Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

«Маё месца тут, — пераконваў ён сябе. — Мне трэба было ехаць у трэцім класе. Я не хачу быць падобным на якога-небудзь дэпутата ад лейбарысцкай партыі, які купляе білет першага класа і едзе засядаць разам з сваімі аднадумцамі ў парламент». Аднак ён цешыў сябе думкай, колькі часу спатрэбілася б на шматлікія перасадкі і што яго маглі б затрымаць на граніцы. І ўсё-такі ён усведамляў, што прычыны яго паводзін даволі складаныя. Ён пачаў задумвацца над гэтым толькі пасля разгрому паўстання: думкі пра асабістую прагу да славы і пра непрыстойнасць дробных грашкоў былі б выціснутыя радасцю і бескарыслівасцю перамогі.

Але цяпер яму хацелася сказаць прамову з лавы падсудных з абсалютна чыстым сумленнем. Розныя дробязі з мінулага, пра якія яго ворагі ніколі не даведаюцца, могуць прыйсці ў галаву і не дазволяць яму быць да канца шчырым. «Я не здолеў нічога даказаць гэтым двум гандлярам, ці ўдасца мне быць больш пераканаўчым у Белградзе?»

Паколькі ён ужо не меў аніякай будучыні, ён пачаў думаць пра мінулае, а дагэтуль у яго не было такой звычкі. Быў час, калі чыстае сумленне магло быць куплена цаною хвіліннага сораму. «З таго часу, як я апошні раз спавядаўся, я нарабіў шмат добрага і благога. Калі б мне ўдалося так лёгка ачысціцца ад сваіх грахоў, — падумаў ён з палкім жаданнем і з лёгкай горыччу, — я быў бы вар'ят, калі б не выкарыстаў такую магчымасць. Цяпер я шкадую, што нарабіў, не меней, чым шкадаваў тады, але я не ведаю, ці даруюць мне і ці існуе наогул нехта, хто можа дараваць». Ён ледзь не пачаў здзекавацца з таго апошняга, ува што верыў: «Можа, мне пайсці паспавядацца да таго скарбніка сацыял-дэмакратычнай партыі ці да пасажыраў трэцяга класа?» Адвернуты твар святара, узнятыя пальцы, словы даравання, сказаныя шэптам на мёртвай мове, раптам здаліся яму такімі цудоўнымі, такімі бясконца жаданымі і безнадзейна страчанымі, як юнацтва і першае любоўнае спатканне на рагу вуліцы каля сцяны віядука.

Тут доктар Цынер ўбачыў містэра Оўпі — той сядзеў адзін у купэ другога класа і пісаў нешта ў запісной кніжцы. Доктар сачыў за ім з нейкай шчымлівай зайздрасцю, — ён жа быў блізкі да таго, каб аддацца веры, пераадоленнем якой сам нядаўна так ганарыўся. «Ну, а калі вера дасць мне спакой?» — запярэчыў ён сабе, і, пакуль у яго свядомасці канчаткова не памерла ўсё, што звязана з гэтым словам, ён пацягнуў на сябе дзверы і ўвайшоў у купэ. Доўгі бледны твар і выцвілыя вочы, адбітак прыроджанай культуры, збянтэжылі доктара. Калі б гэты святар прапанаваў яму спакой, ён ахвотна прызнаў бы яго перавагу над сабой. На хвіліну ён ізноў адчуў сябе хлопчыкам з нямытымі рукамі, які ў цемрадзі спавядальні чырванеў за свае няхітрыя грахі.

— Прашу прабачэння. Я вас не патурбаваў? Вы не хочаце спаць? — сказаў ён на сваёй жорсткай, здрадніцкай ангельскай мове.

— Зусім не хачу. Думаю, што не буду спаць зусім, пакуль не дабяруся дадому, — усміхнуўшыся, запярэчыў святар.

— Маё прозвішча — Цынер.

Містэру Оўпі гэтае прозвішча было невядомае, пэўна, яго запомнілі толькі журналісты.

— А маё — Оўпі.

Доктар Цынер зачыніў дзверы і сеў насупраць.

— Вы — святар?

Ён хацеў дадаць «айцец мой», але на гэтым слове запнуўся: яно азначала надта многае — яно азначала бледны, змарнелы твар, любоў, якая, зрабіўшыся жорсткаю, знікла, пакінуўшы толькі павагу, потым і яна была прынесена ў ахвяру, калі ўзнікла падазрэнне, што пасталелы сын зрабіўся адступнікам.

— Але не рымска-каталіцкага веравызнання.

Доктар Цынер некалькі хвілін маўчаў, не ведаючы, як выказаць у словах сваю просьбу. Яго губы літаральна перасохлі ад прагі справядлівасці: яна была нібыта шклянка вады на стале ў другога чалавека. Містэр Оўпі, здавалася, заўважыў яго збянтэжанасць і дабрадушна паведаміў:

— А я складаю маленькую анталогію.

— Анталогію? — міжволі паўтарыў доктар Цынер.

— Так, духоўную анталогію для цывільных, нешта накшталт рымска-каталіцкай Кнігі Разважанняў. — Яго тонкая белая рука пагладжвала чорную замшавую вокладку запісной кніжкі. — Але ў мяне ёсць намер капнуць глыбей. Рымска-каталіцкія кнігі — як бы гэта сказаць? — тычацца толькі рэлігіі. Я хачу, каб у маёй кнізе былі закрануты ўсе бакі штодзённага жыцця. Вы гуляеце ў крыкет?

Пытанне захапіла доктара Цынера знянацку: ён ізноў паглыбіўся ва ўспаміны, як стаяў на каленях у цемрадзі, у спавядальні.

— Не, не.

— Ну, гэта не мае значэння. Вы зразумееце, што я маю на ўвазе. Дапусцім, вы апошні ўваходзіце ў гульню, надзяваеце накаленнікі, восем варотцаў ужо скінуты, трэба зрабіць пяцьдзесят прабежак, і вы думаеце: няўжо на вас будзе ўскладзена ўся адказнасць за паражэнне ў гэтай партыі? Вашы сумненні не ўхіліць ніводная з існуючых Кніг Разважанняў, і вы, пэўна, сапраўды пачняце сумнявацца ў рэлігіі. Мая мэта — задаволіць патрабаванні такога чалавека.

Містэр Оўпі гаварыў хутка, з натхненнем, і доктар Цынер вырашыў, што ён недастаткова валоде ангельскай мовай. Ён не разумеў значэння слоў «накаленнікі», «варотцы», «прабежкі», хоць і ведаў, што яны звязаны з ангельскай гульнёй у крыкет. Апошнія пяць гадоў ён чуў гэтыя словы, і яны асацыіраваліся ў яго свядомасці з напоўненай салёным ветрам пляцоўкай, якая пакрыта дзірваном, з тым, што ён павінен сачыць за непаслухмянымі дзецьмі, занятымі гэтай гульнёй, правілаў якой ён не ведаў, — але рэлігійнага значэння гэтых слоў ён не разумеў. Ён падумаў, святар выкарыстоўвае іх метафарычна: адказнасць, перараджэнне, запатрабаванні чалавека — гэтыя словы ён разумеў, і яны давалі яму магчымасць выказаць святару сваю просьбу.

— Я хацеў бы пагаварыць з вамі наконт споведзі.

— Гэта нялёгкая тэма, — адказаў містэр Оўпі. Ён з хвіліну разглядваў свае рукі і потым хутка загаварыў: — Я не гляджу на споведзь дагматычна. Думаю, што тут шмат чаго можна сказаць на карысць рымска-каталіцкай царквы. Сучасная псіхалогія развіваецца ў гэтым кірунку. Ёсць нешта агульнае паміж спавядальнікам і спаведнікам і паміж псіхааналітыкам і яго пацыентам. Вядома, існуе і розніца — спаведнік хоча, каб яму адпусцілі грахі. Але гэтая розніца, — паспешна дадаў містэр Оўпі, калі доктар Цынер зрабіў памкненне нешта запярэчыць, — урэшце, неістотная. У першым выпадку пра грахі вядуць гаворку, каб яны былі адпушчаныя і чалавек выйшаў са спавядальні з прасветленай душой і з намерамі пачаць жыццё нанава; у другім выпадку толькі адно абмеркаванне грахоў пацыента і выяўленне неўсвядомленых прычын яго паводзін робіцца, каб выключыць само жаданне рабіць грахі. Пацыент ідзе ад псіхааналітыка поўны энергіі і з такім самым намерам жыць па-новаму.

Дзверы адчыніліся, і ў купэ ўвайшоў мужчына.

— З гэтага пункту гледжання споведзь у псіхааналітыка здаецца больш плённай, чым споведзь у святара, — сказаў містэр Оўпі.

— Вы гаворыце пра споведзь? — спытаў мужчына, які толькі што прыйшоў. — Дазвольце адцягнуць вашу ўвагу. Трэба ўзяць пад улік і ролю літаратуры ў гэтай справе.

— Дазвольце мне пазнаёміць вас, — сказаў містэр Оўпі. — Доктар Цынер — містэр К.С.Сейвары. І сапраўды зараз сабраліся разам удзельнікі ў вышэйшай ступені цікавай спрэчкі — доктар, святар і пісьменнік.

— А вы не забыліся пра спаведніка? — павольна сказаў доктар Цынер.

— Якраз я і хацеў прадставіць вам яго, — сказаў містэр Сейвары. — У пэўным сэнсе я і з'яўляюся спаведнікам. Паколькі раманы заснаваны на жыццёвым вопыце аўтара, раманіст спавядаецца перад чытачом. Гэта і робіць чытача святаром ці псіхааналітыкам.

Містэр Оўпі запярэчыў яму з усмешкай:

— Але ваш раман можна назваць споведдзю толькі ў тым сэнсе, у якім ёю з'яўляецца сон. Тут павінен сказаць сваё слова прыхільнік фрэйдызму. Фрэйдысцкі цэнзар, — паўтарыў ён гучней: цягнік якраз праходзіў мост. — Што на гэта скажа наш доктар?

Іх ласкавыя, жывыя, уважлівыя вочы збянтэжылі доктара Цынера. Ён сядзеў, злёгку схіліўшы галаву, няздатны перадаць словамі горкія фразы, якія ўзнікалі ў яго ў мазгу. Ужо другі раз у гэты вечар красамоўства яму здрадзіла, не хапала слоў: як жа ён зможа разлічваць на сваё красамоўства ў Белградзе?

— Дарэчы, ёсць жа яшчэ і Шэкспір, — сказаў містэр Сейвары.

— А дзе яго няма? — падхапіў містэр Оўпі. — Ён крочыць як калос па ўсім цесным свеце. Вы маеце на ўвазе…

— Як ён ставіўся да споведзі? Вядома, ён нарадзіўся католікам.

Поделиться с друзьями: