Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
— Я толькі хачу ўзяць свой сакваяж. Чаго вы на мяне накінуліся? Я і слова не сказала.
— Не хвалюйся з-за дробязей, Эймі, — сказаў містэр Пітэрс. — Гэта не наша справа, як паводзіць сябе гэтая маладая дама. Вазьмі яшчэ адну таблетку. Гэта ўсё яе страўнік. У яе нястраўнасць, — растлумачыў ён Корал.
— Скажаш: «маладая дама». Распусніца — вось хто яна такая.
Корал ужо выцягнула сакваяж з-пад сядзення, але тут жа з сілай апусціла яго на ногі містэра Пітэрса. Яна ўперла рукі ў бокі і павярнулася да жанчыны, адчуваючы сябе вопытнай, упэўненай у сябе і рашучай: іх сварка нагадала ёй маці — як тая, узяўшыся ў бокі, усчыняла сварку з суседкай, якая ўпікала яе за шашні з кватарантам. У гэты момант Корал ператварылася ў сваю маці: лёгка, нібы сукенку, яна скінула з сябе тое, чаму навучыла яе жыццё — штучную вытанчанасць тэатральнага свету і асцярожную манеру размаўляць.
— Паглядзі на сябе: хто ты такая? — Яна ведала сапраўдную цану гэтым людзям: крамнікі ў адпачынку, едуць у Будапешт з турысцкай групай агенцтва «Кука» — гэта ж крыху далей, чым Остэндэ, дома яны потым будуць выхваляцца, якія яны заўзятыя падарожнікі, паказваць усім яркія наклейкі танных гатэляў на сваіх чамаданах. Раней і на яе гэта зрабіла б уражанне, але цяпер яна ўжо навучылася не надаваць значэння такім рэчам, не дазваляць сабе абводзіць вакол пальца, быць праніклівай. — З кім гэта ты так гаворыш? Я не якая там ваша прадаўшчыца. Не з тых, каго вы прымаеце з задняга ходу.
— Ну, даволі ўжо, — сказаў містэр Пітэрс, крануты за жывое яе здагадлівасцю. — Няма прычыны сварыцца.
— Ах, няма! А вы чулі, як яна мяне абразіла? Пэўна, бачыла, як вы ладзіліся да мяне.
— Ну, вядома ж, ён табе не пара. Лёгкі заробак, вось чаго ты хочаш. Не думай, не вельмі ты нам патрэбная ў гэтым вагоне. Я ведаю, дзе тваё сапраўднае месца!
— Вымі з рота гэтую штучку, калі гаворыш са мной!
— На Орбакл-авеню. Ловіш мужчын проста з цягніка на Падынгтонскім вакзале.
Корал зарагатала. Гэта быў тэатральны рогат яе маці, ён звычайна запрашаў суседзяў прыйсці і паглядзець на свару. Ад узбуджэння пальцы Корал сціснуліся на сцёгнах, яна так доўга паводзіла сябе ўзорна, правільна вымаўляла словы, не выхвалялася сваімі паклоннікамі, не гаварыла: «Вельмі прыемна вас бачыць!» Шмат гадоў няўпэўнена яна кідалася паміж двума рознымі класамі і ні да таго, ні да другога не прыстала, яна належала толькі таатру. Яна страціла прыроджаную прастату, але і натуральная вытанчанасць была ёй недаступная. А зараз яна з задавальненнем вярнулася да сваіх вытокаў.
— Не хацела б я быць такім пудзілам, нават калі б ты мне заплаціла. Нічога дзіўнага — з такой храпай у любой жывот забаліць. Зразумела цяпер, чаму твой стары бегае ад цябе да іншых.
— Ну, хопіць ужо, супакойцеся, дамы.
— Аб цябе ён рукі мараць не стане. Брудны жыдок — вось і ўсё, чаго ты вартая.
Корал раптам заплакала, хоць рукі ў яе ўсё яшчэ рваліся ў бойку, у яе ледзьве хапіла голасу, каб адказаць:
— Не чапай яго.
Аднак словы місіс Пітэрс, нібыта дымок паветранай рэкламы, што спакваля знікае ў небе, азмрочылі яе светлыя надзеі.
— Мы добра ведаем: гэта ён — твой палюбоўнік.
— Дарагая мая, — вымавіў за яе спінай нечы голас, — не звяртайце на іх увагі.
— А вось яшчэ адзін твой сябар.
— Хадземце адгэтуль. Ну, і што з таго?
Доктар Цынер узяў Корал пад ручку і паціху пачаў выводзіць яе з купэ.
— Адны жыды і іншаземцы. Ніякага сораму.
Доктар Цынер забраў яе сакваяж і выставіў яго на калідор. Калі ён павярнуўся да місіс Пітэрс, на твары яго ўжо не было бездапаможнай разгубленасці настаўніка-іншаземца — ён быў поўны адвагі і сарказму, якія адзначалі журналісты, калі ён даваў паказанні супраць Камнеца.
— Ну, і што далей?
Місіс Пітэрс выняла з рота мятную таблетку. Доктар Цынер, сунуўшы рукі ў кішэні плашча, пагойдваўся на насках. Было відаць, што ён авалодаў становішчам, але яму не прыходзіла ў галаву, што сказаць, — галава ў яго ўсё яшчэ была поўная гучных фраз, рыторыкі сацыялістаў. Сутыкнуўшыся з любым насіллем, ён рабіўся рэзкі, але цяпер не знаходзіў патрэбных слоў, хоць яны, гэтыя словы, несумненна, існавалі ў глыбіні яго свядомасці, гэтыя пякучыя словы, з'едлівыя і едкія, як дым.
— Ну, і што з таго?
Да місіс Пітэрс пачала вяртацца яе адвага.
— Ты чаго суеш нос не ў сваю справу? Толькі гэтага нам не ставала! Спачатку адна ашалела, а цяпер і гэты лезе. Герберт, скажы сваё слова.
Аднак загаварыў доктар Цынер. Словы яго, вымаўленыя з моцным акцэнтам, гучалі важка і пераканаўча, яны прымусілі місіс Пітэрс змоўкнуць, хоць і не пераканалі яе.
— Я доктар.
Ён сказаў ім, што дарэмна спадзявацца на тое, што ў іх ёсць сумленне. Ноччу дзяўчына страціла прытомнасць, як урач ён параіў ёй перайсці ў спальны вагон. Падазронасць ганьбіць толькі тых, хто яе выказвае. Потым ён выйшаў да Корал Маскер на калідор. З купэ іх не было відно, але адтуль можна было добра чуць голас місіс Пітэрс:
— Можа, яно і так, але хто заплаціў за той спальны вагон? Вось што мне цікава ведаць.
Доктар Цынер прыціснуў патыліцу да акна і з нянавісцю прашаптаў:
— Буржуазія.
— Дзякуй вам, — сказала Корал Маскер і дадала, убачыўшы выраз прыкрасці на яго твары: — Вам патрэбна дапамога? Вы захварэлі?
— Не, не, — запярэчыў ён. — Аднак я нічым не дапамог вам. Я не здатны гаварыць прамовы. — Прыціснуўшыся спінай да акна, ён усміхнуўся ёй. — Вы зрабілі гэта лепей за мяне. Вы сказалі цудоўна.
— Чаму яны такія свінні? — спытала яна.
— Буржуазія заўсёда такая, — адказаў ён. — У пралетарыяту ёсць свае вартасці, арыстакрат часта бывае добры, справядлівы і смелы. Яму плацяць за карысныя справы — ён дырэктар, настаўнік, доктар ці жыве на ўтрыманні бацькоў. Можа, і не заслужана, але, атрымліваючы гэтыя грошы, ён нікому не прыносіць шкоды. А буржуазія — яна купляе танна, а прадае дорага. Яна купляе ў рабочага і прадае рабочаму. Ад яе няма ніякай карысці.
На яе пытанне адказу не было. Не зразумеўшы ніводнага слова з таго, што ён нагаварыў, яна ўтаропілася ў яго, збянтэжаная патокам яго красамоўства і сілай яго перакананасці.
— Я ж ім нічога благога не зрабіла.
— Ну не, вы нанеслі ім вялікую шкоду. Як і я. Мы з вамі выйшлі з аднаго і таго ж класа, як і яны. Але мы зарабляем на пражытак сумленна, не робім ніякай шкоды, а, наадварот, робім нешта карыснае. Мы служым ім дакорам, а яны гэтага не любяць.
З усіх яго тлумачэнняў яна зразумела толькі адну фразу.
— А хіба вы не арыстакрат?
— Не, але я і не з буржуазіі.
Ледзь прыкметнае самахвальства, што прагучала ў яго голасе, было ёй незразумелае. З тых часоў, як яна пайшла з дому, у яе заўсёды было пыхлівае жаданне, каб яе прымалі за даму. З гэтай мэтай, нібыта славалюбны афіцэр, які рыхтуецца да паступлення ў вайсковую акадэмію, яна праходзіла курс пэўных навук — ён уключаў у сябе вывучэнне штомесячніка «Жанчына і прыгажосць» і штотыднёвіка «Парады для дома», у іх яна разглядвала фатаграфіі маладых зорак і дачок малавядомых лордаў, вывучала, якія яны носяць уборы і якой пудры аддаюць перавагу.