Песня песняў
Шрифт:
А што стала з Суламіт майго рамана? Што з Бузяю? Які эпілог? Які канец?
Не прымушайце мяне, каб я расказваў вам канец майго рамана. Канец, нават калі ён самы найлепшы, — гэта жалобны акорд. Пачатак, нават самы кепскі, — ён лепшы за самы лепшы канец. Таму мне куды лягчэй і прыемней расказаць вам гэтую гісторыю яшчэ раз з самага пачатку. Яшчэ, і яшчэ раз, і яшчэ сотню разоў. І ўсё тымі ж самымі словамі:
У мяне быў брат Беня. Дык ён утапіўся ў рацэ. Па ім засталася сіротка. Яе звалі Бузя. Скарочана ад Эстэр-Ліба: Лібузя — Бузя. І прыгожая ж была Бузя — нібы тая Суламіт з «Песні песняў». І мы раслі з ёю разам, як брат і сястра. І мы любілі адно аднаго, як брат і сястра.
І гэтак далей.
Пачатак, нават самы кепскі, лепшы за самы прыгожы канец.
Няхай будзе пачаткам канец, эпілог майго нявыдуманага, сапраўднага, балючага рамана, які я дазволіў сабе ўвянчаць назваю «Песня песняў».
1909–1911