Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

— Распранайся і кладзіся, — загадаў ён. — Я прыйду да цябе праз хвіліну.

Перш чым яна пачала спрачацца ці патрабаваць тлумачэння, ён на дыбачках спрытна праслізнуў у дзверы і зачыніў іх за сабой. Агледзеўшыся, ён тут жа знайшоў крэсла і засунуў яго ножку за ручку дзвярэй так, каб іх немагчыма было адчыніць з таго боку.

Пакой, куды трапіў Ёзеф, быў яму добра знаёмы, бо ён тут ужо бываў раней. Пакой выглядаў як нешта сярэдняе паміж канторай і старамоднай гасцёўняй. Там стаяў пісьмовы стол, некалькі іншых столікаў, чырвоная плюшавая канапа, крэсла на калёсіках, дзве-тры невялікія гравюры дзевятнаццатага стагоддзя, на якіх былі намаляваныя дзеці, што гулялі з сабакамі, і дамы каля садовай агароджы. Адну сцяну амаль цалкам займала вялікая схема цэнтральнай станцыі з платформамі, таварнымі складамі, стрэлкамі і сігнальнымі будкамі — яна была ўсыпаная рознакаляровымі паметкамі. Абрысы мэблі былі цьмяна бачныя ў прыцемках. Цені ад запаленых ліхтароў падалі на столь і на запаленую настольную лямпу, гэтыя цені, нібыта мебельныя чахлы, былі параскіданы па ўсім пакоі. Ёзеф стукнуўся нагой аб адзін столік і ледзь не перакуліў пальму. Ён нягучна вылаяўся, і тут з спальні пачуўся голас Ганны:

— Што здарылася, Антон? Што ты там робіш?

— Нічога. Нічога. Праз хвілінку я буду з табой. Твой гаспадар не патушыў святла. Ты ўпэўнена, што ён не прыйдзе?

Яе разабраў кашаль, але паміж прыступамі кашлю яна паведаміла:

— Ён на дзяжурстве да поўначы. Ты хутка ўжо, Антон?

Ёзеф скрывіўся.

— Ганна, любая, я ўжо распранаюся.

Праз адчыненае акно ў пакой урываўся шум чыгункі, бесперапынку гудзелі аўтамабілі. Ёзеф высунуўся за акно і кінуў позірк на вуліцу. Таксі з пасажырамі і багажом сноўдалі па ўсіх напрамках, але ён не звяртаў увагі ні на таксі, ні на мігатлівыя агні рэкламы, ні на звон шклянак у кавярні якраз пад ім. Ён углядаўся ў тратуар унізе: там зараз было няшмат прахожых — надышоў час вячэры, тэатра, кіно. Паліцейскіх нідзе не было відно.

— Антон!

— Сціхні ты! — агрызнуўся ён і завесіў штору, каб нельга было ўбачыць яго з другога боку вуліцы.

Ён ведаў дакладна месца, дзе сейф быў уманціраваны ў сцяну. Спатрэбілася адзін раз павячэраць з Ганнай у кавярні, звадзіць яе ў кіно, некалькі разоў выпіць з ёю — і ўсе звесткі былі атрыманы. Аднак ён пабаяўся спытаць у яе камбінацыю лічбаў: яна магла здагадацца, што не толькі ад яе чараў ён узлез па абледзянелым даху ў яе пакой. З кніжнай шафы за пісьмовым сталом ён выцягнуў шэсць тоўстых тамоў «Эксплуатацыі чыгункі». За кнігамі былі схаваныя сталёвыя дзверцы сейфа. Розум Ёзефа Грунліха працаваў зараз ясна і дакладна, рухаўся ён упэўнена і няспешна. Перш чым прыступіць да працы, ён паглядзеў на гадзіннік — дзесяць хвілін на дзесятую — і разлічыў, што яшчэ можна тут заставацца паўгадзіны. «Процьма часу, — падумаў ён і прыціснуў мокры вялікі палец да дзверцаў сейфа. — Сталь таўшчынёй не болей за паўдзюйма». Паклаўшы сумку на пісьмовы стол, ён дастаў з яе інструменты. Зубілы былі ў ідэальным стане, добра адпаліраваныя, з вострымі канцамі. Ёзеф ганарыўся высокай якасцю сваіх інструментаў гэтаксама, як і хуткасцю, з якой ён працаваў імі. Можна было ўзламаць такую тонкую сталь ломікам, але Ганна пачуе грукат, а ёй ён не давяраў — яшчэ раптам крык падыме. Таму ён распаліў маленькую паяльную лямпу ў выглядзе трубкі, папярэдне надзеўшы цёмныя акуляры, каб засцерагчы вочы ад асляпляльнага святла. З першым жа шалёным выбухам полымя ўсе рэчы ў пакоі вылучыліся з цемры, спякота дыхнула яму ў твар, і сталёвыя дзверцы пачалі шыпець, як алей на гарачай патэльні.

— Антон! — жанчына пачала трэсці ручку дзвярэй у спальні. — Антон! Што ты там робіш? Навошта ты мяне замкнуў?

— Сціхні! — крыкнуў ён ёй скрозь нягучнае гудзенне полымя.

Ён чуў, як Ганна абмацвае замок і паварочвае ручку. Потым яна запатрабавала яшчэ раз:

— Антон, выпусці мяне!

Варта было яму адняць губы ад трубкі, як полымя імгненна сціхала. Спадзеючыся на баязлівасць гэтай дурніцы, ён раз'юшана крыкнуў:

— Сціхні! Іначай скручу табе шыю!

З хвілінку панавала цішыня, полымя павялічылася, ад спёкі сталёвыя дзверцы зрабіліся з чырвоных белыя, і тут Ганна закрычала што ёсць сілы:

— Я ведаю, чым ты там займаешся, Антон! — Ёзеф шчыльней прыціснуў губы да трубкі, не звяртаючы ўвагі на Ганну, але наступны яе выкрык напалохаў яго: — Ты каля сейфа, Антон!

Яна зноў пачала бразгаць ручкай, і ён мусіў быў прытушыць полымя і крыкнуць ёй:

— Сціхні! Іначай, як сказаў, так і зраблю. Скручу тваю паганую шыю, старая сука!

Голас яе зрабіўся цішэйшы, але ён дакладна чуў кожнае яе слова — пэўна, яна прыціснула губы да замочнай шчыліны:

— Не трэба, не трэба так казаць, Антон. Паслухай, выпусці мяне. Мне трэба табе нешта сказаць, папярэдзіць цябе. — Ён нічога ёй не адказаў, раздзьмухваючы полымя і даводзячы сталь да белага напалу. — Я сказала табе няпраўду, Антон. Выпусці мяне. Гер Кольбер зараз павінен вярнуцца.

Ён прыглушыў трубку і, усхапіўшыся, павярнуўся да дзвярэй:

— Пра што гэта ты?

— Я думала, што ты не прыйдзеш, калі даведаешся пра гэта. На каханне нам бы хапіла часу. Паўгадзінкі. А калі б нават ён і завітаў раней, мы маглі б паляжаць ціхенька.

Мозг Ёзефа зрэагаваў імгненна, ён не стаў марнаваць час на праклёны, а патушыў трубку, паклаў яе зноў у сумку разам з зубіламі, ломікам, адмычкай і бляшанкай з перцам. Не раздумваючы, ён адмовіўся ад адной з самых лёгкіх здабыч у сваёй зладзейскай кар'еры, аднак жа нездарма ён заўсёды ганарыўся тым, што пазбягае ўсякай рызыкі. Яго ні разу яшчэ не злавілі. Зрэдку ён працаваў з напарнікам, і напарнікі пападаліся, але зла на яго не трымалі. Яны разумелі, якога выдатнага рэкорду дасягнуў Ёзеф, і ішлі ў турму, гордыя тым, што яму ўдалося збегчы, а потым у размовах з сябрамі звычайна так пра яго гаварылі: «Гэта ж Ёзеф! За пяць год ён ні разу не трапіў за краты».

Ёзеф зачыніў сумку і спалохана прыслухаўся: непадалёк пачуўся гук, нібыта нехта спусціў цеціву лука.

— Што гэта?

— Ліфт. Нехта пазваніў, выклікае ўніз, — сказала шэптам Ганна праз дзверы.

Ён узяў у рукі том «Эксплуатацыі чыгункі», але сейф быў надта гарачы, і паклаў кнігу на пісьмовы стол. Унізе было чуваць, як зачыніліся дзверцы ліфта. Ёзеф адышоў ад парцьеры і, пацягнуўшы за шнурок, на якім вісеў рэвальвер, падняў яго на дзюймы два вышэй. Ён быў падумаў, можа, уцячы праз акно, аднак нагадаў, што давядзецца падаць з вышыні трыццаці футаў на дах кавярні. Потым дзверцы ліфта адчыніліся і адразу ж зачыніліся з трэскам.

— На першым паверсе, — шэптам паведаміла праз замочную шчыліну Ганна.

«Не бяда, — падумаў Ёзеф. — Можна не спяшацца. Спярша ў спальню Ганны, а потым на дах. Давядзецца, праўда, пачакаць хвілін дваццаць цягніка на Пасаў». Ножка крэсла, засунутая за ручку дзвярэй, захрасла. Яму прыйшлося пакласці сумку і пусціць у ход абедзве рукі. Крэсла звалілася на паркет і раскалолася. У гэтае імгненне ўключылася святло.

— Стаяць на месцы! — загадаў гер Кольбер. — Рукі ўгору!

Ёзеф Грунліх адразу падпарадкаваўся загаду. Ён павярнуўся вельмі павольна і за гэтыя некалькі секунд абдумаў план дзеяння.

— У мяне няма зброі, — ціха сказаў ён, з прастадушным дакорам гледзячы на гера Кольбера.

Гер Кольбер быў апрануты ў блакітную форму і круглую фуражку памочніка начальніка станцыі, ён быў маленькі і хударлявы, з смуглявым маршчыністым тварам, старэчая рука, якая трымала рэвальвер, злёгку дрыжала ад хвалявання і лютасці. Прастадушныя вочы Ёзефа звузіліся на імгненне, ён кінуў хуткі позірк на рэвальвер, прыкідваючы, пад якім вуглом будзе зроблены стрэл і ці праляціць куля міма. «Не, — вырашыў ён, — пацэліць у ногі, а куля трапіць у жывот». Гер Кольбер стаяў спінай да сейфа, і пакуль яшчэ не мог убачыць раскіданых неахайна кніг.

— Вы не так мяне зразумелі, — дадаў Ёзеф.

— Што вы там робіце каля дзвярэй?

Твар Ёзефа быў яшчэ чырвоны ад гарачага полымя.

— Мы з Ганнай… — пачаў ён.

— Ну, хутчэй кажы, нягоднік! — закрычаў на яго гер Кольбер.

— Мы з Ганнай — сябры. Шкада, гер дырэктар, што вы мяне… нас заспелі неспадзеўкі. Мяне сюды запрасіла Ганна.

— Ганна? — здзекліва перапытаў гер Кольбер. — Навошта?

Ёзеф сарамліва вільнуў сцёгнамі.

— Ну, гер Кольбер, вы ж самі ведаеце, як гэта звычайна здараецца. Мы з Ганнай — сябры.

— Ганна, ідзі сюды.

Дзверы павольна адчыніліся, і Ганна выйшла з свайго пакоя. Яна паспела ўжо надзець спадніцу і прычасаць валасы.

— Гэта праўда, гер Кольбер, — сказала яна, з жахам пазіраючы на незамаскіраваны сейф.

— Што з табой? Куды ты глядзела? Жанчына твайго веку! Куды гэта варта?

— Ваша праўда, гер Кольбер, але… — Яна вагалася, і Ёзеф спыніў яе, не даўшы магчымасці абараніць ці абвінаваціць яго:

— Мне вельмі падабаецца Ганна.

Бездапаможная, вартая жалю, яна з удзячнасцю сустрэла гэтыя словы.

Поделиться с друзьями: