Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
У праходзе паявіліся афіцыянты — яны разносілі суп. Майет ізноў сунуў руку ў кішэню і надкусіў разынку — на гэты раз Стэйна, дробненькую і сухую, але, трэба прызнаць, танную. Бясконцая і непазбежная вайна паміж колькасцю і якасцю вялася ў яго свядомасці і не прыводзіла ні да якога пэўнага выніку. У адным ён, зрэшты, быў упэўнены, пакуль знаходзіўся ў сваім лонданскім кабінеце, дзе сустракаўся толькі з прадстаўнікамі Стэйна і чуў голас Стэйна толькі па міжгароднім тэлефоне, хутчэй прывід яго голасу, з інтанацый якога ён не мог дакладна высветліць яго сапраўднае становішча, — Стэйн быў на вяршыні недасягальных скал. Але ж якіх скал? Усярэдзіне акіяна ці каля ўзбярэжжа? Ці пацярпеў ён поўны крах, ці проста абмежаваны ў сродках? Было б прасцей, калі б прадстаўніка фірмы «Майет, Майет і Пейдж» у Канстанцінопалі, бясцэннага містэра Экмана, не падазравалі ў тайных зносінах з Стэйнам — ён балансаваў на грані закона.
Майет апусціў лыжку ў нясмачны суп-жульен. Яму болей былі даспадобы стравы тлустыя, з рознымі спецыямі, вострыя і спажыўныя. За вокнамі ў цемрадзі нічога не было відаць, толькі зрэдку мільгалі агеньчыкі невялікіх станцый ці палыхаў рэзкім святлом тунель. Пастаянна ў шыбе акна ён бачыў толькі цьмянае адлюстраванне свайго твару і рук, якое, нібыта дзівосная рыба, плавала ў зіхатлівай і вадзе і багавінні. Яго крыху бянтэжылі гэтыя прывіды, і ён збіраўся ўжо апусціць фіранку, калі заўважыў за адбіткам свайго твару аблічча таго самага чалавека ў пацёртым плашчы, які нядаўна заглядваў у яго купэ. Вопратка мужчыны, пазбаўленая колеру і трываласці тканіна, усё яшчэ захоўвала адбітак элегантнасці, уласцівай старамодным гарнітурам: пад расхрыстаным плашчом быў бачны высокі накрухмалены каўнер, зашпілены на ўсе гузікі пінжак. Мужчына цярпліва чакаў, пакуль яму прынясуць абед, таму Майет дазволіў сабе трошкі адпачыць ад мудрагелістых хітрыкаў Стэйна і містэра Экмана, аднак перш чым афіцыянт дайшоў да незнаёмага, той заснуў. На імгненне яго твар знік, калі агні станцыі ператварылі сцены вагона з люстраў у звычайныя вокны, праз якія быў бачны натоўп правінцыялаў з дзецьмі, скрынкамі і скруткамі, якія чакалі прыходу мясцовага цягніка. З вяртаннем цемры за акном твар мужчыны, які апусціўся ў сон, узнік ізноў.
Майет забыўся пра яго, заказваючы паўсухое бургундскае — «Шамбертэн 1923 года», каб запіць цяляціну, хоць і разумеў, што купляць добрае віно ў цягніку — марная трата грошай, бо ніякі букет не вытрымліваў бесперапыннай трасяніны. Па ўсім вагоне быў чуцен жаласлівы звон і бразганне шкла, калі экспрэс на поўнай хуткасці імчаў у Кёльн. Смакуючы першы келіх віна, Майет ізноў вярнуўся ў думках да Стэйна — поўны безнадзейнага адчаю ці мудрагелістых хітрыкаў, той чакаў прыезду Майета ў Канстанцінопалі. Ён зможа прадаць усе свае акцыі за неблагую цану — Майет у гэтым быў упэўнены, — аднак пайшлі чуткі, што ў барацьбу ўблытаўся яшчэ адзін пакупнік. Якраз тут і ўзнікла падазрэнне, што містэр Экман вядзе двайную гульню, імкнучыся ўзняць цану насуперак інтарэсам сваёй фірмы — за гэта, як меркавалі, Стайн абяцаў яму выплаціць пятнаццаць працэнтаў камісійных. Містэр Экман паведамляў, што Моўлт прапануе Стэйну фантастычную цану за яго акцыі і за перадачу правоў на фірму, але Майет яму не верыў. Неяк ён снедаў з маладым Моўлтам і пад час размовы, нібыта выпадкова, згадаў прозвішча Стэйна. Моўлт не жыд, у яго няма тонкасці, ён не знае навукі выкрутасаў і хітрыкаў: калі ён захоча зманіць, ён гаворыць няпраўду, але мана яго абмежаваная словамі — яму невядома, як неспрактыкаваная рука можа лёгка выдаць няпраўду гэтых слоў. Калі ён меў справу з ангельцамі, Майет карыстаўся адным трукам: пачынаючы гаворку на важную тэму, ён звычайна частаваў субяседніка цыгарай — калі чалавек гаварыў няпраўду, то, які б хуткі ні быў адказ, рука яго заўсёды на імгненне затрымаецца. Майет добра запомніў, што сказаў пра яго некалі Джэнтыль: «Мне не падабаецца гэты жыд. Ён ніколі не глядзіць табе ў вочы». «Вы, дурні, — радаваўся ён сам сабе, — у мяне на вас назапашаны яшчэ не такія трукі». Цяпер ён, зрэшты, быў перакананы, што Моўлт гаварыў праўду, няпраўду казаў Стэйн ці містэр Экман.
Ён наліў сабе яшчэ келіх віна. «Дзіўна, — падумаў ён, — што якраз я, падарожнічаючы з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну, адпачываю, а не містэр Экман, у якога ўжо закончаны працоўны дзень — ён зараз зачыняе пісьмовы стол, бярэ з вешалкі брыль, спускаедца па лесвіцы, звыкла пакусваючы вострымі зубамі кончык тэлеграмы, атрыманай ад фірмы: «Містэр Карлтан Майет прыбывае Стамбул чатырнаццатага. Арганізуйце сустрэчу Стэйнам». У цягніку, як бы хутка ён ні імчаў, пасажыры мусяць адпачываць, паміж шклянымі сценамі дарэмна марна траціць эмоцыі, можна спакойна займацца разумовай дзейнасцю, не баючыся, што цябе перапыняць. Свецкае жыццё б'е зараз Экмана і Стэйна з усіх бакоў: прыходзяць тэлеграмы, розныя людзі перабіваюць плынь іх думак размовамі, жанчыны наладжваюць абеды і вечарынкі. Але ў імклівым экспрэсе, які грукоча і бразгае, шум такі роўны, упарадкаваны, што ён эквівалентны цішыні, рух такі працяглы і бесперапынны, што спакваля розум пачынае ўспрымаць яго як абсалютную нерухомасць. Толькі за вокнамі цягніка было магчыма актыўнае дзеянне, а цягнік забяспечвае яму спакойны роздум над планамі на гэтыя тры дні, а ў канцы гэтага тэрміну яму будзе зусім ясна, як павоцзіць сябе са Стэйнам і з містэрам Экманам.
Пакончыўшы з марожаным і дэсертам, аплаціўшы рахунак, ён затрымаўся каля стала, каб запаліць цыгару, і апынуўся твар у твар з незнаёмым. Ён ізноў убачыў, як той засынае паміж першай і другой стравамі — паміж недаедзенай цяляцінай аu Таlleyrаnd [7] і пудзінгам з марожаным, які толькі што падалі яму на стол, — хутчэй за ўсё, у яго быў поўны ўпадак сілы.
Пад пільным позіркам Майета незнаёмы раптоўна прачнуўся.
— Ну, што тут такое? — спытаў ён.
Майет мусіў быў папрасіць прабачэння:
7
Па-талейранску (фр.).
— У мяне не было намеру вас будзіць.
Мужчына падазрона паглядзеў на яго, і штосьці ў гэтым раптоўным пераходзе ад сну да больш звыклай насцярожанасці, штосьці ў яго старанна прыбраным гарнітуры, пад пацёртым плашчом, кранула душу Майета. Ён успомніў пра іх нядаўнюю сустрэчу:
— Спадзяюся, вы знайшлі сваё купэ?
— Знайшоў.
— Здаецца мне, вы абралі не лепшае месца на адпачынак, — вырвалася ў Майета. — У мяне ў сакваяжы ёсць аспірын. Магу даць вам некалькі таблетак.
Мужчына рэзка абарваў яго:
— У мяне ёсць усё, што трэба. Я доктар.
Па прывычцы Майет уважліва глянуў на яго рукі, тонкія, з выступаючымі костачкамі. Ён ізноў папрасіў прабачэння, з падкрэсленай прыніжанасцю схіліўшы перад ім галаву:
— Прабачце, што я патурбаваў вас. Вы выглядаеце хворым. Можа, я што-небудзь магу зрабіць вам?
— Не. Нічога мне не трэба. Нічога.
Але калі Майет адышоў, мужчына азірнуўся і аклікнуў яго:
— Час. Каторая зараз гадзіна дакладна?
Майет адказаў:
— Восем сорак. Не, сорак дзве хвіліны.
І ён убачыў, як пальцы мужчыны дакладна да хвіліны паставілі стрэлкі гадзінніка.
Калі ён набліжаўся да свайго купэ, цягнік запаволіў рух. Вялізныя доменныя печы Льежа ўздымаліся ўздоўж чыгункі нібыта старажытныя замкі, агорнутыя полымем пад час варожага набегу. Цягнік гайдануўся, і стрэлкі чыгункі бразнулі. Абапал узняліся сталёвыя фермы моста, а далёка ўнізе па дыяганалі бегла некуды ў цемру пустая вуліца, над уваходам у кавярню зіхацела лямпачка, рэйкі разбегліся ў розныя бакі, і да экспрэса, вывяргаючы гудзенне і пару, наблізіліся манеўраныя паравозы. Святлафорныя агні загарэліся зялёным абапал экспрэса, і арка вакзальнага даху ўзнялася над вагонам Майета. Пачуліся выкрыкі хлапчукоў-газетчыкаў, а на платформе стаялі ў шарэнзе паважаныя, сталыя мужчыны ў чорных суконных паліто і жанчыны пад чорнымі вуалямі. Не выказваючы цікаўнасці, падобныя да натоўпу прыстойных незнаёмых на пахаванні, яны сачылі, як прамільгалі перад імі вагоны першага класа: «Остэндэ — Кёльн — Вена — Белград — Стамбул» — і прычапны вагон да Афінаў. Потым, з клумкамі, сумкамі і дзецьмі, яны ўскараскаліся ў апошнія вагоны, якія ішлі, відаць, да Папіньера ці Вервье — міль пятнаццаць далей па чыгунцы.
Майет пачуваў сябе стомленым. Напярэдадні яму давялося да гадзіны ночы абмяркоўваць з бацькам, Джэйкабам Майетам, справы Стэйна, і, калі ён убачыў, як трасецца ў бацькі сівая барада, ён зразумеў, як ніколі раней, што кіраўніцтва фірмай выпадае з аздобленых пярсцёнкамі старэчых пальцаў, якім цяжка было трымаць нават шклянку з цёплым малаком. «Пенку ніколі не здымуць», — паскардзіўся Джэйкаб Майет, дазваляючы сыну лыжкай зняць пенку з малака. Цяпер ён шмат чаго дазваляў рабіць сыну, не звяртаючы ніякай увагі на Пейджа — пасада дырэктара была проста ўзнагародай за яго дваццацігадовую службу старшым клеркам у фірме. «Майет, Майет і Пейдж» — гэта я», — думаў Майет, не адчуваючы ніякага хвалявання ад вялікай адказнасці, якая легла на яго плечы: ён быў старэйшы сын, і згодна закону прыроды бацька мусіў быў перадаць уладу яму.
Учора ўвечары паміж імі ўзніклі спрэчкі наконт Экмана. Джэйкаб Майет быў упэўнены, што Стэйн ашукаў Экмана, а яго сын лічыў, што іх агент быў у змове са Стэйнам. «Вы ўбачыце самі», — гаварыў ён, перакананы ў сваёй праніклівасці, але Джэйкаб Майет увесь час паўтараў: «Экман разумны. Нам трэба мець там разумнага чалавека».
Майет ведаў, што не варта ўладкоўвацца спаць да граніцы ў Герберштале. Ён дастаў разлікі, прапанаваныя Экманам як аснова перагавораў са Стэйнам: велічыня асноўнага капіталу аднаго ўладальніка, кошт перадачы права на фірму, сума, якую, паводле яго меркаванняў, прапанаваў Стэйну другі пакупнік. Праўда, Экман у сваім шматслоўным паведамленні не назваў прозвішча Моўлта, ён толькі намякнуў на яго, каб пакінуць сабе магчымасць потым адмовіцца ад гэтага. Моўлты да гэтага часу ніколі не цікавіліся разынкамі, толькі раз яны нядоўга пайгралі на рынку фінікаў. Майет думаў: «Я не магу даверыцца гэтым лічбам. Справа Стэйна нам вельмі каштоўная, нават калі б мы патапілі ў Басфоры ўсе яго акцыі: нам важна заваяваць манаполію, а іншым фірмам гэта было б набыццём стратнай справы, якая збанкрутавала ў канкурэнтнай барацьбе з намі».
Лічбы нібыта ў тумане паплылі ў яго перад вачыма, яго хіліла на сон. Адзінкі, сямёркі, дзесяткі ператварыліся ў дробныя вострыя зубы Экмана. Шасцёркі, пяцёркі, тройкі, нібыта ў фантастычным фільме, ператварыліся ў чорныя бліскучыя вочы Экмана. Камісійныя аддзякі ў выглядзе каляровых паветраных шарыкаў лёталі ўздоўж вагона, памеры іх усё павялічваліся, і Майет шукаў шпільку, каб пракалоць іх адзін за адным. Ён поўнасцю прачнуўся ад тупату ног — нехта хадзіў туды-сюды на калідоры. «Бедалага», — падумаў ён, убачыўшы, як карычневы плашч і сашчэпленыя за спіной рукі зніклі за акном.