Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскі экспрэс

Грин Грэм

Шрифт:

Абедзве адначасова адкрылі рот і сказалі:

— Гэта будзе проста выдатна, містэр Калебджан. — І, пакуль ён тэлефанаваў у гараж свайму стрыечнаму брату ў Пера, яны прайшлі праз хол і накіраваліся да бруднага ларка і пачалі разважаць, ці не купіць яму пачак цукерак.

Вялізарны, раскошны гатэль з кафлянай падлогай, з інтэрнацыянальнай абслугай і з рэстаранам, аздобленым у стылі Блакітнай мячэці, цяпер, калі ўрад пераехаў у Анкару і Канстанцінопаль ператварыўся па сутнасці ў турэцкі Пірэй, рэпутацыя гатэля ва ўсім свеце пагоршылася. Персанал паменшылі, і можна было прайсці праз вялікі і пусты хол, не напаткаўшы ніводнага рассыльнага. Аднак каля бюро абслугоўвання, як заўсёды, элегантны Калебджан падтрымліваў колішнюю высокую рэпутацыю гатэля.

— Містэр Карлтан Майет прыехаў, Калебджан?

— Яшчэ не, цягнік спазняецца. Будзеце чакаць?

— А ў яго нумар з гасцёўняй?

— О, вядома, з гасцёўняй! Рассыльны, праводзь госця ў нумар містэра Майета.

— Перадайце яму маю візітоўку, калі ён прыедзе.

Амерыканкі вырашылі не купляць Калебджану пачка з турэцкімі цукеркамі, але ж ён быў такі ветлівы і далікатны, што ім карцела неяк аддзячыць яму. Яны стаялі ў роздуме, пакуль ён ізноў не ўзнік перад імі.

— Ваша таксі, лэдзі. Я дам шафёру ўсе адпаведныя ўказанні, вы ўбачыце, ён у вышэйшай ступені чалавек надзейны.

Калебджан правёў іх на вуліцу і прасачыў, каб яны без затрымкі адбылі. Нетаропкі вулічны рух і мітусня, падобная да пылу, што асядаў паўсюль, не сціхалі. Калебджан вярнуўся ў маўклівую цішыню хола. На імгненне гатэль здаўся яму амаль такім самым, якім ён быў у мінулыя гады ў разгар сезона.

Чвэрць гадзіны ніхто не з'яўляўся. Нейкая муха, захопленая холадам, з шумам білася аб шыбу. Калебджан пазваніў наверх, у пакой эканомкі, каб праверыць, ці ўключылі ацяпленне, потым сеў, сціснуўшы рукі паміж каленямі, ні пра што не думаючы і нічога не робячы.

Дзверы-вяртушкі закруціліся — увайшла цэлая група людзей. Майет ішоў паперадзе. За ім — Джанет Пардаў і містэр Сейвары.

Тры насільшчыкі неслі багаж. Майет упіваўся шчасцем. Ён пачуваў сябе ў сваёй стыхіі. Міжнародны гатэль, хоць крыху і заняпалы, быў звыклым для яго аазісам. Кашмар у Субоціцы пачаў ужо забывацца і зрабіўся зараз нейкім нерэальным, калі ён убачыў, што Калебджан спяшаецца яму насустрач. Яму было прыемна, што Джанет Пардаў бачыць, як яго прымаюць у лепшых заморскіх гатэлях.

— Як пажываеце, містэр Карлтан Майет? Мы бясконца шчаслівыя…

Калебджан паціснуў Майету руку, нізка пакланіўся, яго асляпляльныя белыя зубы бліснулі шчырым задавальненнем.

— Рады бачыць вас, Калебджан. Дырэктара, як заўсёды, няма? Гэта мае сябры, міс Пардаў і містэр Сейвары. Увесь гатэль трымаецца на Калебджане, — растлумачыў ён ім. — Вы нас добра ўладкуеце? Прасачыце, каб у пакоі ў міс Пардаў быў пачак цукерак.

— Мяне сустракае дзядзька… — няпэўна пачала была Джанет Пардаў, аднак Майет адразу ж ёй запярэчыў:

— Можа пачакаць яшчэ адзін дзень. Сёння ўвечары вы будзеце тут, у мяне ў гасцях.

Ён ізноў пачаў распускаць свой паўлінавы хвост: упэўненасці яму надавалі пальмы, калоны і пачцівасць Калебджана.

— Вам двойчы тэлефанавалі, містэр Карлтан Майет, і нейкі джэнтэльмен чакае вас у вашым нумары.

— Добра. Дайце мне яго візітоўку. Паклапаціцеся пра маіх сяброў. У мяне мой звычайны нумар?

Ён хутка пайшоў да ліфта, расцягнуўшы вусны ў вясёлай усмешцы. За апошнія дні адбылося надта многа такога, што выклікала сумненні і што цяжка было асэнсаваць, а цяпер ён ізноў заняўся сваёй звычайнай справай. «Напэўна, гэта Экман», — падумаў ён, не патурбаваўшыся нават зазірнуць у картку, і раптам цвёрда вырашыў, што яму скажа. Ліфт цяжка падняўся на другі паверх, пасыльны павёў Майета па пыльным калідоры і адчыніў дзверы нумара. Сонца залівала святлом увесь пакой, праз адчыненае акно даносіліся гудкі аўтамабіляў. З канапы падняўся каржакаваты бландзін у цвідавым гарнітуры.

— Містэр Карлтан Майет? — спытаў ён.

Майет здзівіўся. Ён ніколі не бачыў гэтага чалавека. Глянуўшы на візітоўку, ён прачытаў: «Містэр Лео Стэйн».

— А, містэр Стэйн.

— Здзівіліся, калі ўбачылі мяне? Спадзяюся, вы не лічыце мяне занадта нетактоўным?

Ён выглядаў вельмі зычлівым і сардэчным. «Зусім як сапраўдны ангелец», — падумаў Майет, аднак незнаёмага выдаваў нос — нос са шнарам, які зрабіўся прамы пасля аперацыі. Варожасць паміж жыдом, які не хаваў сваёй нацыянальнасці, і жыдом, які маскіраваў яе, адразу ж была выказаная ў чароўных усмешках, сардэчных шчырых поцісках рук і ў адведзеных адзін ад аднаго вачах.

— Я чакаў убачыць свайго агента.

— Ах, бедалага Экман, бедалага Экман, — уздыхнуў Стэйн, пахітаўшы бялявай галавой.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Тое, дзеля чаго я прыйшоў. Папрасіць вас зайсці да місіс Экман. Я вельмі за яе хвалююся.

— Вы хочаце сказаць, што містэр Экман памёр?

— Знік. Не вярнуўся дамоў учора ўвечары. Вельмі ўсё гэта дзіўна.

Было холадна. Майет зачыніў акно і, сунуўшы рукі ў кішэні футры, пачаў хадзіць па пакоі туды-сюды: тры крокі ў адзін бок, тры ў другі.

— Нічога дзіўнага. Думаю, ён не змог бы даць мне справаздачу, — павольна прамовіў ён.

— Некалькі дзён таму ён прызнаўся мне, што адчувае ваш недавер да яго. Ён быў пакрыўджаны, вельмі пакрыўджаны.

— Я ніколі не давяраю жыду, які перайшоў у хрысціянства, — павольна, дакладна падбіраючы кожнае слова, сказаў Майет.

— Аднак жа дазвольце, містэр Майет: гэта ўжо занадта катэгарычна, — запярэчыў быў Стэйн, адчуваючы некаторую няёмкасць.

— Дапускаю, што, магчыма, ён у сваіх перамовах пайшоў крыху далей, чым паведаміў мне, — сказаў Майет, спыніўшыся пасярод пакоя спінай да Стэйна, але так, каб ён змог бачыць усю постаць Стэйна, да пояса адлюстраваную ў люстры з пазалочанай рамай.

— О, перамовы, — адбітак Стэйна ў люстры быў не такі абыякавы, як яго голас, — яны ўжо скончаны.

— Ён паведаміў вам, што мы не будзем купляць?

— Але ж ён купіў.

Майет кіўнуў. Ён не здзівіўся. За знікненнем Экмана павінна хавацца шмат чаго.

— На самой справе я вельмі хвалююся за бедалагу Экмана. Думка, што ён, магчыма, пакончыў жыццё самагубствам, мне невыносная, — павольна сказаў Стэйн.

— Думаю, у вас няма падстаў хвалявацца. Напэўна, ён проста адышоў ад спраў. Крыху, праўда, занадта паспяшаўся.

— Разумееце, ён быў устрывожаны.

— Чым жа?

— Ну, у яго з'явілася такое пачуццё, нібыта вы яму не давяраеце. І потым, у яго не было дзяцей. Ён хацеў мець дзяцей. Шмат прычын на трывогу. Трэба быць міласэрным.

— Але ж я не хрысціянін, містэр Стэйн. Я не веру, што міласэрнасць — галоўная дабрачыннасць. Магу я паглядзець дакумент, які ён падпісаў?

— Вядома.

Містэр Стэйн выцягнуў з кішэні цвідавага пінжака доўгі канверт, складзены ўдвая. Майет сеў за стол, расклаў на ім паперы і пачаў уважліва іх чытаць. Ён не рабіў ніякіх заўваг, твар яго не выказваў нічога. Цяжка было ўявіць, які ён быў шчаслівы, калі вярнуўся да лічбаў, — іх ён разумеў, і яны былі пазбаўленыя ўсякіх пачуццяў. Закончыўшы чытаць, ён адкінуўся ў крэсле і пачаў вывучаць свае пазногці: перад ад'ездам, у Лондане, ён зрабіў манікюр, але яны патрабавалі да сябе ўвагі.

Поделиться с друзьями: