Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Навелы

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Я паспяшаўся запэўніць доктара Б., што ўсе мы вельмі рады гэтаму здарэнню, яно дазволіла нам пазнаёміцца з ім, і дадаў, што пасля ўсяго пачутага мне будзе ўдвая цікава прысутнічаць на заўтрашнім імправізаваным турніры.

Доктар Б. зрабіў неспакойны рух.

— Далібог, вы не павінны чакаць надта многага. Для мяне гэта будзе проста проба… проба, ці магу я… магу я наогул гуляць у шахматы нармальна, седзячы за шахматнаю дошкаю насупраць сапраўднага жывога партнёра, перасоўваючы сапраўдныя фігуры… бо я пачынаю ўсё болей і болей сумняваца, ці гуляў я гэтыя сотні або нават тысячы партый па правілах. А можа, яны проста вынік маёй хворай фантазіі? Ці мо гэта было проста трызненне, шахматная ліхаманка, калі чалавек, як у сне, няспынна ідзе наперад скачкамі? Бо вы ж не думаеце сур’ёзна, што я магу памерацца сіламі з майстрам, ды яшчэ з чэмпіёнам свету па шахматах, і гуляць з ім, як з роўным? Адзінае, што мяне цікавіць і падштурхоўвае гуляць, — простая цікаўнасць. Мне хочацца высветліць заднім днём, што ж папраўдзе адбывалася са мною ў зняволенні: гуляў я ў шахматы ці быў вар’ятам, быў блізкі да вар’яцтва ці ўжо пераступіў мяжу.

У гэты момант на другім баку парахода прагучаў гонг, які склікаў пасажыраў на вячэру. Размова наша працягвалася амаль дзве гадзіны: доктар Б. расказваў мне сваю гісторыю значна больш падрабязна, чым я перадаў яе тут. Я сардэчна падзякаваў яму і развітаўся, але не паспеў яшчэ прайсці палубу, як ён дагнаў мяне; ён быў яўна ўсхваляваны і гаварыў, крыху заікаючыся:

— Яшчэ адно. Я не хачу быць няветлівым у адносінах да вашых сяброў, таму, калі ласка, папярэдзьце іх загадзя, што я згуляю толькі адну партыю. Галоўнае — раз і назаўсёды вырашыць сабе гэтае пытанне, так сказаць, падвесці канчатковы вынік. Я зусім не збіраюся пачынаць усё спачатку. Я не магу дазволіць сабе другі раз захварэць на гэтую шахматную гарачку, пра якую я і цяпер успамінаю з дрыжыкамі… І акрамя таго… акрамя таго, мяне папярэджваў доктар, ён настойліва папярэджваў мяне. У чалавека, які быў адзін раз ва ўладзе маніі, заўсёды існуе небяспека рэцыдыву, і таму мне, хвораму на «шахматную атруту», нават калі мяне лічаць цалкам вылечаным, трэба трымацца ад шахматнай дошкі далей… Таму вы разумееце: толькі адна пробная партыя, і ніводнай болей.

Назаўтра дакладна ў вызначаны час, у тры гадзіны, мы сабраліся ў курыльні. Наш гурток папоўніўся яшчэ двума аматарамі каралеўскай гульні — афіцэрамі парахода, якія спецыяльна папрасілі перанесці ім гадзіны вахты, каб атрымаць магчымасць прысутнічаць на гульні. Чэнтавіч на гэты раз таксама не прымусіў сябе чакаць, і пасля абавязковай жараб’ёўкі пачалася незвычайная гульня: «Ноmо obscurissimus» [68] супраць славутага чэмпіёна свету.

Вельмі шкада, што адзінымі сведкамі гэтай партыі былі такія маладасведчаныя ў шахматах людзі, як мы, і што яна незваротна страчана для аналаў шахматнага мастацтва, як страчаны для гісторыі музыкі фартэпіянныя імправізацыі Бетховена. Праўда, на другі дзень мы разам паспрабавалі ўзнавіць яе па памяці, але марна; відаць, мы ўсе ў час гульні занадта захоплена глядзелі на шахматыстаў, замест таго каб сачыць за ходам гульні. Бо розніца ў інтэлектуальным узроўні партнёраў рабілася ўсё больш бачнай і адчувальнай па меры таго, як развівалася гульня. Вопытны Чэнтавіч увесь час сядзеў нерухома, як статуя. Позірк яго быў прыкаваны да шахматнай дошкі; абдумванне ходаў, здавалася, каштавала яму амаль фізічных намаганняў і вымушала да надзвычайнага напружання ўсё цела. Доктар Б., наадварот, трымаўся вольна і натуральна. Як сапраўдны дылетант у лепшым сэнсе гэтага слова, як аматар, для якога ўвесь сэнс і задавальненне ад гульні зводзіліся да самой гульні, «dilettо», ён, здавалася, адпачываў. У пачатку гульні ён размаўляў з намі, тлумачыў свае ходы, элегантна закурваў цыгарэту і, калі прыходзіла яго чарга рабіць ход, кідаў кароткі позірк на дошку і перасоўваў фігуру. Здавалася, ён кожны раз дакладна прадбачыў ход свайго праціўніка.

68

Невядомы чалавек (лац.).

Першыя агульнавядомыя ходы ў дэбюце былі разыграны хутка. Пэўны план пачаў намячацца толькі пасля сёмага ці восьмага ходу. Чэнтавіч пачаў даўжэй абдумваць свае хады; з гэтага мы зрабілі вывад, што цяпер пачалася сапраўдная барацьба за ініцыятыву. Але, шчыра кажучы, паступовае развіццё партыі, тыповае для партый у сур’ёзных турнірах, нас, непрафесіяналаў, бадай што нават расчаравала. Чым больш ускладняўся малюнак гульні, чым больш дзіўны арнамент утваралі на дошцы фігуры, тым больш незразумелымі рабіліся нам пазіцыі праціўнікаў. Нам было не пад сілу не толькі зразумець іх намеры, але нават разабрацца, хто ж з іх дабіўся перавагі. Мы толькі бачылі, як паасобныя фігуры прабіраліся наперад, дзейнічалі, як тараны, і імкнуліся прарваць фронт праціўніка, але мы не маглі зразумець стратэгічнай задумы ў перасоўванні фігур, бо ў гэтых выдатных шахматыстаў кожны ход быў часткаю камбінацыі і дасканала прадуманы наперад. Потым намі паступова пачала авалодваць цяжкая стомленасць, якую выклікала галоўным чынам тое, што Чэнтавіч бясконца доўга абдумваў кожны свой ход; гэта яўна пачало нерваваць і нашага сябра. З трывогаю заўважыў я, што чым даўжэй цягнулася гульня, тым неспакойнейшы ён рабіўся: круціўся ў крэсле, нервова закурваў адну цыгарэту за другою, час ад часу хапаўся за аловак і нешта запісваў, заказваў мінеральную ваду і прагна піў шклянку за шклянкаю. Было відавочна, што ён прадумваў камбінацыі ў сто разоў хутчэй за Чэнтавіча. Кожны раз калі той пасля бясконцага роздуму нязграбна браў фігуру і адважваўся перасунуць яе, наш сябар, усміхнуўшыся, як усміхаецца чалавек, які даўно чакаў чагосьці такога і нарэшце яго дачакаўся, адразу ж рабіў ход у адказ. Відаць, ён са сваім жывым і рухомым розумам паспяваў загадзя разлічыць усе магчымасці, якія былі ў праціўніка; чым даўжэй абдумваў кожны свой ход Чэнтавіч, тым нецярплівейшы рабіўся доктар Б., тым больш злосна і амаль варожа сціскаў ён губы. Чэнтавіч, аднак, не хацеў спяшацца. Ён думаў моўчкі, зацята, і чым менш заставалася на дошцы фігур, тым даўжэйшыя рабіліся паўзы. На сорак другім ходзе, пасля бітых дзвюх гадзін і сарака пяці хвілін, мы ўсе сядзелі знясіленыя, амаль абыякавыя да таго, што адбывалася на шахматнай дошцы. Адзін афіцэр ужо пайшоў, другі чытаў кніжку і кідаў позірк на дошку толькі тады, калі хто-небудзь з гульцоў рабіў чарговы ход. Але раптам пасля ходу Чэнтавіча адбылося нешта нечаканае. Доктар Б… заўважыўшы, што Чэнтавіч падрыхтаваўся зрабіць ход і ўжо ўзяўся за каня, сціснуўся, як кошка перад скачком. Ён увесь дрыжаў, і ледзь толькі Чэнтавіч зрабіў ход канём, як доктар Б. энергічна прасунуў наперад свайго ферзя. Потым ён адкінуўся ў крэсле, скрыжаваў рукі на грудзях і з выклікам паглядзеў на Чэнтавіча. У вачах у яго нечакана бліснуў гарачы агеньчык.

Мы ўсе міжволі схіліліся над дошкаю, спрабуючы зразумець ход, які суправаджаўся такім пераможным воклічам. На першы погляд непасрэднай пагрозы каралю не было відаць. Вокліч нашага сябра тычыўся, мусіць, развіцця камбінацыі, якой мы, блізарукія дылетанты, зразумець яшчэ не маглі. Адзін толькі Чэнтавіч не зварухнуўся; ён заставаўся зусім спакойны, быццам і не пачуў зняважлівай заўвагі «канец». Нічога не адбылося. Але ўсе затаілі дыханне, і ў раптоўнай цішыні стала чуваць, як цікае гадзіннік на стале, прынесены спецыяльна для кантролю часу. Прайшло тры хвіліны, сем хвілін, восем — Чэнтавіч сядзеў нерухома, і толькі па тым, як надзімаліся яго тоўстыя ноздры, было відаць, што ён моцна напружваецца. Здавалася, наш сябар, як і мы, з цяжкасцю пераносіў гэтае маўклівае чаканне. Ён раптам рыўком устаў з месца і пачаў хадзіць з кутка ў куток, спачатку павольна, а потым усё паскараючы і паскараючы хаду. Усе прысутныя глядзелі на яго са здзіўленнем, але ніхто не быў гэтак устрывожаны яго паводзінамі, як я; бо мне кінулася ў вочы, што, нягледзячы на хваляванне, якое валодала ім, ён хадзіў па зусім дакладна абмежаванай прасторы, нібы кожны раз натыкаўся на нябачную сцяну, і яна прымушала яго паварочваць назад. Я здрыгануўся, бо зразумеў, што ён несвядома як бы крочыць па сваёй былой камеры: гэтак, менавіта гэтак, з нерухомым позіркам вачэй тысячы разоў за месяцы зняволення ён бегаў там з кутка ў куток, як звер у клетцы, наперад і назад, згорблены, з сутаргава сціснутымі кулакамі, дакладна, як цяпер; і ў ліхаманкава-бліскучых вачах яго ўспыхвалі чырвоныя агеньчыкі вар’яцтва. Але ягоны розум быў, відаць, яшчэ ў поўным парадку, бо час ад часу ён нецярпліва паварочваўся да стала, каб паглядзець, ці надумаўся зрабіць свой ход Чэнтавіч. А час ішоў — дзевяць хвілін… дзесяць. Потым адбылося тое, чаго ніхто з нас не чакаў. Чэнтавіч паволі падняў цяжкую руку, якая дагэтуль нерухома ляжала на стале. Напружана глядзелі мы на дошку, чакаючы яго рашэння. Але Чэнтавіч не зрабіў ходу. Няспешна, але рашуча ён ссунуў тыльным бокам далоні з дошкі ўсе фігуры. Мы не адразу зразумелі, што Чэнтавіч здаў партыю. Ён капітуляваў, ён не жадаў, каб мы сталі сведкамі яго канчатковага паражэння. Адбылося нечаканае: чэмпіён свету, пераможца незлічоных турніраў, спусціў сцяг перад незнаёмым, перад чалавекам, які дваццаць ці дваццаць пяць гадоў не дакранаўся да шахмат. Наш сябар, безыменны, у адкрытым баі дабіўся перамогі над мацнейшым шахматыстам свету!

Самі таго не заўважаючы, мы ўсхвалявана паўскоквалі адзін за адным з месца. У нас усіх было адчуванне, што мы павінны неяк выказаць радаснае здзіўлеяне, якое авалодала намі, павінны нешта сказаць або зрабіць. Адзін толькі чалавек застаўся нерухомым і спакойным — Чэнтавіч. Пачакаўшы нейкі момант, ён падняў галаву, скіраваў на нашага сябра позірк і спытаўся:

— Яшчэ адну партыю?

— Канечне! — адказаў доктар Б. з ажыўленнем, якое непрыемна ўразіла мяне. Потым ён сеў і, перш чым я паспеў нагадаць яму аб яго ўмове — згуляць толькі адну партыю, пачаў з ліхаманкаваю паспешнасцю расстаўляць фігуры. Ён так нерваваўся, калі ставіў іх на месца, што пешка двойчы выслізгвала з дрыготкіх пальцаў і падала на падлогу. Непрыемнае пачуццё, якое авалодала мною ўжо раней, ператварылася з-за яго ненатуральнай усхваляванасці ў страх. Бо гэты раней ціхі і спакойны чалавек быў, відавочна, у нейкім экстазе, ён увесь дрыжаў як у ліхаманцы.

— Не трэба, — шапнуў я яму, — не трэба! На сёння хопіць. Для вас гэта надта вялікае напружанне.

— Напружанне? Ха-ха! — гучна і пагардліва засмяяўся ён. — Пакуль мы тут валаводзіліся, я мог бы згуляць семнаццаць партый. Адзінае, што мне цяжка, гэта старацца не заснуць пры такіх тэмпах. Ну, дык вы калі-небудзь ужо пачняце?

Апошнія словы былі сказаны рэзкім, амаль грубым тонам і датычыліся Чэнтавіча. Той паглядзеў на праціўніка спакойна і абыякава, але яго змрочны, каменны позірк нагадваў удар кулаком. Паміж гульцамі ўзнікла адразу ж нешта новае — небяспечнае напружанне, пякучая нянавісць. Гэта не былі болей партнёры, якія жадалі праверыць майстэрства сваё і другога, а ворагі, якія пакляліся знішчыць адзін аднаго. Чэнтавіч доўга марудзіў, перш чым зрабіць першы ход, і ў мяне склалася цвёрдае перакананне, што марудзіў ён наўмысна. Несумненна, гэты выпрабаваны ў баях стратэг ужо даўно зразумеў, што яго маруднасць стамляе і раздражняе праціўніка. Не менш чатырох хвілін спатрэбілася яму для таго, каб зрабіць самы звычайны дэбютны ход — перасунуць каралеўскую пешку на два палі наперад. Наш сябар адразу ж перасунуў каралеўскую пешку са свайго боку, і зноў Чэнтавіч нязносна доўга марудзіў з ходам у адказ; гэтак бывае, калі з дрыготкім сэрцам чакаеш удару грому пасля яркай успышкі маланкі, а грому ўсё няма. Чэнтавіч не варушыўся. Ён адбумваў хады спакойна і няспешна, і ў мяне ўсё болей расло перакананне, што робіць ён гэта наўмысна; яго маруднасць дазваляла мне добра назіраць за доктарам Б. Ён толькі што выпіў трэцюю шклянку вады, і я міжвольна ўспомніў яго расказ аб няўтольнай смазе, якая мучыла яго ў камеры. Выразна выявіліся ўсе адзнакі ненармальнага стану: лоб яго пакрыўся потам, шрам на руцэ пачырванеў і стаў значна больш прыкметны. Але ўсё-такі ён трымаў сябе яшчэ ў руках. Толькі пасля чацвёртага ходу, калі Чэнтавіч зноў паглыбіўся ў бясконцы роздум, доктар Б., ускіпеўшы, усклікнуў:

— Пойдзеце вы, нарэшце, ці не?

Чэнтавіч холадна паглядзеў на яго.

— Як мне помніцца, мы згадзіліся, што абдумваць кожны ход можна дзесяць хвілін. Я прынцыпова буду прытрымлівацца гэтага тэрміну.

Доктар Б. прыкусіў губу. Я заўважыў, што ён з усё большым нецярпеннем пастуквае нагою па падлозе, і сам ужо не мог саўладаць з трывогаю — я ўсё болей адчуваў, што з ім вось-вось здарыцца нешта неверагоднае. І папраўдзе: на восьмым ходзе зноў адбылася сутычка. Доктар Б., хваляванне якога ўвесь час расло, не мог схаваць нервовага раздражнення; ён ні хвіліны не сядзеў спакойна на месцы і пачаў цяпер неўсвядомлена барабаніць па стале пальцамі. Чэнтавіч зноў падняў сваю цяжкую мужыцкую галаву.

— Магу я папрасіць вас перастаць барабаніць па стале? Мне гэта перашкаджае. Я так не магу гуляць.

— Ха!.. Яно і відаць.

Лоб Чэнтавіча пачырванеў.

— Што вы хочаце гэтым сказаць? — спытаўся ён рэзка, са злосцю.

Доктар Б. зноў коратка, пагардліва засмяяўся.

— Нічога, акрамя таго, што, відаць, вы вельмі хвалюецеся.

Чэнтавіч змоўчаў і зноў схіліўся над дошкаю. Толькі праз сем хвілін ён зрабіў наступны ход. Гульня працягвалася ўсё ў тым жа пахавальным тэмпе. Чэнтавіч быццам ператварыўся ў статую; цяпер, перш чым перасунуць фігуру, ён ужо поўнасцю вытрымліваў вызначаны максімум, а паводзіны нашага сябра з кожным ходам рабіліся ўсё болей дзіўнымі. Здавалася, ён перастаў цікавіцца гульнёю і заняты чымсьці зусім іншым. Ён больш не бегаў усхвалявана з месца на месца, а сядзеў нерухома і, скіраваўшы кудысьці ўдалячынь адсутны, амаль вар’яцкі позірк, мармытаў сабе нешта пад нос; або ён быў паглыблены ў абдумванне нейкіх бясконцых камбінацый, або — і я моцна падазраваў, што гэта менавіта так, — разыгрываў у галаве зусім другія партыі. Што б там ні было, кожны раз, калі Чэнтавіч рабіў ход, яго трэба было вяртаць да рэчаіснасці. Тады яму заўсёды патрэбна была хвіліна, каб зноў разабрацца ў становішчы; я ўсё больш пераконваўся, што ў доктара Б. пачаўся прыпадак ціхага вар’яцтва, які ў любы момант мог перайсці ў буйны. Ён быццам забыўся і пра нас, і пра Чэнтавіча. І папраўдзе, на дзевятнаццатым ходзе выбухнуў крызіс. Ледзь толькі Чэнтавіч зрабіў ход, як доктар Б., кінуўшы мімалётны позірк на дошку, раптам прасунуў свайго слана на тры палі наперад і гучна закрычаў:

— Шах! Шах каралю!

Чакаючы чагосьці незвычайнага, усе ўтаропіліся вачамі ў дошку. Але праз хвіліну адбылося тое, чаго мы ніяк не чакалі. Вельмі павольна Чэнтавіч падняў галаву, чаго ён не рабіў яшчэ ні разу, і абвёў усіх нас поглядам. Нешта, здавалася, прынесла яму надзвычайную асалоду, губы яго паступова расцягнуліся ў задаволенай, прыкметна пагардлівай усмешцы. Толькі калі ён да канца здаволіўся сваім трыумфам, прычына якога была нам пакуль што невядомая, ён з прытворнаю ветлівасцю звярнуўся да прысутных:

— Прабачце, але я не бачу, дзе тут шах. Можа, хто-небудзь з вас, панове, бачыць шах майму каралю?

Мы паглядзелі на дошку, а потым з трывогаю на доктара Б. Кароль Чэнтавіча быў абаронены ад слана пешкаю — гэта заўважыла б і дзіця, — і ні пра які шах не магло быць і гаворкі. Мы занепакоіліся. Можа, наш сябар, у хваляванні перасунуў фігуру на поле далей або бліжэй, чым належала? Наша маўчанне прыцягнула цяпер і ўвагу доктара Б., і ён сказаў:

— Але кароль жа мусіць быць на «f7»… ён стаіць няправільна, зусім няправільна. Вы зрабілі няправільны ход! Усе фігуры стаяць не на сваіх месцах… гэтая пешка павінна быць на «g5», а не на «g4»… гэта зусім другая партыя… гэта…

Поделиться с друзьями: