Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
І пераканаўшы яго, што інтэрв'ю будзе мець поспех у чытачоў, міс Уорэн пайшла. Хоць, па праўдзе кажучы, ёй хацелася папярэдзіць гэтага стомленага чалавека, які ўжо ўхапіўся за думку пра новы паўмільённы тыраж яго новай кнігі, якая ў людзей кароткая памяць — сёння яны купляюць кнігу, з якой заўтра будуць смяяцца. Аднак на гэта ў яе ўжо не было часу, яе захапіла больш буйная гульня — яна лічыла, што ўжо разгадала тайну «Бедэкера». Штуршком былі яе прароцтвы. Схема лёгка вымалася, папера ў «Бедэкеры», як ёй запомнілася, была тонкая і дастаткова празрыстая, калі падкласці схему пад паметкі алоўкам на папярэдняй старонцы, лініі можна бачыць наскрозь.
«Чорт пабяры, не кожны да такога дадумаецца, — разважала яна. — За гэта трэба выпіць. Знайду я зараз парожняе купэ і паклічу афіцыянта». Ёй не было патрэбы нават у Джанет Пардаў, каб адсвяткаваць такую ўрачыстасць, яна палічыла за лепшае пасядзець адной, з келіхам Курвуазье, там, дзе нічога не перашкодзіць ёй абдумаць наступны ход. Аднак нават знайшоўшы парожняе купэ, яна дзейнічала абачліва: не выцягнула «Бедэкера» з-пад кофтачкі да таго часу, пакуль афіцыянт не прынёс каньяк. І нават тады зрабіла гэта не адразу. Яна паднесла келіх да ноздраў, дазваляючы віннай пары дайсці да таго месца, дзе мозг, відаць, злучаецца з носам. Алкаголь, які яна піла ўчора ўвечары, не ўвесь яшчэ выпарыўся. Ён варушыўся ў ёй, як земляны чарвяк у спякотны вільготны дзень. «Галава круціцца, — падумала яна, — у мяне круціцца галава». Праз келіх з каньяком яна паглядзела на навакольны свет, такі аднастайны і звыклы, што здавалася, ён назаўсёды застанецца нязменны: дагледжаныя палі, дрэвы, маленькія фермы. Яе вочы, блізарукія і пачырванелыя ад аднаго толькі паху віна, не заўважалі, што адбыліся нейкія змены ў надвор'і. Яна паглядзела на неба, шэрае і бясхмарнае, і на цьмянае сонца. «Няма нічога дзіўнага, калі пойдзе снег», — падумала яна і праверыла, ці поўнасцю адчынены кран ацяплення. Потым выцягнула з-пад кофтачкі «Бедэкер». Цягнік ужо хутка прыйдзе ў Нюрнберг, і ёй хацелася вырашыць усе праблемы да з'яўлення новых пасажыраў.
Яе здагадка была правільная, гэта, ва ўсякім разе, дакладна. Калі яна пачала разглядаць на святло схему і старонку з адзнакамі, рысачкі ляглі ўздоўж вуліц, кружочкі абвялі грамадскія будынкі: паштамт, вакзал, суд, турму. Але што ўсё гэта азначае? Раней яна лічыла, што доктар Цынер вяртаецца, каб даць наглядны прыклад, магчыма, паўстаць перад судом за ілжэсведчанне. Аднак у такім разе схема не мела ніякага сэнсу. Яна зноў пачала пільна яе вывучаць. Вуліцы былі адзначаны невыпадкова, тут існавала нейкая пэўная сістэма: квадраты дакладна размяшчаліся вакол галоўнага квадрата. Квадрат на адным баку галоўнага супадаў з вакзалам, на другім — з поштай, на трэцім — з судом. Усярэдзіне квадрацікі рабіліся ўсё меней і меней і, нарэшце, акружалі толькі турму.
З абодвух бакоў цягніка стромка ўзнімаўся ўгору адхон, ён засланяў сонечнае святло. Іскры, чырвоныя на фоне пахмурнага неба, нібыта градзінкі, грукаталі па вокнах, цемра запоўніла вагоны, калі доўгі цягнік з грукатам уварваўся ў тунель. «Рэвалюцыя, сама меней, рэвалюцыя», — думала яна, усё яшчэ трымаючы схему на ўзроўні вачэй, каб не прапусціць моманту, калі зноў з'явіцца святло.
Грукат сціхнуў, раптам наўкол ізноў зрабілася светла. У дзвярах стаяў доктар Цынер з газетай пад пахай. На ім ізноў быў плашч, і яна акінула пагардлівым поглядам яго акуляры, сівыя валасы, неахайна падстрыжаныя вусы і вузкі, туга завязаны гальштук. Яна адклала схему ўбок і сказала з усмешкаю:
— Ну і як?
Доктар Цынер увайшоў у купэ і зачыніў дзверы. Без усякай адзнакі варожасці ён сеў насупраць яе. «Ён разумее, што я паставіла яго ў безвыходнае становішча, і вырашыў паводзіць сябе разумна».
— Ваша газета ўхваліла б ваш учынак? — раптам спытаў ён.
— Вядома, не. Назаўтра ж мяне выкінулі б на вуліцу. Але калі яны атрымаюць мой матэрыял, усё будзе наадварот. — І дадала з добра разлічаным нахабствам: — Думаю, за такі матэрыял варта прыбавіць мне чатыры фунты ў тыдзень.
Доктар Цынер сказаў павольна, без ніякага гневу:
— Я вам нічога не раскажу.
Яна пагардліва махнула на яго рукой.
— Вы мне шмат чаго ўжо расказалі. А яшчэ і гэта. — Яна пастукала па «Бедэкеры». — Вы былі настаўнікам замежнай мовы ў Грэйт Берчынгтан-он-Сі. Мы атрымалі інфармацыю ад вашага дырэктара. — Ён нахіліў галаву. — А потым, — працягвала яна, — ёсць яшчэ гэтая схема. І гэтыя каракулі. Я іх ужо супаставіла і ўсё зразумела.
Яна чакала, што ён пачне пярэчыць, спалохаецца ці выкажа абурэнне, але ён усё яшчэ панура раздумваў над яе першай здагадкай. Яго паводзіны збянтэжылі яе, і на кароткае імгненне яна падумала: «Можа, з маіх рук выпадае самы галоўны матэрыял? Можа, галоўны матэрыял зусім не тут, а ў школе на паўднёвым беразе, сярод цагляных будынкаў, прасмоленых сасновых парт, чарнільніц, бразгатлівых званкоў і паху хлапечай вопраткі?» Гэтыя сумненні крыху паменшылі яе самаўпэўненасць, яна загаварыла спакайней, мякчэй, чым збіралася, — сваім хрыплым голасам ёй цяжка было кіраваць.
— Мы прыйдзем да згоды, — лагодна рыкнула яна. — Я не збіраюся рабіць вам ніякай шкоды. Не хачу ўблытвацца ў вашы справы. Ведаеце, калі вы дасягняце сваёй мэты, каштоўнасць маёй карэспандэнцыі будзе яшчэ большая. Абяцаю нічога не друкаваць без вашай асабістай згоды. — Яна сумна дадала, нібыта была мастаком, якога вінавацяць за тое, што ён карыстаецца няякаснымі фарбамі: — Я не зраблю шкоды вашай рэвалюцыі. Толькі ўявіце, якая гэта будзе выдатная карэспандэнцыя!
Старасць імкліва наступала на доктара Цынера. Раней яму здавалася, што сярод пахаў прасмоленай хвоі, у скрыпе крэйды па класнай дошцы ён займеў пяць гадоў перадышкі ад турэмнай камеры, і вось ён сядзіць у купэ экспрэса, а гэтыя гады, што адцягнулі мінулыя падзеі, усе разам наваліліся на яго, раптоўна, а не спакваля. Зараз ён быў падобны да старога, які, засынаючы, торкаецца носам, твар яго зрабіўся такі ж змрочны, як снежныя хмары пад Нюрнбергам.
— Ну, перш за ўсё, якія ў вас планы? — спытала міс Уорэн. — Мне здаецца, што вы ў многім залежыце ад трушчоб.
Ён пахітаў галавой:
— Я ні ад каго не залежу.
— Вы кіруеце ўсім?
— Я тут самы маленькі чалавек.
Міс Уорэн зласліва стукнула сябе па калене.
— Мне трэба дакладныя адказы. — І зноў пачула:
— Я вам нічога не скажу.
«Ён выглядае на ўсе семдзесят гадоў, а не на пяцьдзесят шэсць, — падумала яна, — ён пачынае глухнуць, не разумее, што я кажу». Яна была вельмі паблажлівая, яна была ўпэўненая, што перад ёй — не ўвасабленне поспеху, а хутчэй няўдачы, а няўдачніку яна магла дараваць многае, з ім яна магла быць спагадлівай і лагоднай, магла падбадзёрыць яго адрывістымі словамі, падобнымі да ціхага ржання, як толькі няўдачнік пачынаў гаварыць. Слабы чалавек часам ішоў ад яе перакананы, што яна яго найлепшы сябра. Яна нахілілася і паляпала доктара Цынера па калене, надаўшы сваёй усмешцы ўсю прыязнасць, на якую яна толькі была здатная.
