Стамбульскі экспрэс
Шрифт:
— Як прайшло ваша падарожжа? Спадзяюся, бунт у Белградзе вас не закрануў? — спакойна спытаў Стэйн.
— Не, — абыякава адказаў Майет.
Гэта была праўда. Усё тое незразумелае, што адбылося ў Субоціцы, здавалася яму нерэальным. Вельмі хутка ён пра ўсё забудзецца, — гэта ж ніяк не звязана са звычайным жыццём, дый нельга ўсё гэта растлумачыць.
— Вы, вядома, разумееце, што мы можам знайсці нейкую недакладнасць і скасаваць гэтае пагадненне?
— Не думаю. Бедалага Экман быў вашай даверанай асобай. Вы далі яму правы весці перамовы.
— У яго не было паўнамоцтваў падпісваць пагадненне. Не, містэр Стэйн, баюся, што вам ад гэтага не будзе ніякай карысці.
Стэйн сеў на канапу і перакрыжаваў ногі. Ад яго цвідавага гарнітура пахла тытунём.
— Я не хачу вам нічога навязваць. Мой дэвіз: ніколі не падводзіць свайго калегу бізнесмена. Я адразу ж скасаваў бы пагадненне, містэр Майет, калі б яно было несправядлівае. Але, бачыце, калі ўжо бедалага Экман падпісаў гэты дакумент, фірма Моўлта адмовілася ад далейшых перамоваў. Цяпер ужо другі раз яны не вернуцца да гэтай справы.
— Аднак жа мне добра вядома, як Моўлты зацікаўлены ў разынках.
— Ну, бачыце, пры такіх абставінах, скажу вам па-сяброўску, містэр Майет: калі вы скасуеце гэтае пагадненне, мне давядзецца за яго пазмагацца. Дазвольце запаліць?
— Вазьміце цыгару.
— А можна, я запалю люльку?
Ён пачаў набіваць люльку светлым мяккім тытунём.
— Я думаю, што Экман меў за гэта неблагія камісійныя?
— Ах, бедалага Экман! Я і сапраўды хацеў бы, каб вы наведалі місіс Экман. Яна вельмі нервуецца, — ухіліўся ад адказу Стэйн.
— У яе не будзе падстаў хвалявацца, калі яна атрымае добрыя камісійныя.
Стэйн усміхнуўся і запаліў люльку. Майет пачаў перачытваць пагадненне. Сапраўды, яго можна было скасаваць, але суды — справа ненадзейная. Добры адвакат можа прынесці шмат клопату. Некаторыя лічбы не хацелася б друкаваць. Зрэшты, справа Стэйна мела пэўную каштоўнасць для фірмы. Але яму не падабалася цана і тое, што пасада дырэктара заставалася за Стэйнам. Нават з цаной можна было б пагадзіцца, але Майет не хацеў, каб чужы ўблытваўся ў іхнюю фірму.
— Вось што я зраблю. Мы скасуем гэта пагадненне і складзем новае.
Стэйн пахітаў галавой:
— Паслухайце, містэр Майет, калі ласка, гэта будзе не зусім справядліва ў адносінах да мяне.
Майет вырашыў, што рабіць. Не варта трывожыць бацьку судовым працэсам. Ён пагодзіцца з гэтым дакументам пры ўмове, што Стэйн адмовіцца ад пасады дырэктара. Але яму пакуль не хацелася адкрываць свае карты. Стэйн мог занаравіцца.
— Не думайце пра гэта, містэр Стэйн, адкладзем рашэнне на дзянёк-другі.
— Ну добра. Але я ня ўпэўнены, ці будзе ў мяне час падумаць. Наколькі я ведаю сучасных дзяўчат, часу ў мяне не будзе. Сёння пасля полудня я сустракаю сваю пляменніцу. Яна ехала з вамі ў адным цягніку ад Кёльна. Гэта дачка бедалагі Пардаў, — весела сказаў Стэйн.
Майет дастаў партабак і, пакуль выбіраў і падразаў цыгару, вырашыў, што яму рабіць далей. Ён ужо пачаў ставіцца з пагардай да Стэйна. Той быў занадта гаваркі і паведамляў шмат зусім непатрэбнага. Не дзіва, што ў яго справы прыйшлі ў заняпад. Але адначасова няясная цяга Майета да пляменніцы Стэйна ўзмацнілася. Даведаўшыся, што яе маці была жыдоўка, ён раптам адчуў у ёй свайго чалавека. Яна рабілася больш зразумелая і даступная, і ён саромеўся таго, што мінулым вечарам паводзіў сябе з ёю так нацягнена. Пасля вяртання з Субоціцы яны павячэралі разам у вагоне-рэстаране, і ён увесь час намагаўся паводзіць сябе як мага больш натуральна.
— О, я сустракаўся з міс Пардаў у цягніку. Яна зараз унізе. Мы разам ехалі з вакзала, — павольна сказаў ён.
Надышла чарга Стэйна абдумваць свае словы. Тое, што ён паведамляў, мела тайны сэнс.
— Бедная дзяўчынка, у яе няма бацькоў. Мая жонка вырашыла, што мы павінны запрасіць яе пажыць з намі. Я, прынамсі, яе апякун.
Яны сядзелі насупраць, паміж імі быў стол. На стале ляжала пагадненне, падпісанае Экманам. Яны не звярталі на яго ніякай увагі: справа, здавалася, была адкладзена да лепшых часоў, але Стэйн і Майет усведамлялі, што іх спрэчка засталася незакончаная. Кожны здагадваўся пра думкі другога, але абодва выказваліся намёкамі.
— Ваша сястра, пэўна, была цудоўная жанчына.
— Яна вельмі падобная на нашага бацьку. Ніводзін з іх не прызнаваўся, што меў на ўвазе прыгажосць Джанет Пардаў. Нават пра яе дзеда і бабку нагадалі раней, чым пра яе.
— Ваша сям'я з Лейпцыга? — спытаў Майет.
— З Лейпцыга. Але мой бацька перавёў нашу справу сюды.
— Вы лічыце, што ён памыліўся?
— Ну, паслухайце, містэр Майет, вы ўжо пазнаёміліся з лічбамі. Справы нашы ідуць няблага. Але я хачу прадаць фірму і пайсці на спакой, пакуль яшчэ магу атрымаць хоць якія асалоды жыцця.
— Што вы маеце на ўвазе? Якія асалоды? — з цікаўнасцю спытаў Майет.
— Ну, скажам, справы мяне зусім не цікавяць.
— Вас не цікавяць справы? — здзіўлена паўтарыў Майет.
— Гольф і невялічкі дамок за горадам — вось пра што я мару.
Здзіўленне Майета мінула, і ён ізноў заўважыў, што Стэйн расказвае занадта шмат пра сябе. Экспансіўнасць Стэйна была яму на руку, ён ізноў вярнуўся да пагаднення.
— У такім разе навошта вам заставацца дырэктарам? Думаю, што мы маглі б пагадзіцца з вамі наконт грошай, калі б вы адмовіліся ад пасады дырэктара.
— Мне ўсё адно, буду я дырэктарам ці не, — растлумачыў Стэйн, пыхкаючы люлькай у прамежках паміж фразамі і скоса пазіраючы на попел цыгары Майета, які рабіўся ўсё даўжэйшы. — Але, ведаеце, дзеля захавання традыцыі мне хочацца, каб хто-небудзь з членаў маёй сям'і ўваходзіў у праўленне. — Ён доўга і шчыра хіхікаў. — А ў мяне няма сына. Няма нават пляменніка.
— Вам трэба натхніць на гэта вашу пляменніцу, — задуменна сказаў Майет.
Абодва засмяяліся, а потым спусціліся ўніз. Джанет Пардаў нідзе не было відно.
— Міс Пардаў пайшла? — спытаў ён у Калебджана.
— Не, містэр Майет. Міс Пардаў толькі што прайшла ў рэстаран з містэрам Сейвары.
— Папрасіце іх пачакаць са снеданнем хвілін дваццаць, і мы з містэрам Стэйнам далучымся да іх.
Яны крыху паспрачаліся пра тое, каму з іх першаму прайсці ў дзверы: сяброўскія адносіны паміж Майетам і Стэйнам хутка ўзмацняліся.
Калі яны селі ў таксі, каб паехаць на кватэру місіс Экман, Стэйн пачаў размову:
— А гэты Сейвары, хто ён?