Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

— Ну і месцейка, — весела сказаў палкоўнік Хартэп, але тут жа незадаволена паглядзеў спачатку на гразь, а потым на свае начышчаныя да бляску боты.

Капітан Алексіч надзьмуў круглыя чырвоныя шчокі.

— Не маглі б ужо хаця дошкі пакласці.

— Ну што вы, мы ж паліцыя. Нас не любяць. Бог ведае які яшчэ нас сняданак чакае. Ну ты, салдат, — ён паказаў пальцам на Нініча, — дапамажы шафёру выгрузіць гэтыя скрынкі. Пастарайцеся, каб віно не боўталася і бутэлькі стаялі.

— Маёр Петкавіч, пан палкоўнік…

— Не звяртайце ўвагі на маёра Петкавіча.

— Даруйце, — вымавіў рэзкі, незадаволены голас маёра за Нінічам.

— Зразумела, маёр, — палкоўнік Хартэп усміхнуўся і пакланіўся, — але я перакананы, дараваць вам няма чаго.

— Гэты салдат вартуе арыштаваных.

— Значыцца, вы затрымалі некалькі чалавек. Мае віншаванні.

— Двух мужчын і адну дзяўчыну.

— У такім разе, я лічу, што надзейны замок, вартавы, штых, вінтоўка і дваццаць абоймаў патронаў вырашаць усе праблемы.

Маёр Петкавіч аблізаў губы.

— Паліцыя, вядома, лепей ведае, як ахоўваць турму. Я пасую перад прафесіяналам. Выгружайце ўсё з машыны, — загадаў ён Нінічу, — і перанясіце да мяне ў кабінет.

Ён павёў афіцэраў за рог залы чакання і знік з вачэй. Нініч глядзеў ім услед, пакуль шафёр не крыкнуў яму:

— Не магу ж я сядзець у машыне і чакаць цэлы дзень. Варушыцеся! Вы, салдаты, зусім адвыклі ад працы.

Ён пачаў выгружаць скрынкі з машыны, адзначаючы ўсё, што там было.

— Паўскрынкі шампанскага. Халодная качка. Фрукты. Дзве бутэлькі каньяку. Кілбаса, пячэнне да віна. Зялёная салата. Алівы.

— Вось здорава! — усклікнуў напарнік Нініча. — Неблагая ежа!

Нейкае імгненне знямелы Нініч стаяў, утаропіўшыся ва ўсё гэтае багацце. Потым ціха сказаў:

— Сапраўдны банкет.

Ён ужо перанёс каньяк, шампанскае, качку ў кабінет маёра, калі ўбачыў сваю жонку. Яна ішла па дарозе і несла яму абед, загорнуты ў белую палаценку. Яна была маленькая, цёмнавалосая, з вясёлай хітрынкай у вачах, плечы ахутаныя ў хустку, на нагах вялікія боты. Нініч паставіў скрынку з фруктамі і пайшоў ёй насустрач.

— Я затрымаюся ненадоўга, — сказаў ён ціха, так, каб яго не пачуў шафёр. — Пачакай мяне. Я павінен табе нешта расказаць.

Ён з сур'ёзным выглядам вярнуўся да працы.

Жонка села ўскрай дарогі, назіраючы за ім, але калі ён выйшаў з кабінета маёра, дзе стол быў рассунуты і афіцэры пілі перад снеданнем віно, яна ўжо знікла, пакінуўшы абед на абочыне дарогі.

— Дзе мая жонка? — спытаў ён у свайго напарніка.

— Пагаварыла з шафёрам і потым пайшла назад у баракі. Нібыта была нечым усхваляваная.

Нініча ахапіла расчараванне. Ён смакаваў наперад, як будзе расказваць жонцы, навошта прыехаў палкоўнік Хартэп, а цяпер вось шафёр апярэдзіў яго. І так заўсёды. Жыццё салдата — сабачае жыццё. Гэтыя цывільныя атрымоўваюць вялікае жалаванне, абгульваюць салдат у карты, дрэнна да іх ставяцца і нават ублытваюцца ў справы салдата і яго жонкі. Але яго абурэнне было нядоўгае. Ён зможа расказаць ёй яшчэ і пра іншыя сакрэты, толькі варта навастрыць вушы і не зяваць. Ён крыху счакаў, а потым перанёс апошнюю скрынку ў кабінет маёра. Шампанскае там лілося ракой. Усе трое гаварылі разам, пенснэ маёра Петкавіча звалілася яму на калені.

— Такія грудзі, такія сцёгны, — гаварыў капітан Алексіч. — Я сказаў пану палкоўніку, калі б я быў на вашым месцы…

Маёр Петкавіч, абмакнуўшы палец у віно, крэмзаў на абрусе нейкія лініі.

— Першае правіла: ніколі не рабі ўдараў па флангах, бі ў цэнтр.

Палкоўнік Хартэп быў зусім цвярозы. Ён смаліў, адкінуўшыся на спінку крэсла.

— Вазьміце крышачку французскай гарчыцы, пятрушкі…

Але малодшыя афіцэры не звярталі на яго ніякай увагі. Ён злёгку ўсміхнуўся і напоўніў келіхі.

Ізноў пайшоў снег, і паверх нанесеных ветрам сумётаў доктар Цынер бачыў, як ахопленыя цікаўнасцю сяляне з Субоціцы з цяжкасцю прабіраліся цераз чыгуначныя пуці і цягнуліся да залы чакання. Адзін селянін так блізка падышоў да акна, што мог зазірнуць у залу і разгледзець твар доктара. Іх аддзяляла некалькі футаў, заінелая аконная шыба, размаляваная марознымі ўзорамі. Доктар Цынер мог бы палічыць маршчынкі на твары селяніна, убачыць колер яго вачэй і вывучыць з прафесійнай цікавасцю нейкую балячку на шчацэ. Абодва салдаты адганялі сялян прыкладамі вінтовак. Сяляне адыходзілі да чыгункі, але потым ізноў прарываліся назад, безнадзейна ўпартыя і бязглуздыя.

У зале вельмі доўга панавала маўчанне. Доктар Цынер вярнуўся да печы. Дзяўчына сядзела сціснуўшы рукі і малілася, каб яе каханы як найхутчэй вярнуўся да яе, і па тым, як Корал спрабавала схаваць гэта, доктар здагадаўся, што яна не прызвычаілася маліцца і рабіла гэта амаль што ўпершыню. Яна была вельмі спалоханая, і ён з халоднай спагадай усвядоміў, як моцна яна баіцца.

Жыццёвы вопыт падказваў яму дзве рэчы: малітвы, як правіла, застаюцца без адказу, а такі выпадковы каханы і не думае вяртацца да яе.

Доктар Цынер шкадаваў, што ўблытаў яе ў гэтую справу, але толькі ў такой ступені, як мог бы шкадаваць пра необходнасць ілгаць. Ён заўсёды пагаджаўся з неабходнасцю ахвяраваць сваёй асабістай маральнай чысцінёй. Толькі партыя, якая прыйшла да ўлады, мае права на згрызоты сумлення. Калі б яны былі ў яго, ён тым самым прызнаў бы, што сумняваецца ў надзвычайнай важнасці сваёй справы. Але такія разважанні яго засмучалі, і вось чаму: ён разумеў, што зайздросціць дабрачынным людзям, якім ён мог бы быць гэтаксама, калі б быў заможны і ўладарны. Ён з радасцю быў бы шчодры, міласэрны, дакладна прытрымліваўся б законаў гонару, калі б яго дзейнасць увянчалася поспехам, калі б свет можна было перарабіць па тым узоры, пра які ён марыў і да якога так палымяна імкнуўся.

— Вы шчаслівая, калі верыце, што ён вам дапаможа, — злосна сказаў ён.

Але, са здзіўленнем, ён зразумеў, што Корал, сама таго не ведаючы, дапамагла яму развеяць адчай, заснаваны на старанна распрацаваных, але памылковых высновах.

— Я не веру, — адказала яна, — але ж трэба мець хоць якую-небудзь надзею.

Яго ўразіла, як хутка яна зраклася сваёй веры і зрабіла гэта не таму, што з цяжкасцю авалодала творамі пісьменнікаў-рацыяналістаў і вучоных дзевятнаццатага стагоддзя: яна была народжаная дзеля бязвер'я гэтаксама непазбежна, як ён дзеля веры. Некалі ён ахвяраваў усім, каб зрабіцца такім жа няверуючым, і на імгненне яму захацелася пасеяць у яе душы парасткі сумнення, той паўверы, якая прымусіла б яе спадзявацца на свой розум. Але гэтае жаданне хутка прайшло, і ён паспрабаваў падбадзёрыць яе.

Поделиться с друзьями: