Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Навелы

Цвэйг Штэфан

Шрифт:

Нам толькі заставалася наракаць на сябе і сваю бестурботнасць, калі ў нас дайшло да канфлікту з гэтым, хоць зразуметым і прынятым намі ў разлік станам, — яшчэ аднаго канфлікту; выдае на тое, што ранейшыя таксама не былі выпадковыя. Карацей кажучы, мы зняважылі маральнасць. Наша дачушка — ёй восем гадоў, але па фізічным развіцці ёй і сямі не дасі, такая яна шчупленькая, — досыць накупаўшыся, перастала гуляць на пляжы ў мокрым касцюмчыку і атрымала ад нас дазвол папаласкаць у моры купальнік, на які наліп пясок, каб потым надзець яго і ўжо болей не пэцкаць. Голенькая, яна бяжыць нейкіх там некалькі метраў да вады, акунае касцюмчык і вяртаецца назад. Ці ж маглі мы прадбачыць тую хвалю зласлівасці, абурэння, пратэсту, якую выклікаў яе, а значыцца, наш учынак? Я не збіраюся чытаць вам лекцыю, але ўсюды ў свеце адносіны да чалавечага цела і да яго галізны за апошнія дзесяцігоддзі рэзка перамяніліся, зрабіўшы свае ўплывы і на нашыя пачуцці. Ёсць рэчы, на якія проста «не зважаюць», да іх належала і свабода, дадзеная гэтаму дзіцячаму цельцу, якое ніякіх эмоцый не выклікала. Але тут гэта было ўспрынята як выклік. Юныя патрыёты загалёкалі. Фуджэра, заклаўшы пальцы ў рот, свіснуў. Узбуджаныя гамонкі дарослых побач з намі рабіліся ўсё гучнейшыя і не наканавалі нічога добрага. Панок у фраку і ссунутым на патыліцу, вельмі не пляжным кацялку ледзь не божыцца сваёй скандальнай даме, што гэтага ён так не пакіне; ён вырастае перад намі, і на нас валіцца філіпіка, у якой увесь пафас тэмпераментнага поўдня пастаўлены на службу самым чапурыстым патрабаванням прыстойнасці.

Занядбанне сораму, у якім мы вінаватыя, — так было нам сказана, — тым болей вартае асуды, што яно з’яўляецца, па сутнасці, няўдзячнасцю і абразлівым злоўжываннем гасціннасцю Італіі. Мы злачынна здратавалі не толькі дух і літару правілаў грамадскага купання, але і гонар ягонай краіны і, абараняючы гэты гонар, ён, панок у фраку, ужо ж такі дасць сабе клопату патурбавацца, каб нам гэтага за так не прапусціць.

Слухаючы ягонае словаблуддзе, мы цярпелі і толькі глыбокадумна ківалі. Пярэчыць разгарачанаму панку азначала б толькі зрабіць новую прамашку. Доўга ў нас круцілася на языку, напрыклад, што не ўсё тут настолькі добра, каб лічыць слова «гасціннасць» у сапраўдным яго значэнні, і што мы, калі ўжо казаць без прыхарошвання, госці не так Італіі, як сіньёры Анджальеры, якая ў свой час змяніла род заняткаў — з даверанай Дузе яна зрабілася гаспадыняй пансіёна. Не цярпелася нам таксама запярэчыць, што мы не ўяўлялі сабе, як нізка ўпала маральнасць у гэтай цудоўнай краіне, калі спатрэбілася вярнуцца да такіх ханжаскіх строгасцяў. Аднак мы запэўнілі іх, што і ў галаве не мелі паводзіць сябе дзёрзка і непаважліва, і перапрашаліся спасылкамі на юны ўзрост і фізічную няразвітасць малалетняй парушальніцы закона. Усё марна. Нашыя довады былі адхілены як беспадстаўныя і непраўдзівыя, аб’яўлены нікчэмнымі, і, каб іншыя наперад нічога такога сабе наўме не мелі, рашылі даць нам навукі. Мусіць, па тэлефоне паведамілі ў паліцыю, бо на пляжы паявіўся прадстаўнік улады, назваў інцыдэнт даволі сур’ёзным, «molto grave», і прапанаваў нам ісці за ім на «пляцца». У муніцыпалітэт, дзе больш высокі ранг пацвердзіў папярэдні вердыкт «molto grave» і, ужываючы тыя самыя, што і панок у кацялку, відаць, узвычаеныя тут дыдактызмы, размазаўся даўжэзнай натацыяй з прычыны нашага злачынства і пакараў нас штрафам у пяцьдзесят лір. Мы палічылі нашую прыгоду вартай такога ахвяравання ў дзяржаўную скарбніцу, заплацілі і пайшлі. Магчыма, нам след было адразу ж і з’ехаць?

Чаму мы так не зрабілі? Мы ж бы пазбеглі тады сустрэчы з фатальным Чыполам; але, бачыце, многае збеглася так, каб змусіць нас зацягнуць ад’езд. Нехта з паэтаў сказаў, што адна лянота трымае нас у непрыемнай абстаноўцы — можна было б скарыстацца гэтым досціпам, каб патлумачыць нашую ўпартасць. Да таго ж пасля такіх сутычак мы не дужа любілі пакідаць поле бою; каму ахвота прызнавацца, што абсудобіўся, асабліва калі спагада збоку мацуе тваю баявітасць. У віле «Элеанора» не было дзвюх думак наконт учыненай нам несправядлівасці. Знаёмыя італьянцы, нашыя пасляабедзеныя субяседнікі, лічылі, што гісторыя гэтая аніяк не спрыяе добрай славе краіны, і мерыліся, на правах суайчыннікаў, зыскаць з панка ў фраку тлумачэнні. Але той ужо на другі дзень знік з пляжа. Разам з кампаніяй — не праз нас, зразумела, але ж не выключана, што менавіта скоры ад’езд якраз і дадаў яму адвагі і рызыкі, — так ці інакш, але ягонае знікненне дало нам палёгку. А калі ўжо гаварыць шчырую праўду, дык мы засталіся яшчэ і таму, што ў тутэйшай абстаноўцы было нешта нязвыклае, а нязвыклае само па сабе ўжо каштоўнае незалежна ад таго, прыемнае яно ці не. Ці варта капітуляваць і ўцякаць ад перажыванняў, калі яны не клічуць вас да радасці ці непрыемнасці? Ці трэба «з’язджаць», калі жыццё робіцца трывожным і не зусім бяспечным альбо ж нават крыху цяжкім і засмучальным? Не, трэба застацца, трэба ўсё пабачыць і ўсё зведаць, тут якраз і можна чагось навучыцца. І мы засталіся і, як страшэнную ўзнагароду за нашую выстаяласць, перажылі злашчаснае выступленне Чыполы.

Я не згадаў, што прыкладна падчас учыненага над намі адміністрацыйнага гвалту прыспеў канец сезону. Руплівец маральнасці ў кацялку, які данёс на нас, быў не адзіны, хто пакінуў курорт; італьянцы ад’язджалі гуртамі, і мноства ручных вазкоў і тачак рушыла да станцыі. Пляж страціў свой адмыслова нацыянальны характар, жыццё ў Торэ, у кавярнях, у прысадах сасновага гайку пачалося больш простае, больш еўрапейскае; мабыць, цяпер нас нават пусцілі б на зашклёную веранду «Гранд-гатэля», але мы туды не рваліся, мы пачуваліся добра і за сталом у сіньёры Анджальеры — калі ўвогуле можна было лічыць наша адчуванне добрым, з той папраўкаю, якую рабіў злы дух, які тут лунаў у паветры. Аднак з такой дабратворнай, як мы думалі, пераменай, рэзка змянілася надвор’е, так сказаць, у поўнай згодзе з графікам адпачынкаў. Неба завалаклося, нельга сказаць, што стала халадней, але недвухсэнсоўная спёка, што панавала тут тры тыдні (а бадай, яшчэ й задоўга да нашага прыезду), змянілася на млосную задуху сірока, і час ад часу слабенькі дожджык крапіў аксамітную арэну, на якой мы бавілі нашыя раніцы. Да таго ж трэба зазначыць, што дзве траціны тэрміну, выдзеленага намі на Торэ, ужо мінула; соннае мора з вялымі медузамі, што ледзь калыхаліся на яго пляскатай роўнядзі, было нам усё-такі новым, і смех было б сумаваць па сонцы, якое, калі яно валадарыла манапольна, выціскала з нас столькі ўздыхаў.

У гэтую якраз пару і з’явіўся Чыпола. Кавальерэ Чыпола, як ён фігураваў у афішах, што аднаго разу замільгалі ўсюды, таксама і ў сталовай пансіёна «Элеанора», — гастрольны віртуоз, артыст у жанры забаў, forzatore, illusionista, prestidigitatore [11] , які меў намер пазнаёміць высокашаноўную публіку Торэ-дзі-Вэнэрэ з некаторымі экстравагантнымі з’явішчамі таямнічага і загадкавага характару. Фокуснік-штукар! Аб’явы было дастаткова, каб затлуміць галаву нашым малым. Яны зроду не бачылі нічога такога, канікулы падораць ім нязведаныя ўражанні. З таго часу яны даймалі нас просьбамі ўзяць білеты на штукара, і хоць нас адразу збянтэжыў позні час пачатку імпрэзы, — яна была назначана на дзевяць вечара, — мы саступілі, падумаўшы, што, збольшага пазнаёміўшыся з, відаць, досыць сціплымі талентамі Чыполы, выправімся дахаты, а дзеці на раніцу — ну што ж, тае бяды, — паспяць крыху больш, і купілі ў самой сіньёры Анджальеры, якая ўзяла на камісію дастаткова добрых месцаў на сваіх пастойнікаў, чатыры білеты. Паручыцца за якасць паказу яна не бралася, ды мы і не чакалі нічога незвычайнага; нам і самім не лішне было крыху рассеяцца, апрача ж таго нас заразіла цікаўнасць дзяцей.

11

Заклінач, ілюзіяніст, штукар (іт.).

У памяшканні, дзе кавальерэ меўся выступіць, у разгар сезону штотыдня давалі новую кінакарціну. Мы там ні разу не былі. Дарога туды ляжала міма palazzo — руінаў, у якіх захаваліся абрысы сярэдневяковага замка і, дарэчы, яны прадаваліся, — па галоўнай вуліцы, з аптэкай, цырульняй, крамамі, якая як бы вяла ад свету феадальнага праз буржуазны да свету працы, бо канчалася сярод гаротных рыбацкіх халупняжын, дзе старыя жанчыны, седзячы ў парозе, ладзілі мярэжы, і вось тут, ужо ў самай гушчыні народу, была sala, па сутнасці, ёмістая дашчаная стадола; падобны на браму ўваход у яе з двух бакоў аздаблялі каляровыя плакаты, наклееныя адзін над адным. І вось, у пазначаны дзень, паабедаўшы і без спеху сабраўшыся, мы выправіліся туды ўжо ў поўнай цемры, дзеці, святочна адзетыя, шчаслівыя, што ім столькі патураюць. Як і ўсе апошнія дні, было душна, час ад часу палыхалі заранкі і накрапваў дождж. Мы ішлі пад парасонамі. Ісці да залы было чвэрць гадзіны.

У дзвярах праверылі нашы білеты, але месцы свае мы ўжо шукалі самі. Яны былі ў трэцім радзе злева; сеўшы, мы ўстанавілі, што з даволі познім часам, на які было назначана прадстаўленне, не дужа тут лічацца: курортная публіка лянотна, быццам каб наўмысна прыйсці са спазненнем, запаўняла партэр, а як што — ніякіх ложаў тут не было, дык гэта і была глядзельная зала. Такая няспешнасць нас крыху затрывожыла. Ужо цяпер шчокі ў дзяцей ад чакання і стомы гарэлі ліхаманкавым румянцам. Толькі адведзеныя пад стаячыя месцы бакавыя праходы і канец залы пры нашым праходзе былі бітком, там стаялі, з голымі па локаць рукамі крыж-накрыж на паласатых цяльняшках, прадстаўнікі мужчынскай палавіны карэннага насельніцтва Торэ: рыбакі, маладыя хлопцы, якія задзірыста азіраліся па баках, і калі нас парадавала прысутнасць у зале мясцовага працоўнага люду, які адзін толькі і здольны надаць такога роду відовішчам маляўнічасць і гумар, дык дзеці былі проста ў захапленні. У іх былі сябры сярод мясцовых, яны знаёміліся падчас вечаровых шпацыровак на далёкія пляжы. Часта, калі сонца, змардаваўшыся ад тытанічнай працы, скочвалася ў мора, фарбуючы шумавінне прыбою залатым пунсом, мы па дарозе дамоў сустракалі арцелі босых рыбакоў; цугам, упіраючыся нагамі і напружваючы рукі, яны з доўгімі крыкамі выцягвалі сеткі і збіралі свой часцей за ўсё небагаты ўлоў frutti di mare [12] , а нашыя малыя праглядзелі ўсе вочы, на іх гледзячы, пускалі ў абыход тыя некалькі італьянскіх слоў, якія ведалі, пасаблялі цягнуць сеткі, заводзілі сяброўства. І зараз дзеці абменьваліся вітаннямі з гледачамі стаячых месцаў; вунь там стаіць Гіскарда, вунь там Антоніё, дзеці ведалі іх паіменна, махалі рукой і напаўголасу аклікалі, у адказ атрымліваючы ківок ці ўсмешку, якая адкрывала рад моцных белых зубоў. А вунь прыйшоў нават Марыё з «Эсквізіта», той самы Марыё, які падае нам на стол шакалад! Яму таксама зарупіла падзівіцца на штукарствы, і, мабыць, ён прыйшоў загадзя, бо стаіць амаль наперадзе, але і выгляду не падае, што змеціў нас, такая ўжо мода ў яго, дарма што толькі малодшы афіцыянт. Затое мы махаем лодачніку, які выдае на пляжы лодкі напракат, і ён там стаіць, але ззаду, каля самай сцяны.

12

Плады мора (іт.).

Чвэрць на дзесятую… амаль палова… Вы разумееце наша хваляванне? Калі ж мы пакладзем дзяцей спаць? Ясна, не варта было прыводзіць іх сюды, бо адарваць іх ад абяцанага прадстаўлення, ледзь толькі яно пачнецца, будзе проста жорстка. Спакваля партэр запоўніўся: можна сказаць, тут сабраўся ўвесь Торэ; пастойнікі з «Гранд-гатэля», пастойнікі з вілы «Элеанора» і іншых пансіёнаў, усе знаёмыя па пляжы твары. Навокал англійская і нямецкая мовы. І тая французская, на якой румыны звычайна размаўляюць з італьянцамі. За намі праз два рады сядзела сама сіньёра Анджальеры поплеч са сваім рахманым і лысым сужэнцам, які пагладжваў вусы ўказальным і сярэднім пальцамі правай рукі. Усе прыйшлі са спазненнем, але ніхто не спазніўся. Чыпола хацеў, каб яго чакалі.

І прымушаў у літаральным сэнсе. Зацягваючы выхад, ён наўмысна ўзмацняў напружанасць. Можна было зразумець гэты ягоны прыём, але ж усё мае свой край. Каля паловы дзесятай публіка пачала пляскаць — ветлівая форма законнай нецярплівасці, бо яна адначасова гаворыць і за гатоўнасць апладзіраваць. Нашыя малышы ўсе далонькі сабе паадплясквалі, гэта ўжо была ім як бы частка праграмы. Усе дзеці любяць ладкі. З бакавых праходаў і з глыбіні залы пачуліся рашучыя воклічы: «Pronti» i «Cоminciano!» [13] . І што ж, пачаць прадстаўленне, выяўляецца, можна, і ніхто гэтаму не замінае. Ударыў гонг, усе стаячыя павіталі гэты гук шматгалосым «Га-а-а!», і заслона раз’ехалася набакі. Адкрыўся памост, які сваім убранствам больш нагадваў класны пакой, чым сцэну; гэтае ўражанне рабіла чорная аспідная дошка, пастаўленая на падстаўцы на авансцэне злева. Акрамя таго, мы ўбачылі самую звычайную жоўтую вешалку, два сялянскія саламяныя крэслы і ў глыбіні круглы столік, на якім стаяў графін з вадою і шклянка, а на асобным падносіку графінчык меншы з нейкай светлажоўтай вадкасцю і лікёрная чарка. Нам былі дадзены дзве секунды, каб добра разгледзець гэты рэквізіт. Потым, пры незацененай зале, на эстрадзе паявіўся кавальерэ Чыпола.

13

Хутчэй! Пачынай! (іт.).

Ён увайшоў імклівай паходкай, у якой бачылася жаданне дагадзіць публіцы і якая робіць падманлівае ўражанне, быццам той, хто ўвайшоў, каб хутчэй явіцца на вочы гледачам, прайшоў у такім самым тэмпе добры адцінак дарогі, тым часам як ён проста стаяў за кулісамі. Вопратка Чыполы мацавала ўражанне, што ён прыйшоў якраз з вуліцы. Няпэўнага ўзросту, але, прынамсі, чалавек зусім не малады, з рэзкімі рысамі прапітага твару, пранізлівымі вочкамі, моцна сціснутымі тонкімі губамі, падмазанымі чорнымі вускамі і так званай мушкай у далінцы паміж ніжняй губай і падбародкам, апрануты нейк даволі мудрагеліста. На ім быў шырокі чорны плашч без рукавоў з аксамітным каўняром і падбітай атласам палярынай — фокуснік падтрымліваў яго спераду рукамі ў белых пальчатках, — на шыі белы шалік, а на галаве насунуты на адно брыво выгнуты цыліндр. Мусіць, у Італіі, больш чым дзе б тое ні было, жыве яшчэ васемнаццатае стагоддзе, а ў ім і тым шарлатана кірмашовага бірыча — прадаўца-зельніка, што такі характэрны той эпосе і адносна добра захаваныя экземпляры якога толькі ў Італіі яшчэ і можна сустрэць. У абліччы Чыполы было многа ад гэтай гістарычнай постаці, а ўражанне блазенскай крыклівасці і эксцэнтрызму, якія так уласцівыя ёй, дасягалася тым, што прэтэнцыёзная вопратка фокусніка вельмі дзіўна сядзела на ім ці, правільней, вісела, дзе прылягаючы не на месцы, дзе ападаючы няправільнымі складкамі: нешта з яго фігурай было не тое, не гэтае і спераду і ззаду — пазней усё стала яшчэ больш прыкметна. Але я павінен падкрэсліць, што ні пра якую жартаўлівасць, а тым болей блазнаватасць, ні ў яго руках, ні ў міміцы, ні ў манеры трымацца і гаворкі быць не магло: бадай, наадварот, у іх праяўляліся крайняя сур’ёзнасць, адмова ад гумару, часам нават змрочная ганарыстасць, а таксама некаторыя, уласцівыя калекам важнасць і самазадаволенасць, — усё яно, аднак, не заважала таму, што ягоныя паводзіны напачатку выклікалі ў розных месцах залы смех.

Цяпер у ягонай манеры трымацца ўжо не было нізвання дагодлівасці; імклівы выхад быў усяго толькі выявай унутранай энергіі, у якой паслужлівасць не грала ніякай ролі. Стоячы каля рампы і нядбала сцягваючы пальчаткі з доўгіх жаўтлявых пальцаў — на адным быў пярсцёнак з вялікай пячаткай з ляпіс-лазуру, — ён маленькімі строгімі вочкамі з прыпухлымі пад імі мяшэчкамі аглядаў залу, няспешна, то тут, то там выпрабавальна-фанабэрыста затрымліваючыся на чыім-небудзь твары — і ўсё гэта з’едліва сцяўшы губы і не кажучы ні слова. Скамячаныя ў клубок пальчаткі ён з дзівосным і, напэўна ж, прывычным спрытам кінуў з вялікай адлегласці ў шклянку на круглым століку, потым, усё гэтак жа моўчкі азіраючы залу, дастаў з нейкай унутранай кішэні цыгарэты, мяркуючы па пачку, самыя танныя, акуратна выняў адну і не гледзячы прыкурыў ад запальнічкі, якая ўспыхнула імгненна. Глыбока зацягнуўся і з грымасай выкліку, шырока расцягнуўшы губы і ціхенька пастукваючы наском чаравіка па падлозе, выпусціў шэры струменьчык дыму спаміж з’едзеных зубоў. Публіка разглядвала яго не меней пільна, чым ён яе. У моладзі ў бакавых праходах бровы насупленыя, і прыдзірлівы пагляд толькі і чакаў хібы, якую гэты самаўпэўнены штукар канечне ж дасць. Але той не хібіў. Даставанне пачка цыгарэт і запальнічкі і потым вяртанне іх на месца было даволі складаным, перашкаджала вопратка: давялося расхінуць плашч, і тут выявілася, што на пятлі, накінутай на левую руку, у яго чамусьці вісіць плётка з сярэбраным тронкам у выглядзе кіпцюрастай лапы. Потым звярнулі ўвагу на тое, што ён у сурдуце, а не ў фраку, і як Чыпола расшпіліў сурдут, адкрылася павязаная вакол яго торсу, напалавіну пад камізэлькай, шырокая каляровая стужка, якую гледачы, што сядзелі за намі і абменьваліся ўражаннямі, прынялі за знак яго кавалерскай годнасці. Ці так яно, не ведаю, бо ніколі не чуў, каб тытулу кавальерэ адпавядала такая адзнака. Магчыма, стужка была чыстым блефам, як і маўклівая нерухомасць штукара, які на вачаў у публікі спаважна і спакойна курыў цыгарэту.

Поделиться с друзьями: