Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
— Я ж нічога не ведаў. Як я мог здагадацца?
І тут жа, у вагоне, паміж імі ўзнікла такое цёплае пачуццё, што ён, не зачыніўшы акно, укленчыў перад ложкам і пачаў гладзіць яе твар, кранаючы яго цікаўнымі пальцамі. І зноў ім авалодала невядомае раней пачуццё: «Якая мілая, якая родная». Яна ляжала ціха і няроўна дыхала ад болю і хвалявання.
У адным вагоне трэцяга класа нехта пачаў па-нямецку лаяць скрыпача, гаворачы, што гукі скрыпкі не даюць яму заснуць. Ён, відаць, не разумеў, што моцна спаў пад грукат цягніка і яго разбудзіла цішыня, на фоне якой сталі чутны ясныя гукі скрыпкі. Скрыпач адказаў лаянкай і працягваў пілікаць, некалькі чалавек загаварылі адначасова, нехта засмяяўся.
— Ты расчараваны? Я аказалася ні на што не вартая?
— Ты была проста цудоўная. Але я ніколі не падумаў бы… Навошта ты прыйшла?
Імкнучыся пазбавіць яго пачуцця збянтэжанасці, яна адказала лёгкім, як гукі скрыпкі, голасам:
— Павінна ж дзяўчына некалі прайсці праз гэта.
Ён ізноў пагладзіў яе па шчацэ.
— Я прычыніў табе боль.
— Але ж, нялёгкая гэта справа!
— Другі раз… — пачаў ён, але яна яго перабіла, і яе сур'ёзны тон рассмяшыў яго:
— Так, значыцца, будзе і другі раз? Значыцца, я табе спадабалася?
— А ты хочаш, каб быў другі раз?
— Так, — адказала яна, але ў той момант думала не пра яго абдымкі, а пра кватэру ў Канстанцінопалі, пра асабістую спальню, пра тое, каб класціся спаць а дзесятай гадзіне ўвечары. — Колькі часу ты там збіраешся прабыць?
— Магчыма, месяц. Магчыма, болей.
— Так мала? — прашаптала яна з такім шкадаваннем, што ён пачаў яе супакойваць абяцаннямі, хоць і ведаў, што раніцай будзе шкадаваць пра гэта.
— Ты можаш вярнуцца са мной у Лондан. Я найму табе там кватэру. — Яе маўчанне, здавалася, пацвярджала, наколькі нерэальныя былі яго абяцанкі. — Ты мне не верыш?
— Проста не верыцца, — сказала яна голасам, поўным даверу.
Яго кранула адсутнасць у яе какецтва. І раптам яго зноў уразіла думка: ён жа быў у яе першы палюбоўнік!
— Паслухай, ты прыйдзеш да мяне заўтра?
Яна пачала адмаўляцца, шчыра баючыся, што надакучыць яму, перш як яны прыедуць у Канстанцінопаль. Ён яе нават не слухаў.
— Я наладжу вячэру — адсвяткаваць гэту…
— Дзе? У Канстанцінопалі?
— Не. Там у мяне няма каго запрашаць.
І на імгненне думка пра Экмана азмрочыла яго радасны настрой.
— Значыцца, у цягніку? — Яна зноў засмяялася, але на гэты раз весела і без усякага страху.
— А чаму б і не? — Словы яго прагучалі крыху з пахвальбой. — Я запрашу ўсіх. Гэта будзе нешта накшталт вясельнай вячэры.
— Толькі без вяселля, — пакпіла яна з яго. Але яму ўсё болей падабалася гэтая задума.
— Я запрашу ўсіх: доктара, гэтага тыпа з другога класа, таго цікавага суб'екта, памятаеш яго? — Ён секунду памаўчаў. — І тую дзяўчыну.
— Якую дзяўчыну?
— Пляменніцу тваёй знаёмай.
Аднак яго красамоўства крыху згасла, калі ён падумаў, што такая дама ніколі не прыме яго запрашэнне: яна не з вар'етэ. Яму зрабілася сорамна за сваю няўдзячнасць. «Пра яе нельга сказаць, што яна міленькая, падатная ці праставатая, яна прыгажуня, з такой жанчынай я хацеў бы ажаніцца. — І на нейкае імгненне ён з горыччу падумаў: — Але такая жанчына не для мяне». Потым да яго вярнуўся добры настрой.
— Я найму скрыпача, — пахваліўся ён, — хай іграе нам за вячэрай.
— Ты не адважышся запрасіць іх, — сказала яна з бліскучымі вачыма.
— Адважуся. Яны ўжо ніколі не адмовяцца ад такой вячэры. Я закажу самае лепшае віно, якое толькі тут ёсць, — сказаў ён, хутка падлічыўшы кошт віна і гонячы ад сябе думкі, што ў цягніку самыя лепшыя віны робяцца дрэннымі. Вячэра будзе каштаваць па два фунты на кожную асобу.
Яна задаволена запляскала ў далоні.
— Ты ніколі не адважышся сказаць ім, з якой нагоды гэтая вячэра.
— Я паведамлю ім, што запрасіў іх выпіць за маю каханую.
Потым Корал доўга ляжала спакойна, думаючы пра гэтае слова «каханая» і звязаны з ім камфорт, пра трывалае становішча, пра амаль прыстойнае жыццё. Потым яна пахітала галавой:
— Я проста не магу ў гэта паверыць!
Аднак свіст пары і грукат колаў, якія пачалі рухацца, заглушыў гэтыя словы, напоўненыя сумненнем.
Тым часам, як буферы паміж вагонамі з грукатам сутыкаліся і зялёнае святло семафора павольна паплыло назад, Ёзеф Грунліх гаварыў сабе: «Я прэзідэнт рэспублікі». Ён прачнуўся ў той самы момант, калі джэнтэльмен у фраку збіраўся паднесці яму залаты ключ, якім адмыкаўся сейф з капіталамі новага горада. Ён канчаткова прачнуўся, зразумеў, дзе знаходзіцца, і згадаў увесь свой сон. Паклаўшы рукі на круглыя калені, ён усміхнуўся. «Прэзідэнт рэспублікі — зусім няблага, а чаму б і не? Я б нагаварыў там цэлы мех. За адзін дзень ашукаў і Кольбера, і гэтага доктара. Ён даў мне пяць ангельскіх фунтаў, бо ў мяне галава добра варыць, і я адразу здагадаўся, што ён за птушка, як толькі ён сказаў: «Тайны агент паліцыі». Спрытнюга — вось хто я, Ёзеф Грунліх. «Зірніце туды, гер Кольбер». Выхопліваю рэвальвер, цэлюся, страляю — і ўсё ў адну секунду. Дый паспеў яшчэ і змыцца. Ёзефа злавіць немагчыма. Што там спытаў гэты святар? — Ёзеф засмяяўся вантробным смехам. — «Вы ў Германіі ў крыкет гуляеце?» А я адказаў: «Не, нас там вучаць бегаць. У свой час я быў выдатны бягун». Я за словам у кішэню не палезу, а ён так і не зразумеў жарту — згадаў нейкіх Собса і Худліха. Але ўсё-такі прыемнага было мала, калі доктар убачыў, што чамадан не на месцы, — падумаў Ёзеф. — Я схапіўся за шнурок. Калі б ён паспрабаваў паклікаць кандуктара, я стрэліў бы яму ў жывот, ён не паспеў бы і слова вымавіць».
Ёзеф ізноў радасна ўсміхнуўся, адчуваючы, як рэвальвер злёгку трэцца аб сіняк на ўнутраным баку нагі. «Я выпусціў бы яму кішкі».
Частка чацвертая
Субоціца
1
Лямпачка тэлеграфнага апарата ў канторы начальніка станцыі Субоціца замігцела: кропкі і працяжнікі парассыпаліся па пустым пакоі. Лукіч, чыноўнік, які сядзеў у куточку багажнага аддзялення, чуў іх праз адчыненыя дзверы і праклінаў гэтыя надакучлівыя гукі. Вядома, трэба было пайсці туды, але ён ленаваўся скрануцца з месца.
— У такі час нічога важнага быць не можа, — растлумачыў ён прыёмшчыку багажу і Нінічу, маладому салдату ў шэрай форме.
Леніч тасаваў калоду карт якраз у той момант, калі гадзіннік прабіў сем. За акном сонца ледзь асвятляла брудны, паўрасталы снег, паблісквалі мокрыя рэйкі. Нініч пацягваў з келіха ракію, ад моцнай слівавай гарэлкі на вочы нагарнуліся слёзы. Ён быў яшчэ зусім малады.
Лукіч усё тасаваў карты.
— Цікава, што гэта там перадаюць, як ты думаеш? — спытаў прыёмшчык багажу.
Лукіч пахітаў цёмнавалосай ускудлачанай галавой:
— Дакладна сказаць, вядома, нельга. Нічога цікавага, як звычайна. Хай сабе працуе — гэта ёй карысна.
Прыёмшчык захіхікаў. Нініч узняў цёмныя вочы, у якіх нічога не было, апроч прастадушнасці, і спытаў:
— А хто гэта яна?
Яму здалося, што тэлеграфны апарат раптам загаварыў уладным жаночым голасам.
— Эх вы, салдаты, — сказаў прыёмшчык багажу. — Не ведаеце і паловы таго, што адбываецца наўкол.
— Гэта праўда, — сказаў Нініч. — Мы гадзінамі стаім на пасту з прымкнутымі штыхамі. А можа, вайна зноў пачынаецца, га? Мы ўвесь час ходзім ад казармы да станцыі. Нам няма калі заўважыць, што робіцца наўкол.