Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Песня песняў

Шолам-Алейхем

Шрифт:

Аднаго не ставала: «Песні песняў». Не, не засталося таго духу «Песні песняў», што лунаў навокал некалі, шмат гадоў таму. Наш двор ужо не вінаграднік цара Саламона з «Песні песняў». Дровы, бярвенне і дошкі, зваленыя каля нашай хаты, не здаюцца ўжо болей кедрамі і букамі. Кошка, што ляжыць каля дзвярэй і грэецца на сонейку, не падобная да палявой лані, якая сустракаецца ў «Песні песняў». Гара за сінагогаю больш не гара Ліванская. Няма болей і гор бальзамічных… Жанкі і дзяўчаты, што завіхаюцца ў дварах, мыюць і прасуюць бялізну, прыбіраюць і гатуюць на вялікдзень, больш ужо не сёстры ерусалімскія, якія ўпамінаюцца ў «Песні песняў»… Куды падзелася мая колішняя юначая, свежая, ясная, светлая, прасякнутая водарамі «Песня песняў»?..

4

Я знайшоў свой бацькоўскі дом такім самым, якім пакінуў яго шмат гадоў таму. Нішто не змянілася ў ім ні на волас, ні на кропельку. Тата — такі, як і быў. Толькі яшчэ болей засерабрылася ягоная сярэбраная барада. На ягоны шырокі белы пакрыты зморшчынамі лоб лягло яшчэ некалькі зморшчынак. Пэўна, ад клопатаў…

Мама таксама — як і была. Толькі ружовы твар набыў злёгку жаўтаватае адценне. І здаецца мне, што яна зрабілася меншая ростам. А можа, у мяне такое ўражанне таму, што яна крыху прыгорбілася, прыгнулася да зямлі? І вочы ў яе пачырванелі, прыпухлі, як быццам набрынялі. Ці не ад слёз гэта?..

Чаму плакала мая мама? Праз каго? Праз мяне, адзінага сыночка, які не схацеў слухаць бацьку і паўстаў супраць ягоных запаветаў, не пажадаў ісці татавым шляхам, а абраў сваю дарогу, паехаў вучыцца і доўга не наведваўся дадому? А мо плача мая мама праз Бузю, у якой на суботу пасля швуэс прызначана вяселле?..

Ах, Бузя! І яна ні на волас не змянілася. Кропля ў кроплю як і была. Толькі вырасла. Вырасла і яшчэ болей папрыгажэла. Стала такою красуняю, якою аніколі раней не была. Высокая, і стройная, і ладная, і прывабная. Вочы — тыя самыя прыгожыя блакітныя вочы з «Песні песняў». Толькі больш задумлівыя, чым раней. Задумлівыя, паглыбелыя, заклапочаныя, прыгожыя блакітныя вочы з «Песні песняў». І ўсмешка на вуснах. І прыязная, і мілая, і блізкая, і сарамлівая, і ціхмяная; як галубка, цнатліва-ціхмяная.

Гляджу я на Бузю, і ўспамінаю я тую Бузю, ранейшую. Успамінаю яе новыя святочныя сукенкі, якія маці пашыла ёй тады на вялікдзень. Успамінаю яе новыя маленькія святочныя туфелькі, якія тата купіў ёй тады на вялікдзень. І калі ўспамінаю я тую Бузю, ранейшую, дык міжволі вяртаецца да мяне даўно забытая «Песня песняў», верш за вершам: «Вочкі твае, як галубкі, валасы твае, як козачкі, што збягаюць з гары, зубкі твае — белыя ягняткі, што выходзяць з ракі, адзін у адзін. Чырвоныя стужкі — вусны твае. Калі ты гаворыш, мядзвяныя словы твае…»

Я гляджу на Бузю, і ўсё навокал ізноў робіцца такім, як у «Песні песняў», як даўным-даўно, шмат гадоў таму.

5

— Бузя, цябе можна павіншаваць?

Яна не чуе. Чаму ж яна апусціла вочы? Чаму ж запунсавелі яе шчокі? Не, я мушу яе павіншаваць.

— Віншую цябе, Бузя!

— Дзякуй. Дай табе бог шчасця.

І болей нічога. Спытацца ў яе няма як. Пагаварыць з ёю няма дзе. Не дае тата. Не дае мама. Не даюць блізкія сваякі, далёкая радня, суседзі, якія папрыходзілі зірнуць на мяне. Гэты адсюль — той сюды. Усе стаяць вакол мяне. Разглядаюць мяне не раўнуючы як тога мядзведзя альбо дзівоснае стварэнне з іншага свету. Усе хочуць паглядзець на мяне, пачуць, як я жыву і што раблю — столькі не бачыліся!

— Ну, раскажы нам нешта новенькае: што ты бачыў, што чуў?

