Песня песняў
Шрифт:
Хуткімі-хуткімі крокамі іду я дадому праз гэтую ноч. Ледзьве паспявае тата за мною. Як цень спяшаецца ён за мною. «Чаго ты гэтак гоніш?» — пытаецца тата, ледзьве пераводзячы дыханне.
Эх, тата, тата! Хіба ты не бачыш, што я падобны да аленя ці важака сернаў на гарах бальзамічных?.. Доўгі, тата, бясконца доўгі мой час, далёкі, тата, бясконца далёкі мой шлях з тае пары, як Бузя зрабілася нявестаю. Чужой нявестаю. Чыёйсьці, не маёю!.. Я падобны да аленя ці да важака сернаў на гарах бальзамічных.
Гэтак хочацца мне адказаць майму тату словамі «Песні песняў», і я не чую зямлі пад сабою. І я іду хуткімі-хуткімі крокамі дадому праз гэтую ноч. І ледзьве паспявае мой тата за мною. Як цень спяшаецца мой тата за мною праз гэтую ноч.
З тым самым святочным вітаннем, з якім у такую ноч мы прыходзілі дадому з сінагогі некалі, шмат гадоў таму, з'явіліся мы і сёння — я і тата.
З тым самым пажаданнем шчаслівага года, якім мама з Бузяю сустракалі нас у такую ноч некалі, шмат гадоў таму, сустрэлі яны нас і зараз.
Маці, царыца, апранутая ў сваю царскую ядвабную сукенку, а царэўна, Бузя, — у сваю беласнежную сукенку. Тая самая карціна, што некалі, шмат гадоў таму, нічога не змянілася ні на волас, ні на кроплю.
Як шмат гадоў таму, так і цяпер, у гэтую ноч, наш дом поўны чароўнасці. Асаблівая прыгажосць, святое, урачыстае, велічнае хараство пануе ў нашым доме ў гэтую ноч. Белы абрус — як некрануты снег. Маміны свечкі ззяюць у сярэбраных падсвечніках. Зеленавата зіхацяць, адсвечваюць бутэлькі з велікодным віном. Ах, як нявінна-наіўна пазірае з блюда цнатлівая маца! Як міла ўсміхаецца гэты каварны, такі горкі цёрты хрэн і складаны харойсэс з салёнай вадою! Як урачыста і горда стаіць усланы царскі трон — велікодны ложак. На твары ў царыцы свеціцца святая пяшчота, як заўжды ў такую ноч. А царэўна (Бузя) уся ад макаўкі да пят — як з «Песні песняў». Не, што я такое кажу? — яна сама «Песня песняў».
Шкада толькі, што царэвіча пасадзілі так далёка ад царэўны. Калісьці, як помніцца, яны сядзелі ў час велікоднай вячэры іначай. Разам, побач адно з адным, сядзелі яны. Царэвіч, помніцца, задаваў тату чатыры рытуальныя пытанні, а царэўна тым часам выкрадала ў яго вялікасці з-пад падушкі традыцыйны праснак. Ах! Як мы тады смяяліся. Калісьці, пасля велікоднай вячэры, як я помню, цар знімаў свой белы кіцель, а царыца сваю царскую ядвабную сукенку, а мы сядзелі — Бузя і я — удваіх у кутку, гулялі ў арэшкі, якія нам дала мама, альбо я расказваў ёй казку, адну з тых самых чарадзейных «хедараўскіх» казак майго сябра Шайкі, які ведае ўсё. Казку пра зачараваную царэўну, якая сядзела ў крыштальным палацы сем гадоў запар і чакала, пакуль хто-небудзь з дапамогаю чарадзейнага слова не ўздымецца ў надхмар'е, не пераляціць цераз горы і даліны, цераз рэкі і пусткі і не выратуе, не вызваліць яе.
Усё гэта, аднак, было даўно, вельмі даўно, шмат гадоў таму. Цяпер царэўна вырасла, стала вялікая. І царэвіч вырас, стаў вялікі. І пасадзілі іх за стол гэтак бязлітасна, што яны нават не могуць добра бачыць адно аднаго. Уявіце сабе: па правую руку ад яго вялікасці — царэвіч, па левую руку ад яе вялікасці — царэўна!.. Мы прамаўляем велікоднае сказанне, я і тата, голасна, як некалі, шмат гадоў таму, і нараспеў — старонку за старонкаю. А мама з Бузяю ціхенька паўтараюць за намі старонку за старонкаю, пакуль мы не даходзім да «Песні песняў». Я чытаю разам з татам «Песню песняў», як некалі, шмат гадоў таму, з асаблівым напевам. Верш за вершам. І мама з Бузяю чытаюць за намі ціхенька-ціхенька верш за вершам. Але вось цар, стомлены гісторыяй сыходу з Эгіпта і захмялелы ад рытуальных келіхаў, пачынае пакрысе драмаць: задрэмле крыху, схамянецца і зноў пяе «Песню песняў». Вось ён пачынае голасна: «Многія воды не здольныя заліць агонь кахання…» І я падхопліваю ў той жа танальнасці: «Унэгоройс ло йіштэфуго — і рэкі не зальюць яго…» Спеў наш робіцца ўсё цішэйшы, пакуль яго вялікасць, нарэшце, не засне-такі па-сапраўднаму. Царыца кранае рукаў яго белага кіцеля. З мілай далікатнасцю будзіць яна яго і пасылае ў ложак, — а мы з Бузяю тым часам маем магчымасць перакінуцца некалькімі словамі. Я паднімаюся з-за стала і блізка падыходжу да яе, і мы стаім адно супроць аднаго — упершыню так блізка ў гэтую ноч. «У гэтую ноч, — кажу я ёй, — было б добра пагуляць…» Яна разумее мяне і адказвае з ледзь прыкметнаю ўсмешкай пытаннем: «У гэтую ноч?..» І ўяўляецца мне, што яна насміхаецца з мяне. Так насміхалася яна з мяне калісьці, шмат гадоў таму. Мне робіцца крыўдна. Я гавару ёй: «Бузя, нам ёсць пра што пагаварыць, шмат пра што пагаварыць». «Шмат пра што пагаварыць?» — паўтарае яна мае словы, і здаецца мне, што яна з мяне смяецца… Я ўспыхваю: «А можа, я памыляюся? Можа, нам з табою цяпер няма пра што гаварыць?..»
Гэта сказана з такою горыччу, што Бузя перастае ўсміхацца і твар яе робіцца сур'ёзным. «Заўтра, — кажа яна мне, — заўтра мы пагаворым…» — і святлее ў мяне ўваччу. Святлее, робіцца хораша і весела. Заўтра! Заўтра мы пагаворым! Заўтра! Заўтра!.. Я падыходжу яшчэ бліжэй, і вось я адчуваю пах яе валасоў, пах яе адзення, колішні, знаёмы пах. І ўсплываюць у маёй памяці словы з «Песні песняў»: «Нойфэс тытойфно сіфсойсаух, кало — салодкі нектар капае з вуснаў тваіх, нявеста! Мёд з малаком у цябе пад языком. І водар адзення твайго — гэта водар Лівана…»
Астатняе мы ўжо гаворым так, без слоў. Больш вачыма. Вачыма…
— Добрай ночы, Бузя, — кажу я ёй ціха. Мне цяжка пайсці ад яе. Бачыць бог, як цяжка.
— Дабранач, — адказвае мне Бузя, не кранаючыся з месца, і глядзіць на мяне з глыбокім смуткам сваімі блакітнымі вачыма з «Песні песняў».
Я зноў жадаю ёй добрай ночы. І яна зноў адказвае мне тым жа. Тут з'яўляецца маці і вядзе мяне ў другі пакой. Там яна разгладжвае сваімі цудоўнымі белымі рукамі белае пакрывала на маім ложку, і яе губы шэпчуць: «Спі на здароўе, дзіця маё, спі на здароўе…»
У гэтых некалькіх словах вылілася ўсё мора любові, якое сабралася ў сэрцы ў маёй мамы за той час, што мяне не было дома. Я гатовы прыпасці да яе, пакрыць пацалункамі яе прыгожыя белыя рукі. Але я не варты гэтага. Я ведаю… Ціха жадаю я ёй добрай ночы і застаюся адзін, адзін-адзінюсенькі ў гэтую ноч.
…Адзін-адзінюсенькі ў гэтую ноч. У гэтую ціхую, пяшчотную, цёплую вясновую ноч.
Я расчыняю акно і гляджу праз яго на вуліцу, гляджу на цёмна-сіняе начное неба, на зіхаткія брыльянтавыя зоркі. І я пытаюся ў самога сябе: няўжо? няўжо? Няўжо я прайграў сваё шчасце? Прайграў навекі? Няўжо я сам, вось гэтымі сваімі рукамі, узяў і спаліў свой чароўны палац і выпусціў прыгожую, нябесную царэўну, якую я калісьці зачараваў? Няўжо? Няўжо? А калі не? Раптам я з'явіўся ў час? «Бойсі лэгані, ахойсі кало — я прыйшоў у вінаграднік мой, сястрыца, нявеста мая…» І я яшчэ доўга сяджу каля расчыненага акна гэтай ноччу. І я адкрываю свае тайны гэтай ціхай, пяшчотнай, цёплай веснавой ночы, якая сама поўная, наздзіў поўная, таямніц і загадак.
І ў гэтую ноч я адкрыў нешта новае для сябе. Што я кахаю Бузю.
Што я кахаю яе тым святым, палымяным, пякельным каханнем, якое так добра апісана ў нашай «Песні песняў». Вялікія вогненыя літары ўзнікаюць, разразаючы змрок, я не ведаю адкуль — і лунаюць у мяне перад вачыма. Гэта літары з толькі што прачытанай «Песні песняў», літара за літарай: «Кі азо хамовэс агаво — мацнейшая за смерць любоў. Кошо хішэол кіно — жорсткая, як пекла, рэўнасць. Рэшофэго рышпэй эйш — яе іскры — іскры агню, полымя Божага…»
І я сяджу ў гэтую ноч каля расчыненага акна, і я пытаюся ў гэтай ночы таямніц і загадак, прашу яе адкрыць тайну: няўжо? няўжо?..
Толькі яна маўчыць, гэтая ноч таямніц і загадак. Тайна застаецца для мяне тайнаю — да заўтра.
Заўтра — так мне абяцала Бузя — мы пагаворым. Ах! Заўтра ўжо мы пагаворым… Хай толькі міне гэтая ноч. Хай толькі знікне гэтая ноч. Гэтая ноч. Гэтая ноч…
Чацвертая частка. Субота пасля швуэс
«Вайгі эрэв» — і быў вечар. «Вайгі бойкер» — і было ранне.
Цудоўнае, рэдкае ранне, якое бывае калі-нікалі на пачатку лета між вялікаднем і швуэс.
У гэтае ранне я прачнуўся самы першы ў доме. Дзень толькі нараджаўся. Маё маленькае санлівае мястэчка толькі-толькі пачало абуджацца ад салодкага сну. Яснае, пяшчотна-цёплае сонца рыхтавалася пакінуць свой шацёр і пусціцца ў шлях па вялікай нябеснай дарозе ў гэты дзень на пачатку лета між вялікаднем і швуэс. Яшчэ праносіўся над светам лёгкі, прахалодны начны ветрык. Ледзь-ледзь, нібыта крылцам анёла, кранаў ён ціхую зямлю, якая толькі пачала прачынацца.