— Тут мы з вамі заадно, доктар. Хіба вы не разумееце? Паслухайце, мы можам вам дапамагчы. «Грамадская думка» — вось як называюць яшчэ «Кларыён». Я ведаю, вы баіцеся, што мы не вытрымаем, што мы надрукуем карэспандэнцыю пра вас заўтра і ўрад будзе папярэджаны. Аднак абяцаю вам, мы не апублікуем ніводнага слова, нават не заікнёмся, пакуль вы не пачняце ваш спектакль. Толькі тады я буду мець права надрукаваць на самым лепшым месцы ў газеце: «Гісторыя доктара Цынера, расказаная ім самім. Выключна для «Кларыёна». Ну, хіба гэта не пераканаўча?
— Мне няма чаго сказаць.
Міс Уорэн зняла руку з калена. «Няўжо гэты няшчасны ёлупень думае, што ён зможа паўстаць паміж мной і прыбаўкай чатырох фунтаў у тыдзень, паміж мной і Джанет Пардаў», — разважала яна. Гэты стары ўпарты дурань, што сядзеў насупраць, зрабіўся для яе ўвасабленнем усіх мужчын, якія квапяцца на яе шчасце: сваімі грашыма і дробязнымі падачкамі яны ўлагоджваюць Джанет, здзекуюцца з таго, што жанчыны здатныя па-сапраўднаму кахаць адна адну. Але гэтае ўвасабленне мужчыны было пад маёй уладай, яна здольная знішчыць ушчэнт гэтае ўвасабленне. Кромвель разбіваў на друзачкі статуі, — гэта не было бяссэнсавым актам вандалізму. Нейкая сіла Багародзіцы перадавалася і яе статуі, а калі галава ў яе была адбітая, не ставала ўжо рукі і нагі, абламаныя былі сем мячоў, якія ўтыкаліся ў яе цела, то пачалі ставіць меней свечак і чытаць меней малітваў каля яе алтара. Калі хоць адзіны мужчына — доктар Цынер, напрыклад, — будзе дашчэнту знішчаны жанчынай, дык меней маладзенькіх дурніц, накшталт Корал Маскер, будуць верыць у сілу і спрыт мужчын. Аднак зважаючы на яго ўзрост і на тое, што ў нос ёй тхнуў смурод, які зыходзіць ад няўдачніка, яна дала яму яшчэ адзін шанец.
— Няма чаго?
— Няма чаго.
Міс Уорэн злосна засмяялася яму ў твар.
— Вы ўжо расказалі мне шмат чаго істотнага. — Гэтыя словы не зрабілі на яго ніякага ўражання, і яна пачала тлумачыць яму павольна і падрабязна, нібыта мела справу з разумова адсталым чалавекам: — Мы прыязджаем у Вену ў восем сорак вечара. Да дзевяці гадзін я ўжо патэлефаную ў сваю кантору ў Кёльне. Яны перададуць маю карэспандэнцыю ў Лондан да дзесяці. Матэрыял у першы лонданскі выпуск не паступае ў тыпаграфію да адзінаццаці. Нават калі паведамленне затрымаецца да трох гадзін раніцы, можна яшчэ перарабіць першую паласу. Маю карэспандэнцыю будуць чытаць у Лондане ў час снедання. Да дзевяці раніцы рэпарцёр кожнай лонданскай газеты будзе каля будынка ўрада Югаславіі. Заўтра ў першай палове дня гэты матэрыял прачытаюць у Белградзе, а цягнік прыйдзе туды не раней шостай увечары. Астатняе ўявіць няцяжка. Падумайце пра тое, што я змагу расказаць. Доктар Цынер, вядомы бунтар-сацыяліст, які пяць гадоў таму ўцёк з Белграда пад час суду над Камнецам, вяртаецца на радзіму. У панядзелак ён сеў на Ўсходні экспрэс у Остэндэ, цягнік прыбывае ў Белград сёння ўвечары. Лічаць, што яго прыезд звязаны з узброеным паўстаннем на чале з сацыялістамі, якое пачнецца ў раёне трушчоб, дзе ніколі не згасала памяць пра доктара Цынера. Магчыма, будзе зроблена спроба захапіць вакзал, паштамт і турму. — Міс Уорэн зрабіла кароткую паўзу. — Вось такую гісторыю я адпраўлю тэлеграфам. Але калі вы дадзіце якія-небудзь дадатковыя звесткі, я папрашу іх прытрымаць маю карэспандэнцыю, пакуль вы не дазволіце надрукаваць яе. Я прапаную вам сумленную здзелку.