І я расказваю ім пра новенькае, што я чуў ды бачыў. А сам тым часам пазіраю на Бузю. Я шукаю яе вочы — і сустракаюся з яе вачыма. З яе вялікімі, прыгожымі блакітнымі вачыма з «Песні песняў». Толькі вочы яе бязмоўныя, як і яе вусны, як уся яна. Нічога не гавораць мне яе вочы. Зусім нічога. І ўзнікае перада мною, як некалі, «Песня песняў», верш за вершам: «Ган ноўл ахойсі кало — сад замкнёны, сястрыца, нявеста мая; сад замкнёны, крыніца запячатаная…»

6

І ўздымаецца бура ў мяне ў думках, а полымя — у сэрцы. Полымя гневу — не на некага, на сябе самога. На сябе і на тыя мроі, дурныя, хлапечыя, залатыя мроі, дзеля якіх я кінуў бацькоў і родны дом. Дзеля іх я забыўся на Бузю. Дзеля іх я ахвяраваў часткаю свайго жыцця, прайграў сваё шчасце, прайграў, прайграў навекі!

Прайграў? Не. Не можа быць! Вось жа я прыехаў. У пару прыехаў… Мне б толькі застацца з Бузяю сам-насам. Мне б толькі сказаць ёй некалькі слоў. Аднак як сказаць мне Бузі гэтыя некалькі слоў, калі ўсе тут, калі ўсе тоўпяцца вакол мяне! Усе разглядаюць мяне, як мядзведзя, як стварэнне з іншага свету. Усе хочуць бачыць мяне і чуць, як я жыву і што раблю — столькі не бачыліся!

Даўжэй за ўсіх слухае мяне тата. Ён, як заўсёды, сядзіць над старым фаліянтам, і, як заўсёды, моршчыць свой шырокі лоб, і глядзіць на мяне паверх сваіх сярэбраных акуляраў, і гладзіць сярэбраныя ніці сваёй сярэбранай барады. Усё як заўсёды. Але здаецца мне, што ён глядзіць на мяне не так, як заўсёды. Не, гэта не той, не колішні пагляд. Я гэта адчуваю. Гэта пагляд абражанага чалавека. Я ўзняўся супроць ягоных запаветаў. Не схацеў ісці ягоным шляхам. Пайшоў сваёю дарогаю…

Маці таксама стаіць каля мяне, кінула кухню, усе перадвелікодныя справы, і слухае мяне з поўнымі слёз вачыма. Кончыкам фартуха яна неўпрыкмет выцірае слязу, хоць на твары свеціцца ўсмешка; яна прыслухоўваецца да маіх аповядаў, яна зазірае мне ў рот і глытае, глытае кожнае слова.

Бузя таксама сядзіць супроць мяне, склаўшы рукі на грудзях, і слухае мяне разам з усімі. Разам з усімі зазірае яна мне ў рот. Разам з усімі глытае яна кожнае маё слова. Я гляджу на Бузю. Я спрабую чытаць у яе ў вачах — і нічога не магу прачытаць. Анічога.

— Ды ты расказвай, чаго замаўчаў? — няўцерп тату.

— Дай ты яму спакою! Не нацешыўся, — схамянулася мама. — Дзіця стамілася, галоднае. А ён: расказвай ды расказвай! Расказвай ды расказвай!

7

Пакрысе народ пачынае разыходзіцца, і мы застаёмся адны: бацька, маці, Бузя і я. Мама накіроўваецца на кухню і хутка вяртаецца з цудоўнаю велікоднаю талеркаю — знаёмая талерка, размаляваная вялікімі зялёнымі фігавымі лістамі.

— Можа, ты б узяў што ў рот, Шымек; да трапезы яшчэ так далёка.

Маміны словы поўныя любасці, адданасці і душэўнай цеплыні. Бузя ўстае і, бязгучна ступаючы, нясе мне відэлец і нож — знаёмыя велікодныя відэлец і нож. Усё мне знаёмае. Ніводная рэч не змянілася. Ні на кропельку. Тая самая талерка з вялікімі зялёнымі фігавымі лістамі. Тыя самыя відэлец і нож з белымі касцянымі дзяржальнамі. Той самы духмяны водар велікоднага гусінага шмальцу. Той самы райскі смак напечанай да вялікадня мацы. Нішто не змянілася ні на волас. Усё кропля ў кроплю як раней.

Калі не лічыць, што тады ў перадвелікодны дзень мы елі ўдваіх разам з Бузяю. Мы елі, мне помніцца, з аднае талеркі. Вось з гэтай самай прыгожай размаляванай велікоднай талеркі, пакрытай зялёнымі фігавымі лістамі. І яшчэ, я помню, мама давала нам арэхі. Поўныя кішэні арэхаў. І мы тады браліся за рукі — я добра помню — Бузя і я, і пускаліся ляцець, як арлы. Я бягу — яна бяжыць следам. Я ўскокваю на бярвенне — яна за мною. Я ўгору — яна ўгору. Я ўніз — і яна ўніз.

— Шымек! Дакуль мы будзем бегчы, Шымек? — кажа мне Бузя.

Поделиться с друзьями: