Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

Аднак у яго не было літасці да Экмана, у думках ён ішоў следам за ім з канторы ў кватэру ў сучасным будынку, у зіхатлівы туалет, у серабрыстую з пазалотай ванную, у залітую святлом, застаўленую моднай мяккай мэбляю гасцёўню, дзе яго жонка бесперапынна шые куртачкі, штонікі, каптурыкі і вяжа шкарпэткі англіканскай місіі: Экман — узорны хрысціянін.

Шкляныя сцены купэ дрэнна захоўвалі цеплыню. Быў страшэнны холад, красавіцкая ноч нагадвала старамодную калядную віншавальную паштоўку, якая зіхаціць інеем. Майет зняў з кручка футру і выйшаў на калідор. Цягнік стаіць у Кёльне амаль сорак пяць хвілін — даволі часу, каб выпіць кубачак гарачай кавы ці келіх каньяку. А пакуль што ён можа, як і чалавек у плашчы, пагуляць па калідоры.

Пакуль знешні свет не адцягнуў яго ўвагу, Майет ведаў, што ў шпацыры па калідоры з ім будуць нябачныя прывіды Экмана і Стэйна. «У Экмана, — думаў ён, абмываючы гарачай вадой брудны ўмывальнік, — да ўнітаза ланцужком прыкавана Біблія». Так, прынамсі, яму казалі. «Вялікая, пашарпаная і па-сапраўднаму сямейная кніга сярод срэбных з пазалотай кранаў і затычак, і гэтая Біблія сведчыла кожнаму, хто абедаў у Экманаў, што гаспадар — добры хрысціянін. Не трэба было рабіць ускосных намёкаў пра наведванне царквы, на пасольскага святара, варта было толькі яго жонцы спытаць: «Можа, вы хочаце памыць рукі, дарагая?» — ці яму самому па-сяброўску задаць тое самае пытанне мужчынам пасля кавы з каньяком. Аднак пра Стэйна Майет нічога не ведаў.

— Вельмі шкада, што вы не выходзіце ў Будзе, калі вы так цікавіцеся крыкетам. Мне надта цяжка набраць адзінаццаць ігракоў на дзве каманды ў нашым пасольстве, — гаварыў чалавек, ківаючы галавой і махаючы рукамі, з тварам бледным і невыразным, як каўнер у святара, звяртаючыся да невялікага, падобнага на пацука мужчыны, які, скурчыўшыся, сядзеў насупраць. Гэты голас быў без жывых чалавечых інтанацый, бо гучаў на калідоры праз шкляныя зачыненыя дзверы купэ, калі Майет праходзіў міма. Гэта быў той самы прывід голасу, што зноў нагадаў Майету пра Стэйна, які гаварыў па правадах даўжынёй у дзве тысячы міль, пра той голас, які выказваў надзею, што калі-небудзь будзе мець гонар прымаць містэра Карлтана Майета ў Канстанцінопалі, пра той самы голас — прыемны, гасцінны і невыразны.

Ён ішоў міма купэ з сядзячымі месцамі ў вагоне другога класа. Мужчыны, зняўшы камізэлькі, ляжалі на лавах, шчокі ў іх абраслі шчэццю. Жанчыны з лінялымі валасамі, пакрытымі вязанымі сеткамі, такімі самымі, як вязаныя з саломы карзіны на паліцах, раскінуліся ў нязграбных позах: поўныя грудзі і вузкія клубы, шырокія клубы і худыя грудзі — усё безнадзейна пераблыталася. Высокая хударлявая жанчына прачнулася на імгненне і жаласна паскардзілася: «Піва, якім ты мяне пачаставаў, было проста жахлівае. Страўнік у мяне буркоча — ладу няма як». Насупраць сядзеў яе муж, з ухмылкай сачыў за яе заплюшчанымі ў сне вачамі, кідаючы зрэдку позірк на дзяўчыну ў белым плашчы, якая ляжала на лаўцы побач з ім. Адной рукой ён паціраў няголеную шчаку, а другую крадком паклаў каля ног дзяўчыны. Майет запаволіў крок і запаліў цыгарэту. Яму падабалася зграбная постаць і твар дзяўчыны, крыху падфарбаваныя губы. Не скажаш, каб яна выглядала нейкай незвычайнай прыгажуняй, аднак тонкія рысы твару, маленькая галоўка, вытанчаныя нос і вушы надавалі ёй асаблівую вясёлую прывабнасць, якая нагадвае вітрыну вясковай крамы на Каляды, поўную бліскучай мішуры і немудрагелістых квяцістых сувеніраў. Майет успомніў, як яна ўважліва глядзела на яго з другога канца калідора, і яму захацелася даведацца, каго ён ёй нагадаў. Ён быў удзячны дзяўчыне за тое, што ў яе позірку не было ніякай варожасці — яна не здагадвалася, як няёмка пачуваў ён сябе ў шыкоўнай вопратцы, якую можна купіць толькі ў самых дарагіх крамах.

Мужчына, які сядзеў побач з дзяўчынай, употай паклаў руку на яе шчыкалатку і пачаў вельмі асцярожна перамяшчаць яе да калена. Адначасова ён сачыў за жонкай. Дзяўчына прачнулася і расплюшчыла вочы. Майет пачуў, як яна сказала: «Надта холадна», — і зразумеў па яе знешне ветлівым, але насцярожаным тоне, што яна заўважыла толькі што адхопленую руку. Потым яна ўзняла вочы і ўбачыла, што Майет назірае за ёй. Дзяўчына была тактоўная і цярплівая, але, на думку Майета, ёй не ставала хітрасці. Ён разумеў, што цяпер яна ацэньвае ў думках яго якасці і параўноўвае яго са сваім спадарожнікам, як бы прыкідваючы, з кім бы ёй было лепей: яна хацела пазбегнуць непрыемнасцей, — гэта прачытаў у яе на твары. І яго прывялі ў захапленне яе смеласць, кемлівасць і рашучасць.

— Бадай што, пайду папалю цыгарэту, — сказала дзяўчына, шукаючы ў сумачцы пачак. Потым яна апынулася каля яго.

— Запалку?

— Дзякуй.

І адышоўшы крыху далей, каб іх не было чутно з яе купэ, яны пачалі ўглядацца ў цемрадзь, запоўненую прыглушанымі гукамі.

— Мне не падабаецца ваш сусед.

— Выбіраць не даводзілася. Не такі ўжо ён і благі. Яго завуць Пітэрс.

Пасля кароткай паўзы Майет азваўся:

— А мяне — Майет.

— Смешнае прозвішча. Мяне завуць Корал. Корал Маскер.

— Танцуеце?

— Так. У вар'етэ.

— Амерыканка?

— Не. Чаму вы так падумалі?

— Па вашым вымаўленні. Адчуваецца амерыканскі акцэнт. Бывалі там калі-небудзь?

— Ці бывала я там? Вядома, была. Шэсць прадстаўленняў на тыдзень і два ранішнікі. Сад Загараднага клуба, Лонг-Айлэнд, Палм-Біч, Клуб халасцякоў на Рыверсайд-Драйв. Разумееце, калі не гаворыш па-амерыканску, няма ніякіх шанцаў удзельнічаць у ангельскай музычнай камедыі.

— Вы — разумная дзяўчына, — сказаў Майет сур'ёзна, кінуўшы думкі пра Экмана і Стэйна.

— Давайце паходзім, — прапанавала дзяўчына, — мне холадна.

— Вам не спіцца?

— Не магу заснуць пасля пераезду цераз Ла-Манш. Надта замерзла. Дый яшчэ гэты мярзотнік увесь час лапае мае ногі.

— Чаму вы не дадзіце яму аплявуху?

— Мы ж яшчэ да Кёльна не даехалі? Навошта мне ўвязвацца ў скандал? Нам яшчэ ехаць разам да Будапешта.

— Вы туды едзеце?

— Гэта ён туды едзе. Я еду да канца.

— Я гэтаксама. Па справах.

— Ну, ніхто з нас не падарожнічае дзеля забавы, праўда? — сказала яна, крыху спахмурнеўшы. — Я звярнула на вас увагу, калі цягнік адыходзіў. Мне здалося, што я вас некалі ведала.

— Хіба мы з вамі сустракаліся? А як звалі вашага знаёмага?

— Адкуль я ведаю? Я не запамінаю прозвішчаў выпадковых знаёмых. На пошце іх ведаюць пад другім прозвішчам.

Майет адчуў спакойную ўпартасць і рашучасць у тым, як яна з маўклівай пакорлівасцю аднеслася да падману. Дзяўчына прыціснулася да акна тварам, злёгку пасінелым ад холаду. Яна была падобная на хлапчука, які зайздросна разглядвае розныя цікавыя рэчы ў краме: сцізорыкі з мноствам лёзаў, цацкі з сакрэтамі, бомбы, якія ўзрываюцца смуродам, булачкі, якія пішчаць, — але перад яе вачыма была толькі цемра і адлюстраванне іх твараў.

— Як вы лічыце, у вагоне пацяплее: мы ж едзем на поўдзень? — спытала яна, нібыта думала, што мы набліжаемся да краін з трапічным кліматам.

— Мы едзем не так далёка на поўдзень, каб адчуць якую-небудзь істотную розніцу ў тэмпературы паветра. Я памятаю, як у Канстанцінопалі ў красавіку ішоў снег. У Басфоры дзьмуць вятры з Чорнага мора. Яны ўтвараюць завіхрэнні вакол рагоў вуліц. А ўвесь гэты горад — адны вуглы.

— Спадзяюся, што ў грымёрных цёпла. На сцэну даводзіцца выходзіць амаль голай — спасу няма ад холаду. Мне б хацелася выпіць чаго-небудзь гарачага! — Яна крыху прысела і прыціснулася збялелым тварам да акна. — Мы пад'язджаем да Кёльна. Як будзе па-нямецку «кава»?

Выраз яе твару ўстрывожыў Майета. Ён пабег уздоўж вагона і зачыніў адзінае адчыненае акно ў калідоры.

— Што з вамі? Вам дрэнна?

Яна адказала павольна, вочы ў яе былі прыплюшчаныя:

— Зараз лепей. Вы зачынілі акно, і стала душна. Але зараз мне зусім добра. Дакраніцеся да мяне. — Корал падняла руку, ён дакрануўся да яе сваёй шчакой, і яго ўразіла, якая яна гарачая.

— Паслухайце, вяртайцеся ў сваё купэ, а я пайду і прынясу вам каньяку. Вы захварэлі.

— Уся бяда ў тым, што я не магу сагрэцца. Мне было горача, а цяпер ізноў стала холадна. Я не хачу вяртацца туды. Застануся лепей тут.

Поделиться с друзьями: