, злазь, каму я сказаў! Няўжо ніхто не скіне яго ў гразь, нахабу, блазна лупленага! Прагуляцца яму, бач, прыспічыла, маладому чалавеку, і мусова на дарозе на могілкі, га? Сцягніце яго з сядла, прахвоста гэтага! Пусціце мяне, дайце дабрацца да яго!.. Што? Што такое? Што гэта я?.. Пажджы-но, пажджы, каб на цябе воўка, дурнота дурная!
Тут Лёбгот Піпзам панёс увогуле нешта зусім бязглуздае. Закіпелым ротам, брынклівым голасам ён крычаў чортведама якія кленічы і сцепваўся ўсім целам, як шалёным духам апантаны. 3 шашы падбеглі дзеці з кошыкам і сабакам пінчэрам; яны пералезлі праз канаву, абступілі галаслівага чалавека, утаропіліся на яго скажоны твар. Пачулі Піпзама і на будоўлі, і муляры, адклаўшы хто абед, хто працу, разам з падзёншчыкамі рушылі да гурту людзей, што ўжо тоўпіўся на дарозе. А Піпзаму ні ўгамону, ні гамону! Яго сама разабрала! Раз’ятрана трасучы кулакамі, ён гразіў то небу, то ўяўным слухачам, то выдыгваў нагамі нейкія неверагодныя выкрунтасы, прысядаў і зноў як бы яго чорт падшпільваў, гарлаў на ўсю гардзёлку. Ён брыдка лаяўся без усякага аддыху, і адкуль тое бралася! Твар заплыў крывёю, цыліндр з’ехаў на патыліцу, манішка вылезла з камізэлькі: Папзам ужо забыўся, з чаго ўсё пачалося, і цяпер чытаў павучальныя мудраслоўі, якія наогул ужо справы не тычыліся. Ён ужо й сябе кляў за безгалоўе, і да Бога заклікаў — усё ў тым самым недапушчальным тоне, шчодра перасыпаючы сваю казань брыдкай непатрэбшчынай.
— Сюды, хутчэй-це сюды! — роў ён. — І не вы, не толькі вы, а і тыя вунь, кепачнікі, тыя вунь, лупатыя. Я вам такую праўду скажу, што пападаеце. Смеяцеся, плечкамі знізваеце, каб вас пананізвала! Што ж, што праўда, то праўда… слабы я да чаркі, не схлушу!.. Але хай я самы прапашчы п’янюга!.. Нас рассудзяць! Апошні дзень яшчэ не настаў… Ён прыйдзе, свалата паганая, Гасподзь усіх нас паважыць на шалях… от і пабачым, чыя пераважыць… Прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй, вы, нявінныя ліхадзеі, Яго царства не ад свету гэтага… Ён укіне вас у цемру вонкавую, дзе крык і скрыгат зубоў…
Сабраўся ладны натоўп. Хто выскаляўся, хто супіў бровы. Падышло яшчэ некалькі муляраў і падзёншчыкаў з будоўлі. Нейкі вазак, пакінуўшы сваю фурманку на шашы і не выпускаючы з рукі пугі, таксама пералез канаву. Нехта схапіў Піпзама за плячук і давай трэсці, але той гэтага нават не заўважыў. Міма ішлі строем салдаты, яны цягнулі шыі, рагаталі. Нават пінчэр не стрываў: упёрся пярэднімі лапамі ў зямлю, падціснуў хвост і зайшоўся брэхам проста ў твар Піпзаму.
І тут Лёбгот Піпзам яшчэ раз крыкнуў з усяе сілы: «Злазь, каму я сказаў, малакасос кіслагубы!», апісаў у паветры рукою шырокую дугу і раптам — брык на зямлю. Быццам скамянелы, ляжаў ён чорнаю купінай сярод натоўпу, што абступіў яго. Памяты цыліндр зляцеў з галавы, пакаціўся, падскокнуў і таксама застыў на месцы. Двое муляраў схіліліся над нерухомым Піпзамам, паталкавалі пра здарэнне, разумна, дзелавіта, як яно і належыць рабочым людзям. Адзін з іх падняўся і некуды пабег. Астатнія яшчэ нейкі час кешкаліся з нячулым целам, спрабавалі адно, другое. Нехта плёхнуў на яго з вядра, нехта, наліўшы ў далоню спірту, працёр яму скроні. Але ўсе гэтыя намогі нічога не далі.